Вы тут

Якія жывёлы і расліны рэагуюць на змены надвор'я?


На пасаду «выклікальніка дажджу» прызначаюцца...

Жывёлы і расліны вельмі чуйна рэа-гуюць на змены надвор'я. Навукоўцы налічваюць у Еўразіі каля 600 відаў жывёл і 400 відаў раслін, якія могуць выступаць як прадказальнікі штормаў, бур або добрага бясхмарнага надвор'я.


Папрасіць парады ў прыроды

Між іншым, сярод насякомых ёсць шмат прыродных сіноптыкаў, якія беспамылкова прадбачаць змены надвор'я. Загадзя — за некалькі гадзін ці нават за суткі да падзеі. А вось мурашы, пчолы і маленькі жучок — трубкакрут бярозавы «бачаць» сінаптычную афарбоўку зімы і лета на некалькі месяцаў наперад.

Так, гэта праўда. На думку спецыялістаў секцыі «Экалогія і краязнаўства» Рэспубліканскага экалагічнага цэнтра, найлепшы летні сіноптык у Беларусі — чорны маленькі жучок, трубкакрут бярозавы. Надвор'е ў чэрвені—ліпені можна прадказаць па яго паводзінах.

Трубкакрут рэжа ліст бярозы і скручвае з яго мяшочак, дзе потым будзе гадавацца лічынка жука. Менавіта па памерах недарэзанага раўчука, на якім вісіць мяшочак, і магчыма зрабіць выснову аб будучым характары лета. Калі жук вырашыў зрабіць раўчук доўгім — лета будзе дажджлівае і ветранае. У такі сезон мяшочак павінен больш часу вісець на дрэве, каб не трапіць у вільготную траву. У сухое і спякотнае лета кароткі раўчук хутка абломіцца, і лічынка пачне хавацца ад бязлітаснага сонца ў траве. За ўвесь час назіранняў сінаптычны жук ніколі не схібіў, бо памылка ў даўжыні недарэзанага раўчука будзе каштаваць жыцця яго патомству.

За ўвесь час назіранняў гэты жук дакладна паказваў рэальнае надвор'е на два месяцы, але толькі для дадзенай канкрэтнай мясцовасці. У Мінскай вобласці мясцовы трубкакрут можа рэзаць лісце бярозы зусім інакш, чым гэта будзе рабіць яго сабрат на Брэстчыне.

У такіх больш высокаарганізаваных насякомых, як пчолы і мурашкі, надвор'е «чытаецца» на ўзроўні інтуіцыі і шматгадовага вопыту ўсіх членаў сям'і. Па зладжаных дзеяннях усяго сямейства мурашоў магчыма акрэсліць памеры веснавой паводкі. Калі мурашкі загадзя здымаюцца са сваіх месцаў і забіраюць з сабою лічынак і ежу, то гэтыя мясціны абавязкова залье вадой.

Уважліва назіраючы за мясцовымі мурашкамі, можна загадзя даведацца, якая нас чакае зіма. Калі за лета да восені мурашы не падсыпалі свой «капец» на мурашніку, не ўзмацнялі яго з бакоў — зіма будзе цёплая. Вельмі добра «чытаюць» мурашы «кароткае» надвор'е. Грыбнікі ў лесе заўважалі, што часам неба хмурыцца, а мурашы працягваюць мітусіцца па сваіх справах — значыць дажджу не будзе.

Суровую зіму адчуваюць і пчолы. Калі пчолы восенню шчыльна заляпляюць воскам ляток, і застаецца толькі маленькая шчыліна — чакай зімой моцных маразоў. Ранні вылет пчол з вулля сведчыць аб дружнай і цёплай вясне. Самым жа рамантычным насякомым, якое прадкажа вам добрае надвор'е на заўтра, з'яўляецца светлячок. Перад сонечным днём светлячкі будуць зіхацець уначы, як зоркі. Перад дажджом — «цёмнае» маўчанне.

Калі камары «мак таўкуць»

Усе з дзяцінства ведаюць народныя прыкметы, па якіх лёгка можна скласці кароткачасовы прагноз надвор'я. Так, калі ў полі ці на агародах увечары камары пачынаюць збірацца ў вялікія жывыя шары — «мак таўчы», гэта сведчыць, што заўтра абавязкова будзе цёплае і сонечнае надвор'е.

Калі ж летам вы спыніліся адпачываць каля ракі і раптам заўважылі, што вас пачалі злосна атакаваць авадні — хуценька шукайце парасоны ці нейкі «дах» над галавой. У венграў на гэты конт існуе нават прымаўка: «Нешта скаціна брыкаецца — няўжо гэта дождж пачынаецца». І сапраўды, перад моцным дажджом гэтыя вялікія крывасмокі пачынаюць надзвычай актыўна атакаваць і жывёл, і людзей.

Моцны ўраган у нашых шыротах магчыма прадказаць за 2—5 гадзін да з'явы, назіраючы за паводзінамі стракоз. Гэтыя шумныя летуны пры хуткім зніжэнні атмасфернага ціску пачынаюць мітусіцца каля самай зямлі, збіраюцца ў паветры ў клубкі ды потым хорам стракочаць і нават пішчаць.

За некалькі гадзін да навальніцы матылькрапіўнік ужо больш не лётае, а хуценька хаваецца ў шчылінах. Перад дрэнным надвор'ем з вачэй знікаюць мухі — у гэты час яны маркоцяцца на платах і сценах дамоў. Мухі лічаць за лепшае не рызыкаваць, нават калі неба яшчэ зусім чыстае. Якім чынам насякомыя «бачаць» будучае надвор'е? Спецыялісты мяркуюць, што ў гэтых істот ёсць свой уласны дакладны індыкатар атмасфернага ціску і «прыбор» па вымярэнні электрычнага напружання і вільготнасці паветра.

Умець «чытаць» кнігу лясоў і лугоў

Характэрнай асаблівасцю валодаюць хвойныя дрэвы: яны апускаюць галіны ўніз перад дажджом і падымаюць уверх перад ясным надвор'ем, што асабліва відаць у елкі. Уласцівасцю натуральнага барометра валодае і сухое дрэва. Дуброва шуміць да непагадзі. Трэск дрэў у лесе ўзмацняецца да цяпла. Калі ў зацішнае надвор'е лес моцна шуміць, то летам гэта да дажджу, зімой — да адлігі.

Па лугавых кветках і траве можна рабіць і доўгатэрміновыя прагнозы. Напрыклад, калі ў канцы лета працягваюць сваё красаванне звычайныя казяльцы, стрэлкі, канюшына, крапіва, лекавы крываўнік, — абавязкова будзе цёплая восень.

Расліны-«плаксы»

На лісці некаторых раслін за 2-3 дні да наступлення зацяжной дажджлівай непагадзі з'яўляюцца «слёзы» — кропелькі вільгаці. Так яны загадзя пазбаўляюцца ад празмернай колькасці вады ў сваёй структуры — пры павышэнні вільготнасці паветра ў раслін памяншаецца яе натуральнае выпарванне. Гэтая з'ява ў батанічнай навуцы называецца гутацыяй (ад лацінскага gutta — «кропля»). Самыя вялікія «плаксы» — гэта клён вастралісты, розныя віды вербаў, конскі каштан звычайны, алешына, асіна, чаромха звычайная, таполя чорная і іншыя.

Варта давяраць прадчуванню чальчака вербалістага, які атрымаў у народзе назву «плакун-трава». Калі ў небе ззяе сонца, а на вузкіх, доўгіх лістах чальчаку з'яўляюцца «слёзы», хутка надвор'е кардынальна зменіцца. Перад непагаддзю «плачуць» і расліны, што растуць каля вадаёмаў, такія, як асака дзірваністая, водны трыпутнік, водная расліна стрэлкаліст.

«Дажджавым дрэвам» называюць распаўсюджаныя на клумбах мегаполісаў кветкі каны. Калі раніцай на шырокім лісці гэтых заморскіх красунь, што квітнеюць да восеньскіх халадоў, выступаюць празрыстыя кроплі вільгаці, удзень абавязкова пойдзе дождж.

Пакаёвыя расліны-сіноптыкі

Здаецца, пакаёвым раслінам непагадзь нічым не пагражае. Аднак генетычная памяць прымушае іх таксама рэагаваць на змены надвор'я. Асабліва адчувальная да прыродных катаклізмаў госця з тропікаў — экзатычная манстэра. Варта ўзяць з сабой на шпацыр парасон, нягледзячы на тое, што за акном ззяе сонейка, калі на яе лісці выступілі буйныя кроплі вільгаці.

Падобным чынам сігналяць пра надыход дажджлівага надвор'я сцындапсус залацісты, пярэстая маранта, хойя мясістая, банан пакаёвы. А ўсім вядомую алаказію, якая «плача» перад дажджом, за яе здольнасць дакладна прадказваць непагадзь нават называюць «пагоднікам».

У старыя часы людзі адмыслова, у якасці прыроднага пакаёвага барометра вырошчвалі на падаконніках расліну кісліцу (заечую капусту). Днём яна трымае свае лісцікі ў вертыкальным становішчы, а ўначы апускае ўніз. Калі ж гэта здараецца і ўдзень — напэўна, хутка пральецца дождж.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Індыкатары надвор'я

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».