Вы тут

Пра ўсё неверагоднае: кнігі, мову, беларусаў


 

Пра ўсё неверагоднае: кнігі, мову, беларусаў

Пераклад кнігі «Неверагодныя гісторыі на дабранач» заваяваў не толькі сэрцы дарослых і дзяцей, але і прэмію імя Карласа Шэрмана. Адкуль у творы аўстрыйскага аўтара з’явіліся Макс Корж і Андрусь Горват, чаму трэба быць асцярожным са словам «ужо» і, нарэшце, як жывецца беларускім перакладчыкам, расказаў Сяргей Матырка.

— Памятаеш свой першы мастацкі пераклад?
— Усе першыя пераклады засталіся ў шуфлядзе. Наўрад ці яны адтуль вызваляцца, і гэта добра! Трэба прызнаць, узровень валодання мовай там яшчэ далёкі ад ідэалу. Таму літаратурная вартасць тагачасных тэкстаў, калі казаць смела, нікчэмная. Я вельмі крытычна стаўлюся да ўсяго, што раблю. (Усміхаецца.) Але без першых перакладаў не было б і прагрэсу: твора Даніэля Кельмана «Вымярэнне свету», апавяданняў Ніла Геймана, якія друкаваліся ў альманаху Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У шуфлядцы ляжыць і пераклад «Вялікага Гэтсбі» Фрэнсіса Скота Фіцджэральда, але ёсць надзея, што ён будзе нарэшце апублікаваны ў выдавецкім праекце Марыі Мартысевіч «Амерыканка». «Неверагодныя гісторыі на дабранач» Эрвіна Мозэра — бадай што першы мой сур’ёзны пераклад. А цяпер у выдавецтве «Янушкевіч» рыхтуецца другі — падлеткавай аповесці Отфрыда Пройслера «Крабат, ці Легенда старога млына». Клёвы хрэстаматыйны твор, які ў Германіі праходзяць у сярэдніх класах. Спадзяюся, у пачатку 2021 года «Крабат» пабачыць свет і па-беларуску. Працуем над кнігай з Воляй Гронскай (якая перакладала «Тыля» Кельмана і была рэдактаркай «Неверагодных гісторый»).
— Ты не толькі самакрытычны, але крытычны і да сваіх калег. У Фэйсбуку чытала, як эмацыйна ты раскрытыкаваў адзін пераклад на беларускую мову. Каментарыяў было шмат: некаторыя пагадзіліся, іншыя сказалі, што гэты разбор палётаў не зусім этычны.
— Я не шкадую, што напісаў такі пост, бо якасць таго перакладу мяне вельмі-вельмі зачапіла. Гэта было эмацыйна з майго боку і вельмі эмацыйна з боку іншых людзей, якія потым выступілі з крытыкай мяне. (Маўчыць.) Сапраўды хочаш размаўляць пра той тэкст? (Усміхаецца.) Давай спынімся на тым, што ён мне надта не спадабаўся. Я лічу, што ён не гучыць па-беларуску — на кожнай старонцы ёсць нешта, да чаго хочацца дакапацца. (Усміхаецца.) Напрыклад, фраза: «Галоўны герой меў здзервянелыя ногі». Ну, калі гэта і гучыць па-беларуску, то, прабачце, не на маёй беларускай мове. Адразу хочацца згадаць перакладчыцкую майстэрню Андрэя Хадановіча пры Беларускім ПЭН-цэнтры. Цяпер яна ўжо не працуе ў сталым рэжыме, а толькі калі камусьці трэба абмеркаваць твор. Тады запрашаюцца іншыя перакладчыкі і гавораць, дзе што можна палепшыць. Я таксама часта наведваў майстэрню: калі нешта кеміў, то не хаваў, казаў праўду. Ды і па маіх тэкстах там прайшліся будзь здароў! Але гэта карысна, асабліва для пачаткоўцаў. Хаця насамрэч не толькі.
— Ты такі самакрытычны, бо цябе шмат крытыкавалі ці ад прыроды?
— Ммм... (Задуменна.) Напэўна, таму, што я люблю задаваць правакацыйныя пытанні. (Смяецца.) Вядома, няма межаў ідэалу, але ўсё адно трэба да яго імкнуцца. Я не кажу, што мае тэксты дасканалыя, але — калі ласка, буду рады пагаварыць пра пераклад. (Усміхаецца.) Я вельмі ўдзячны перакладчыцкай майстэрні Хадановіча: калі туды наведваешся, разумееш, што развіваешся, набіраешся перакладчыцкіх і іншых фішак.
— Успомніш некалькі самых папулярных?
— Самы класічны прыклад — з выкарыстаннем слова «ўжо»: наступнае не павінна пачынацца на «па». «Ужо пачытаў» — так нельга. (Смяецца.) Лепей напісаць: «Я прачытаў ужо гэтую кніжку». Ну, і калі перакладаеш прозу, трэба пазбягаць унутраных рыфмаў — гэта непрыгожа.

— «Неверагодныя гісторыі на дабранач» — твой першы пераклад асобнай кнігай. І адразу такі поспех: прэмія імя Карласа Шэрмана, у бібліятэках запісваюцца ў чаргу, каб пачытаць. Як пачуваешся з такім поспехам?
— Адразу трэба прызнацца: я не разлічваў на прэмію Шэрмана. Проста хацелася прайсці ўсе стандартныя перакладчыцкія этапы, якія існуюць у Беларусі. Падацца на «Дэбют» (літаратурную прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча — Г.  В.), а потым ужо з іншай кнігай — на Шэрмана. Цяпер зразумеў, што хацеў бы з перакладам «Крабата» паспрабаваць свае сілы, бо вырас як перакладчык. Але ўжо атрымаў прэмію за «Неверагодныя гісторыі». Ці не нахабна буду сябе паводзіць, калі падамся зноў з дзіцячай кнігай? Ну, пажывём — пабачым. Сказаць па шчырасці, я заўзеў за іншыя кніжкі. Найперш за Гары Потэра. Бо пераклад менавіта гэтага твора — падзея для беларускага кнігадруку, ды і тэкст годны. Паважаю Алену Пятровіч, яна зрабіла цудоўную працу. Вельмі спадабалася перакладзеная Марыяй Пушкінай кніга «Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга». Калі чытаў, смяяўся як дзіцё. Вельмі спадабалася праца Надзі Кандрусевіч «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча», здораўская кніга. Акурат перад узнагароджаннем узяўся чытаць другі том «Ведзьмара» і быў проста ўражаны стылістычнай працай, якую выканала Каця Маціеўская. І хоць на пачатку заўзеў за «Пыху і перадузятасць», але Каця зрабіла фенаменальную работу! Таму было прыемным сюрпрызам, што ў намінацыі «Пераклад прозы» перамог менавіта «Вядзьмар». Што не адмаўляе, вядома, вартасцей іншых кніжак з доўгага і кароткага спісаў. Увогуле, прэміі — гэта не тое, на чым трэба спыняцца.
— Але гэта прыемна!
— Так, прыемна! Але для мяне большым прызнаннем стала іншае. У 2018-м я прыйшоў на новую працу, і, калі ў хуткім часе выйшлі «Неверагодныя гісторыі», калегам пра тое не сказаў. Можа, праз уплыў блізкага асяроддзя. Некаторыя сябры-родныя як быццам бы і разумеюць, што я перакладчык, але, калі адбываецца вялікая падзея — выхад кнігі, — рэакцыі ад іх не дачакаешся, нават не купяць асобнік. Я, канечне, не настойваю, але ж… Таму для мяне было вялікім сюрпрызам, як цудоўна да выдання кнігі паставіліся калегі: надта шмат людзей прылятала да мяне і замаўляла па два, тры, чатыры экзэмпляры! (Смяецца.) Замуліў вочы спадару Янушкевічу, калі чарговы раз прыходзіў і браў па 10 асобнікаў. Вось гэта было вельмі-вельмі прыемна!
— Ці верагодна ў Беларусі зарабляць мастацкім перакладам?
— Некалькі гадоў таму я наведаў семінар мастацкіх перакладчыкаў з нямецкай мовы на іншыя. Нас там было чалавек 15 (Расія, Англія, Латвія, Францыя, Балгарыя, Грэцыя, Іспанія, Каталонія, Швецыя і інш.) І адно з першых пытанняў, што нам задалі, было: «Кім вы працуеце і ці зарабляеце на жыццё мастацкім перакладам?» Дык вось, ні для каго з прысутных мастацкі пераклад не быў асноўнай працай. Адна жанчына з таго семінара пераклала на турэцкую «Фаўста»! Але пры гэтым ніколі не зарабляла перакладам і працуе проста ва ўніверсітэце. Нягледзячы на тое што перакладчык стварае літаратуру, як пісьменнік і паэт, грошы прафесія прыносіць невялікія. Трэба проста змірыцца з гэтай думкай і перакладаць далей. Я вось працую перакладчыкам у кампаніі, таксама перакладаю з нямецкай, гэта здорава.
— Не сакрэт, на што пойдзе прэмія Шэрмана ($ 1500 — Г. В.)?
— У маёй шуфлядзе ляжыць пераклад трох з шасці апавяданняў пра Мядзведзіка і Тыгрыка нямецкага пісьменніка Янаша. Думаў, было б крута, калі б кніжку выдалі, прыйшла нават думка дамовіцца з выдаўцамі. Тады нейкая частка прэміі пайшла б на выплату аўтарскіх праў. Але два тыдні таму дазнаўся, што выдавецтва «Галіяфы» ўжо друкуе кнігу «Ах, якая цудоўная краіна Панама» ў перакладзе Ірыны Паляковай. Цешыць той факт, што пераклад імён галоўных герояў у нас супаў, бо ў арыгінале — «маленькі тыгр і маленькі мядзведзь». Так што тут я пакуль задаволены (Усміхаецца.), абавязкова куплю асобнічак. Не ведаю, як пастаўлюся, але там пабачым. (Смяецца.) Мяне надта цешыць, што ў Беларусі з’яўляецца перакладная літаратура. Ужо не такое сумнае становішча, як было 10–15 гадоў таму. Паліцы з беларускімі перакладнымі творамі пашыраюцца, і гэта крута.
— Так проста?
— Так проста. (Усміхаецца.) Можа, мне пашанцавала. Але, кажу, перад гэтым у маёй шуфлядзе ляжалі тэксты, якія так і не пабачылі свет. З «Крабатам», які рыхтуецца да друку, гісторыя была ўжо іншая: я проста выцыганіў у Андрэя пераклад. Кніжка клёвая, адна з маіх любімых падлеткавых. І ён таксама даў дабро. Месяцаў 9–10 я перакладаў. Хутка ў друк. Пасля Новага года купляйце ўва ўсіх кнігарнях краіны. (Выпуск кнігі адкладзены. — Г. В.)
— А якая ў цябе была любімая казка ў дзяцінстве?
— «Пітэр Пэн».
— Так імгненна і нават не задумваючыся?
— Абсалютна не задумваючыся. Дома стаіць «Пітэр Пэн» у арыгінале, на нямецкай, і на беларускай у перакладзе Уладзя Лянкевіча. Абажаю Пэна, там столькі прыгожага намяшана! Палёты, піраты, індзейцы, феі… А што яшчэ трэба было малому мне? (Смяецца.)
— Вольга Гронская, якую ты ўжо згадаў, пісала, што ў «Неверагодных гісторыях...» схаваны аўтарам розныя алюзіі і цытаты. І вы доўга думалі, як перанесці іх на беларускую глебу і не страціць гэтай гульні.
— Так, там гісторыя такая. Эрвін Мозэр — аўстрыец, і своеасаблівая аўстрыйскасць у яго творах вельмі прасочваецца. Напрыклад, ёсць алюзіі на пэўных даследчыкаў, аўтараў, архітэктараў. Шмат аўстрыйскіх выразаў. Скажам так, напісана вельмі па-аўстрыйску. Гэтыя моманты мы мусілі неяк вырашаць, бо, з мастацкага пункту гледжання, Аўстрыя — не самая блізкая да Беларусі краіна. І мы вырашылі абеларушваць аўстрыйскія адсылкі, наколькі гэта магчыма. Так, у нас там з’явіўся Макс Корж, напрыклад. Хоць, праўда, не зусім Корж, а алюзія на Каржа, доўга расказваць, лепей прачытаць. А ў іншай гісторыі ката завуць Вандрусь Ставодны. Ён ідзе жыць самотнікам на востраў, а ў канцы заводзіць мышыну як хатнюю жывёліну. Зразумела? А я не адразу змікіціў гэту алюзію на Андруся Горвата і «Радзіва «Прудок». Мы проста рагаталі, атрымліваліся выпадковыя, але такія трапныя вобразы!
З выразамі таксама працавалі. Напрыклад, у апавяданні «Мядзведжая прынцэса» расказваецца пра дзяўчынку-мядзведзянятка, яе слуг — двух здаровых мядзведзяў — і як яны разам гулялі ў blinder Bär. У немцаў ёсць гульня blinde Kuh, даслоўна перакладаецца як «сляпая карова», для нас — проста жмуркі. А у Мозэра «сляпая карова» ператварылася ў «сляпога мядзведзя». Дзякуючы перакладчыцкай майстэрні сышліся на тым, што па-беларуску гэтая гульня будзе называцца «кошкі-мішкі». Там жа героі ставілі «мядзведжыя п’есы». Гэта таксама зашыфраваны аўстрыйскі выраз. «Мядзведжы» (bärig) у аўстрыйцаў значыць «клёвы», «здораўскі», «афігенны». Тобок яны ладзілі класныя п’есы. Ну, мы трошкі адышлі, і атрымалася, што яны ставілі ўрыўкі з «Мядзведзяў на балоце». (Усміхаецца.) У некаторых апавяданнях можна заўважыць цытаты, адсылкі да нашай культуры і літаратуры. Напрыклад, «не спыніць, не стрымаць» і гэтак далей. Праца была вельмі цікавая.
— Так, дарослым спадабалася. А ёсць дзіцячыя водгукі?
— Летась прыязджаў да сяброў на Новы год, іх дачка пайшла ў першы клас. Ну, я ёй прывёз Мозэра ў якасці падарунка. А потым сябры даслалі відэа, дзе дачка чытае ўголас «Неверагодныя гісторыі...» і смяецца. Гэта проста супер! Яшчэ чытаў водгук ад дарослага на OZ.by. Па-руску напісана, што гэтая кніга сама сабой прымушае дзіцёнка чытаць на беларускай мове. Гэта настолькі прыемна! Водгукаў у нас вобмаль, але яны вельмі каштоўныя.
— А чаму, дарэчы, ты пачаў перакладаць на беларускую?
— Я родам з вёскі Слабодка, што на Лепельшчыне. Дома ў нас размаўляюць на трасянцы, вядома. Я нават калісьці не заўважаў яе. А потым, калі прыязджаў дахаты з Полацку (я там вучыўся), кожны раз аж у вушы білася, наколькі вялікі менавіта беларускі складнік у нашай трасянцы. Мама вельмі любіць беларускую, выкарыстоўвае цікавыя слоўцы, якія колісь пачула ад бабулі. Хоць ты за ёй запісвай! Школа таксама была беларускамоўная. Таму, мабыць, любоў да беларускай склалася з дзяцінства. Ды мне было лягчэй размаўляць пабеларуску з беларускім акцэнтам, чым па-руску з беларускім акцэнтам. Беларускі акцэнт ёсць, калі хто не ведаў. (Усміхаецца.) А дома было аднолькава цяжка камунікаваць як на чыстай беларускай, так і на чыстай рускай. Таму што родная мова — трасянка. (Смяецца.)
— Размаўляеш на ёй цяпер?
Калі знаёмлюся, стараюся гаварыць на мове суразмоўцы. Але потым, калі знаёмства становіцца бліжэй, пераходжу на родную трасяначку і луплю, як і «палаген». Ад каго хавацца? Усе мы такія. Трасянка — наша. (Усміхаецца.) Але беларуская мова таксама клёвая. Пра рускую не скажу — на яе не перакладаю мастацкія творы.
Паступіў ва ўніверсітэт — вядома, усё вакол па-руску. Пачуваўся цяжкавата, бо заўсёды мусіў за сабой сачыць. Былі людзі, якія маглі пасмяяцца з беларускага мяне. З такімі стасункі хутка заканчваліся. Пакуль вучыўся, адышоў ад роднай мовы. А калі паступіў у аспірантуру — вярнуўся да яе. З’явіліся беларускамоўныя сябры, інтэрнэт, стала магчыма спісвацца па-беларуску, пачаў актыўна чытаць нашу літаратуру. Тады на мяне паўплывала кніжка Сяргея Календы «Іржавы пакой з белымі шпалерамі». Гэта зборнік апавяданняў, ён вельмі добра напісаны і складзены. З часоў аспірантуры пачаў перакладаць мастацкія творы на беларускую. Тады дакладна зразумеў, што калі і буду перакладаць мастацкую літаратуру, дык на родную. Я, канечне, не абяцаю, калі знойдзецца хтосьці, хто заплаціць кучу грошай і скажа: «Сярожа, перакладай на рускую». Ну, тады паглядзім. (Смяецца.) Мне вельмі падабаецца, што беларуская мова цяпер прысутнічае ў медыяпрасторы: перакладаюцца мультфільмы, фільмы, ролікі, камп’ютарныя гульні. Тое, што робяць «Гаварун», «Кінаконг», — проста цудоўна. З кампаніяй «Гаварун» я рэдагую скрыпты да мультфільма «Пэтсан і Фіндус». Іх праца вельмі патрэбная. Асабліва на хвалі апошніх падзей, калі наша мова становіцца знакам чагосьці чалавечага. Людзі пачынаюць шукаць кантэнт на беларускай. І вельмі добра, што знаходзяць. Праўда, трэба болей!
— Калі попыт будзе расці, то і ўсяго беларускага стане болей.
— У гэтым таксама можа праяўляцца салідарнасць. Напрыклад, чалавек прыходзіць у кнігарню і бачыць, што «Пітэр Пэн» стаіць па-руску і па-беларуску. Але, незалежна ад таго, колькі каштуюць абедзьве кнігі, ён возьме на роднай мове. І зробіць гэта з павагі і салідарнасці. Вельмі хачу, каб беларуская стала знакам якасці. Я таксама ўдзельнічаў у супольным праекце VOKA.TV i Silver Screen Cinemas, дзякуючы яму некалькі кінастужак выйшлі ў сусветны пракат па-беларуску. Я перакладаў, а Марыя Мартысевіч рэдагавала два фільмы: «Нулявуд» (Zeroville) і «Шлюбная гарачка» (Wedding Year). Спадзяюся, яшчэ вернемся да перакладу кіно. Хочацца паглядзець кучу серыялаў па-беларуску: «Сяброў», «Як я сустрэў вашу маму», восем сезонаў «Гульні тронаў». Непачаты край!
— А сам ты ніколі не пісаў мастацкія творы?
— Калі пісаў, то гэта ўсё ў шуфлядзе.
— Якая загадкавая шуфляда!
— Я, вядома, больш перакладчык, чым пісьменнік. Хаця насамрэч кожны перакладчык у нейкай ступені пісьменнік. Часам мяне можа занесці падчас працы, хочацца дадаць у твор чагосьці свайго. Добра, што ў нас ёсць Воля Гронская, якая ў пэўны момант кажа: «Стапэ, тут трошкі не так. Гэта ўсё прыгожа, але тут больш цябе, чым арыгінальнага аўтара». (Усміхаецца.) Трэба сказаць, як я ўдзячны нашым беларускім перакладчыкам. Наколькі яны мяне натхняюць кожны па-свойму! Ірыне Герасімовіч — за тое, што вельмі прыгожа перакладае з нямецкай мовы. Робіць гэта строга, як і мае быць з нямецкай. Воля Гронская прыўкрасна працуе з аўстрыйскай і нямецкай паэзіяй. Аня Янкута — проста чалавек-монстр, які перакладае многа і класна. Люблю «Пітэра Пэна» Уладзя Лянкевіча, «Гары Потара» і «Гаспадара ледзянога сада» Алены Пятровіч. Захапляюся тым, як Андрэй Хадановіч перакладае паэзію. Кажуць, па-беларуску Шарль Бадлер гучыць лепш, чым у арыгінале. (Смяецца.) Нельга забыць Ігара Кулікова, які купаецца ў старажытных мовах і перакладае на беларускую так, што проста ммм (летуценна)... Мне вельмі падабаецца падбор твораў працы Марыны Шоды — ні разу не расчараваўся. Сёлета якраз выйшаў яе пераклад «Галляш Бяляшык — сябра цмокаў».
Ну, і трэба сказаць, што хачу сам перакласці. Папершае, давесці да розуму «Вялікага Гэтсбі», каб ён усё ж пабачыў свет па-беларуску. І няважна, у маім перакладзе ці не. Ну, калі ў маім, то будзе супер. (Усміхаецца.) Вельмі хачу, каб па-беларуску выйшла трылогія — «Атрамантавае сэрца», «Атрамантавая кроў», «Атрамантавая смерць» — нямецкай пісьменніцы Карнэліі Функе. Да гэтых твораў ужо нават ёсць экранізацыя. У захапленні я і ад серыі кніжак нямецкага пісьменніка-гумарыста МаркаУвэ Клінга: «Хронікі Кенгуру», «Маніфест Кенгуру» і «Адкрыццё кенгуру». Гэта вельмі вясёлыя і мудрыя творы, разрываюць мозг абсурднасцю. Галоўны герой жыве адзін, аднойчы да яго грукаюць у дзверы. Ён адчыняе, а там стаіць кенгуру і кажа яму: «Здароў». І панеслася: яны пачынаюць жыць як суседзі, здымаюць кватэру разам. Кенгуру — камуніст, размаўляе па-чалавечы, ваяваў у В’етконгу, не давярае дзяржаве як паняццю. Карацей, у яго галаве намешана ўсяго. Пераклад не будзе лёгкім, але хаця б адна кніга з трылогіі мусіць выйсці па-беларуску. Таму што здаровая доля абсурднай крытычнасці нам неабходная. Ну і запаветная мара — перакласці на родную мову маю любімую кнігу — «Бляшаны барабан» Гюнтэра Граса. Столькі класікі павінна пабачыць свет па-беларуску! І масавай літаратуры таксама. Каб дзяўчаты чыталі Стэфані Маер у беларускім перакладзе.
— Чаму менавіта дзяўчаты?
— Ну, калі ёсць хлопцы, якія б хацелі прачытаць Стэфані Маер па-беларуску, гэта толькі вітаецца! Я калісьці чытаў першы том па-нямецку, ёсць такі грэх. (Смяецца.) Калі такія папулярныя творы перакладаюцца — гэта ж крута, гэта пазнака таго, што беларуская літаратура, наша мова жывуць і ідуць у нагу з часам. У нас толькі цяпер з’явіўся свой Гары Потэр. Класна! Але было б цудоўна, калі б гэта адбылося раней, своечасова. Таму наперадзе столькі працы і цудоўных кніжак!

Ганна ВАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Літаральна нядаўна з'явіўся і першы ў гэтым годзе прыплод.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.