Вы тут

Што можа прыпыніць знішчэнне закінутых старадаўніх будынкаў?


У Магілёве добра памятаюць краязнаўца Іераніма Філіповіча, які з вялікай пашанай ставіўся да гісторыі роднага горада і надзвычай балюча ўспрымаў рашэнні аб знішчэнні старадаўняй забудовы ў савецкі час. Пад знос ішлі храмы, купецкія дамы, адміністрацыйныя будынкі накшталт Ратушы. Сёння ў абласным краязнаўчым музеі імя Е. Раманава захоўваюцца шматлікія папкі з апісаннямі і фотаздымкамі тых славутасцяў. Так Іеранім Іосіфавіч фіксаваў сыходзячыя моманты былой прыгажосці, ратуючы іх хоць бы на паперы. А яшчэ браў цагліны ад разбураных пабудоў — імі ў музеі занята больш чым палова шафы.


Дом з гісторыяй

Калі ў пачатку студзеня я апынулася ў старадаўнім парку Слаўгарада і ўбачыла напалову знесены дом пачатку XVІІІ стагоддзя, застыла ў разгубленасці. Глядзела на старадаўнюю кладку будынка, пра які неаднойчы пісала, што яго трэба ратаваць, і слёзы наварочваліся на вочы. Як так? Усе ж ведалі? Чаму? — не ўкладвалася ў галаве. Сядзела на грудзе зламаных цаглін і адчайна слала эсэмэскі ўсім, ад каго, як мне здавалася, залежала прыпыненне гэтага вар'яцтва. А потым узяла, і, як той Філіповіч, ад немагчымасці нешта змяніць ды неяк паўплываць на працэс, выцягнула з-пад абломкаў цэлую з тоўстым слоем вапнавай рошчыны цагліну-пальчатку і паклала ў пакет. Хай хоць нешта застанецца на памяць.

Будынак, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, не меў ахоўнага статусу. Хоць мясцовыя жыхары добра ведалі, што ён вельмі стары. Пра яго згадваў аўтар кнігі «Садова-паркавае мастацтва Беларусі» 1989 года выдання Анатоль Федарук, які пісаў: «тут, з супрацьлеглага боку палаца, быў пабудаваны яшчэ адзін сядзібны дом. Пабудовы злучаў падвесны мост, перакінуты цераз роў (па яго дне цяпер праходзіць дарога да прычала на рацэ Сож)». Двухпавярховікам карыстаўся князь Аляксандр Галіцын, які атрымаў гэтае мястэчка ў падарунак ад Кацярыны Вялікай за свае ратныя подзвігі. Апісанні дома пакінуў і вядомы рускі акадэмік Іван Ляпёхін, які ў пачатку 1770-х здзейсніў сваё навуковае падарожжа па новых правінцыях Расійскай імперыі: «У 1776 годзе князь (Аляксандр Галіцын. — Аўт.) вырашыў пабудаваць новы палац, ён уяўляў сабой двухпавярховы драўляны асабняк, абмазаны глінай. Таксама захаваўся да нашых дзён сядзібны дом, які быў злучаны з палацам перакідным мостам, уздоўж якога былі пабудаваныя паркавыя ансамблі».

У савецкі час двухпавярховік выкарыстоўвалі пад райвыканкам і нават дабудавалі правае крыло. Працяглы час тут знаходзіліся кабінеты райспажыўкааперацыі. Памятаю, як некалькі гадоў таму яе старэйшыя супрацоўнікі расказвалі пра вытанчаную кафлю, якую яшчэ ў савецкія гады разбілі будаўнікі, калі перараблялі каміны. Пра высакароднасць пабудовы сведчылі і вялікія, метровай шырыні, падаконнікі, высокія столі. А які прыгожы адкрыўся з вокнаў від на парк, словамі не перадаць. Кажуць, што ў старых сценах заўсёды жыве дух дома. Магчыма, гэта ён уздыхаў і рыпеў масніцамі, калі прыбіральшчыца ў позні час наводзіла тут парадак. У пустым будынку наогул можна пачуць незвычайныя гукі. Асабліва, калі ён такі стары. Але самым таямнічым месцам быў у доме склеп. Пад ім, кажуць, знаходзіўся падземны ход. Каля напаўразбуранага будынка я сапраўды бачыла правалы грунту. Магчыма, гэта якраз ён і быў?

Старшы навуковы супрацоўнік мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея Вера Стасенка прызналася, што была ў шоку ад навіны. Яна ініцыятар і арганізатар пешаходных экскурсій па Слаўгарадзе, вадзіла гасцей горада па зацверджаным Нацыянальным агенцтвам па турызме маршруце. І знесены будынак быў на ім самы цікавы аб'ект.

— Ён уключаны ў рэестр Нацыянальнага агенцтва па турызме «Архітэктурная спадчына XVІІІ—XІX стагоддзяў каля паштовых дарог», — удакладняе яна. — Гэта сапраўды быў унікальны аб'ект, пра які можна было вельмі доўга расказваць. Ён ідэальна падыходзіў для таго, каб зрабіць з яго так званы Дом муз і перамясціць сюды раённы цэнтр дзіцячай творчасці і дзіцячую школу мастацтваў.

Шкада, што Слаўгарад, старадаўні Прапошаск, не шануе сваёй гістарычнай асаблівасці. Горад, дарэчы, на сем гадоў старэйшы за Маскву, адзначае сёлета сваё 885-годдзе. Толькі сваім знешнім выглядам ён зусім не адпавядае такому паважанаму ўзросту.

Павінен быць статус

Цікавыя мы людзі. З аднаго боку, скардзімся, што нам няма чаго паказаць турыстам, з другога — не зберагаем тое, што засталося. Важныя з пункту гледжання культурнай спадчыны аб'екты XVІІІ — пачатку XX стагоддзя перыядычна знікаюць з розных прычын. На іх месцы ўзводзяць жылыя комплексы, паркоўкі, бізнес-цэнтры. Калі ў дома няма ахоўнага статусу, ён асуджаны. Яго могуць разбурыць, як у выпадку з двухпавярховікам у Слаўгарадзе, або змяніць да непазнавальнасці. Яскравы прыклад па Магілёве — гасцініца «Метраполь»: сем гадоў таму прыватнік цалкам змяніў вонкавы выгляд сціплага двухпавярховіка XІX стагоддзя. Зрабіў з яго, па сутнасці, новую велізарную пабудову, значна павялічыўшы ў вышыню і шырыню. Гэты новы грувасткі аб'ект з прэтэнзіяй на даўніну амаль цалкам засланіў сабой сапраўдную магілёўскую цікавінку — Касцёл Святога Станіслава, помнік архітэктуры барока XVІІІ стагоддзя.

— Мы спрабавалі адстаяць двухпавярховік, але ён быў без статусу, і нічога не атрымалася, — перажывае магілёўскі гісторык Мікалай Барысенка, які раней узначальваў у горадзе грамадскую арганізацыю аховы помнікаў гісторыі і культуры. — У выніку ў цэнтры горада з'явілася пабудова, не характэрная для тутэйшай архітэктуры, якая да таго ж яшчэ і не ўпісваецца ў агульны стыль.

— Дзяржава ніколі не ўмешваецца ў справы тых, хто распараджаецца гістарычнай маёмасцю без статусу, — рэзюмуе старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. — Тут няма ніякай юрыдычнай падставы караць. Зносіцца або перарабляецца толькі тое, што не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. А каб такі статус з'явіўся, трэба каб ад кагосьці сыходзіла ініцыятыва. Нават ад звычайнага чалавека. Механізм надання будынку статусу прыводзіцца ў Кодэксе аб культуры. Па сутнасці, любы можа ўнікнуць і разабрацца. Усе войкаюць, што каштоўны будынак разбураюць, але ніхто нічога не робіць, каб ён атрымаў статус і знаходзіўся пад аховай дзяржавы. Толькі гэта яго ратуе ад руйнавання. Тут вінаватыя ўсе — і мясцовыя органы ўлады, і музейшчыкі, і краязнаўцы, і мясцовыя жыхары, і наша Таварыства аховы помнікаў, таму што мы фізічна не можам усюды паспець. Праблема вельмі вялікая. Калі стары будынак без статусу страчвае ўласніка або становіцца яму непатрэбным, ён пачынае дэградаваць, і мясцовым органам улады сапраўды лягчэй ад яго пазбавіцца, чым прымаць нейкія меры.

Ёсць яшчэ адна не менш актуальная праблема. Нават калі ў будынка ёсць ахоўны статус, гэта толькі палова справы. Ён, канешне, ратуе ад знішчэння, але не гарантуе яго захаванасці. З моманту прызнання будынка аб'ектам культурнай спадчыны на яго ўласніка накладваюцца абавязацельствы па ахове. Такія дамы часта маюць патрэбу ў рэстаўрацыі і рамонце. І нават калі ў дзяржавы знаходзяцца грошы на аднаўленне, яны чамусьці не заўсёды даходзяць да аб'екта. Прыклад — той жа Слаўгарад, дзе яшчэ ў савецкі час двойчы былі спробы зрабіць з царквы Прасвятой Багародзіцы, помніка архітэктуры XVІІІ стагоддзя, музей рэлігіі рэспубліканскага, а то і саюзнага маштабу. Тады яшчэ вельмі добра выглядалі фрэскі вучняў вялікага мастака Уладзіміра Баравікоўскага, якімі размаляваны сцены і купал храма. Праекты так і ляжаць у аддзеле культуры Слаўгарадскага райвыканкама. А вось што датычыцца фінансаў, даведацца пра іх складаней. Некаторыя жыхары горада выказваюць здагадкі, што на іх быў пабудаваны раённы дом культуры. Дарэчы, нешта падобнае атрымалася і з яшчэ адным гістарычным аб'ектам у Слаўгарадзе — паштовай станцыяй XІX стагоддзя. Планавалася, што там размесціцца раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Музей з'явіўся, але не ў гістарычным будынку, а за ім — спехам пабудаванай бетоннай каробцы. І зараз яшчэ не кожны турыст з першай спробы здагадаецца, дзе яго шукаць. А паштовая станцыя, якая ўжо як мінімум 15 гадоў чакае рамонту, працягвае разбурацца.

Як будзем ратаваць?

Гэтым заклапочаны гісторыкі, краязнаўцы, работнікі культуры, грамадскасць не толькі Магілёўскай вобласці.

— На жаль, мы вельмі абмежаваныя ў грашовых сродках, — заўважае галоўны спецыяліст упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Яўген Белавусаў. — Усяго па Магілёўскай вобласці 129 помнікаў архітэктуры, у тым ліку з комплексамі, у якія ўваходзіць адразу некалькі будынкаў. Сёлета фінансаванне па дзяржаўнай лініі будзе выдзяляцца толькі на рэканструкцыю Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля. Што датычыцца іншых аб'ектаў, то грошы на іх знайсці цяжэй. І ў невялікіх райцэнтрах, і ў больш буйных гарадах прапрацоўваюцца пытанні па спонсарскай дапамозе, па прыцягненні сродкаў з пазабюджэтных крыніц, не забароненых заканадаўствам. Там, дзе абстаноўка зусім крытычная, ствараюцца дабрачынныя рахункі, каб да справы маглі далучыцца ўсе ахвотныя.

Падчас дыскусій на дыялогавых пляцоўках, дзе абмяркоўваліся прапановы для ўнясення ў заканадаўства, гучалі розныя меркаванні, як ратаваць нашу гісторыка-культурную спадчыну. У рэзалюцыю для разгляду на найвышэйшым узроўні Магілёўскі аблвыканкам унёс некалькі з іх. Ёсць, напрыклад, прапанова прадугледзець адлічэнні ад продажу білетаў на культурна-відовішчныя мерапрыемствы, якія магчыма было б накіраваць на рэканструкцыю гісторыка-культурных аб'ектаў. Некаторыя прапануюць ісці нават далей.

— Я бачу толькі адзін спосаб захаваць нашу культурную спадчыну — гэта ўвесці адлічэнні ў памеры 0,5-1 % ад прыбытку для ўсіх нашых камерцыйных і дзяржаўных арганізацый і прадпрыемстваў, — перакананы Мікалай Барысенка. — У іншым выпадку мы проста страцім нашу гістарычную спадчыну. Аб'ектаў у занядбаным стане па вобласці шмат. Касцёлы ў Княжыцах і Расне, закінутая сядзіба Талстых у вёсцы Грудзінаўка Быхаўскага раёна, той жа Быхаўскі замак — адзіная такога кшталту пабудова на ўсю краіну. А яшчэ было б добра, калі б на ўзроўні Міністэрства культуры быў створаны нарматыўны акт, які б падштурхнуў нашы музеі і ўстановы культуры абследаваць усе будынкі і падрыхтаваць неабходныя матэрыялы для прысваення ім статусу. Няхай яны будуць трэцяй катэгорыі або зусім без катэгорыі, але сэнс усяго гэтага — зберагчы. У іншым выпадку мы страцім усе помнікі і XІX стагоддзя, і савецкай эпохі. А без гісторыі, без надзейнага падмурка немагчыма будаваць дзяржаву. Архітэктура — гэта застылая ў камені даўніна, а мы ад яе пазбаўляемся. І гэтым толькі сваіх нашчадкаў абдзяляем.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з архіва Веры Стасенкі

Загаловак у газеце: Прыйдзе час і збіраць камяні

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент