Вы тут

Даведаліся, пачым самы запатрабаваны тавар лютага — насенне памідораў, перцаў і іншых культур


У кожнага з нас свой адлік пачатку вясны — не каляндарнай, а асабістай. Хтосьці чакае цёплых дзён, каб «выгуляць» абноўкі гардэроба, хтосьці звязвае з заканчэннем «зімовай спячкі» планы і надзеі на перамены ў жыцці. А для агароднікаў вясна ўжо наступіла. У садовых цэнтрах — аншлаг. Бо цяпер у разгары сезон расады.

Мы пабывалі ў адным з найбуйнейшых садовых цэнтраў сталіцы, каб высветліць, што прапануе гандаль агароднікам, садаводам і кветкаводам у гэтым годзе і што тыя выбіраюць.


У асартыменце насенне айчыннай, расійскай і еўрапейскай вытворчасці.

Дылетанты і эксперты

Кінуўшы позірк на паліцы з яркімі глянцавымі пакуначкамі (а на ўпакоўках — гародніна і ягады незямной прыгажосці!) нават мне, зусім не агародніцы, захацелася вырасціць што-небудзь такое, ад чаго Мічурын павесіўся б на агрэсце ад зайздрасці. Але гэта дылетанцкі падыход. Дасведчаныя дачнікі ведаюць: выбар і купля насення — справа вельмі важная, спантаннасці і імпульсіўным пакупкам тут няма месца. А значыць, патрэбна падрыхтоўка. Агароднікі са стажам прыходзяць у аддзелы насення з нататнікамі ў руках. У нататніках — спіс пакупак, які складаецца загадзя. А перад яго складаннем былі ўважліва агледжаны пакуначкі насення, якія засталіся з мінулага года. Тыя, што падыходзяць да сяўбы — з няскончаным тэрмінам прыдатнасці, — істотна паменшаць выдаткі на куплю насення, вельмі адчувальныя для пенсіянераў. А яшчэ ў такіх нататніках — «чорны спіс» сартоў, што расчаравалі, а таксама пералік сартоў памідораў, агуркоў і перцаў, якія паказалі сябе малайцамі ва ўмовах канкрэтнага ўчастка зямлі.

— Інакш можна патраціць занадта шмат грошай і потым саму сябе дакараць за марнатраўства, — Ніна Міхайлаўна ахвотна ўступае ў гутарку і аўтарытэтна дае парады тым, хто сумняваецца. Яна агародніца са шматгадовым стажам. У яе руках пухлы нататнік: яна ведае і сарты, і фірмы вытворцаў насення.

— Вось бывае часам: набіраюць занадта шмат, а месца для такой колькасці пасадак не хапае. Ці няма магчымасці забяспечыць умовы для расліны.

Ёсць строгая чарговасць і ў высейванні насення на расаду. Чым даўжэйшы тэрмін ад першых усходаў да атрымання ўраджаю ў канкрэтнай культуры, тым раней яе варта сеяць. Усе гэтыя тэрміны ў нашых кліматычных умовах даўно ўжо вопытным шляхам устаноўлены агароднікамі. Зрэшты, мая суразмоўніца і адпаведную літаратуру чытае, і на форумах агароднікаў бывае, дарма што ёй 68 гадоў.

— Першы баклажан вы зможаце сарваць толькі праз чатыры месяцы пасля пасеву, таму іх першымі і высейваюць на расаду ў пачатку лютага. Ну, ды ў нас «сіненькія» ў сям'і не любяць, лепш больш памідораў пасаджу, — на ўкраінскі манер называе баклажаны Ніна Міхайлаўна. — Потым сеюць на расаду перац, дзесьці праз тыдзень пасля баклажанаў. Пасеў таматаў у лютым рабіць яшчэ рана, але я пасею зусім няшмат, для ранняга ўраджаю.

— Гэта што ж, перац вырастае да 120-140 см? Можа быць, гэта «супер-пупер»? — іншая пакупніца (відавочна, таксама дасведчаная дачніца) чытае апісанне сорту на пакуначку і разважае ўслых. — Гэта дзве-тры расліны перцу пасадзіш, і нармальна, ураджаю хопіць?..

Такі сорт перцаў жанчына (яна прадстаўляецца Лідзіяй Пятроўнай) яшчэ не спрабавала, але вось сарты памідораў вырошчвала многія.

— «Верачка» — цудоўныя памідоры: іх шмат з адной расліны і яны раннія. «Джэк-пот» добрыя, — раіць яна маладым пакупніцам, заўважаючы прыкметы нерашучасці: «браць — не браць?». — «Мангол карлік» — на аматара. А я чорныя шукаю. Мы ў сям'і салодкія памідоры любім. Мне патрэбна «Чорная багіня» — вялікі памідор, на 150 грамаў. Яшчэ малінавыя хачу, — жанчына апранае акуляры, узіраецца ў стракатыя шэрагі пакуначкаў. — Вось, «Малінавы цуд»! І — глядзіце, на 30 капеек таннейшы за іншыя сарты! — радуецца пенсіянерка. — А вось гэты сорт памідораў не брала, не дапамагу, дзяўчаты...

— А такі паласаты не садзілі? — цікавіцца маладая жанчына ў Ніны Міхайлаўны.

— Не падабаецца, як вада! — адразае тая. — Вось гэтыя лепш вазьміце, яны саладзенькія. У мяне тут у нататніку ўсе правераныя сарты запісаныя.

— А яны для адкрытага грунту? — працягвае кансультавацца маладая пакупніца.

І тут меркаванні экспертаў падзяліліся.

— Лепш у цяпліцу, — лічыць Ніна.

— Лепш у адкрыты грунт, — пераконвае Лідзія. — Я ўсё на вуліцы вырошчваю, і памідоры ў тым ліку.

Дзяўчыне бліжэйшы пункт гледжання Лідзіі Пятроўны.

— Ой, добра. А то я думаю, мы ў гэтым годзе цяпліцу яшчэ не паставілі, вырасце — не вырасце...

— Не сумнявайцеся, усё садзіце на вуліцы. Адразу будзеце прыкрываць, а потым — убачыце па ходзе справы.

Пенсіянеркі рады пагаварыць — і адна з адной, і з маладымі пакупніцамі. Хоць кожную фразу Лідзія Пятроўна пачынае са слоў:

— Ой, няма калі размаўляць, дзяўчаты, але я вам скажу…

Вопытныя агароднікі прыходзяць па насенне з нататнікамі ў руках.

«Дарагое задавальненне»

Пакецікі з насеннем ад розных фірмаў расстаўлены па розных стэлажах. У асартыменце айчыннае насенне, расійскае (яго больш за ўсё) і еўрапейскае (Польшча, Італія, Галандыя). Найбольшым попытам, па маіх назіраннях, карыстаюцца польскія і расійскія вытворцы. Цэны — кусаюцца. У сярэднім ад 60-90 капеек да 4-5 рублёў.

— Насенне памідораў мне падабаецца вось гэтае расійскае, — распавядае Ніна Міхайлаўна. — Але гэта ж і дарагое задавальненне! Два з паловай рублі за пакецік, а ў пакуначку — 5-10 штучак насення!

Толькі здаецца, што насенне каштуе капейкі. Але паспрабуйце купіць усё неабходнае хоць бы толькі для этапу рассады — сума атрымаецца досыць вялікая, нават калі эканоміць на спецыяльных вазончыках (многія пенсіянеры па-ранейшаму сеюць расаду ў пластыкавыя кубачкі ад смятаны). Вось і задумаешся: спрабаваць — не спрабаваць новы сорт. А раптам ён падвядзе — з насення ўзыдзе палова або траціна раслін, а ўраджай будзе як камаровы насок. Змарнуеш грошы, час і сілы...

— Я выбіраю заўсёды толькі сарты, а не гібрыды, — кажа адна з пакупніц, таксама з ліку «экспертаў». — Па-першае, гібрыды даражэйшыя. А па-другое... Так, у пакеціках са значком F1 (гібрыды) насенне дасць большы ўраджай, і гародніна будзе смачная. Але гэта калі ўсё атрымаецца. Але ж гібрыды капрызныя, ім цяжка дагадзіць. Можна і без памідораў-перцаў застацца. Сарты, наадварот, менш патрабавальныя, насенне таннейшае, ды можна з іх і сваё насенне назбіраць восенню, а не купляць на наступны год.

Каля стэлажа з яркімі глянцавымі пакункамі італьянскага і галандскага насення людзі не тоўпяцца. З аднаго боку, дорага, з другога — доследным шляхам праверана, што ў нашых умовах вырасціць распешчаных «еўрапейцаў» не кожнаму агародніку пад сілу.

— Набываючы тое ж галандскае насенне, варта ўлічваць, што Галандыя — краіна з інтэнсіўнымі тэхналогіямі вядзення сельскай гаспадаркі, — каментуе гэты момант па нашай просьбе навуковы супрацоўнік НПЦ па плодаагародніцтве і бульбаводстве Уладзімір Усцінаў. — Для атрымання ўраджаю такія расліны патрабуюць захавання пэўных тэхналагічных асаблівасцяў, што не заўсёды можа забяспечыць дачнік. Як правіла, гэта культуры для ахаванага грунту: суперінтэнсіўныя сарты, створаныя, каб на малой плошчы атрымаць максімальны ўраджай. Але калі тэхналогія іх вырошчвання не будзе выканана, сорт не зможа праявіць сябе.

Тое, што кажуць навукоўцы, дачнікі высветлілі на практыцы. Праўда, некаторыя агароднікі ўсё ж вырашаюць рызыкнуць і атрымліваюць добры ўраджай. Але для гэтага трэба быць дасведчаным «аграномам» — дарэчы, такіх сярод нашых пенсіянераў нямала.

Сярод пакупнікоў «Садовага свету» пераважаюць жанчыны. Але ёсць і прадстаўнікі моцнага полу.

— Я вырошчваю расадным спосабам нават агуркі, — расказвае мужчына сярэдніх гадоў. — Летась пасеяў невялікую колькасць насення агуркоў на расаду ў якасці эксперыменту. У канцы сакавіка, як пацяплела, вынес збанкі на зашклёную лоджыю і потым перасадзіў у цяпліцу. Расадным спосабам агуркі вырошчваю для атрымання вельмі ранняга ўраджаю — ужо ў канцы мая мы елі свае агурочкі. А што, у Столінскім раёне людзі пастаянна вырошчваюць агуркі праз расаду. Я падумаў: у гэтым ёсць сэнс, вазьму на ўзбраенне, хоць у мяне агарод і невялікі. Пад Столінам агурочныя цяпліцы велізарныя, абагравальныя, па некалькі сотак. І ёсць цёплыя расадніцы. Гэта памяншае выдаткі на абагрэў: адна справа — месяц ацяпляць маленькую расадніцу, іншае — той жа месяц абаграваць вялікую цяпліцу.

Калі з памідорамі-агуркамі разабраліся, можна паглядзець нешта «на дэсерт».

«На дэсерт» і для душы

Калі з памідорамі-агуркамі, цыбуляй-сеянкай, морквай і буракамі, кабачкамі і баклажанамі разабраліся — забяспечылі харчовую бяспеку сям'і — можна паглядзець што-небудзь «на дэсерт» і для душы. У лютым сеюць на расаду суніцы і клубніцы: калі вы вырашылі завесці на прысядзібным участку бязвусыя клубніцы або вырасціць з насення новыя моцныя расліны ўпадабанага сорту. Пасеяўшы іх у лютым, першыя ягады з маладых кусцікаў вы атрымаеце ўжо ў канцы ліпеня і дакладна будзеце есці вітамінны ласунак з уласнай градкі ў жніўні.

Шэрагі стэлажоў з насеннем кветак знаходзяцца за агародніннымі і дэкаратыўнымі культурамі (дэкаратыўны гарбуз, напрыклад, — неядомы, затое неверагодна прыгожы, розных формаў і афарбоўкі). «У кветках» менш людзей у цэлым і больш моладзі. Зразумела, адны жанчыны. Цяпер час для высейвання петуніі, лабеліі, дэльфініума, лаванды, віёлы, гваздзікоў, пеларгоніі.

— Пеларгонію я пасеяла ў канцы студзеня. Але асноўныя пасевы кветкавых культур ідуць цяпер, — распавядае пакупніца Таццяна.

Яна кажа, што дачны ўчастак іх сям'і дастаўся ад бацькоў мужа, і цяпер агарода там няма, толькі газон і клумбы. Засталіся, праўда, яблыні, пасадзілі вішню і кусцікі садовых буякоў, ёсць градка з суніцамі і градка з зяленівам.

— А астатняе прасцей купіць, — кажа суразмоўніца.

Ніна Міхайлаўна і Лідзія Пятроўна, напэўна б, паспрачаліся аб гэтым з Таццянай. Але, на шчасце, яны нас не чуюць.

Дзіяна РОНІНА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Час сеяць «сіненькія»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...