Вы тут

Sex-балясы. Выліты мача


Матэматыка дапамагла вызначыць самага прывабнага прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва ў свеце. («Аб'ява ў газеце: «Мужчыну прыгожага, багатага, без праблем з жыллём, без шкодных звычак, без кучы навязлівых сваякоў і дзяцей ад папярэдніх шлюбаў хочацца проста ўбачыць».) У сваёй рабоце аўтары даследавання выкарыстоўвалі прынцып залатога сячэння, паведаміла TheSun.


Згодна з гэтай формулай, рысы твару англійскага акцёра Роберта Пацінсана на 92 працэнты блізкія да ідэалу. Раней гэты тытул належаў Джорджу Клуні, аднак з узростам яго знешнасць змянілася. («Падае папулярнасць састарэлых «зорак»! На канцэрт Пола Макартні ў Кітаі з цяжкасцю сабралася 245 мільёнаў чалавек».) Даследчыкі з цэнтра касметычнай і пластычнай хірургіі ў Лондане прыйшлі да такіх высноў, абапіраючыся на вынікі аналізаў рысаў твараў акцёраў пры дапамозе найноўшых камп'ютарных тэхналогій. («— Калі я з табой, мне не хочацца думаць ні аб рабоце, ні аб кар'еры... — Пятровіч, кар'ер сам сябе не выкапае! Паспрабуй яшчэ раз завесці экскаватар!») Тут тэхніка выступіла «ў суаўтарстве» з анатоміяй і генетыкай.

А вось самым прыгожым мужчынам на планеце (ні больш, ні менш) назвалі найпапулярнейшага ў свеце (зноў жа, так пішуць) блогера Фелікса PewDіePіe Чэльберга. Паводле штогадовага рэйтынгу Іndependent Crіtіcs, шведскі аўтар аказаўся на першым радку, абагнаўшы астатніх знакамітасцяў. («Жонка мужу: — Мне столькі грошай трэба: на дэпіляцыю, на манікюр, на педыкюр, на меліраванне, на касметыку... Муж: — А мне пашчасціла! Я адразу прыгожым нарадзіўся.») Стваральнікі рэйтынгу адзначаюць, што спісы самых прыгожых асоб заўсёды вельмі суб'ектыўныя, таму многія могуць не пагадзіцца з вынікамі. («Вы заўважылі, што людзі, якія маюць з вамі адзін і той жа пункт погляду, неяк прыгажэйшыя за астатніх?») Нягледзячы на такую заяву, знайшлося мноства каментатараў, якія негатыўна ўспрынялі вынікі рэйтынгу. Што ж, гэта традыцыйныя хібы глядацкіх сімпатый. («Жанчына заўсёды марыць пра тое, каб побач была спагадлівая і любячая душа. Але мужчына звычайна прыходзіць увесь».)

А вось часопіс People назваў самага сексуальнага мужчыну 2020 года. Не ўсёй планеты, але ж... На гэты раз тытул быў прысуджаны 33-гадоваму акцёру Майклу Бі Джордану. Не спяшайцеся думаць, што справа выключна ў знешнасці і папулярнасці «Чорнай пантэры». Аказваецца, браліся пад улік і чалавечыя якасці героя. Яго называюць класічным добрым хлопчыкам: ён вельмі любіць сваіх бацькоў і нават да нядаўняга часу жыў з імі. («— Першыя сорак гадоў самыя цяжкія ў жыцці любога хлопчыка».) Нават на цырымонію «Оскара» пазалетась прыйшоў з маці. («— Сынок, калі ты ўжо знойдзеш сабе жыллё і будзеш жыць асобна ад нас? — Ну мам, давайце я хоць бы школу скончу!») Яшчэ Майкл умее камунікаваць са сваімі фанатамі. («Муж жонцы: — А ты змагла б пераспаць з Джоні Дэпам за мільён долараў? — Канешне! Толькі дзе ж я гэты мільён знайду?») Акцёр прызнаецца, што вельмі любіць паесці, напісаўшы ў «Інстаграме», што «ежа — гэта яго мова кахання». Свой ідэальны вечар ён апісвае прыкладна як «сядзець на канапе з вялікай талеркай рознага фаст-фуду і глядзець любімыя анімэ». Зноў жа, умее чароўна ўсміхацца. Карацей, ну чым не свой хлопец? («Кароткі пераказ у сацсетках фільма «Масква слязам не верыць»: — А яшчэ я храплю, п'ю, зарплата маленькая і кватэры ў мяне няма... — Як доўга я цябе чакала!»)

А калі ўсяго гэтага бракуе, але быць мача вельмі хочацца? Ёсць яшчэ касметалагічны спосаб. («Калі б я не піў, не курыў, займаўся спортам, прытрымліваўся б дыеты, своечасова клаўся спаць, не хваляваўся па дробязях, дык у свае цяперашнія 59 гадоў выглядаў бы на 58».)

Пол Борг з Аўстраліі шмат гадоў змагаўся з недасканаласцю скуры. У спробах вылечыць высыпку мужчына пачаў употайкі карыстацца... касметыкай жонкі. («Па якіх параметрах жанчыны выбіраюць шампунь? Марка, эфектыўнасць, пах, склад, колер, якасць, дызайн упакоўкі, водгукі, рэклама, вядомасць. А па якіх параметрах мужчыны выбіраюць шампунь? На этыкетцы павінна быць напісана «Шампунь».) Ведаеце, чым усё скончылася? Жонка даведалася пра падзею, сужэнцы абмеркавалі праблему і прыйшлі да высновы, што на рынку сапраўды няма дзейсных прадуктаў, скіраваных на паляпшэнне якасці скуры мужчын. Пасля двух гадоў работы з вучонымі пара запусціла серыю сродкаў Skіlls, распрацаваную спецыяльна для прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. («— Гэтая маска дапаможа захаваць маладосць скуры... — Пятровіч, я ведаю, я ж на зваршчыка вучыўся!»)

Але галоўнае тут — не перабраць. А то ведаеце... У Бразіліі лідар банды наркагандляроў Клаўвіна да Сільва, які адбываў тэрмін амаль у 74 гады, спрабаваў збегчы з турмы незвычайным спосабам: ён літаральна ператварыўся ў... 19-гадовую дзяўчыну. Адзенне і сіліконавую маску яму прынесла дачка, якую бацька планаваў пакінуць замест сябе. Пераапрануты выглядаў вельмі пераканаўча, але ўцёкі дзякуючы пільнасці ахоўнікаў усё роўна не атрымаліся. («Навошта насіць заручальныя пярсцёнкі, ва ўсякім разе мужыкам? І так цудоўна відаць, каму адзенне выбірае маці, а каму ўжо жонка».)

А вы якім спосабам карыстаецеся? («Я не стары, проста ў мяне твар вінтажны».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.