Вы тут

Кузьма Чорны. Душа, пераплаўленая ў словы


На скрыжаванні шляхоў на Капыль, Нясвіж і Слуцк, за 136 кіламетраў ад сталіцы, разгарнулася маляўнічая вёсачка Цімкавічы. Упершыню згадваецца яна ў 1499 годзе, належала слынным Алелькавічам, з канца ХVІ стагоддзя — Хадкевічам, потым — Сапегам, Палубінскім, Радзівілам. Паводле інвентара 1622 года, гэта было мястэчка з маёнткам. Мястэчка развівалася, жыццё ў ім віравала. У 1647 годзе быў пабудаваны Цімкавіцкі касцёл Святога Міхаіла. Ужо ў  складзе Расійскай імперыі мястэчка стала цэнтрам воласці Слуцкага павета. Земскае народнае вучылішча, цэрквы, яўрэйскія малітоўныя школы, заезныя дамы, шматлікія крамы і нядзельныя кірмашы, бровар і піваварня забяспечвалі культурныя, духоўныя і матэрыяльныя патрэбы мясцовых жыхароў, пэўны ўзровень дабрабыту. Гэтае гістарычнае месца стала другой радзімай Кузьмы Чорнага, славуты куток Случчыны ўзгадаваў талент пісьменніка.


Бюст Кузьмы Чорнага. Скульптар Павел Лук. Фота Кацярыны Саўчанкі.

У Цімкавічы сям’я будучага творцы пераехала ў 1908 годзе з вёскі Боркі, што знаходзілася зусім недалёка. Бацька Каролік дабудаваў тут драўляны трохсценак да дома родзічаў. З 1908 па 1916 год Мікола Раманоўскі (сапраўднае імя Кузьмы Чорнага) наведваў Цімкавіцкае двухкласнае вучылішча ў якасці вучня, а  ў  1922—1923 гадах — ужо настаўнікам. Уражанні дзяцінства і маладосці жывілі ўяўленне і натхнялі пісьменніка на творчасць на працягу ўсяго жыцця. Ён вельмі любіў гэты край, прыязджаў сюды, калі мог, з сям’ёй.

«Бацька заўжды толькі і гаварыў пра Цімкавічы, сваіх дзядоў, суседзяў. Я, хоць і не была часта тут, тым не менш, усё ведала пра кожнага. А трапіла я ў Цімкавічы, калі была зусім малая. Не памятаю, на чым мы прыехалі, мо на цягніку, але нас падвозілі да дзедавай хаты на кані. Было сонейка, мяккае сена, і я легла, заплюшчыла вочы і прыкінулася, быццам сплю. А бацька раз-пораз глядзеў на мяне і казаў: “Ціха, ціха, бо Ірка спіць”. І мяне гэта вельмі смяшыла», — згадвала Рагнеда Мікалаеўна Раманоўская, дачка пісьменніка.

Апісанні прыроды і характараў герояў, простых, «маленькіх» людзей у творах Кузьмы Чорнага не выдуманыя: яны паходзяць з краю яго дзяцінства, сталення, юнацтва. А славуты глыбокі псіхалагізм, плынь свядомасці, што параўноўваюць з адпаведнымі характарыстыкамі ў творах Дастаеўскага, хіба не цягнуць карані ў Скіп’еўскі лес, што і цяпер красуецца непадалёк. Там яшчэ хлапчуком, будучы пісьменнік часта бываў з дзедам па маці Міхалам Парыбкам (пасля Мікола Раманоўскі возьме псеўданім Чорны менавіта ў гонар свайго ўлюбёнага выхавальніка — такой была яго вулічная мянушка). Пэўна, падчас доўгіх вандровак дзед распавядаў унуку пра самае істотнае, што ведаў сам: як разумець прыроду, пра што гамоніць з дрэвамі вецер, што бачаць на зямлі зоры, куды сплываюць аблокі і чым, якімі ключамі адкрываюцца чала­ вечыя душы…

«Над шырокай зямлёй пахне восенню, і яснымі днямі дзьме густы вецер. І шумяцьшумяць кусты над глыбокадумнаю рэчкай… Дарога пазарастала патаптанай травою, часамі з далёкіх узгоркаў імчыцца па ветры і асядае на яе пыл», — у апавяданні «Хвоі гавораць», як і ў шматлікіх іншых, намаляваныя карцінкі паўстаюць як на экране, адчуваеш сябе ў эпіцэнтры падзей. «Скрозь суседскі сад відны былі голыя “Бушылаўскія” кусты, а там недзе плыве сабе паціху родная Бушылаўская рэчка. Там “Прускія” паплавы завуць у сваё бязмежжа — от так, здаецца, ішоў і ішоў бы па іх, а яны будуць усё новыя і новыя бясконцыя далі паказваць табе», — твор «У роднай глушы» таксама раскрывае хараство краявідаў, што з дзяцінства адлюстраваліся ў памяці пісьменніка.

Там, дзе спыняецца час

Да дня нараджэння Кузьмы Чорнага ў  1964 годзе ў Цімкавічах быў адкрыты яго музей. Дом, у якім прайшлі юнацкія гады пісьменніка, загінуў падчас пажару ў 1933 годзе, таму музей размясцілі ў спе­ цыяльна збудаваным памяшканні побач са школай, меў ён статус школьнага. На пачатку 1960-х гадоў яшчэ былі жывыя многія сучаснікі пісьменніка, якія ведалі яго не толькі выбітным творцам, але і звычайным вяскоўцам, сынам сялян. Да іх і звярталіся стваральнікі ўстановы, запісвалі кожную згадку пра літаратара і ўсё, што датычылася яго акружэння.

Навучэнцы і настаўнікі самі рыхтавалі і аздаблялі музейныя вітрыны. Калі школьны музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў, кожная зала была замацавана за пэўнымі вучнямі, яны і  праводзілі экскурсіі. Людміла Ніжэвіч, загадчык Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага, а ў той час школьніца, таксама была экскурсаводам. Асоба пісьменніка зачаравала назаўжды…

У 1994 годзе была створана новая экспазіцыя, аўтарам навуковай канцэпцыі стала Лідзія Макарэвіч, мастацкае ўвасабленне ажыццявіў Генадзь Чысты. Успаміны літаратараў, архіўныя звесткі, матэрыялы з іншых музеяў, у тым ліку Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, згадкі сучаснікаў пісьменніка сталі асновай для пабудовы экспазіцыі. У 2015 годзе экспазіцыя аднавілася, яе ўдасканалілі, дапоўнілі новымі матэрыяламі. Разыначкай інтэр’ера стаў куток «Сялянская хата», выкананы так, што тнагадвае частку інтэр’ера звычайных вясковых дамоў. Адзін з  самых каштоўных экспанатаў — белы льняны абрус, (дарэчы, яго структуру нагадваюць узоры кладкі фасада музея). Абрус, якому больш ад стагоддзя, вытканы рукамі Глікерыі Міхайлаўны, маці Кузьмы Чорнага. Гэтую рэч перадала стваральнікам музея ў 1962 годзе мясцовая жыхарка, у чыім куфры ён захоўваўся (Глікерыя Раманоўская заўчасна памерла ад сухотаў у 1921 годзе). Важным прадметам экспазіцыі з’яўляюцца і кросны, перададзеныя музею сваякамі пісьменніка. Кожны наведвальнік можа паспрабаваць сябе ў якасці майстра-ткача. І сам пісьменнік быў знаёмы з гэтым майстэрствам, як можна меркаваць па яго артыкуле «Слуцкія сурвэты», дзе пра­ цэс ткацтва апісаны надзвычай падра­ бязна. Матуля Кузьмы Чорнага пераняла сваю тэхніку ад майстроў, якія праца­ валі на мануфактурах, аб чым сведчыць не самы просты спосаб ткання ў 8 нітоў. Быў цудоўным ткачом і дзед Міхал, ён пакінуў пасля сябе сшытак з узорамі. Падчас экскурсіі можна паслухаць і голас класіка, запісаны на магнітнай стужцы падчас выступлення ў Казані 18 студзеня 1942 года.

Уяўленне пра асобу пісьменніка ствараюць яго асабістыя рэчы ў вітрынах музея, выданні з аўтографамі, здымкі з  сямейнага альбома, рукапісы і лісты. У аснову мастацкага рашэння экспазіцыі пакладзены малюнкі пісьменніка, якія арганічна спалучаюцца з дакументальнай часткай і раскрываюць эмацыянальны свет перажыванняў аўтара. Калі няспешна ходзіш па залах установы, спыняючыся там-сям, за табою нібыта сочыць пільны позірк пісьменніка, вывучае, выпрабоўвае… Час тут, падобна, спыніўся, і міжволі ловіш сябе на думцы, што пачынаеш весці ўнутраны дыялог з творцам, пытаючыся ў яго, а як бы ён дзейнічаў у гэтай ці іншай сітуацыі, што параіў бы. Жыццё яго было надзвычай няпростым, ён многае зведаў. Беспадстаўна абвінавачаны і арыштаваны ў 1938 годзе, літаратар правёў у турэмных засценках 8 месяцаў. Яго катавалі, ён вытрымаў нечалавечыя здзекі, а потым стаў адным з першых, хто апісаў зверствы ў дзённіку.

Літаратурны музей Кузьмы Чорна­ га лічыцца адной з найстарэйшых му­ зейных устаноў. У 1993 годзе ён набыў статус дзяржаўнага, а цяпер з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Чорны — з моладдзю!

На базе музейнай установы сумесна з дзяржаўнымі навучальнымі і іншымі ўстановамі пастаянна арганізоўваюцца праекты, скіраваныя на тое, каб захаваць і папулярызаваць спадчыну Кузьмы Чорнага, прыцягнуць да вывучэння творчасці пісьменніка школьнікаў, зацікавіць ёю ўсіх. Такога маштабу творца мог бы з’яўляцца нагодай для гонару любой нацыі, беларусы павінны ім ганарыцца, пераканана загадчык музея Людміла Ніжэвіч.

Летась у чэрвені адзначалі 120-гадо­ вы юбілей класіка. У музеі рыхтавацца да святочнай даты пачалі загадзя, яшчэ ў студзені — тады ў сацыяльных сетках на старонках установы стартавала рубрыка «З успамінаў сучаснікаў», дзе выкладаліся згадкі сучаснікаў літаратара, яго малюнкі, а таксама ілюстрацыі мастакоў да твораў пісьменніка. Сумесна з тэлеканалам АНТ ладзіўся тэматычны праект, які распавядаў пра жыццё і творчасць класіка. Сюжэты датычыліся бацькоў пісьменніка і месца, дзе ён нарадзіўся.

Юбілею знакамітага празаіка быў прысвечаны цыкл мерапрыемстваў для дзяцей і падлеткаў. У межах праграмы «Маршрут выхаднога дня», якая была распрацавана музеем сумесна з Цімкавіцкім дзіцячым садком і сельскай бібліятэкай, у выхадныя дні бацькі прыводзілі дзяцей у музей, каб малыя пазнаёміліся з жыццём і дзейнасцю пісьменніка. Разам з упраўленнем па адукацыі, спорце і  турызме райвыканкама ў музеі празаіка быў арганізаваны мастацкі конкурс для навучэнцаў «Мне захацелася намаляваць» па творах Кузьмы Чорнага. Найлепшыя работы рэгулярна выкладаліся ў сацыяльных сетках на старонках музея пісьменніка.

Дарэчы, супрацоўніцтва з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама спрыяла актыўнаму наведванню ўстановы вучнямі агульнаадукацыйных школ раёна: у межах школьнай праграмы шасцікласнікі чыталі аповесць Кузьмы Чорнага «Насцечка». Пасля экскурсіі школьнікі глядзелі відэазапіс інсцэніраванай аповесці ў выкананні ўдзельнікаў тэатральнай студыі, якая існуе пры музеі з 1997 года для папулярызацыі твораў пісьменніка.

Шырокамаштабны праект пад назвай «Землякі пра Кузьму Чорнага» аб’яднаў некалькі відаў дзейнасці: у сеціва выкладаліся відэа з запісамі ўспамінаў і  ўрыўкамі з твораў празаіка, а таксама пастаноўкі тэатральнай студыі.

24 чэрвеня вучні і настаўнікі Цімкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў паўдзельнічалі ў пленэры «Кузьма Чорны і Капыльская вуліца»: пад адкрытым небам малявалі родныя мясціны пісьменніка. У межах праекта віртуальна-літаратурнага знаёмства «Сцежкамі Кузьмы Чорнага» музей, Капыльская раённая бібліятэка імя А. Астрэйкі і Капыльская дзіцячая школа мастацтваў правялі конкурс «Кніга. Пэндзлік. Аловак». З работамі пераможцаў можна азнаёміцца на старонцы музея ў сацыяльных сетках. Карыстальнікам сацсетак была прапанавана тэматычная крыжаванка «Кузьма Чорны», распрацаваная Л. Ніжэвіч.

Акрамя таго, да юбілею творцы ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры экспанавалася перасоўная выстаўка «Кузьма Чорны. Жыццё і творчасць». На сайце Нацыянальнай бібліятэкі ў межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» была створана віртуальная выстаўка пад назвай «Кузьма Чорны (Мікола Карлавіч Раманоўскі). Жыццёвы і творчы шлях Кузьмы Чорнага. Да 120-годдзя са дня народзінаў (1900—1944)». Трапіць на віртуальную экскурсію можа кожны на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Калі вывучаеш іншыя гістарычныя рэаліі, гэта дапамагае зразумець сучаснасць, надае адчуванне еднасці з тымі, хто жыў раней і пакінуў для нашчадкаў сваю душу, пераплаўленую ў словы.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Наперадзе ў нас яшчэ шмат добрых важных спраў»

«Наперадзе ў нас яшчэ шмат добрых важных спраў»

На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек. 

Грамадства

«Мы, грамадзяне Беларусі, з гонарам і ўпэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень»

«Мы, грамадзяне Беларусі, з гонарам і ўпэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень»

Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах. 

Прэзідэнт

Як беларусы сустракалі прэзідэнцкі картэж у дзень інаўгурацыі?

Як беларусы сустракалі прэзідэнцкі картэж у дзень інаўгурацыі?

«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».