Вы тут

Трывога сапраўднасці. У Парыжы памёр беларускі і французскі мастак Барыс Забораў


Сёлета яму споўнілася б 85 гадоў… Нарадзіўся жывапісец у Мінску 16 кастрычніка 1936 года. Якім быў бы гэты юбілей?!. Відаць, не забыўся б ён, Мастак з вялікай літары, і пра родную старонку, пра Мінск, пра Беларусь… Мо і прыехаў бы ў адзін з нашых музеяў ці ў адну з нямногіх галерэй з выстаўкай? А можа быць, наладзіў бы выстаўку ў Віцебску, у шагалаўскім Віцебску?.. Выстаўку сваіх празорлівых карцін, у якіх і людзі, і час дыхаюць чысцінёй жыцця. Дарагія і блізкія мастаку і Беларусі людзі, краявіды…


Барыс Забораў

Барыс Забораў закончыў мастацкае вучылішча. Дыплом прафесійнага мастака атрымаў у Інстытуце імя Сурыкава ў Маскве. Вярнуўшыся ў Мінск, шмат гадоў працаваў у галіне кніжнай графікі. Пісьменнікі лічылі за гонар, калі іх кнігі афармляў менавіта Барыс Забораў. Адзнакай высокага прафесіяналізму мастака як кніжнага графіка сталі шматлікія ўзнагароды за перамогі ў рэспубліканскім і ўсесаюзным конкурсах «Мастацтва кнігі». Зараз, азіраючыся назад, падсумоўваючы, колькі кніг ім аформлена для мінскіх і маскоўскіх выдавецтваў, бачыш перад вачыма сапраўдную бібліятэку. Бачыш кнігі, якія можна прачытваць двойчы — і праз тэксты, і праз ілюстрацыі. У прыватнасці, я неймаверна захоплена чытаю з гэтых кніг беларускую паэзію. Чытаю і думаю, што, відаць, паэт і мастак працавалі разам… Так, паверыць у гэта цяжка. Але ж такая неверагодна высокая ступень суладнасці тэксту і графічных рашэнняў у афармленні кнігі сведчыць пра веліч двух талентаў — паэта і ма­ стака!..

І ўсё ж у 1980 годзе творца эмігрыраваў з Савец­ кага Саюза. Кароткі адрэзак часу правёў у Аўстрыі. І пасля ўвесь час жыў у Францыі, дзе здзейсніўся як жывапісец, атрымаў прызнанне. Карціны Ба­ рыса Заборава знаходзяцца ў самых прэстыжных музеях Еўропы, розных краін у іншых частках свету, экспанаваліся ў самых аўтарытэтных ма­ стацкіх галерэях свету. Барыс Забораў — кавалер ордэна «Мастацтваў і літаратуры» Французскай Рэспублікі.

У Беларусь жывапісец вяртаўся неаднойчы. Была і выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, якая мела шырокі розгалас. Былі і сустрэчы з сябрамі — пісьменнікамі, мастакамі, рэжысёрамі, мастацтвазнаўцамі… Любіў прымаць землякоў Барыс Забораў і ў Парыжы. Шмат каму аказваў падтрымку. Праўда, і такі настрой быў у мастака, вялікага творцы — пра гэта пісаў пасля паездкі ў Парыж народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін: «Барыс неяк прызнаваўся, што пабойваецца ехаць у Беларусь: тое, што жыве ў душы, што жывіць памяць, можа імгненна памерці (эфект ускрытай муміі), яго можа ўжо не быць, не існаваць, таго паветра, тых пахаў. А мастака праследуе пах цёплага пылу на летніх вясковых вуліцах. Між іншым, прыйшло мне на памяць, як баяўся Шагал сустрэчы з родным Віцебскам, бо ён жа пранёс свой Віцебск праз усё жыццё. Ягоны, шагалаўскі, Віцебск застаўся жыць на палотнах».

…Некалькі гадоў назад у Санкт-Пецярбургу (у 2018-м) выйшла кніга Барыса Заборава «Тое, што нельга забыць». Мастак расказаў пра свой шлях па жыцці, творчасці, патлумачыў тыя ці іншыя свае рашэнні. Біяграфічная кан­ ва, згодна з якой выбудаваны аповед, не прымусіла аўтара сысці ў сухую і, магчыма, цікавую толькі яму, блізкаму колу мемуарыстыку. У  кнізе, вокладка якой настройвала на сустрэчу з мемуарысты­ кай, выявіўся таленавіты мастак слова, цікавы празаік. Ёсць у той кнізе і разгадка, чаму быў зроблены выбар, чаму мастак пакінуў звыклую яму беларускую, мінскую прастору…

Чытаем у споведзі Барыса Заборава: «У канцы 60-х гадоў незадаволенасць сабою прыняла ў  мяне характар хранічнага неўрозу. Праблема, з якой я аказаўся самнасам, была ў мяне этычная. Выбар зроблены шмат гадоў назад паміж жыццём мастака за межамі афіцыйнага мастацтва, значыць, скіраванага на нястачу і астракізм, і лёсам мастака кнігі, ілюстратара з высокімі ганарарамі і ўяўнай незалежнасцю ад Саюза мастакоў, я зрабіў на карысць другога. Таму вінаваціць у надышоўшым на мяне душэўным дыскамфорце не было каго. Я быў самалюбівы і  сумленны, каб маладушна шукаць прычыны перажыванняў у знешніх абставінах.

Каварнасць выбару выявілася не толькі ў тым, што я здрадзіў мары стаць мастаком у блізкім для мяне разуменні, але і ў тым, што я займаўся рамесніцтвам ілюстратара і афармляльніка кнігі ахвотна, часам захоплена да самазабыцця. Да ўсяго астатняга праца ўзнагароджвалася побытавым дабрабытам, матэрыяльнай незалежнасцю і казытала славалюбнымі прафесійнымі адрозненнямі, камфартабельным жыццём — прыйшоў час разлічвацца па рахунках. Так што ў сярэдзіне 70-х гадоў я быў сур’ёзна хворы; распешчаны дабротамі жыцця па савецкіх мерках: у мяне добрая сям’я, грошы, машына, вядомасць і прывілеі ў кніжных выдавецтвах. Нарэшце, маладосць і цалкам сімпатычная фізіяномія ў люстэрку. Мяне любілі. Менавіта ўсё гэта ў будучым і выклікала неразуменне ў адных, злосць і раздражненне ў іншых. Чаго, маўляў, яму не хапала?

Так бы і высахлі мае надзеі. Але ўпарты голас, загнаны мною ў далёкі кут чарапной каробкі, з яхідным пастаянствам нагадваў: “Сапраўды, творчай працай займаешся, але, праўду кажучы, другаснай. Паразітуеш рамесніцтвам, каменціруеш карцінкамі чужыя, не табой напісаныя тэксты. Адным словам, хопіць дурня валяць, ведаеш усё сам. Не пра гэта ж ты думаў. І як бы ні хітраваў, мяне не падманеш. Я буду дасылаць табе сігналы трывогі, пакуль не адумаешся. Гэты абавязак мне прыдумалі прашчуры…”»

Зараз гэтая кніга (яшчэ з  дазволу аўтара) перакла­ даецца на беларускую мову і  ў  хуткім часе пабачыць свет у адным з  мінскіх выдавецтваў. Няхай у Беларусі яна ста­ не помнікам вялікаму таленту, шчыраму творцу. А мо да гэта­ га дададуцца і іншыя?..

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Падчас персанальнай выстаўкі Барыса Заборава ў Мінску, 2010 г

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?