Вы тут

За моцную і квітнеючую вёску


Мікалай Дарэчкін працуе ў СВК «Радзіма», што ў Бялыніцкім раёне, механізатарам больш чым 30 гадоў — з таго самага моманту, як толькі вярнуўся з арміі. А дапамагаць маці і старэйшым братам бегаў у калгас яшчэ школьнікам. Тады, напэўна, ён падсвядома і зрабіў свой выбар. А калі пачаў працаваць, зразумеў, што не памыліўся.


— Уяўляеце, мне адразу ж даверылі новы трактар, — згадвае ён свае першыя дні работы ў калгасе. — Гэта была вельмі вялікая адказнасць. Цяпер тэхніка не тое, што раней, яна стала больш камфортная і разумная. Раней зімой у салоне замярзалі, а цяпер цёпла. Ды і ўмовы работы ў гаспадарцы сталі на парадак вышэйшыя. Не параўнаць з тым, што было.

Мікалай вельмі хварэе душой за справу і будзе на Усебеларускім народным сходзе прадстаўляць сваю гаспадарку, якую лічыць узорнай. Моладзь ахвотна ідзе ў яе працаваць.

— У нас 150 адзінак тэхнікі, у тым ліку вядучых сусветных вытворцаў, — кажа ён.— Адных толькі інжынераў, якія яе абслугоўваюць, чацвёра. І ўсім да 30 гадоў. Галоўны інжынер таксама хоць і малады, але добра спраўляецца са сваімі абавязкамі. Такія людзі вельмі патрэбныя сельскай гаспадарцы. Пасля Беларускай сельгасакадэміі прыехала да нас працаваць маладая пара, а ўжо ў нас пабраліся шлюбам. Ім адразу ж кватэру выдзелілі і матэрыяльную дапамогу. Калі пяць гадоў адпрацуюць, вяртаць грошы не прыйдзецца. У гаспадарцы для маладых наогул існуе шэраг розных дабавак да зарплаты. Яны бачаць, што тут можна зарабіць нядрэнныя грошы, і застаюцца. Шмат моладзі не толькі сярод спецыялістаў, але і сярод механізатараў, жывёлаводаў. Калі ў чалавека душа ляжыць да сельскай гаспадаркі, ён у горад ірвацца не будзе. На жаль, сёння не ўсюды так добра, як у нашым калгасе.

Летась па краіне аграрыі прадэманстравалі высокія вынікі — сабралі больш чым 10 мільёнаў тон ураджаю, прыбавіла ў вазе жывёла, падраслі надоі. Але патэнцыял яшчэ ёсць, лічыць суразмоўнік.

— На жаль, працэс тармозяць слабыя гаспадаркі, якія нікуды не імкнуцца, — перажывае ён. — А калі б яны напружыліся, можна было б дасягнуць і больш значных вынікаў. Хацелася б, каб гэтыя гаспадаркі таксама падцягнуліся.

Пад адказнасцю Мікалая Дарэчкіна ў калгасе тры адзінкі тэхнікі — трактар, кормаўборачны і зернеўборачны камбайны. І ніхто без яго дазволу на іх не садзіцца. Такая палітыка гаспадаркі. Калі ў тэхнікі адзін гаспадар, яна працуе лепш і заўсёды дагледжаная. Без гэтага не дасягнеш высокіх вынікаў у рабоце.

— Я рамантую сваю тэхніку не больш за два тыдні, бо не ў маіх інтарэсах расцягваць гэтае задавальненне, — усміхаецца суразмоўнік. — У гаспадарцы менавіта такі перыяд адведзены для рамонту і аплачваецца дастойна. Хто што б ні казаў, а стымуляцыя рублём усё ж такі адыгрывае вялікую ролю. Падчас пасяўной і ўборкі нас заўсёды запрашаюць на сход і ставяць задачы, агучваюць, колькі мы можам зарабіць і якія прэміі атрымаць. Вельмі важна, каб зарплата была менавіта заробленая. Старшыня нашага калгаса Аляксандр Лапацентаў аднойчы трапна заўважыў: сёння кожны працуе не на Лапацентава, а на сябе. І гэта праўда. Ніхто з нас не цягне ўсе жылы, дастаткова працаваць проста добрасумленна.

У нас гэта сістэма добра наладжана. І кіраўнік пастаянны. А ў некаторых калгасах работнікі нават прозвішча свайго старшыні не паспяваюць запомніць, бо тыя мяняюцца адзін за адным. Знаёмы калгаснік расказваў, што пакуль ім мянялі кіраўнікоў, людзі разбегліся. Наш строгі, але справядлівы. Летам, напрыклад, тэхніка павінна быць у полі ўжо ў 7 гадзін раніцы. І ўсе дакладна гэта ўсведамляюць. Як і тое, што без нашай гаспадаркі вёска была б у заняпадзе. Сёння тут ёсць усе ўмовы для работы і адпачынку. Нядзіўна, што ў Вішоў людзі едуць і застаюцца.

Мінулы год быў асабліва цяжкі, пакуль у горадзе ўсе, хто мог, пераводзіліся на дыстанцыйную работу, гаспадаркі працягвалі працаваць у палях. Здавалася, што каранавірус іх нават не чапае. Але калгаснікі таксама хварэлі. Тым не менш гэта не перашкодзіла ім выйсці на перадавыя пазіцыі.

— Я сам у пачатку чэрвеня перахварэў, — прызнаецца Мікалай. — Цэлы месяц лячыўся. Але потым нагнаў, намалаціў каля 7 тысяч збожжавых, зернебабовых і кукурузы. Можна было б зрабіць і больш, але дажджы перашкодзілі.

На Усебеларускі народны сход Мікалай Дарэчкін едзе з вялікімі спадзяваннямі. Хоць і прызнаецца, што яму прасцей знаходзіцца на сваім рабочым месцы, чым выступаць перад вялікай аўдыторыяй. Але цяпер ён адчувае, што не мае права маўчаць.

— Хачу сказаць дзякуй Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, — кажа Мікалай. — Яшчэ ў пачатку незалежнасці нашай краіны ён зрабіў стаўку на развіты аграрны сектар. Колькі важных і патрэбных праектаў па развіцці вёскі рэалізавана па яго ініцыятыве. Дзякуй яму за тое, што ён дазволіў нам застацца ў якасці СВК і не перабудоўваць сістэму работы. Яго словы на прыкладзе нашай гаспадаркі рэалізаваліся літаральна. Ён раіў пакласці ў аснову прынцып: выдатная работа — выдатныя вынікі — высокі даход гаспадаркі — высокая зарплата. Наш калектыў неаднаразова займаў прызавыя месцы ў рэспубліканскіх спаборніцтвах, тройчы гаспадарцы аб'яўлялася Падзяка Прэзідэнта. І зарплата ў нас — іншым на зайздрасць. Асабіста ў мяне, звычайнага механізатара, сярэдняя за мінулы год склала больш чым 2,5 тысячы рублёў. Наш кіраўнік Аляксандр Лапацентаў ніколі не забывае пра тое, што за высокімі вынікамі стаіць менавіта чалавек. Мы рыхтуем кадры яшчэ са школьнай парты, калгас плаціць выдатнікам вучобы стыпендыі, умацоўвае матэрыяльна-тэхнічную базу школы. Я люблю сваю работу, сваю вёску, сваю сям'ю. У кожнага свая мера шчасця, але ёсць і агульнае — гэта мір і спакой. Сельскія працаўнікі падтрымліваюць міралюбівую і сацыяльна накіраваную палітыку дзяржавы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.