Вы тут

У «Чырвонкі» — юбілей. Успаміны Наталлі Карпенкі


Упершыню ў «Чырвоную змену» я прыйшла ў 1983-м, яшчэ студэнткай. (Тады мы абедзве былі вельмі маладыя — мне «крыху за 20», ёй «крыху за 60»). Трапіла, можна сказаць, амаль выпадкова — спачатку прынесла сваю «нятленку» ў «Настаўніцкую газету», дзе артыкул адразу «зарубілі» з прычыны занадта маладзёжнага стылю, параіўшы аддаць яго ў «Чырвоную змену». «Чырвонка» знаходзілася ў тым жа Доме друку на чацвёртым паверсе і была на той час адным з двух галоўных маладзёжных выданняў краіны. І як жа было страшна туды ісці...


У аддзеле маральна-этычных праблем (уявіце, быў і такі) артыкул узялі і прапанавалі прыносіць яшчэ. І закруцілася...

Людзі ў «Чырвонцы» пры больш блізкім знаёмстве аказаліся зусім не страшныя, а, наадварот, прыязныя, дружалюбныя і інтэлігентныя. Вельмі хутка яны прынялі мяне ў сваю «кампанію», не забываючыся, аднак, паміж справамі даваць парады і накіроўваць у патрэбнае рэчышча — вельмі тактоўна і ненавязліва. Зразумела, я слухала, запамінала і старанна выконвала ўсе заданні. Ды і як было не слухаць? У газеце працавалі сапраўдныя асы маладзёжнай журналістыкі — Галіна Пшонік, Вольга Шаўко, Вера Шчэціна, Надзея Рошчына, Вячаслаў Кулік, Наталля Салук, Іван Ждановіч, Людміла Куслівая, Аляксей Тоўсцік... Усіх не пералічыш. Памятаю, як Вячаслаў Уладзіміравіч браў у рукі свой чарговы шэдэўр, выводзіў мяне на лесвічную пляцоўку, зачытваў некаторыя фразы і нават абзацы, а потым на поўным сур'ёзе казаў: «Вось гэта і ёсць геніяльнасць! Вучыся, пакуль я добры!» Галіна Барысаўна нікуды мяне не выводзіла, але часта паўтарала: «Пісаць трэба так, каб у канцы матэрыялу не сорамна было ставіць сваё прозвішча».

Вялікі калектыў «Чырвонкі» быў не проста дружны — ён быў глыбока з'яднаны адзінай мэтай, ідэяй — зрабіць наступны нумар газеты лепшым за папярэдні, прымусіць чытачоў думаць, разважаць, спрачацца, смяяцца, плакаць, закідваць рэдакцыю пісьмамі... Толькі не заставацца раўнадушнымі. Энергія бурліла і біла праз край, кожны журналіст быў літаральна апантаны жаданнем змяніць да лепшага свет — або як мінімум чыйсьці лёс. Супрацоўнікі газеты днявалі, а часам і начавалі на рабочым месцы, трымаючы з гэтай мэтай у шафе раскладушку. У камандзіроўкі ездзілі на некалькі дзён, прывозячы адтуль па чатыры-пяць «гарачых» тэм: рэпартажы з цэхаў, палёў, забояў, комплексаў, спортпляцовак, аперацыйных пакояў, радзільных дамоў, студгарадкоў, камсамольскіх сходаў... Ідучы раніцай у рэдакцыю, ніхто не ведаў, дзе, у якім пункце краіны скончыцца рабочы дзень. Пра ноч і ўвогуле не думалі: начаваць даводзілася ў лепшым выпадку ў гасцініцах, у горшым — у паяздах, аўтобусах, кузавах грузавых аўтамабіляў, палатках, вясковых хатах (калі добрыя людзі прыгрэюць), у залах чакання і нават на лавачках у парках. Памятаю, як аднойчы мне давялося правесці ноч на... сцэне сельскага клуба, а ў глядзельнай зале ў гэты ж час спалі на матрацах чалавек трыццаць хлопцаў — студэнтаў тагачаснага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, якія прыехалі ў падшэфны калгас дапамагаць збіраць ураджай. Прыняць іх там прынялі, а вось пра ўмовы пражывання і многае іншае не паклапаціліся, у чым журналістцы «Чырвонкі» давялося ўпэўніцца на месцы. Крытычны артыкул, які праз некалькі дзён быў надрукаваны ў газеце, атрымаўся вельмі рэзанансны, галоўнаму рэдактару давялося нават вытрымаць пэўны ціск — старшыня калгаса аказаўся чалавекам «з сувязямі»...

Час бяжыць вельмі хутка. Жыццё змяняецца — а разам з ім змяняецца і газета. «Чырвонка» цяпер ужо не тая: іншыя аб'ём, перыядычнасць, фармат... І ўсё ж, прайшоўшы праз «перабудовачныя» васьмідзясятыя, ліхія дзевяностыя і трывожныя нулявыя, яна не страціла веру ў нашу моладзь і ў тое, што ўсё абавязкова будзе добра. Сёння «Чырвонка. Чырвоная змена» — гэта пляцоўка, дзе маладыя пішуць для маладых і пра маладых. І яна заўсёды адкрытая — для людзей нераўнадушных і цікаўных, для тых, хто хоча вучыцца новаму, удасканальвацца і ўдасканальваць свет, хто любіць сваю Радзіму, культуру і мову, хто ўмее спачуваць і дапамагаць, для адкрытых, таварыскіх, няў-
рымслівых рамантыкаў... Для вас, сябры!

І апошняе. У «Чырвонку» мы па-ранейшаму адбіраем толькі тыя артыкулы, пад якімі аўтарам не сорамна ставіць свае прозвішчы.

Наталля КАРПЕНКА

Працавала ў «Чырвонай змене» з 1985 да 2002 года, да таго часу, калі «ЧЗ» была далучана да «Звязды». Спачатку карэспандэнтам, потым — загадчыкам аддзела, намеснікам галоўнага рэдактара. Сёння працуе першым намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Звязда».

Загаловак у газеце: Стала іншай. Але засталася сабой

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.