Вы тут

Якія планы ў беларускіх транспартнікаў


Наш транспарт да новых умоў падрыхтаваўся ў поўнай меры. Пра гэта паведаміў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка падчас выніковай калегіі ведамства. Авіяцыйная галіна і чыгуначны транспарт гатовыя забяспечыць выкананне ўсіх патрабаванняў, якія выстаўляюць міжнародныя партнёры па частцы забеспячэння бяспекі, выконваць масачны, тэмпературныя рэжымы і рабіць прышчэпкі.


Ён адзначыў, што работа прадпрыемстваў транспартнай галіны залежыць ад мабільнасці насельніцтва, і выказаў надзею на наступнае зняцце абмежаванняў і павелічэнне колькасці паездак. Аляксей Аўраменка таксама распавёў, што з 12 лютага плануецца аднавіць авіярэйсы з Мінска ў Санкт-Пецярбург, а ў Растоў-на-Доне — з 13 лютага (па пяць рэйсаў «Белавія» і «Аэрафлота»). У міністэрстве спадзяюцца, што ў такой плоскасці нашы краіны будуць рухацца і далей, нарошчваючы аб'ёмы перавозак.

Аляксей Аўраменка адзначыў, што беспрэцэдэнтныя ўмовы работы не маглі не адбіцца на выкананні мэтавых паказчыкаў, якія ўвогуле склаліся ніжэйшымі за ўзровень папярэдняга года.

У дадзеных абставінах Мінтрансам сумесна з прадпрыемствамі былі прыняты дадатковыя меры па захаванні працоўных калектываў, узроўню заработнай платы і фінансавай устойлівасці арганізацый. У прыватнасці, дадзеная работа была скіравана на аптымізацыю выдаткаў, вытворчых працэсаў і зніжэнне фінансавай нагрузкі.

Разам з тым, план мерапрыемстваў па дыверсіфікацыі і прыцягненні дадатковых аб'ёмаў перавозак грузаў чыгуначным транспартам дазволіў павялічыць аб'ёмы перавозак на 6,6 млн тон, забяспечыць прырост кантэйнерных перавозак у 1,4 раза, аб'ём якіх перавысіў 1 млн кантэйнераў у дваццаціфутавым эквіваленце.

З прычыны новых рэалій функцыянавання эканомікі і грамадства ключавой задачай гэтага года з'яўляецца мабілізацыя намаганняў на аднаўленне страчаных аб'ёмаў і фінансавых магчымасцяў. Для гэтага патрабуецца выпрацаваць новыя падыходы і метады ў вырашэнні пастаўленых задач, забяспечыць якасны рост прадукцыйнасці працы, скараціць непрадукцыйныя выдаткі з накіраваннем сродкаў на інвестыцыйныя мэты.

У сферы міжнародных аўтамабільных перавозак трэба будзе ўдасканаліць працэдуру выдачы дазволаў, стварыўшы дзейсны механізм іх эфектыўнага выкарыстання, а таксама працягнуць работу па магчымай адмене дазвольнай сістэмы. Неабходна на заканадаўчым узроўні вызначыць ключавыя пытанні па навядзенні парадку ў сферы перавозак пасажыраў з ухілам на лічбавізацыю. З улікам мэтавай задачы пяцігодкі па павелічэнні долі электрыфікаваных транспартных сродкаў да 30 %, канцэптуальным кірункам работы з'яўляецца пашырэнне прымянення электробусаў.

У сферы чыгуначнага транспарту асноўным кірункам работы з'яўляецца забеспячэнне фінансавай устойлівасці БЧ, развіццё кантэйнернага сегмента грузавых перавозак, пашырэнне геаграфіі і маршрутаў руху. Акрамя таго, будзе завершаны праект па электрыфікацыі ўчасткаў Гомель — Жлобін — Асіповічы і Жлобін — Калінкавічы, працягнецца абнаўленне рухомага саставу. Што датычыцца работы пасажырскага комплексу, то ў прыярытэце павышэнне яго кліентаарыентаванасці за кошт паскарэння руху цягнікоў, укаранення новых форм рэалізацыі праязных дакументаў і іншае.

У сферы паветранага транспарту будзе праводзіцца работа над такім новым кірункам, як падрыхтоўка пілотаў на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, важнай задачай з'яўляецца і развіццё рынку грузавых авіяперавозак, працягнецца абнаўленне парка грузавых і пасажырскіх паветраных суднаў.

З улікам створанай Дзяржаўнай адміністрацыі воднага транспарту, у 2021 годзе працягнецца рэфармаванне дадзенай галіны, у тым ліку падзел перавозачнай і партовай дзейнасці. Таксама завершыцца работа па ўнясенні змяненняў у Кодэкс унутранага воднага транспарту Беларусі.

У сферы дарожнай гаспадаркі будуць праводзіцца работы па рэканструкцыі Паўднёва-Заходняга абходу Магілёва, трох мастоў у рамках праекта «Рэспубліканскія масты і рэканструкцыя аўтадарогі М-3».

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?