Вы тут

Ліхтары ў Бярозе сталі разумныя


Вуліцы горада ў Брэсцкай вобласці цяпер асвятляюцца ўсю ноч, а на пешаходных пераходах лямпы гараць ярчэй. Пры гэтым грошай на электраэнергію мясцовыя ўлады сталі выдаткоўваць менш. Такое стала магчымым у выніку рэалізацыі энергаэфектыўнага праекта «Укараненне святлодыёднага асвятлення ў Бярозаўскім раёне з выкарыстаннем аўтаматызацыі і сістэмы кантролю», які быў ажыццёўлены горадам пры фінансавай падтрымцы (80 % ад сумы ў 775 тысяч еўра) Еўрапейскага саюза.


Вулічнае і дэкаратыўнае асвятленне каля бярозаўскага Палаца культуры.

Вялікія дасягненні маленькай суполкі

Падаць заяўку на ўдзел у праекце Бяроза змагла дзякуючы ініцыятыве «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі», якую ў 2015 годзе падпісаў горад. За два гады рэалізацыі праекта памянялі 38 шафаў кіравання вулічным асвятленнем, а 2685 звычайных лямпаў замянілі новымі эфектыўнымі святлодыёднымі свяцільнікамі. Цяпер увесь горад асвятляецца толькі сучасным святлом, якое рэгулюецца сістэмай кіравання грамадскім асвятленнем — інтэлектуальнай сеткай, што забяспечвае неабходную колькасць святла там і ў той час, калі яно неабходна.

— Дзякуючы праекту вырашылася праблема вулічнага асвятлення. Жыллёва-камунальная гаспадарка атрымала эканомію пры аплаце электраэнергіі, а перамяшчацца па вуліцах стала значна больш камфортна. Кіроўцы лепш арыентуюцца на пешаходных пераходах, а жыхары рухаюцца па цалкам асветленых вуліцах, — пракаментаваў плюсы праекта старшыня Бярозаўскага райвыканкама Сяргей БАРТАШ.

Пагадненне мэраў — вялікая суполка амаль 10 тысяч гарадоў па ўсім свеце, і ў суполцы вельмі паважаюць гарады і раёны, што ставяць перад сабой такія амбіцыёзныя мэты і паспяхова дасягаюць іх, заўважыў нацыянальны каардынатар праграмы «Пагадненне мэраў — Усход» Іван ШЧАДРАНОК:

— Гэты праект унікальны не толькі дасягнутымі вынікамі, але і з пункту гледжання яго рэалізацыі. Гэта вопыт і прыклад іншым таго, як з дапамогай невялікай каманды можна дасягнуць глабальных вынікаў.

Шафа кіравання святлодыёднымі ліхтарамі.

Горад засынае — энергія памяншаецца

Сапраўды, галоўным ініцыятарам праекта, які за два гады з дапамогай такіх жа нераўнадушных энтузіястаў здолеў стварыць заяўку і дамагчыся ажыццяўлення праекта ў раёне, стаў Дзмітрый СЛУЦКІ, начальнік планава-эканамічнага аддзела Бярозаўскай ЖКГ.

На рэалізацыю праекта спатрэбілася 30 месяцаў. На галоўных і другарадных вуліцах свяцільнікі падбіраліся рознай магутнасці ў залежнасці ад патрэб і масавасці людзей. Да рэалізацыі праекта магутнасць вулічнага асвятлення ў Бярозе была 1400 Мвт·г, цяпер яна складзе 648 Мвт·г. Такім чынам эканоміцца столькі энергіі, колькі на год патрабуецца 205 жылым дамам.

Асвятленне цяпер нават на ўскрайку Бярозы гарыць усю ноч.

— Яшчэ адзін станоўчы эфект новага асвятлення — выключэнне чалавечага фактару. Цяпер святло запальваецца дакладна ў час і з запраграмаванай інтэнсіўнасцю кожнага свяцільніка. Сацыяльны эфект праявіўся ў павелічэнні бяспечнасці і камфорту руху людзей, бо цяпер святло гарыць усю ноч, — дадаў Дзмітрый Слуцкі.

Рацыянальна выкарыстоўваць святло можна з дапамогай дзіміравання — у вячэрні і начны час, калі актыўнасць гарадскога жыцця памяншаецца, інтэнсіўнасць асвятлення зніжаецца да 20 %, што дастаткова для бачнасці і разам з тым дазваляе не выкарыстоўваць дарэмна шмат энергіі. Як гэта выглядае, журналістам паказалі падчас афіцыйнага завяршэння праекта.

У Бярозе па праекце закладвалася 3600 светлавых кропак. Свяцільнікі тут не толькі гараць згодна з праграмай, але і перадаюць інфармацыю пра свой стан на дыспетчарскі пункт, удакладніў Аляксандр ЗАЯЦ, прадстаўнік кампаніі «Сувязьінвест», якая паставіла абсталяванне для разумнага асвятлення Бярозы. Паступова ўсё гэта будзе інтэгравацца ў сістэму «смарт-сіці»:

— Нават калі будзе страчана сувязь з аператарам, то свяцільнік не стане перадаваць інфармацыю на пульт і не будзе адбывацца дзіміраванне, аднак не здарыцца такое, што святло ва ўсім горадзе знікне. На самы крайні выпадак можна перавесці кіраванне асвятленнем у ручны рэжым.

Абмеркаванне вынікаў праекта экспертамі.

Эфектыўнага святла — пакуль 1 %

Беларусь толькі пачынае шлях разумнага асвятлення гарадоў. З 600 тысяч святлакропак краіны толькі 25-30 % святлодыёдныя. Сучасныя праекты асвятлення, рэалізаваныя ў Бярозе, Навагрудку, Полацку і Мінску, ахопліваюць не больш як працэнт святлакропак. І гэта тая колькасць, што адпавядае сучасным патрабаванням энергаэфектыўнасці, расказаў Іван ФІЛЮЦІЧ, кансультант па энергетычнай эфектыўнасці праекта ПРААН-ГЭФ-Мінпрыроды «Беларусь: падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі»:

— Сістэмы вонкавага асвятлення ўжываюць каля 2 % электраэнергіі ў краіне, што адпавядае спажыванню электрычнасці некалькіх адміністрацыйных раёнаў, таму тут існуе вялікі патэнцыял і для павышэння энергаэфектыўнасці, і для эканоміі сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Каб давесці сістэмы вулічнага асвятлення беларускіх гарадоў да належнага стану, па ацэнках экспертаў, неабходна мінімум 150 мільёнаў долараў. Спецыялісты распрацавалі адмысловую мадэль, якая дазваляе прыкладна пралічыць разнастайныя эфекты ад мадэрнізацыі асвятлення ў розных гарадах і разгледзелі гэта на прыкладзе Брэста, Пружан,
Зэльвы, Гарадка і іншых.

Асвятленне на адной з цэнтральных вуліц горада.

Устойлівая работа святлодыёдных свяцільнікаў разлічана на дзесяць гадоў. А сярэднія тэрміны акупляльнасці складаюць каля шасці гадоў, аднак гэта вельмі прыблізныя ацэнкі, якія адрозніваюцца ў залежнасці ад памераў горада, прычым зусім не адпаведна яго габарытам, акрэсліў кансультант.

У кожным выпадку неабходна ўлічваць свае асаблівасці, каб мець больш дакладныя лічбы, якія спатрэбяцца на абнаўленне святла, і вынікі, якія яно прынясе. А яшчэ не забывацца на змяненне тарыфаў на электраэнергію. Улічваць, ці спатрэбіцца мяняць мачты ліхтароў і кабельныя лініі або толькі лямпы, абавязкова праводзіць энергааўдыт. А яшчэ думаць над выбарам абсталявання, якое можа спачатку абысціся даволі танна, аднак яго эксплуатацыя ў далейшым значна перавысіць выдаткі на яго ўкараненне і звядзе да нуля ўсю эканомію.

Папярэднія разлікі па праекце ў Бярозе паказваюць, што гадавое спажыванне энергіі тут зменшыцца на 44 % і горад зможа штогод эканоміць 313 тысяч рублёў. А колькасць выкідаў вуглякіслага газу зменшыцца на 724 тоны.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».