Вы тут

Як медыцынскія ўстановы вяртаюцца да звычайнага рытму работы


Пакуль еўрапейцы панікуюць вакол новага штама каварнага каранавіруса, у Беларусі адноснае зацішша. Колькасць зноў захварэлых пакрыху, але ж зніжаецца. А медыцынскія ўстановы вяртаюцца да свайго звыклага рэжыму. Адным з першых у Магілёўскай вобласці стаў абласны шпіталь ветэранаў, які яшчэ ў апошнія дні снежня правёў дэзынфекцыю сваіх памяшканняў і прыступіў да планавага прыёму пацыентаў.


У стане баявой гатоўнасці

Сёння шпіталь працуе ў звычайным рэжыме і пра ковід тут нішто не нагадвае. Хіба маскі на тварах і пальчаткі на руках медперсаналу.

— Нас яшчэ падчас першай хвалі каранавіруса задзейнічалі, а ў лістападзе зноў прыйшлося амаль на два месяцы стаць інфекцыйным стацыянарам, — адзначае галоўны ўрач шпіталя Васіль Арцёменкаў. — Масачны рэжым мы захоўвалі і захоўваем, пастаянна апрацоўваем рукі. І кантралюем, каб гэта рабілі нашы пацыенты і тыя, хто да іх прыходзіць. Сёння ў нас занятыя пацыентамі 132 ложкі са 180. Гэта ўсё вельмі пажылыя людзі, і мы беражом іх. Двойчы на дзень кварцуем палаты, азануем памяшканні.

Васіль Рыгоравіч прызнаецца, што ковідны этап медустанова перанесла адносна лёгка. Медыкі хварэлі ў асноўным таму, што «падхапілі» вірус у так званых бытавых умовах — дома або ад знаёмых. Ад пацыентаў ніхто не заразіўся, бо прымяняліся ўсе меры аховы. Зараз таксама працуюць з асцярогай.

Магілёўскі філіял «Кардыялагічная бальніца», які разлічаны на 120 ложкаў, перайшоў на работу ў штатным рэжыме з другой паловы студзеня.

— Пад барацьбу з ковідам наша бальніца была задзейнічаная толькі падчас другой хвалі, — удакладняе загадчык філіяла Уладзіслаў Стэльмахаў. — Наогул мы можам працаваць толькі ў адным рэжыме — або са звычайнымі пацыентамі, або з інфекцыйнымі. З улікам абстаноўкі, якая палепшылася і зніжэннем пнеўманій, перашлі ў свой звычайны рэжым. Цяпер у нас вядзецца ў асноўным планавая шпіталізацыя і аказваецца экстранная дапамога для хворых з парушэннямі рытму сэрца або крызамі. Калі ў чалавека тэмпература, ён накіроўваецца ў іншы стацыянар, дзе лечаць людзей са змешанай паталогіяй. Насцярожанасць між тым застаецца. Ковід можа працякаць некалькі дзён і бессімптомна. Калі ёсць падазрэнне, што чалавек хворы, адразу ж прымаюцца меры.

Бальніца не закрытая для наведвальнікаў, ды і пацыенты выходзяць падыхаць свежым паветрам. Таму кантроль вядзецца строгі, каб звесці да мінімуму занос інфекцыі. Пацыенты штодзённа абследуюцца, медыкі сочаць за іх тэмпературай, цікавяцца самаадчуваннем. Робіцца бактэрыцыдная апрацоўка палат, рэгулярна праводзіцца кварцаванне, антысептыкаў і дэзсродкаў таксама хапае.

Стацыянар загружаны цалкам, але, як запэўнівае загадчык філіяла, так было заўсёды, бо сардэчныя хваробы сёння ў лідарах. Ён спадзяецца, што трэцяй хвалі каранавіруса не будзе і бальніца зможа займацца выключна сваімі пацыентамі. Хоць, калі спатрэбіцца, перайсці зноў у стан інфекцыйнай не будзе праблемы.

— Па амуніцыі, забяспечанасці ўсім неабходным для прыёму інфекцыйных хворых мы гатовыя, — кажа Уладзіслаў Міхайлавіч. — У рамках лячэння ковіду атрымалі дзесяць новых кіслародных канцэнтратараў. Але раю насельніцтву не расслабляцца. Масачны рэжым вельмі важны, а таксама дыстанцыяванне. Вірус яшчэ будзе муціраваць, як і ўсе астатнія. Самы таксічны быў свіны грып, захворванне працякала вельмі цяжка. Але цяпер існуе вакцына, і магчымасці з ім сустрэцца можна пазбегнуць. Калі большасць людзей будзе вакцынаваная супраць ковіду, яго пагроза таксама паменшыцца.

Філіял «Кардыялагічная бальніца» прымае выключна планавых хворых.

Пад кантролем

Галоўны санітарны ўрач Магілёўскай вобласці Святлана Нячай запэўнівае, што захворванне на ковід мае ўстойлівую тэндэнцыю да зніжэння. І абстаноўка па Магілёўшчыне зараз нічым не адрозніваецца ад той, што склалася па краіне. У рэгіёне вядзецца планавае перапрафіляванне ўстаноў аховы здароўя і вяртанне да ранейшага рэжыму работы.

— Зараз асноўная задача — прафілактыка вострых рэспіраторных інфекцый, якія выкліканы іншым узбуджальнікам, — кажа Святлана Нячай. — Ідзе выдзяленне парагрыпу, адэнавіруснай і рэспіраторна-сінцыцыяльнай вірусных інфекцый. І ўсе прафілактычныя мерапрыемствы, якія скіраваныя на прафілактыку ковіду, добра працуюць пры прафілактыцы рэспіраторных інфекцый. Масачны рэжым застаецца і кантралюецца і на аб'ектах транспарту, і гандлю, і ў іншых грамадскіх месцах. Гэта арганізацыя медыцынскіх фільтраў і ва ўстановах адукацыі, і на прадпрыемствах, і ў органах улады. Я ўжо не кажу пра антысептыкі, якія ў даступнай колькасці ёсць усюды.

Пачынаецца другі этап вакцынацыі

У вобласці, як і ў іншых рэгіёнах краіны, поўнай хадой ідзе прышчэпліванне расійскай вакцынай «Спадарожнік V». У першую групу ўвайшлі медыцынскія работнікі.

— На 9 лютага было прывіта больш чым 1,5 тысячы медыцынскіх работнікаў, — удакладніла Святлана Нячай. — Пабочных рэак- цый, ускладненняў не зарэгістравана. Прышчапіліся і супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя, і кіраўнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы, галоўныя ўрачы Магілёва, Бабруйска, Быхава, іншых гарадоў. Я таксама прышчапілася, бо добра разумею значнасць працэдуры, як чарговага этапу прафілактычных мер. Для таго, каб працаваць, трэба быць абароненым. А работы шмат. І нашы спецыялісты гэта разумеюць.

Зараз у вобласці амаль сфарміраваны спісы спецыялістаў сістэм адукацыі, сацыяльнай абароны, тых, хто працуе з вялікімі групамі насельніцтва ў закрытых калектывах. Па словах Святланы Нячай, прышчэпачныя пункты, якія ўтвораны на базе арганізацый аховы здароўя, ужо забяспечаны ўсім неабходным халадзільным абсталяваннем і сістэмамі кантролю тэмпературы, а медыцынскі персанал абучаны. У найбліжэйшыя дні чакаецца пастаўка наступнай партыі вакцыны, і пачнецца другі этап вакцынацыі. Трэцім этапам стане прышчэпліванне насельніцтва.

— Ужо цяпер да нас паступае шмат званкоў наконт вакцынацыі, і мы бяром гэтыя заяўкі «на аловак», — удакладняе галоўны санітарны ўрач. — Як толькі будзе магчымасць, грамадзян запросяць на вакцынацыю. Прышчапіцца можна будзе бясплатна.

Як і ў любога лекавага прэпарату ў вакцыны ёсць абмежаванні. Не прышчэпліваюць пакуль тых, каму за 60, і тых, хто перахварэў на ковід. Але вытворца нядаўна ўнёс у інструкцыю змяненні, і ў Расіі абмежаванні па ўзросце ўжо знятыя. Пытаннем аб зняцці іх у нашай краіне сёння займаецца Міністэрства аховы здароўя.

— Ці чакаць нам трэцяй хвалі? Або ўжо можна расслабляцца? — пацікавіліся мы з надзеяй у спецыяліста.

— Разумею, што ўсім надакучыла, — паспачувала Святлана Уладзіміраўна. — Але здымаць маскі пакуль рана. Цяжка сказаць, як будзе паводзіць сябе вірус. Прагнозы — справа няўдзячная. Медыкі пачынаюць рэгуляваць працэс спецыфічнай прафілактыкай. Таму цяпер спадзяванні ўскладаюцца не толькі на маскі, антысептыкі і абмежаванні. Калі фарміруецца калектыўны імунітэт, інфекцыя становіцца кіруемай. Таму і робіцца спроба, каб перавесці інфекцыю ў разрад вакцынакіруемых.

Збіраецеся за мяжу? Атрымайце сертыфікат

З панядзелка першыя цягнікі пабеглі з Беларусі ў бок Расіі. І для пасажыраў адным білетам справа не абмежавалася. На руках павінны быць яшчэ і сертыфікат аб праходжанні ПЛР-тэста. Гэты дакумент выдае санэпідэмслужба.

Сёння лабараторыя Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, дзе робяцца ПЛР-тэсты, працуе ў менш напружаным рэжыме. Менш чым за год практыкі работы з ковідам, тут набыты каласальны вопыт, выбудаваная лагістыка даследаванняў ад забора матэрыялу да атрымання вынікаў і накіравання іх на адрас арганізацый аховы здароўя. Умацавалася і іх матэрыяльна-тэхнічная база, закуплена неабходнае абсталяванне. У распараджэнні лабараторнай службы з'явіліся аўтаматычныя станцыі пробападрыхтоўкі, што скарачае час правядзення даследаванняў. Гэта выключае чалавечы фактар і верагоднасць памылак пры правядзенні даследаванняў. Усё гэта і зніжэнне тэмпаў распаўсюджвання інфекцыі дазволіла адысці ад кругласутачнага рэжыму работы. Цяпер для насельніцтва актуальнай стала тэма выезду за мяжу і вяртанне дамоў. І ПЛР-тэст пры гэтым застаецца «залатым стандартам» дыягностыкі каранавіруснай інфекцыі.

— Наша задача як акрэдытаванай лабараторыі — забяспечыць людзям магчымасць свабоднага перамяшчэння, — кажа Святлана Нячай. — Мы адзіныя ў вобласці, хто мае акрэдытацыю і дазвол выдаваць сертыфікаты, у тым ліку на англійскай мове. І колькасць такіх даследаванняў толькі расце. Калі не браць у разлік турыстычныя кампаніі, якія перыядычна вылятаюць з Магілёва і Мінска, дзесьці да 100 сертыфікатаў у суткі мы падрыхтоўваем.

Кампетэнтна

Алена Чачура, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама:

— Сітуацыя з ковідам у Магілёўскай вобласці паляпшаецца, і медыцынскія ўстановы пераходзяць на звычайны рэжым работы. Вярнуліся ў прывычны рытм анкалагічныя ўстановы Магілёва і Бабруйска, абласны шпіталь ветэранаў і філіял кардыялагічнай бальніцы, пера- прафіляваны нейралагічнае, гематалагічнае і кардыялагічнае аддзяленні абласной клінічнай бальніцы. Цэнтральныя раённыя бальніцы працуюць у рэжыме змешанага стацыянара, і выдзелены ложкі пад ковід-пацыентаў. Цалкам ковіднымі пакуль застаюцца Магілёўская бальніца № 1 і частка абласной інфекцыйнай бальніцы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Планавы рэжым, вакцынацыя і плр-сертыфікаты для турыстаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?

Грамадства

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Размова з галоўным рэдактарам Ларысай Ракоўскай.

Грамадства

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Любоўных гісторый, якія прыцягваюць павышаную ўвагу грамадства, нямала.

У свеце

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Людзі стаміліся ад лакдаўну і беспрацоўя і выходзяць на пратэсты, а надзея перамагчы пандэмію ўсеагульнай вакцынацыяй, падобна, растае на вачах: прэпараты па-ранейшаму недаступныя ўсім ахвотным і ў найбліжэйшы час сітуацыя наўрад ці зменіцца.