Вы тут

«Адна з задач — развіць добраахвотнае назапашвальнае страхаванне пенсій»


Пра гэта паведаміў Валерый Кавалькоў, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны. Ён расказаў пра планы рэфармавання пенсійнай сістэмы на будучую пяцігодку:


Фота Ганны Занкавіч

«Задачы, якія стаяць на будучую пяцігодку, вядомы і закладзены ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця, праграму дзейнасці ўрада. У першую чаргу — гэта забеспячэнне 40-працэнтных суадносін сярэдняй пенсіі па ўзросту і сярэдняй заработнай платы.

Мы разумеем, што сёння ў краіне амаль 2,5 мільёна пенсіянераў. Для многіх з іх пенсія з’яўляецца адзінай крыніцай даходаў. Мы павінны падтрымаць пенсіі на ўзроўні такім, каб гэтыя людзі маглі дазволіць купіць сабе і адзенне, і прадукты, і аплаціць камунальныя паслугі.

Наступная задача — узмацненне дыферэнцыяцыі ў памерах пенсіі. Як раз у рамках падрыхтоўкі да Усебеларускага народнага сходу паступалі самыя супрацьлеглыя прапановы. Ёсць пенсіянеры, якія прапануюць ажыццяўляць пераразлікі пенсій не на нейкі працэнт усім пенсіянерам, а на пэўную фіксаваную суму. Калі пайсці такім шляхам, мы проста звядзём дыферэнцыяцыю ў памерах пенсіі на не. І фактычна памер пенсіі не будзе залежыць ад стажу і заробкаў у перыяд працы. А мы разумеем: чалавек, які мае больш доўгі стаж і больш высокі заробак, павінен атрымліваць больш высокую пенсію.

Наша задача на бягучую пяцігодку павялічыць дыферэнцыяцыю. За гэта выступаюць не толькі пенсіянеры, але і работнікі, якія плацяць узносы і жадаюць, каб іх пенсія ў будучым залежала ад іх укладаў.

Яшчэ адзін кірунак, яго агучваў Аляксандр Лукашэнка, гэта ўвядзенне добраахвотнага назапашвальнага страхавання. Нават не ўвядзенне, а яго пашырэнне, паколькі ўжо каля 30 гадоў у Беларусі існуе праграма такога страхавання. Работнік і яго наймальнік могуць пэўныя сродкі накіроўваць у страхавыя арганізацыі («Стравіта», «Прыёрлайф»), дзе на індывідуальным рахунку застрахаванага акумулююцца гэтыя сродкі, інвестуюцца ў эканоміку. Інвестыцыйны даход раздзяляецца паміж усімі застрахаванымі асобамі. Пры наступленні страхавога выпадку (дасягненні пенсійнага ўзросту) чалавек мае права атрымаць да дзяржаўнай дадатковую пенсію.

Сума, якую работнік накіроўвае на добраахвотнае страхаванне, вызваляецца ад падаходнага падатку. Наймальнік таксама мае ільготы па выплаце ўзносаў у Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва і ў Белдзяржстрах.

На жаль, такая форма не атрымала распаўсюджвання. У нас сёння застрахаваных менш пяці працэнтаў працоўных. І адна з задач — развіць гэты кірунак на наступную пяцігодку, пра гэта казаў Прэзідэнт».

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.