Вы тут

Цыклон «Фолкер» прынясе шмат снегу


Гэты тыдзень багаты на актыўныя цыклоны. У мінулы панядзелак спачатку па паўднёвым захадзе, а ў аўторак па ўсёй тэрыторыі краіны снегу дадаў цыклон «Трыстан». У сераду следам за ім прайшоў «Ульф», але траекторыя яго руху праходзіла на поўдзень, таму снегу ў асноўным намяло толькі па Гомельскай вобласці. У чацвер у наш бок пачаў рухацца чарговы цыклон «Фолкер». У найбліжэйшы час яго атмасферныя франты будуць вызначаць надвор'е на паўднёвым усходзе Беларусі, дзе чакаюцца снег, часам моцны, мяцеліца, снежныя заносы на дарогах. У цэнтральных і паўночна-ўсходніх раёнах краіны снег у асноўным будзе невялікі, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


unsplash.com

Сёння да вечара цыклон зрушыцца з тэрыторыі Украіны на Бранскую вобласць Расіі, а Беларусь застанецца пад уплывам яго атмасферных франтоў. У суботу наша краіна застанецца ў ветранай тылавой частцы цыклону, цэнтр якога перамесціцца на Тульскую вобласць Расіі. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца снег, завіруха, уначы і раніцай па паўднёвым усходзе — моцны снег, на дарогах снежныя заносы. У многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Уначы будзе досыць марозна — да мінус 13—18 градусаў, удзень — 7—14 градусаў ніжэй за нуль, па паўднёвым захадзе краіны — 3—6 марозу.

Рэшткі ападкаў прынясе цыклон і ў нядзелю. У гэты дзень уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 5 градусаў па захадзе да 17 марозу па ўсходзе, удзень — мінус 5—11 градусаў, у заходніх раёнах — 1—4 градусы ніжэй за нуль.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня ўмовы надвор'я ў Беларусі будзе вызначаць халодная няўстойлівая паветраная маса арктычнага паходжання. Чакаецца досыць марознае надвор'е. Напрыклад, у панядзелак уначы месцамі, а ўдзень пераважна па паўднёвым захадзе краіны прагназуецца кароткачасовы снег. Тэмпература паветра складзе 13—20 марозу, пры праясненнях — да мінус 21—26 градусаў, удзень — 7—14 градусаў ніжэй за нуль. Па паўднёвым захадзе ўначы будзе 9—12 марозу, удзень — мінус 4—6 градусаў.

Спецыялісты адзначаюць, што будзе «прыстойна» холадна як мінімум да сярэдзіны наступнага тыдня. У аўторак і сераду ў асобных раёнах пройдзе кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ўначы складзе 15—22 градусы ніжэй за нуль, пры праясненнях — 23—26 марозу. Удзень будзе ад мінус 5 да мінус 12 градусаў, месцамі — да 15 марозу. Па падліках экспертаў, тэмпература паветра ў другой дэкадзе лютага чакаецца на 4—8 градусаў ніжэй за кліматычную норму.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.