Вы тут

Актуальныя праблемы навядзення парадку на зямлі абмеркавалі на пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама


Днямі на пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама разгледзелі шырокі спектр пытанняў, якія датычацца навядзення парадку на зямлі. Гэтыя праблемы пастаянна ў полі зроку як прадстаўнічай, так і выканаўчай улады рэгіёна. Гэтым разам асаблівы акцэнт быў зроблены на ўпарадкаванні палігонаў цвёрдых бытавых адходаў.


Несанкцыянаваныя звалкі ў сельскай мясцовасці

— Летась органы Мінпрыроды выявілі ў Брэсцкай вобласці больш за 1,7 тысячы выпадкаў несанкцыянаванага размяшчэння адходаў. Гэта, дарэчы, на 60 працэнтаў больш, чым у папярэднім годзе, — паведаміў намеснік старшыні камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей ШЫЛІНЧУК. — Часцей за ўсё такая сітуацыя фіксуецца ў сельскай мясцовасці. Вясковыя людзі, на жаль, вельмі часта вывозяць адходы самастойна і пакідаюць іх дзе прыйдзецца: на закрытых і рэкультываваных палігонах, а то і на краі лесу ці поля.

Значыць, трэба ўдасканальваць работу па санітарнай ачыстцы населеных пунктаў, устаноўцы кантэйнераў, стварэнні стацыянарных пляцовак для збору смецця — зроблена выснова.

У рэгіёне вядзецца работа па скарачэнні міні-палігонаў цвёрдых бытавых адходаў, але іх колькасць па-ранейшаму застаецца самай вялікай у краіне. Зараз у вобласці налічваецца 121 міні-палігон. Больш за ўсё іх у Пінскім, Лунінецкім, Драгічынскім раёнах. Летась былі рэкультываваны 33 такія палігоны, сёлета запланавана рэкультываваць 27 аб'ектаў.

Новыя праекты і пустыя ўчасткі

Таксама на тэрыторыі вобласці 29 палігонаў цвёрдых бытавых адходаў, чатыры з якіх закрытыя і не эксплуатуюцца. Цалкам зрасходавалі свой рэсурс палігоны ў Ганцавіцкім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Столінскім раёнах. Патрабуецца будаўніцтва новых картаў захавання адходаў на палігонах для Брэста, Баранавіч, Пінска.

— Цяпер у вобласці з адходаў вымаюць больш за 27 працэнтаў другасных матэрыяльных рэсурсаў, — адзначыў генеральны дырэктар абласнога ўпраўлення ЖКГ Аляксандр МАКСІМЧУК. — Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у краіне. Работа будзе працягвацца. Плануецца рэалізаваць праект па рэканструкцыі сартавальнай перагрузачнай станцыі ў Баранавічах коштам у 5,9 мільёна рублёў. Магутнасць станцыі будзе павялічана да 74,8 тысячы тон адходаў. Для рэканструкцыі палігона плануецца прыцягнуць 6,5 мільёна еўра крэдытных рэсурсаў Сусветнага банка.

Вядома, што будучае чысціні зямлі, бяспекі яе нетраў напрамую залежыць ад аб'ёму перапрацоўкі таго, што чалавек кожны дзень апускае ў сметніцу. Цяпер яшчэ дабаўляюцца мільёны масак і іншых сродкаў аховы аднаразовага карыстання, пластыкавых флаконаў ад антысептыкаў, другіх прадметаў, колькасць якіх у разы павялічылася з прычыны пандэміі. Усё гэта стварае дадатковую пагрозу для зямлі, вады, паветра, значыць, паўстаюць дадатковыя задачы для збору і перапрацоўкі.

Яшчэ адно рашэнне выканкама датычыцца навядзення парадку з зямельнымі ўчасткамі ў садовых таварыствах. Многія з іх гадамі не выкарыстоўваюцца, зарастаюць бур'яном. Таму будзе праведзена іх інвентарызацыя і вызначаны далейшы лёс.

Напрыклад, летась за невыкарыстанне і неасваенне зямель у грамадзян забралі 488 участкаў, з якіх 161 быў выдзелены для будаўніцтва і абслугоўвання дома, 327 — для садаводства, агародніцтва і вядзення дапаможнай гаспадаркі. Акрамя таго, юрыдычныя асобы пазбавіліся 17 зямельных участкаў, ІП — трох, фермерскія гаспадаркі — 517 гектараў зямлі з тых жа прычын.

Прынятыя меры разам са зносам сельскагаспадарчых аб'ектаў і пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці дазволілі за год прыцягнуць у гаспадарчае абарачэнне 1306 гектараў зямель. У тым ліку 254 гектары вызваліліся пасля раскарчоўкі старых садоў, 992 гектары — у выніку асваення зямель, якія раней не выкарыстоўваліся. Усё гэта, несумненна, спрыяе навядзенню парадку на зямлі.

Дызель-генератары

Пасяджэнне праходзіла ў дзень, калі яшчэ не ўсе наступствы цыклону «Ларс» былі пераадоленыя. Таму сітуацыю абмеркавалі з прыцягненнем спецыялістаў і прадстаўнікоў раёнаў, якія найбольш пацярпелі. На Брэстчыну абрынуліся снегапады, якіх даўно не бачылі ў рэгіёне.

Першы намеснік старшыні аблвыканкама Валерый РЭБКАВЕЦ адзначыў, што ў многіх месцах не аказалася ў запасе спраўных перасоўных электрастанцый, хоць яшчэ ў 2013 годзе, пасля цыклону «Хаўер», такія задачы былі пастаўлены кожнаму раёну. Усяго ж святло прапала ў 13 раёнах вобласці. Часта провад абрывалі пры падзенні дрэвы. У асобных вёсках у цемры аказаліся не толькі жылыя дамы, але і школы, і фермы.

Вырашана забяспечыць дызель-генератарамі ўсе раённыя прадпрыемствы электрасетак у дастатковай колькасці і правесці трэніроўкі па іх выкарыстанні, каб пазбегнуць падобных праблем на будучае. Як высветлілася, не ўсе наяўныя генератары аказаліся гатовыя да работы ў экстрэмальных умовах.

А яшчэ прынята рашэнне пашыраць лясныя прасекі. У большасці выпадкаў адключэнні электрычнасці звязаны з наліпаннем мокрага снегу на провад і падзеннем дрэў на лініі электраперадачы. Генеральны дырэктар РУП «Брэстэнерга» Сяргей ШЭБЕКА паведаміў, што лясныя прасекі на асобных участках ліній электраперадачы будуць істотна пашыраныя. Летась гэта работа праведзена на 230 гектарах лесу. І апошнія падзеі паказалі, што не было ніводнага выпадку падзення дрэў на лініі на тых участках, якія былі пашыраны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Здымкі носяць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: Міні-палігоны і лясныя прасекі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».