Вы тут

Выхаванне на ўласным прыкладзе


Сёлетняя зіма нарэшце парадавала нас снегам, але ж азадачыла пытаннем: хто яго будзе аператыўна прыбіраць?


Жыхары дома па вуліцы Сурганава, 15 у Магілёве не чакаюць, калі да іх дойдзе дворнік і пачысціць снег каля пад'ездаў. Па-першае, яны добра ведаюць, што дворнікаў у іх шостым ЖЭУ дакладна не хапае, па-другое, яны не прывыклі жыць у неахайнасці. У іх пад'ездах чысцей, чым у кватэрах некаторых. Ну як яны могуць махнуць рукой на тыя гурбы снегу, што ляжаць каля ўвахода ў дом? Выйшлі і... атрымалі задавальненне. Гэта ж цудоўна, калі разам, ды на свежым паветры, ды дзеля прыгажосці.

— І гэта не адзіны дом на нашым участку, дзе жывуць добрасумленныя людзі, — заўважае начальнік ЖЭУ № 6 Маргарыта ЦІТОВА. — Не менш старанныя жыхары дома № 28 па вуліцы Арлоўскага, дамоў 21 і 55 па вуліцы Якубоўскага, дома № 25 па вуліцы Бакуніна. Прыкладаў шмат. У асноўным ініцыятыву ў свае рукі бяруць шматдзетныя і пенсіянеры. Мы, у залежнасці ад пары года, забяспечваем іх рыдлёўкамі, расадай, грунтам. І яны наводзяць прыгажосць каля сваіх пад'ездаў. Асабліва актыўна народ даглядае сваю маёмасць пасля рамонтаў, кожнаму хочацца бачыць свой двор, дом, пад'езд чыстым і дагледжаным.

Дом № 15 па Сурганава доўгі час быў без капрамонту, жыхары вельмі перажывалі. І летась мы зрабілі за іх кошт тры пад'езды з чатырох. Наша таленавітая мастачка Аксана Краснова так прыгожа размалявала пад'езды, што іншыя жыхары мікрараёна таксама сталі запрашаць нас у свае дамы. А натхняе суседзяў па доме № 15 на Сурганава 38-гадовая шматдзетная маці Таццяна Шараева, якая з'яўляецца там старшай. Дзякуючы такім аднадумцам як яна, у нас разам атрымліваецца зрабіць вельмі шмат. Побач з дарослымі шчыруюць і дзеці. Не дзіўна, што потым ніхто нічога не ламае і не размалёўвае. Падлеткі з дзяцінства бачаць іншы прыклад.


Сказана — зроблена!

Старшыня Мінгарсавета дэпутатаў Андрэй Бугроў заклікаў гараджан далучыцца да расчысткі сваіх двароў ад снегу. Найбольш актыўных абяцаюць заахвоціць.

— Сябры, адным з элементаў мясцовага самакіравання, з'яўляецца аператыўнае вырашэнне праблем сваіх дваровых тэрыторый! — напісаў на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў. Ён уласным прыкладам паказаў, як гэта патрэбна рабіць: у снежнае надвор'е народны абраннік па вечарах пасля рабочага дня расчышчае свой двор ад снегу.

Так рабіць ён заклікае кожнага, хто неабыякавы да свайго жылля, двара, горада.

Дарэчы, аб такім падыходзе ішла гаворка на гэтым тыдні падчас даклада старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку. Кіраўнік дзяржавы выказаўся адназначна: «У такія надзвычайныя моманты трэба, каб людзі самі падключаліся да прыбірання».

Ён адзначыў, што дзейнасць у вялікім горадзе па ачыстцы снегу неабходна арганізоўваць. У прыклад самаарганізацыі прывёў моладзь, валанцёраў, ваенных, якія падключыліся там, дзе трэба. Па словах Прэзідэнта, гараджане павінны разумець: «Канешне, трактарам ці МАЗам мы туды заедзем калісьці, але колькі гэта будзе каштаваць? А грошай лішніх няма ў сувязі з той сітуацыяй, што складваецца».

Таму лагічна, што кіраўнік дэпутацкага корпуса сталіцы не застаўся ўбаку ад карыснай справы:

— Паважаныя сябры, мінчане! У сувязі з чарговымі цяжкімі ўмовамі надвор'я, як старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, мінчанін, ваш сусед, звяртаюся да ўсіх неабыякавых жыхароў з просьбай прыняць удзел ва ўборцы снегу на прыдамавых тэрыторыях! — напісаў ён.

Кіраўнік прадстаўнічай улады сталіцы адзначыў, што камунальнымі службамі сталіцы ва ўзмоцненым рэжыме працягваюцца работы па ўборцы і вывазе снегу ў дварах. Ачысткай сталічных вуліц ад снегу займаюцца 660 адзінак спецтэхнікі і 690 прыбіральшчыкаў тэрыторый. У той жа час у Мінску пражывае больш за два мільёны чалавек, прыгадаў ён.

— Гэта наш горад, наша з вамі сталіца! Зрабіць пасільны ўнёсак у карысную справу можа кожны жыхар нашага горада! Сказана — зроблена!

Акрамя таго, старшыня Мінгарсавета дэпутатаў анансаваў пэўнае заахвочванне найбольш актыўных удзельнікаў. Для гэтага ён прапанаваў дасылаць свае фатаграфіі прыбраных двароў, пешаходных дарожак, тратуараў, прыступак і гэтак далей у фармаце «да і пасля» на электронную пошту: gorsovet.prіem@mіnsk.gov.by.

— Найбольш актыўныя жыхары нашай сталіцы будуць адзначаны гарадскім Саветам, — паабяцаў Андрэй Бугроў.

Нэлі ЗІГУЛЯ, Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.