Вы тут

Чым жывуць беларусы Расіі і якія гуманітарныя праекты ў цэнтры ўвагі нашых землякоў


Аксана Солапава — першы намеснік старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі, намеснік дэкана гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.  В.  Ламаносава — неаднойчы прымала ўдзел у міжнародных мерапрыемствах, якія ладзіліся Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Выдавецкім домам «Звязда». А гэтымі днямі ўдзельнічае ў VI Усебеларускім народным сходзе. Напярэдадні Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час» мы скарысталіся магчымасцю, каб даведацца пра тое, чым жывуць беларусы Расіі і якія гуманітарныя праекты ў цэнтры ўвагі нашых землякоў.


— Аснова культуры любога народа  — каштоўнасці, якія фарміруюць этнічную самасвядомасць. І ўсе мы, хто мае дачыненне да Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі, працуем дзеля таго, каб вывучаць, захоўваць і папулярызаваць беларускую культуру. Адказ на пытанне «Дзеля чаго нешта робіцца?» і ёсць той гуманітарны складнік, які вызначае любыя сацыяльныя працэсы і дыскусіі ў грамадстве. Таму, на мой погляд, у першую чаргу варта звяртаць увагу на адукацыю, бо яна, па сутнасці, вызначае, якія людзі потым будуць працаваць у розных сферах. Якімі яны сфарміруюцца, такой і будзе краіна і яе развіццё. Таму гуманітарныя праекты павінны быць у цэнтры ўвагі.

Гуманітарная дзейнасць Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі працягвае функцыянаваць незалежна ад пандэміі. Шмат з запланаваных праектаў мы рэалізавалі як анлайн-, так і ў афлайн-фарматах, у тым ліку пры падтрымцы Федэральнага агенцтва па справах нацыянальнасцей Расіі. Некаторыя праекты напоўнілі новым гучаннем і зместам, працягваем іх ажыццяўленне. Дзеля прыкладу распавяду пра некалькі.

Перш за ўсё хачу адзначыць, што мы вядзём актыўную публікацыйную дзейнасць. У нас ёсць шэраг выданняў, якія вядомы ўжо сярод беларусаў свету. Гэта і выданні, прысвечаныя памяці Пятра Машэрава, і навуковы зборнік «Рэспубліка-партызанка», які распавядае пра гісторыю беларускага партызанскага руху падчас Вялікай Айчыннай вайны. Зараз у нас рыхтуецца новае выданне, якое распавядае пра беларускія вёскі ў Сібіры на прыкладзе адной з вёсак Томскай вобласці. Праект падтрымалі Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі і гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.  В.  Ламаносава. Спадзяёмся, што ў выніку атрымаем цікавае фундаментальнае даследаванне.

Таксама мы працуем над захаваннем сярод моладзі памяці пра Вялікую Айчынную вайну. У першую чаргу гэта наш расійска-беларускі конкурс студэнцкіх навуковых прац «Агульны шлях да Вялікай Перамогі», які рэалізоўваюць гістарычныя факультэты МДУ імя М. В. Ламаносава і БДУ сумесна з ФНКА беларусаў Расіі.

Беларусы Расіі прымаюць удзел у рэалізацыі сумеснай міжнароднай расійска-беларускай магістарскай праграмы, якая мае назву «Гісторыя беларускай дыяспары». Пагадненне аб адкрыцці падпісалі рэктары БДУ і МДУ імя М. В. Ламаносава на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў 2019 годзе. Ёсць некалькі фактараў, якія робяць гэтую праграму эксклюзіўнай. Напрыклад, гэта першая расійска-беларуская магістарская праграма з двайным дыпломам. Апроч таго, у рамках праграмы ёсць асобны лекторый, дзе пра свае вопыт і  дзейнасць распавядаюць лідары грамадскіх арганізацый Расіі, Беларусі і свету.

Але ёсць у такім супрацоўніцтве ў нас і  пэўныя пытанні, якія чакаюць вырашэння. Напрыклад, нам патрэбна больш бюджэтных месцаў на магістарскія праграмы, бо да іх ёсць цікавасць, конкурс. Таму, на мой погляд, ёсць сэнс у павелічэнні кантрольных лічбаў прыёму адрасна дзеля сумесных магістарскіх праграм. Таксама існуе шэраг складанасцей, якія высвятляюцца падчас стварэння гэтых праграм. Лічу, што іх вырашэнне знаходзіцца ў плоскасці міждзяржаўных пагадненняў, бо яны па-за межамі кампетэнцыі грамадскіх аб’яднанняў.

Яшчэ адзін праект беларусаў Расіі «Вера і вернасць» датычыцца ўшанавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Яго мы з 2016 года рэалізоўваем у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці Беларусі. У рамках гэтага праекта сумесна з іншымі грамадскімі арганізацыямі і мясцовай адміністрацыяй на дадзены момант мы ўстанавілі мемарыял памяці загінуўшых у першыя месяцы вайны мясцовых жыхароў, аднавілі храм, штогод праводзілі навуковыя канферэнцыі, удзел у якіх прымалі вядучыя гісторыкі Беларусі і Расіі, кіраўнікі беларускіх грамадскіх аб’яднанняў з РФ. Безумоўна, вялікую ролю ў існаванні гэтага праекта адыгрываюць жыхары вёскі Пагост, адносіны з якімі мы вельмі шануем. Адміністрацыя Жыткавіцкага раёна заўсёды падтрымлівае нашы ініцыятывы і дапамагае іх рэалізоўваць.

Зараз, і мне прыемна пра гэта казаць, намеціліся новыя напрамкі ўзаемадзеяння, якія актыўна падтрымліваюць беларускія грамадскія арганізацыі. Адзін з іх — выбудоўванне кантактаў з Паўночна-Каўказскім рэгіёнам. Справа ў тым, што ў шматнацыянальным Дагестане жывуць і беларусы таксама. Там ёсць цікавыя архівы з  дакументальнымі сведчаннямі іх гісторыі. І гістарычны факультэт Дагестанскага дзяржаўнага ўніверсітэта выступіў з ініцыятывай наладзіць супрацоўніцтва з гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у тым ліку і  ў межах гэтай навуковай праблематыкі. Літаральна на мінулым тыдні з удзелам ФНКА беларусаў Расіі мы правялі навуковую канферэнцыю, якая была прысвечана ўніверсітэцкаму ўзаемадзеянню БДУ, МДУ імя М.  В.  Ламаносава і ДДУ. Таксама ў  рамках гэтага супрацоўніцтва пры ўдзеле маладзёжнага крыла беларусаў Расіі зараз ідзе работа над зборнікам навуковых артыкулаў маладых даследчыкаў Расіі і Беларусі аб пытаннях нацыянальнай палітыкі і міжнацыянальных зносін, што, безумоўна, значна як для гістарычнай навукі, так і для развіцця ўнутранай палітыкі любой шматнацыянальнай краіны.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Супрацоўніцтва з двухбаковымі перспектывамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння — 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Сёння — 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

У Беларусі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — памятная дата.