Вы тут

Літаратурны конкурс «Белыя вішні і яблыні» падвёў вынікі


Літаратурны конкурс «Белыя вішні і яблыні», прысвечаны 100-гадоваму юбілею народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, арганізатарам якога выступіла Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, падвёў вынікі.


Творчае спаборніцтва стала магчымасцю заявіць пра сваё майстэрства валодання словам для 110 чалавек розных узростаў і прафесій. Па ўмовах конкурсу патрэбна было напісаць і даслаць кароткае апавяданне на вольную тэму. І трэба сказаць, што водгук, які гэтая прапанова знайшла сярод удзельнікаў, прыемна ўразіў арганізатараў і журы. Распавядалі пра рознае: пра сваю малую радзіму і жаданне захаваць яе, пра экалогію, якая сёння змяняецца не да лепшага, пра Вялікую Айчынную вайну і тое, кім сталі нашчадкі яе пераможцаў, пра цікавыя маршруты па Беларусі і г. д.

— З 1 студзеня мы аб'явілі на тэрыторыі Гомельскай вобласці Год класічнай літаратуры і чытання ў межах Года народнага адзінства. І мы прысвячаем яго класікам нашай літаратуры: 100-годдзю Івана Шамякіна і Івана Мележа. Адпаведна, у межах гэтага года і юбілеяў абвясцілі і правялі два адкрытыя літаратурныя конкурсы. Адкрытыя, бо мы запрасілі да ўдзелу ўсю Беларусь, хоць спаборніцтва і носіць статус абласнога. Скажу шчыра, не чакалі такой цікавасці і водгуку. Бо на маёй памяці самы вялікі паказчык быў, калі на конкурс дасылалі 70-80 работ. А нам даслалі на конкурс, прысвечаны Мележу, 110 работ, — дзеліцца старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч. — Сярод удзельнікаў у нас людзі самых розных узростаў і заняткаў, пачынаючы ад 14 гадоў. Геаграфічна ахапілі ўсю Беларусь. Свае творы на разгляд даслалі нам школьнікі і студэнты, ветурачы, настаўнікі, юрысты, спецыялісты сельскай гаспадаркі, бібліятэкары, пенсіянеры і многія іншыя. Вызначаючы пераможцаў, мы вырашылі адысці ад прысуджэння толькі трох прызавых месцаў, а прысудзілі першыя месцы найлепшым аўтарам, а астатніх аднеслі да ліку фіналістаў. Усіх, чые работы адзначылі, збіраемся заахвоціць — апублікаваць іх творы ў спецыяльным зборніку, куды сумарна трапіць каля ста апавяданняў.

Так, лаўрэатамі конкурсу сярод школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў ВНУ прызналі Аміну Назараву з г. п. Акцябрскі, Кацярыну Адзіб-Мянькову з Гомеля, Анастасію Маліноўскую са Жлобіна, Алену Маркаву і Ксенію Сокалаву з Рагачова, Святлану Лявоненку з аг. Мікулічы, Вілорыю Зялёную са Светлагорска. Яшчэ больш за трыццаць канкурсантаў стала фіналістамі. А калі казаць пра пераможцаў сярод дарослых, тут лаўрэатамі сталі Любоў Сетак з Гродна, Лілія Краўчанка з Хойнікаў, Надзея Сідарэнка з Гомеля і Ала Майсяйкова са Жлобіна. Колькасць фіналістаў у дадзенай катэгорыі склала амаль сорак чалавек.

Сёлетні Год класічнай літаратуры і чытання скіраваны на тое, каб нагадаць, колькі цікавых і вартых увагі твораў ёсць у беларускай і сусветнай літаратуры. І ў падтрымку гэтага на працягу года Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі плануе правесці яшчэ шмат разнастайных мерапрыемстваў і творчых спаборніцтваў. У маі пройдзе літаратурны фестываль «#ЧЫТАЙГОМЕЛЬ», дзе, дарэчы, адбудзецца ўручэнне дыпломаў пераможцам конкурсаў, прысвечаных сёлетнім пісьменнікам-класікам, а таксама пройдуць абмеркаванні работ і майстар-класы для тых, хто цікавіцца пісьменніцкай дзейнасцю. Яшчэ правядуць другі абласны конкурс малюнкаў «Палеская вясёлка» па матывах твораў класікаў-юбіляраў і сучасных празаікаў Гомельскага аддзялення СПБ. Выстаўку малюнкаў пераможцаў пакажуць публіцы на фестывалі «На зямлі Кірылы Тураўскага» восенню. Што датычыцца фестывалю «Славянскія літаратурныя Дажынкі», то ён з гэтага года мяняе фармат і пройдзе ў выглядзе канферэнцыі з выступленнямі і дыскусійнымі пляцоўкамі. А ў найбліжэйшы час пазнаёміцца з літаратурнай палітрай Гомельшчыны можна будзе 19 лютага на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Завітайце і пераканайцеся самі, што сённяшняя беларуская літаратура прадстаўлена цікавымі творцамі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.