Вы тут

Захар Бульбянік: Рэпрэсіраваны беларускі паэт-сатырык прайшоў праз самыя драматычныя жыццёвыя выпрабаванні


15 лютага 2021 года — 115 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта-сатырыка Захара БІРАЛЫ.


Друкавацца ўраджэнец Пухавіцкага раёна пачаў яшчэ ў 1926 годзе. У газеце «Беларуская вёска». У той час ён толькі закончыў навучанне ў пачатковай школе і працаваў разам з бацькамі на ўласнай гаспадарцы. Да калектывізацыі яшчэ было некалькі гадоў. Вёска з’яўлялася сапраўдным плацдармам сацыяльных, палітычных пераабсталяванняў. І Захар як мог выяўляў сваё бачанне таго, што адбываецца навокал... Так адна за другой пачалі з’яўляцца публікацыі ў газетах і часопісах «Чырвоная змена», «Савецкая Беларусь», «Малады араты»... Магчыма, у мінскіх рэдакцыях, куды ён завітваў, часцей прыходзячы ў сталіцу Савецкай Беларусі пешшу, ён сустракаўся і з землякамі. У той час свой рэй у маладой, новай беларускай літаратуры вялі паэт-«чырванакрылы вяшчун» Міхась Чарот, які родам з Рудзеншчыны, паэт, драматург, публіцыст Анатоль Вольны, Макар Паслядовіч...

У 1929 годзе пабачыла свет і першая кніга вершаў Захара Бульбяніка (адзін з першых псеўданімаў літаратара) «Смех і радасць вёскі». Прадмову да зборніка напісаў Кузьма Чорны... Наступная кніга пабачыла свет толькі ў ... 1963 годзе — «Цвітуць кветкі».

Такі прамежак часу, амаль у чатыры дзесяцігоддзі, меў розныя прычыны. У 1931 годзе Захар Якаўлевіч скончыў рафак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Затым — у 1934 годзе — Белпедтэхнікум. Пасля працаваў настаўнікам беларускай і рускай моў і літаратур у Лагойскай сярэдняй школе, на Міншчыне.

Вось што ўспамінаў пра тыя часіны сам паэт праз многа гадоў на старонках часопіса «Полымя»: " ...Я па размеркаванню паехаў працаваць у Лагойск. Праца падабалася. Дзеці, як трава да сонца, цягнуліся да навукі. Я арганізаваў у школе літаратурны гурток, чыталі творы Максіма Багдановіча, Міхася Чарота, Янкі Купалы. Дзеці вучыліся любіць і разумець паэзію. Некаторыя самі спрабавалі пісаць вершы.

Разам са мной працаваў настаўнік матэматыкі Янка Небасеў. Ён захапляўся паэзіяй. Помню, былі ў яго апавяданні «Белая ружа», «Вясёлая жанчына». Ён кіраваў у школе драматычным гуртком і настолькі цікава вёў работу, што не толькі дзеці, але і дарослыя з ахвотай прыходзілі да яго на заняткі.

Часта наведваўся ён у Мінск і прывозіў адтуль трывожныя весткі. Расказваў, што вельмі неспакойна ў сталіцы. Шмат арыштаў. Людзей караюць без усялякага следства. Пакутуюць многія нявінныя людзі. Гэта быў 1936 год.

А напярэдадні Кастырчніцкага свята арыштавалі і Янку. Гэта было для ўсіх нас так нечакана. У Лагойскай школе вучні ледзь не выйшлі на дэманстрацыю з гэтай нагоды. Людзі шкадавалі Янку і як настаўніка, і як чалавека. Аднак дапамагчы яму ў бядзе ніхто не мог..." І далей: «Аднак не дачакаўся і я Кастрычніцкага свята...»

Сярод вучняў паэта Захара Біралы быў і будучы журналіст Барыс Сасноўскі. Мне давялося сустракацца з ім. І паважаны Барыс Сасноўскі шмат добрых і цёплых згадак успомніў пра Захара Якаўлевіча. Успомніў і тое, як былі яны, вучні-старшакласнікі ўзбуджаны, калі паэта арыштавалі прама падчас аднаго з урокаў — 14 лістапада 1936 года.

У 1937 годзе Захара Біралу прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення. Можна сказаць, што і пашчасціла па-свойму. Бо наперадзе быў кастрычнік 1937 года... Калі ў адну ноч не стала дзесяткаў творчых асоб. Сярод іх былі паэты-землякі Міхась Чарот, Анатоль Вольны... У 1920-1930-я гады ў беларускай савецкай літаратуры працавалі многія ўраджэнцы Пухавіччыны, Рудзеншчыны — Уладзімір Дудзіцкі, Рыгор Папараць, Раман Ляпіч... І кожнага з іх закрануў сталінскі каток рэпрэсій.

У 1940 годзе справу паэта і настаўніка З. Біралы перагледзелі і пакутніка вызвалілі. Вярнуўся з Горкаўскай (Ніжагародскай) вобласці, дзе працаваў на лесапавале, на Міншчыну. У Сенніцы (Мінскі раён) працаваў у школе. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у вёсцы Астравы разам з бацькамі, працаваў на гаспадарцы. А як прыйшло вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў прызваны ў Чырвоную Армію. Знаходзіўся ў дзеючай арміі. Быў цяжка паранены на тэрыторыі Польшчы. Быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Пасля атрымаў і ордэн Айчыннай вайны I ступені.

У 1945 — 1973 гг. выкладаў беларускую і рускую мовы і літаратуры ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Сёння — гэта Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум, у музеі якога і зараз шануюць памяць пра педагога і пісьменніка. У 1958 годзе Захару Біралу рэабілітавалі. Ён пачаў друкавацца. Найперш — у «Вожыку» і пухавіцкай раённай газеце «Сцяг працы» (цяпер — «Пухавіцкія навіны»). Вёў літаратурны гурток у тэхнікуме. Яго, дарэчы, наведваў і Уладзімір Сцяпанвіч Глушакоў, у будучым — беларускі публіцыст, празаік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, першы намеснік старшыні Дзяржкамдруку Рэспублікі Беларусь.

Захара Якаўлевіч выгадаваў двух дзяцей — дачку і сына, якія адбыліся, здзейсніліся ў жыцці. На Пухавіччыне, у Мар’інай Горцы, па ўсёй Беларусі — шмат яго вучняў. А яшчэ яго добра памятаюць жыхары блізкіх і далёкіх да Мар’інай Горкі пухавіцкіх вёсак. Са сваімі вершамі, разам з пісьменнікамі з Мінска Анатолем Астрэйкам, Паўлюком Пранузам, Сяргеем Грахоўскім, Алесем Махначом, Станіславам Шушкевічам Захар Якаўлевіч прыязджаў у школы, сельскія клубы, у працоўныя калектывы...

У 1963 годзе выйшаў згаданы зборнік «Цвітуць кветкі». У 1968 годзе — «У пажарным парадку», затым — «На светлым чорнае» (1974), «Прыляцела птушка» (1977), зборнік лірыкі, сатыры і гумару «Ружы і крапіва» (1986)…

Пад­час ад­крыц­ця ме­ма­ры­яль­най дош­кі За­ха­ру Бі­ра­лу. Фота Сяргея Нікановіча.

Землякі-пухавіччане ўшаноўваюць памяць пра паэта-сатырыка, які памёр у верасні 1993 года. Матэрыялы пра Захара Якаўлевіча захоўваюцца ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі. У лютым 2016 года ў пасёлку Мар’іна на доме, у якім з 1984 па 1993 гг. жыў пісьменнік, была ўсталявана мемарыяльная дошка Захару Біралу.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Фота ok.ru, puhovichihistory.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.