Вы тут

Чаму ўкраінцаў абурылі камунальныя плацяжы?


Абсалютная большасць — звыш 90 працэнтаў — жыхароў Украіны падтрымала пратэсты супраць высокіх тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Гэта вынікае са справаздачы Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі (КМІС), апублікаванай на афіцыйным сайце арганізацыі. Паводле даных апытання, цалкам падтрымліваюць масавыя акцыі 80,7 працэнта рэспандэнтаў, хутчэй падтрымліваюць — 10,4 %. Між тым, пратэсная хваля, якая захліснула краіну з пачатку гэтага года, дасюль не сцішылася. У прыватнасці, паведамляецца аб перакрыванні трас у Харкаўскай, Закарпацкай і Палтаўскай абласцях. Чаму ўкраінцаў абурылі камунальныя плацяжы і чаго чакаць надалей?


Пазыкі замарожаны

Дэманстрацыі стартавалі ва Украіне яшчэ 11 студзеня, паколькі ў пачатку года адбылося чарговае павышэнне тарыфаў на камунальныя паслугі — падчас пандэміі COVІD-19, дзеяння абмежавальных мер для барацьбы з ёй і справакаванага эпідэміяй эканамічнага крызісу. Украінскія ўлады ацанілі маштаб пратэстаў і паабяцалі змяніць сітуацыю. Часова выконваючы абавязкі міністра энергетыкі Юрый Вітрэнка прадставіў план зніжэння цаны на газ адразу на 44 % з 1 лютага праз вяртанне фіксаванага кошту для ўразлівых груп насельніцтва. Аднак, паводле яго слоў, гэтае рашэнне неабходна ўзгадніць з Міжнародным валютным фондам (МВФ), па патрабаванні якога фіксаваныя цэны на газ і электраэнергію былі адменены.

У той жа час Вітрэнка заявіў, што субсідыі «прыгнятаюць годнасць» грамадзян. Паводле яго слоў, сітуацыя, калі большасць людзей у краіне ці значная частка атрымлівае субсідыі, ненармальная. «Таму псіхалагічна гэта таксама дрэнна для людзей», — сказаў Вітрэнка. Ён падкрэсліў, што атрыманне субсідый з'яўляецца для грамадзян сігналам таго, што яны бедныя, у той час як людзі «не хочуць адчуваць сябе беднымі». «Гэта прыгнятае іх годнасць», — дадаў в. а. міністра.

Па сутнасці, адмова Украіны ад выканання ключавога пункта мемарандума з МВФ пагражае блакіраваннем перагавораў бакоў. Сродкі краіне неабходныя — у канцы 2020 года ўлады Украіны гаварылі пра недахоп як мінімум $3 млрд у дзяржбюджэце. Днямі стала вядома, што місія Міжнароднага валютнага фонду скончыла работу на Украіне без выніку, адзначыўшы, што для завяршэння першага перагляду праграмы неабходны большы прагрэс. Гэта адзначаецца ў заяве пастаяннага прадстаўніка МВФ у краіне Ёста Люнгмана. Паводле інфармацыі dw.com, далейшыя пазыкі былі замарожаны ў сувязі з павольнымі тэмпамі рэформаў ва Украіне. МВФ таксама занепакоены рашэннем урада Украіны аб вызначэнні цаны на газ ніжэй за рынкавую ў мэтах зніжэння тарыфаў для насельніцтва.

«Тарыфны Майдан» — далёка не адзіная пратэсная акцыя, якая праходзіла ва Украіне ў апошні час. З сярэдзіны снежня 2020 года ў краіне пачаліся дэманстрацыі прадстаўнікоў малога бізнесу, якія патрабавалі захаваць спрошчаную сістэму падаткаабкладання і справаздачнасці, а таксама адмяніць абмежаванні на работу бізнесу падчас лакдаўну.

Павышэнне падаткаў зноў-такі адбылося з 1 студзеня 2021-га, што ўскладніла жыццё прадпрымальнікам, пішуць украінскія СМІ. У прыватнасці, адзіны падатак і адзіны сацыяльны ўклад для фізічных асоб-прадпрымальнікаў вырас з 1327 грыўняў да 1547 грыўняў. Аднак акцыі пратэсту ўсё ж удалося часткова нівеліраваць тым, што Вярхоўная рада пагадзілася на год адкласці абавязковае ўвядзенне касавых апаратаў для гэтай групы прадпрымальнікаў. Тым самым Украіна парушыла адно з патрабаванняў МВФ, бо аднаму з траншаў фонду папярэднічала ўвядзенне з 1 студзеня 2021 года фіскальнай падсправаздачнасці пры выдачы касавых чэкаў удзельнікамі спрошчанага рэжыму падаткаабкладання з абавязковым выкарыстаннем касавых апаратаў і электроннага касавага ўліку.

«Падарунак» на дзень нараджэння

13 студзеня ўлады Украіны вырашылі вярнуцца да дзяржаўнага рэгулявання цэн на газ, каб знізіць іх для канчатковых спажыўцоў. У паведамленні на сайце прэзідэнта адзначалася, што рыначныя цэны сёння занадта вялікія, асабліва калі ўлічваць пандэмію. Як вядома, у канцы 2019-га Уладзімір Зяленскі паабяцаў зніжэнне тарыфаў амаль на 50 працэнтаў. Цана на газ у лістападзе-снежні мінулага года была ў краіне на ўзроўні 6330 грыўняў (225 долараў) за тысячу кубаметраў. З 1 студзеня яна вырасла да 9600 грыўняў (342 долара), гэта выклікала акцыі пратэсту. З 1 лютага цана на газ знізілася на 30 працэнтаў. Лімітны кошт, устаноўлены ўрадам, складае 6999 грыўняў (250 долараў) за тысячу кубаметраў. Гэта менш, чым планавалася спачатку, аднак усё ж такі больш, чым у канцы мінулага года.

Аднак пэўныя саступкі не збілі пратэсную хвалю. 25 студзеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў сваё 43-годдзе, і менавіта ў гэты дзень у Кіеве, а таксама ў шэрагу іншых буйных гарадоў краіны, прайшлі акцыі, якія атрымалі красамоўную назву «тарыфны Майдан». Дэманстранты выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць павышэння плацяжоў на газ і электраэнергію. Найбольш буйная акцыя адбылася ў Кіеве каля офіса прэзідэнта. Кіраўніка дзяржавы заклікалі знізіць цану на газ да 3 грыўняў за кубаметр, а за электрычнасць — да 1 грыўні за кілават.

Таксама пратэсты закранулі Херсон, Палтаўскую, Харкаўскую і Адэскую вобласці. У Жытоміры дэманстранты прарваліся ў залу гарсавета, у Лубнах перакрылі трасу Кіеў—Харкаў, а ў Адэсе мітынгавалі каля сцен мясцовай гарадской адміністрацыі. Як піша strana.ua, актывісты выйшлі на вуліцы ўкраінскіх гарадоў з плакатамі «тарыфны генацыд» і заклікамі асабіста да прэзідэнта выканаць сваё абяцанне. Адзін з пратэстоўцаў заявіў, што за час кіравання краінай Уладзімірам Зяленскім, які падчас перадвыбарнай кампаніі абяцаў знізіць тарыфы, лічбы ў квітанцыях павялічваліся ўжо двойчы. «Чаму мы павінны плаціць за транспарціроўку газу, мы ж самі пракладвалі гэтыя трубы. Хай лепш аблгаз заплаціць нам за арэнду зямлі, за тое, што іх трубы, як яны кажуць, ляжаць на нашай зямлі», — цытуе выданне дэманстранта.

Агульная незадаволенасць эканамічнай палітыкай улады аб'яднала ўдзельнікаў розных пратэсных плыняў. Гэтым разам лозунгі прынялі вострасацыяльны характар. Людзі неслі плакаты «Лакдаўн — афшора, не — паборам» і «Няхай палаюць палацы».

У Херсоне павышэнне цэн на газ абвясцілі «тарыфным генацыдам», у Запарожскай вобласці пратэстоўцы перакрылі дарогу. Удзельнік і арганізатар пратэстаў у Харкаўскай вобласці Міхаіл расказаў, што мітынгі былі і стыхійным, і палітызаваным рухам, паведаміла rіa.ru. Ён упэўнены: хваляванні толькі ўзмоцняцца. «Працягнем, пакуль прэзідэнт не накладзе вета. Мы ўжо вядзём перагаворы з іншымі гарадамі аб сумесных дзеяннях. Ва ўлады не хопіць паліцыі нас разганяць. Зяленскі ў патавай сітуацыі, гэта змяце яго, Майдан быў дзіцячым лепетам», — перакананы Міхаіл. На яго думку, разгортваецца сцэнарый Майдана 2013—2014 гадоў.

Увогуле пратэсты пераследуюць кіраўніка дзяржавы з моманту яго ўступлення на пасаду, а шэраг спецыялістаў не выключаў перазапуску Майдана яшчэ да восені мінулага года з-за сур'ёзнай страты падтрымкі сярод насельніцтва. Так, у студзені апытанне групы «Рэйтынг» паказала, што толькі 26,2 працэнта ўкраінцаў гатовыя прагаласаваць за Зяленскага, калі б выбары прэзідэнта прайшлі ў найбліжэйшы час.

Як улады, у тым ліку кіраўнік дзяржавы, будуць выходзіць з сітуацыі, што склалася, невядома. Аднак, па версіі strana.ua, сітуацыя вакол «тарыфнага Майдана» можа прывесці да сур'ёзных праблем для ўрада краіны — аж да яго адстаўкі. Крыніцы выдання адзначаюць, што ўлады не змогуць пайсці на зрыў дамоўленасцяў з МВФ. «Калі тарыфы будуць расці, то акцыі пратэсту працягнуцца, і апазіцыя іх узначаліць. Найбліжэйшая мэта, відавочна, — адстаўка ўрада [прэм'ера Дзяніса] Шмыгаля. Тым больш што па рыторыцы на гэта працуе і частка кіруючай партыі «Слуга народа». Ды і праблем рэальна хапае», — рэзюмавала крыніца выдання.

За краем прорвы

Паводле вынікаў апошняга даследавання, праведзенага «Украінскай сацыялагічнай групай, 94 працэнты ўкраінцаў лічаць, што тарыфы на камунальныя паслугі завышаныя. На пытанне, што стала галоўнай прычынай росту расцэнак, 44,9 працэнта рэспандэнтаў адказала, што безгаспадарчасць і непрафесіяналізм урада, 23,6 % — змова энергетычных кампаній, 14,2 % — патрабаванні МВФ і міжнародных крэдытораў, 9,6 % — рашэнне ўлады перайсці да свабоднага цэнаўтварэння на энерганосьбіты, 3,1 % — рост сусветных цэн.

Пры гэтым праблема масавых неплацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі ва Украіне дасягнула велізарных памераў, заявіў кіраўнік Жыллёвага саюза краіны Аляксандр Скубчанка. Ён адзначыў, што па стане на снежань 2020 года запазычанасць насельніцтва склала 66,1 мільярда грыўняў (2,37 млрд долараў).

«Пасля гэтага тарыфы яшчэ павялічылі, а значыць, неплацяжы стануць больш маштабныя. Жыллёва-камунальная галіна ўжо даўно за краем прорвы. Але адзінае, што плануе ўлада, — гэта прыняцце закона аб выбіванні даўгоў ЖКГ з насельніцтва па патрабаванні МВФ. Гэта шлях у нікуды», — сказаў Скубчанка glavred.іnfo.

«Цэны на газ і электраэнергію для насельніцтва павінны стаць рэгуляванымі дзяржавай. Для мэт ацяплення — ільготнымі. У дзяржавы дастаткова ўласнай здабычы і генерацыі, каб забяспечыць насельніцтва больш таннымі газам і электраэнергіяй пры захаванні станоўчай рэнтабельнасці дзяржманаполіі. Усе тарыфы ў краіне павінны быць падвергнуты праверцы на прадмет захавання законаў пры іх фарміраванні і эканамічнай абгрунтаванасці ўсіх складнікаў у іх структуры, а пасля — зніжаны да законнага ўзроўню. Заканадаўства ў сферы ЖКГ павінна быць пераўтворана па прынцыпе: спажывец заўсёды мае рацыю. Дзяржава абавязана абараняць людзей, а не алігархаў. Ніякіх «рынак сам сябе адрэгулюе». Заканадаўчае забеспячэнне дзейснага дзяржаўнага рэгулявання, нагляду, кантролю і абароны правоў спажыўцоў у сферы ЖКГ. Увядзенне сертыфікавання ў ЖКГ, адміністрацыйнага і крымінальнага пакарання за парушэнні законаў і тарыфны крадзеж. Ніякіх нормаў спажывання і крадзяжу на іх завышэнні. Павышэнне якасці паслуг ЖКГ, а не іх кошту. Забеспячэнне 100 % уліку спажывання камунальных паслуг і аўтаматызацыі кантролю іх якасці», — прапанаваў свой пакет неадкладных мер Аляксандр Скубчанка.

Пакуль жа перспектывы зусім не аптымістычныя — у найбліжэйшы час украінцы могуць абурыцца ростам тарыфаў яшчэ больш, чым да пачатку «тарыфнага Майдана».

Нягледзячы на заявы ўрада аб тым, што да заканчэння ацяпляльнага сезону кошт газу і гарачай вады не зменіцца, в. а. міністра энергетыкі Украіны Юрый Вітрэнка прагназуе павелічэнне «камуналкі» ўдвая. Словы палітыка працытаваў Telegram-канал «Украіна ў шоку». Як растлумачыў Вітрэнка, такі крок ураду прыйдзецца зрабіць, каб дасягнуць «поўных» цэн на камунальныя паслугі. Якім жа чынам адаб'ецца цанавая палітыка на квітанцыях украінскіх спажыўцоў? Па прагнозах Юрыя Вітрэнкі, меркаваныя тарыфы на ацяпленне і электраэнергію варта павялічыць удвая. Прыродны газ падаражэе дзесьці ў 1,5 раза. «Потым яшчэ будзе вада, потым яшчэ будзе смецце, гэта значыць усе астатнія тарыфы пацягнуцца за электраэнергіяй і газам. Умоўна кажучы, усе тарыфы вырастуць у два разы», — заявіў палітык. Пры гэтым Вітрэнка дадаў, што рэальныя, «поўныя» тарыфы для ўкраінцаў могуць стаць вялікай праблемай, улічваючы, што нават цяперашнія расцэнкі на «камуналку» далёка не ўсім па кішэні.

Раней дырэктар Інстытута развіцця эканомікі Украіны Аляксандр Ганчароў паведаміў, што абстаноўка ў сусветнай эканоміцы, якая змянілася з-за каранавіруса, і ўнутраная нестабільнасць пагражаюць Украіне «эканамічнай мясарубкай» у 2021 годзе. Здаецца, гэтыя прагнозы набываюць рэальныя абрысы.

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: Тарыфны майдан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ДЗЕВА. На гэтым тыдні вас чакаюць прыемныя сустрэчы і зносіны з цікавымі людзьмі.