Вы тут

Палескі траўнік Віктар Чапуштанаў — пра ковід і лекі «ад старасці»


Верыць у травалячэнне або аддаваць перавагу сучасным дасягненням фармацэўтычнай прамысловасці, хадзіць да траўніка або ў аптэку — асабістая справа кожнага. Але ў эпоху пандэміі і аптэкі, і траўнікі не застаюцца без кліентуры…


Дзе яшчэ жыць траўніку — чалавеку, які вывучае ўласцівасці гаючых раслін — як не на ўлонні прыроды, у вёсцы. Ну, на крайні выпадак, у маленькім гарадку... Віктар Паўлавіч жыве на Палессі, у Лунінцы, райцэнтр налічвае ўсяго 24 000 жыхароў. Нядаўна Віктар Чапуштанаў адзначыў 85-гадовы юбілей. Амаль паўжыцця ён лечыць людзей гаючымі зёлкамі. У сезон ездзіць па іх за многія кіламетры: нездарма Палессе лічыцца запаведным краем лясоў і азёр. Размяняўшы дзявяты дзясятак, Віктар Паўлавіч карыстаецца сучаснымі месенджарамі і добра адчувае сябе на прасторах інтэрнэту. І не збіраецца старэць. Мы вырашылі пагаварыць з ім пра тое, як заставацца поўным сіл да глыбокай старасці і ці кожны можа засвоіць навыкі травалячэння.

— Адкуль пра мяне даведваюцца людзі? У асноўным, спрацоўвае «сарафаннае радыё», — кажа суразмоўнік. — І тут усё проста: калі ты шарлатан і ўводзіш у зман тых, хто прыйшоў да цябе са сваёй праблемай, вельмі хутка людзі пра гэта даведаюцца. Калі ж ты сапраўды разбіраешся ў пытаннях травалячэння, заўсёды знойдуцца тыя, каму ты будзеш патрэбны.

«Інтуіцыя тут ні пры чым»

— Сам я родам з Алтая. Па прафесіі — інжынер-машынабудаўнік. Працаваў у навукова-даследчым інстытуце тэхналогіі машынабудавання, маю некалькі запатэнтаваных вынаходніцтваў. Гэтая творчая работа, мабыць, прывіла мне звычку пастаянна вучыцца і асвойваць новыя веды. У 1990-я інстытут быў закрыты, інжынеры «выкінутыя на вуліцу» — стандартная для таго часу гісторыя. Прызнаюся, вывучэннем траў у тыя часы я заняўся, каб выжыць. Тым больш што Алтай багаты на лекавыя расліны. Быў час татальнага дэфіцыту, лекаў не хапала. Тады яшчэ не ведаў, што вывучэнне лекавых траў стане справай усяго майго жыцця. Але па звычцы падышоў да пытання па навуцы, акадэмічна: прачытаў не адзін падручнік па фармакалогіі, стварыў уласную бібліятэку па народнай медыцыне. У першую чаргу тады я ставіў перад сабой мэту дапамагчы сабе і блізкім. Але з часам знаёмыя, а пазней і незнаёмыя людзі сталі звяртацца да мяне як да траўніка...

— Напэўна, у вас былі настаўнікі?

— Так, вядома. А самы галоўны настаўнік — жыццё. Гэта вельмі таленавіты настаўнік, трэба толькі хацець вучыцца. Выдатна памятаю сваю першую «настаўніцу травалячэння», суседку па дачы. Яна навучыла мяне, як прымітыўна, у хатніх умовах, гатаваць абляпіхавы алей. Лецішча знаходзілася ў пойме Обі, абляпіхі — незлічоная колькасць. Прычым буйная, смачная, багатая на алей, вітаміны і каратын. Вядома, мне прыйшлося метад суседкі ўдасканаліць. З'ездзіў у Бійск на вітамінавы завод, вывучыў тэхналогію атрымання алею. А ўжо абсталяванне зрабіў сам, дапамаглі веды ў машынабудаванні. Вучыўся я пастаянна. І зараз вучуся кожны дзень — так бы мовіць, павышаю кваліфікацыю.

— Ці кожны можа навучыцца травалячэнню?

— Для сябе, на самым найпростым узроўні — так, і гэта вельмі карысныя веды. Але вось стаць траўнікам і дапамагаць іншым можа далёка не кожны. І тут самая важная якасць — нават не ўменне пастаянна набываць і паглыбляць свае веды. Галоўнае, каб чалавек меў жаданне дапамагаць іншым, любіў жыццё і людзей. Калі вы поўныя негатыўных думак і эмоцый, вы ніколі не станеце траўнікам, ды і наўрад ці захочаце ім станавіцца. А што датычыцца інтуіцыі, якую прыпісваюць спецыялістам народнай медыцыны — калі размова ідзе пра здароўе, я не рэкамендую на яе абапірацца.

— Як вы патрапілі з Сібіры ў Брэсцкую вобласць?

— У мяне тры сыны (як у казцы). Дык вось, пасталеўшы, яны не захацелі жыць у Сібіры і раз'ехаліся. Старэйшы жыве ў Лунінцы. Ну, а мы з жонкай параіліся і прыехалі да яго. Так што жыву ў Лунінцы ўжо даўно і вельмі люблю гэты цудоўны горад. Адзінае, мне дужа не хапае гор. У маладосці я захапляўся альпінізмам, у студэнцтве ў мяне быў другі разрад. Я рамантык гор, як бываюць рамантыкі мора. А якія неверагодныя гаючыя травы можна знайсці на горных лугах! Дарэчы, усюды, дзе я бываў і бываю, маю стасункі з мясцовымі траўнікамі, вывучаю зёлкі і народную медыцыну. Напрыклад, у гарах Алтая я даведаўся, як жыхары горных паселішчаў захоўваюць здароўе да глыбокай старасці. Яны п'юць чай з расліны «чырвоны корань». Жэньшэнь, вядомы кожнаму, дапамагае толькі пры заўчасным адрахленні, і да таго ж моцна павышае ціск. Алтайскі чырвоны корань больш бяспечны за жэньшэнь у сэнсе пабочных эфектаў. Гэтыя атрыманыя яшчэ ў маладосці веды цяпер вельмі спатрэбіліся асабіста мне. У мяне заўсёды дома ёсць чырвоны корань — сваякі дасылаюць з Алтая. Дарэчы, магу падзяліцца ім з ахвотнымі.

— А медыцынская адукацыя ў вас ёсць?

— У 1992 годзе я адвучыўся і атрымаў дыплом у Міжнародным цэнтры народнай медыцыны ў Кіеве. Там выкладалі прафесары ўкраінскіх медыцынскіх інстытутаў, у прыватнасці быў вялікі курс лекцый па фітатэрапіі.

«Агульных правілаў не існуе»

— У сувязі з ковідам у вас стала больш «пацыентаў»?

— Ведаеце, як ні дзіўна, не. Ні з ковідам, ні з ускладненнямі пасля яго да мяне наогул пакуль яшчэ ніхто не прыходзіў. Зрэшты, да траўнікаў ходзяць з хранічнымі хваро-
бамі. Вострыя інфекцыйныя працэсы лепш лячыць у бальніцы.

— Ці ёсць у зёлак пабочныя эфекты?

— Многія лічаць, што іх няма. Але на самай справе часам травы могуць даць такі пабочны эфект, што спатрэбіцца рэанімацыя. Напрыклад, для лячэння пухлін, эпілепсіі актыўна выкарыстоўваюцца атрутныя травы (балігалоў, аканіт джунгарскі, жывакост). Калі не вытрымліваць дазіроўку, можна сур'ёзна атруціцца. У лекавых траў толькі адна перавага, але яна — велізарная: можа здарыцца, што таблетак проста няма. А травы ёсць заўсёды — значыць, вы зможаце дапамагчы сабе і сваім блізкім. Калі ў вас дастаткова ведаў, зразумела.

— А якія гарантыі ў кліента, калі ён прыходзіць да траўніка?

— Ніякіх. Таму я заўсёды кажу людзям: купляйце травы ў аптэках, фітааптэках. У прыватных асоб купляць можна толькі ў тым выпадку, калі давяраеце канкрэтнаму спецыялісту. Ашуканцаў у гэтай сферы шмат. Цэны на травы і прэпараты з іх у траўнікаў вышэй, чым у аптэцы. І гэта зразумела — мы ўсё робім уручную. І яшчэ я кажу тым, хто прыходзіць да мяне па дапамогу: не верце ў «цудадзейныя травы Тыбета» або нейкія іншыя цудадзейныя зёлкі. Цудаў не бывае. Бываюць травы, эфектыўныя пры пэўным захворванні. Ну, і эфект плацэба, зразумела. Шмат рэцэптаў я праверыў на сабе, многія методыкі распрацаваў асабіста для сябе. Зборы траў прапаную пераважна тады, калі ў чалавека некалькі захворванняў.

— Раскажыце, як гатуюцца прэпараты (адвары, настойкі) з зёлак — ці можна падзяліцца агульнымі рэкамендацыямі?

— Набываючы травы, абавязкова прасіце інструкцыю. А гатаваць і ўжываць лекі з зёлак па нейкіх агульных правілах — занятак рызыкоўны. Агульных правілаў тут проста не існуе.

«Старасць не лечыцца»

— Травалячэнне, народная медыцына і медыцына афіцыйная — гэта супрацьлеглыя паняцці?

— Хутчэй, травы павінны дапаўняць медыкаментознае лячэнне. Я ніколі не бяруся лячыць чалавека, пакуль ён не пабывае ў доктара і яму не будзе пастаўлены дыягназ. Але трэба разумець, што навуковая медыцына сваімі каранямі выходзіць з народнай медыцыны. Навуковую медыцыну рухалі наперад вельмі таленавітыя людзі, і яна заслугоўвае і павагі, і даверу. Таму я стараюся дапаўняць травой лячэнне, прызначанае ўрачом таму ці іншаму чалавеку. Я дапамагаю хвораму, чым магу, і не заўсёды гэта фітатэрапія. Часам трэба проста пагаварыць, даць параду, падтрымаць, абнадзеіць. Калі-нікалі — нават прыкрыкнуць: «Не трэба адчайвацца, людзі выздараўліваюць і не з такімі дыягназамі!» Зёлкі — гэта прафілактыка, часам — лячэнне. Але калі, напрыклад, патрэбна аперацыя, тут зёлкамі бядзе не дапаможаш.

— Ці можна перамагчы старасць?

— Мне ўжо далёка за 80, і я магу сказаць як эксперт: старасць — не хвароба, яна не лечыцца. Эліксіры вечнай маладосці чалавецтва шукала ўсю сваю гісторыю, але наўрад ці такі састаў калі-небудзь будзе вынайдзены. Немагчыма перамагчы і смерць. Нават калі чалавек — аматар здаровага спосабу жыцця, калі ён амаль ніколі не хварэе, клапоціцца пра сваё здароўе і адчувае сябе поўным сіл — прыйдзе яго тэрмін, і ён пакіне гэты свет. Пытанне ў тым, як пройдуць адведзеныя нам гады: будзем мы жыць поўным жыццём і радавацца кожнаму дню або выжываць, змагаючыся з болем, слабасцю і недамаганнямі. Якасць нашага жыцця, асабліва ў старэчым узросце, залежыць, зразумела, ад шматлікіх фактараў — але ў першую чаргу ад нас саміх... Пятнаццаць гадоў таму я купіў сабе ноўтбук і стаў вучыцца ім карыстацца, асвоіў інтэрнэт. Мне было 70. Навошта мне гэта было патрэбна? Каб трэніраваць мозг. Прырода вельмі рацыянальная. Што не выкарыстоўваецца — тое адмірае. Таму так важна ў сталым узросце штодзень выкарыстоўваць і мышцы, і розум. Калі вы цікаўныя, калі вам цікава жыць і вы стараецеся пастаянна пазнаваць новае, вы не сутыкняцеся са старэчай дэменцыяй, колькі б гадоў вам ні было.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.