Вы тут

Воін-ін­тэр­на­цы­я­на­ліс­т Аляксандр Юшкевіч: Гэта быў мой свядомы выбар


На Бялыніччыне, што ў Магілёўскай вобласці, Аляксандр Юшкевіч — чалавек і вядомы, і пазнавальны

На яго жыццё, асабліва ў маладыя гады, прыпала вельмі шмат выпрабаванняў. Некаторыя з іх маглі б аказацца не па сіле нават загартаванаму даросламу чалавеку. А ён, юнак, з гонарам, нібы праз агонь, ваду і медныя трубы, прайшоў праз іх, захаваўшы пры гэтым уласныя годнасць, дабрыню, чалавечнасць і міласэрнасць.


Не зламіўся пад цяжарам усіх нягод, выстаяў і ў такіх страшных выпадках, калі даводзілася трымацца з самых апошніх фізічных і маральных сіл, выжываючы праз пакуту. Калі смерць хадзіла побач. Калі лёгка можна было ўпасці ў адчай ці баязлівасць. Калі сваю нерашучасць можна было б лёгка апраўдаць сітуацыяй, што на той момант склалася: маўляў, не было ніводнай магчымасці паступіць інакш. Так рабілі і робяць многія, хвалюючыся за сваё здароўе, калоцячыся за жыццё, усімі даступнымі сродкамі дабіваючыся прыхільнасці і любові начальства. Абы толькім самім было добра ды жылося шчасліва.

Але ёсць і такія людзі, як Аляксандр Юшкевіч. Людзі-арыенціры. Людзі-прыклады.

Ён рана, у няпоўныя дзесяць, страціў бацьку. Хочаш не хочаш, а давялося вельмі хутка стаць не па гадах дарослым, галоўнай адзнакай чаго з'яўляецца выключна высокая асабістая адказнасць за свае словы, учынкі, паводзіны. І Аляксандр Піліпавіч гэтую адказнасць, як свой духоўны крыж, з годнасцю нясе праз усё жыццё, праз усе выпрабаванні — ці то радасцю, ці то бядой. І ніколечкі не шкадуе, што выбраў такі шлях, што выпала яму такая доля.

У школьныя гады ён вызначыўся і са сваёй будучай прафесіяй. Хоць быў гараджанінам, марыў працаваць на зямлі. Як, бадай, і ўсе юнакі, ён вельмі любіў тэхніку і ўсё тое, што было з ёй так ці інакш звязана.

Але надышоў для бялыніцкага юнака час ісці ў армію. На той момант нават і слова такога — «адкасіць» — не існавала. А на хлопцаў, якія па нейкіх прычынах не адслужылі ў арміі, і дзяўчаты асабліва не заглядаліся — бо які з такога атрымаецца гаспадар сям'і, калі ён не прайшоў армейскую школу жыцця?

У свае васямнаццаць гадоў Саша Юшкевіч адправіўся служыць у Савецкую Армію з радасцю і гонарам, з вялікай ахвотай.

Пасля «вучэбкі» ў Фергане, у якой юнаку давялося пераадолець сябе і загартаваць характар, ён трапіў служыць у 350-ы полк 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі, якой камандаваў легендарны генерал-маёр, Герой Савецкага Саюза (1988) Павел Грачоў. Дывізія ў складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане дыслацыравалася ў Кабуле. Так для юнака з Бялыніч пачаліся 22 месяцы самай сапраўднай вайны.

Аўтар гэтых радкоў з добры дзясятак разоў падступаўся да Аляксандра Піліпавіча, каб расказаў хоць бы некалькі эпізодаў са сваёй вайны. Безвынікова. Пра баявых таварышаў гаварыў многа, у дэталях расказваў пра сваю родную роту. А пра сябе — так, спехам, як бы між іншым.

Даведаўся, што баявая рота, у складзе якой праходзіў тэрміновую службу Аляксандр Юшкевіч (толькі ўявіце сабе!), за 22 месяцы ўдзельнічала ў больш чым паўсотні значных баявых аперацый. У адной з іх, ці не самай жорсткай, загінуў кожны трэці: з 60 байцоў і камандзіраў сумна вядомым «грузам-200» вярнулася да бацькоў, жонак і дзяцей, вярнулася ў родную зямлю 20 чалавек.

— Спачатку нават не верылася, — прыгадвае той жудасны момант Аляксандр Піліпавіч, — што яны — забітыя, што іх ужо няма! Што ўжо ніколі з імі не пагавару. Яшчэ ўчора з некаторымі пра нешта марылі. Уяўлялі сабе, як праз год вернемся дамоў, чым зоймемся на «грамадзянцы»... А зараз... Ляжаць хлопцы... Маладыя, можа, яшчэ і не пацалаваныя дзяўчатамі. Звыкнуцца са смерцю немагчыма!

Часта ўспамінаю і, здаецца, бачу, як жывых, сваіх баявых сяброў — Ігара Шашкіна, Віктара Дымава, Ігара Бондарава...

У гарах Афганістана смерць хадзіла і за ім, Аляксандрам Юшкевічам.

У снежні 1987 года ўзвод, у якім ён служыў намеснікам камандзіра, трапіў у акружэнне душманаў. Падчас прарыву Аляксандр прыкрываў адыход сваіх байцоў. Быў цяжка паранены. Каля трох месяцаў лячыўся ў шпіталі. Пасля выздараўлення камандаванне вырашыла перавесці адважнага дэсантніка для далейшага праходжання тэрміновай службы ў вайсковую часць, што дыслацыравалася ў горадзе Тула. Мусіць, хацела зрабіць для салдата палёгку. Але Аляксандр Юшкевіч катэгарычна не пагадзіўся з такім рашэннем і дабіўся-такі таго, каб яму дазволілі працягнуць службу тут, у Афганістане.

— Гэта быў мой свядомы выбар, — растлумачыў Аляксандр Піліпавіч. — Той, хто прайшоў баявымі дарогамі гарачы Афган, ніколі не будзе хавацца за чужыя плечы.

А ў гэты час у далёкіх ад Афганістана Бялынічах вельмі непакоілася за сына маці. Каб не загінуў! Каб не параніла! Каб у палон не трапіў! Колькі бяссонных начэй праплакала Лідзія Андрэеўна! Гэта вядома толькі адной ёй.

Аднойчы ў гутарцы сённяшняя стараста вёскі Пільшычы Ганна Бучманава, якая якраз у той час працавала паштальёнам у Бялынічах, згадала, як моцна перажывала за Сашу яго маці.

— Калі, перабіраючы пісьмы, — расказвала Ганна Піліпаўна, — знаходзіла ліст ад Сашы, адразу ж несла яго Лідзіі Андрэеўне. На аўтавакзал, дзе тая працавала дыспетчарам, альбо дамоў. Ведала, як яна чакае ад яго вестачку. І тую радасць яе мне цяжка, немагчыма перадаць нейкімі словамі.

У снежні 1989 года дэсантнік Аляксандр Юшкевіч вярнуўся дадому. Але мірнае жыццё давалася ўчарашняму воіну-інтэрнацыяналісту не так ужо і лёгка. Прыстасавацца, а тым больш знайсці сябе ў ім, як, дарэчы, і многім учарашнім воінам-«афганцам», яму таксама было досыць складана. Яшчэ не адзін год здані недалёкага мінулага чорнымі хмарамі выбухаў, пякучым сонцам вярталіся да яго па начах, у сне: і крычаў, і плакаў, і халодным потам абліваўся.

Даволі складаным аказаўся і выбар мірнага занятку. Паступіў вучыцца на факультэт фізічнага выхавання МДУ імя А. Куляшова. Але хутка зразумеў, што гэта зусім не яго справа. І тут паспрыяў выпадак: сябры падказалі, што ў Бялыніцкім РАУС ёсць вакантныя пасады. Так на самым пачатку лістапада 1990 года Аляксандр Юшкевіч апрануў міліцэйскую форму і заняў пасаду памочніка аператыўнага дзяжурнага АДС райаддзела міліцыі, потым прадоўжыў служыць міліцыянерам аддзялення патрульна-паставой службы. У 1992 годзе вярнуўся ў аператыўную дзяжурную часць РАУС, дзе і праслужыў на пасадах памочніка аператыўнага, старшага аператыўнага дзяжурнага да выхаду на заслужаны адпачынак.

Калегі распавядаюць, што лейтэнант міліцыі Аляксандр Юшкевіч, праслужыўшы ў РАУС дваццаць шэсць гадоў, увесь гэты час свае службовыя абавязкі выконваў узорна, адказна і прафесійна. Да чаго прывык яшчэ з ранняга дзяцінства і да гэтага прывучыў сваіх сына з дачкой.

Раман працуе намеснікам кіраўніка калектыву магазіна ў Бялынічах. Вольга зараз вучыцца на другім курсе Мінскага юрыдычнага каледжа. Пайшла, можна сказаць, па бацькавых слядах.

— Мне дужа пашанцавала з жонкай, — прызнаецца Аляксандр Піліпавіч. — Наталля Анатолеўна, якая працуе бухгалтарам дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, у свой час вельмі дапамагла мне ўтрымацца на маіх пасляафганскіх жыццёвых хвалях і віражах. Хутка будзе трыццаць гадоў, як жывём разам: рука ў руку, душа ў душу.

Што ж да дзяцей, то выхоўваем іх на сваіх прыкладах. Чытаць ім мараль, расказваць, як правільна сябе трэба паводзіць у той ці іншай сітуацыі, лічу дарэмным заняткам. У дзяцей ёсць бацька, маці. На іх глядзіце, на іх жыццёвых сітуацыях вучыцеся. А галоўны пасыл, ён жа ад веку людскога вядомы ўсім: ты павінен так адносіцца да людзей, як хацеў бы, каб яны так ставіліся да цябе!

Аляксандр Піліпавіч актыўна ўдзельнічаў і ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна. Ён узначальвае савет пярвічнай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, з'яўляецца намеснікам старшыні райарганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», клапоціцца пра папаўненне экспанатамі музея гісторыі РАУС, выбіраўся дэпутатам райсавета дэпутатаў некалькіх скліканняў, у тым ліку і бягучага, дваццаць восьмага.

— Па меры сіл і магчымасцяў заўсёды стараюся дапамагчы чалавеку, — кажа Аляксандр Юшкевіч. — Я добра ведаю, што такое ўзаемавыручка, узаемадапамога, плячо чалавека, якое было падстаўлена табе ў цяжкі момант. Аказваць людзям дапамогу, быць патрэбным ім і запатрабаваным імі — гэта ўсё роўна як донарства: здаўшы кроў дзясятак разоў, ты проста ўжо мусіш яе здаваць, бо гэтага патрабуе твой арганізм.

Аляксандр Юшкевіч быў у шэрагах дэлегатаў VІ Усебеларускага народнага сходу.

— Мне, — тлумачыў ён перад ад'ездам на важны форум, — вельмі хацелася б, каб былі прынятыя такія рашэнні, якія потым мы, усім грамадствам, супольна, нягледзячы на пэўныя палітычныя разыходжанні ў сваіх поглядах, з вялікім энтузіязмам будзем рэалізоўваць, ажыццяўляючы прынятыя планы і заданні.

Аб тым, што жыццёвы шлях майго сучасніка, бялынічаніна Аляксандра Юшкевіча быў нялёгкі і няпросты, дзе знайшлося месца подзвігам, мужнасці, адвазе, вытрымцы, узорнай працы, сведчаць яго дзяржаўныя ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За баявыя заслугі», «За бездакорную службу» ІІІ ступені, іншыя шматлікія ўзнагароды Афганістана, СССР, Рэспублікі Беларусь.

Міхась КАРПЕЧАНКА

Фота аўтара і з хатняга архіва Аляксандра Юшкевіча

Загаловак у газеце: Ён так любіць слухаць цішыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».