Вы тут

«Ідэі разарваць прадпрыемства на кавалкі і затым раздаць па банках я расцэньваю як антыдзяржаўныя»


Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях развіцця айчыннай мотавелатэхнікі.


На сустрэчы абмеркавалі праблемы адной з самых старых падгалін нашай прамысловасці. Вытворчасць першай айчыннай мота- і велапрадукцыі пачалася ў 1945 годзе і перажыла, па словах кіраўніка краіны, распад Савецкага Саюза.

Як акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, у апошнія гады ва ўсім свеце сфармаваўся вялізны запыт на здаровы лад жыцця, а спартыўная актыўнасць стала папулярнай як ніколі.

«Ці тое яшчэ будзе…Сусветны рынак велатэхнікі расце хуткімі тэмпамі, нягледзячы на пандэмію, прагнозы сведчаць аб яго штогадовым павелічэнні ажно на 9 працэнтаў. Таму склаліся лепшыя ўмовы для развіцця вытворчасці ў гэтай сферы. Дзякуючы таму, што мы неяк працавалі, на Мотавелазаводзе захавана вытворчасць вела- і мотапрадукцыі айчынных гандлёвых марак Aist і Minsk, асвоена больш за сотню новых мадэляў веласіпедаў і дзясяткі мадэляў мотатэхнікі», — сказаў Прэзідэнт.

Але, як ён працягнуў, фінансава-эканамічныя паказчыкі пакуль не радуюць і доля беларускіх веласіпедаў на ўнутраным рынку зніжаецца з году ў год і складае сёння толькі пятую частку. Слабы экспарт праблему таксама не вырашае.

«І гэта не дзіўна, калі згублена ключавое звяно вытворчасці — уласнае канструктарскае бюро, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Для таго каб арганізаваць зборку, вялікага розуму не трэба, але гэта амаль тупіковы шлях, і праблемы прадпрыемства, займаючыся зборкай, не вырашыш. Асабліва фінансава-эканамічныя, ды і праблемы пазыковыя не ўдаецца вырашыць. Механізм дзейнасці, якім сёння карыстаецца Мотавелазавод, часовы. Працаваць доўга ў такім рэжыме немагчыма».

Прэзідэнт пералічыў пытанні, на якія неабходна знайсці рашэнне на нарадзе. Па-першае, якой бачыцца стратэгія развіцця прадпрыемства?

«Асновы нашай эканамічнай палітыкі толькі што зацверджаны на Усебеларускім народным сходзе. Калі хтосьці думае, што мы зараз прададзім камусьці гэта прадпрыемства (прыватызуем і потым закрыем яго ці будзем ствараць тут адныя спіцы для веласіпедаў, а ўсе кампетэнцыі інвестар перанясе ў Італію, Расію ці Кітай), на гэта нават не разлічвайце. Калі я кажу пра МАЗ, Белаз, МТЗ, Гомсельмаш, я кажу, што гэта твар нашай краіны, краіны машынабудаўнічай, гэта брэнды нашай краіны», — дадаў кіраўнік краіны.

Па яго словах, у гэтым радзе і Мотавелазавод, які нельга страціць. Прэзідэнт звярнуўся да рашэнняў, прынятых на Усебеларускім народным сходзе, — дамовіліся развіваць тыя напрамкі, дзе краіна мае кампетэнцыі і працоўных, што ствараюць годную прадукцыю.

«Я б хацеў убачыць комплексны і пралічаны бізнес-план, які арыентаваны на запыты спажыўцоў. Прадукцыя павінна быць высокай якасці, канкурэнтаздольная, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Прапанова будаваць прадпрыемства за бюджэтныя грошы ў цэнтры Мінска крытыкі не вытрымлівае».

Прэзідэнт прапанаваў выпрацаваць адназначную эканамічна абгрунтаваную і эфектыўную мадэль развіцця вытворчасці з гарантаваным тэрмінам акупнасці да 5 гадоў — калі такі бізнэс-праект будзе, то можна весці размову аб фінансаванні.

Па-другое, якія прапановы па варыянтах расчысткі даўгоў?

«Ідэі разарваць прадпрыемства на кавалкі і затым раздаць па банках расцэньваю як антыдзяржаўныя. Гэта знішчэнне прадпрыемства», — канстатаваў Прэзідэнт.

Трэцяе пытанне, на якое звярнулі ўвагу на сустрэчы, — што будзе з існуючай вытворчай пляцоўкай? «Гэта выдатны ўчастак у цэнтры горада, і яго памеры перавышаюць патрэбы прадпрыемства. Таму гораду разам з урадам трэба падумаць, як выкарыстоўваць пляцоўку так, каб была карысць для дзяржавы і для людзей», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Прапановы аб тым, каб пабудаваць там жыллё і працягнуць павялічваць колькасць насельніцтва сталіцы таксама, па словах кіраўніка краіны, недарэчныя.

«Я чакаю прапаноў прапрацаваных. У процілеглым выпадку ўзнікае пытанне, навошта мы туды пасылалі ажно старшыню Мінгарвыканкама (кіраўнік завода Мікалай Ладуцька быў мэрам Мінска — «Зв.»)? Што зроблена за гэты час? Нічога для таго, каб прыйсці да Прэзідэнта і зноў прапанаваць вынесці пляцоўку ці завод за кальцавую дарогу, гэту пляцоўку забудаваць жыллём, даць грошы пад будаўніцтва, потым пад абаротку… А потым вы яшчэ прыйдзеце і скажаце, што за вас трэба прадаваць гэтыя веласіпеды», — абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

Першым з дакладам выступіў Юрый Назараў, намеснік прэм’ер-міністра. Ён расказаў, што ў 2020 годзе створана на заводзе амаль 70 тысяч веласіпедаў і 3000 адзінак мотатэхнікі, асвоены выпуск электравеласіпедаў. Колькасць супрацоўнікаў павялічылася да 120 чалавек і вынікі гаспадарчай дзейнасці за мінулы год станоўчыя.

«Рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі да ўзроўню 2019 года — 135 працэнтаў. Чысты прыбытак павялічыўся ў чатыры разы да 2019 года, экспарт тавараў амаль склаў 6,3 мільёна долараў і ўпершыню ў мінулым годзе экспарт стаў роўным імпарту», — паведаміў намеснік прэм’ера.

Прэзідэнт у бліжэйшыя тыдні наведае Мотавелазавод

Пра гэта па выніках нарады паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Юрый Назараў. На месцы кіраўнік краіны прыме канчатковае рашэнне аб будучых шляхах развіцця прадпрыемства. Як акцэнтаваў віцэ-прэм’ер, Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу аднаго-двух тыдняў падрыхтаваць візіт на завод.

«Прадпрыемства будзе развівацца. Яно сёння захавалася, мае пэўныя кампетэнцыі», — сказаў намеснік прэм’ера.

Пляцоўка завода абцяжарана пазыкамі, знаходзіцца пад кіраўніцтвам антыкрызіснага кіраўніка. На нарадзе вырашана, як разабрацца з юрыдычнымі тонкасцямі ўзаемаадносін з крэдыторамі.

Уласнае канструктарскае бюро заводу кампенсуюць два спецыялісты, што працуюць на аўтсорсінгу, ды і прадпрыемства НАН «Аптрон» распрацоўвае новыя базавыя мадэлі для электратранспарту.

«Адсутнасць уласнага канструктарскага бюро сёння не ўплывае на перспектывы развіцця прадпрыемства», — канстатаваў Юрый Назараў.

Па яго словах, цікавасць для экспарту вела- і мотатэхнікі ўяўляе еўрапейскі рынак, ёмістасць якога штогод складае 30 мільёнаў адзінак.

«З якім прадуктам можна прыйсці на гэты рынак? Відавочна, што з самым танным туды прыходзіць не варта. Таму што танная прадукцыя асацыюецца з няякаснай. Неабходна прыйсці з якасным. Прэзідэнту далажылі, што на існуючых пляцоўках і пры гэтых тэхналогіях стварыць сучасны прадукт ужо немагчыма, — заявіў намеснік прэм’ера. — Мы прапанавалі стварэнне новай тэхналагічнай вытворчасці з іншымі падыходамі, іншых маштабаў, каб выйсці на еўрапейскі рынак».

Віцэ-прэм’ер, адказваючы на пытанне, сказаў: баяцца, што нас не пусцяць на еўрапейскі рынак не варта, — многія вытворцы ў Беларусі маюць адпаведныя сертыфікаты.

«Еўрапейскі рынак самы маржынальны, ён хутка расце, размешчаны побач», — заявіў намеснік прэм’ер-міністра.

Як дадаў Юрый Назараў, магчымым інвестарам новай вытворчасці разглядаецца інавацыйны фонд Мінгарвыканкама.

Плошчы Мотавелазавода, якія не запатрабаваны, мяркуюць аддаць Мінскаму гарадскому тэхнапарку. У рамках тэхнапарка, як паведаміў віцэ-прэм’ер, неабходна разгарнуць вытворчасць камплектуючых для велатранспарту.

«Трэба казаць, што мы не проста на гэтых пляцоўках прырасцем у аб’ёмах вытворчасці ці дададзім 100 працоўных месцаў. Трэба казаць аб стварэнні прынцыпова новай тэхналагічнай вытворчасці з максімальнай лакалізацыяй», — рэзюмаваў Юрый Назараў.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?