Вы тут

Як амаладзіць старую яблыню?


Амаладжэнне яблыні праводзіцца не за адзін год. Лепш выконваць яго паступова, за 2-3 сезоны, тады дрэва перанясе меншы стрэс і зможа паступова наладзіць плоданашэнне. Калі ж усё лішняе выдаліць адразу, яблыня будзе доўга аднаўляцца, хварэць, а можа і зусім загінуць.


Тэрміны абрэзкі старых яблынь

Большасць вопытных садаводаў праводзіць амаладжальную абрэзку яблыні вясной, незадоўга да пачатку руху соку. Абрэзка ў гэты час дазваляе дрэву сэканоміць сілы ў надыходзячым сезоне, хутка зацягнуць раны і сысці на наступную зімоўку ўжо з новай формай. Акрамя таго, у гэты перыяд крона дрэва лепш за ўсё праглядаецца, і ўжо можна зразумець, якія галіны загінулі за зіму.

Калі ж вы вырашыце правесці абрэзку старых яблынь восенню, дачакайцеся часу, калі дрэва адпладаносіць і скіне лісце, але маразы яшчэ не пачаліся. У гэты перыяд яблыня ўжо знаходзіцца ў стане спакою, таму лягчэй перанясе траўмавальную працэдуру.

Схема амаладжальнай абрэзкі

Перад тым як прыступаць да амаладжальнай абрэзкі яблыні, пераканайцеся, што дрэва досыць моцнае і здольнае яе перанесці. Калі асноўны ствол ужо пачаў сохнуць або гніць, пакрыты дупламі, мае шырокую расколіну, марнаваць сілы на гэтае дрэва не варта, прасцей спілаваць яго і пасадзіць маладую яблыню на замену старой.

Ёсць тры асноўныя схемы амаладжальнай абрэзкі яблыні: паступовая, палавінная і аднаразовая.

Паступовая амаладжальная абрэзка праводзіцца на працягу 2-3 гадоў, калі з дрэва паступова выдаляюць лішнія галіны і сучкі. У першы год ажыццяўляюць пераважна санітарную абрэзку, выдаляюць атожылкі і верхнюю частку цэнтральнага ствала. Такім чынам раскрываецца крона, дрэва назапашвае сілы. На другі год выдаляюць некалькі тоўстых галін (не больш 3-4 за раз), якія не плоданосяць, разрэджваюць крону, вызваляюць ад перапляценняў тонкіх галінак. На трэці — кароцяць пакінутыя галіны, стымулюючы іх да ўтварэння парасткаў.

Палавінная (сучасная) амаладжальная абрэзка — даволі нетрадыцыйны, аднак вельмі гуманны спосаб. Крона фарміруецца за два гады, аднак не ўся цалкам, а па частках. У першы год кароціцца да вышыні 3 м і шырыні 2 м паўднёвая палова кроны, праз год (або два, калі дрэва дрэнна перанесла папярэднюю абрэзку) аналагічна абразаецца паўночная частка кроны. Пры гэтым ва ўсёй кроне на адлегласці 70 см адзін ад аднаго пакідаюць самыя моцныя атожылкі. Краі спілу зачышчаюць садовым нажом, замазваюць садовым варам. Калі дыяметр зрэзу большы за 5 см, то зверху на вар накладваецца пласт чорнай плёнкі, зняць якую можна будзе толькі ўвосень.

Аднаразовая амаладжальная абрэзка. Гэты спосаб даволі жорсткі ў адносінах да дрэва і з аднолькавай верагоднасцю можа прывесці як да амаладжэння, так і да гібелі яблыні. Пры такой абрэзцы яблыню трэба пакараціць да прымальнай вышыні, зрэзаўшы верхавіну цэнтральнага ствала, а затым выдаліць усе лішнія галіны (старыя, аслабленыя, тыя, што не плоданосяць). Праводзіць такую абрэзку можна толькі вясной, бо, калі нанесці дрэву столькі траўмаў восенню, яно проста не перазімуе.


Якую б з схем абрэзкі вы ні выбралі, варта прытрымлівацца наступных правіл:

  • спачатку выдаляйце буйныя галіны;
  • абавязкова зрэжце сухія, хворыя, аголеныя і пашкоджаныя галіны, а таксама тыя, што перапляліся ў працэсе росту або накіраваны ў глыб кроны;
  • выражце атожылкі, пакінуўшы да 10 штук на ўсё дрэва;
  • выдаліце верхнюю частку ствала на вышыні да 3,5 м, раскрыўшы такім чынам цэнтральную частку кроны для сонечнага святла;
  • пасля гэтых дзеянняў адыдзіце і агледзьце крону, каб убачыць загушчаныя ўчасткі і прарэдзіць іх паўторна;
  • за раз не выдаляйце больш чым траціну галін з дрэва, лепш паўтарыце працэдуру на наступны год, каб дамагчыся жаданага выніку.

Вядучая рубрыкі Ірына Тамковіч. Тэл. 8 (017) 287-18-15 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».