Вы тут

Таямніцы і адкрыцці. Цікавыя навіны з вобласці навукі


Сакрэт тарпеданосцаў

Агучана версія знікнення самалётаў у Бермудскім трохвугольніку

Аўстралійскі эксперт Шэйн Сатэрлі назваў магчымую прычыну знікнення пяці самалётаў і іх экіпажаў у гэтым месцы, якое адбылося 75 гадоў таму. Пра гэта паведаміў партал Nіne.com.au.

У снежні 1945 года пяць тарпеданосцаў ВМС ЗША вылецелі з Фларыды на вучэбнае заданне ў складзе звяна пад камандаваннем лейтэнанта Чарльза Тэйлара. Усяго ў экіпаж уваходзіла 14 чалавек, большасць з іх былі стажорамі.

Самалёты зніклі пасля ўваходу ў Бермудскі трохвугольнік — акваторыю плошчай да чатырох мільёнаў квадратных метраў. Ён знаходзіцца паміж паўднёва-ўсходнім узбярэжжам ЗША, Бермудскімі астравамі і Пуэрта-Рыка. Выратавальны самалёт, які адправіўся на пошукі, таксама знік. На яго борце знаходзіліся 13 чалавек.

«Некаторыя людзі давалі незвычайныя тлумачэнні, сцвярджаючы, што адбываецца нешта паранармальнае або звышнатуральнае. Тэйлар таксама не раз губляўся падчас палётаў. Яму двойчы даводзілася ратавацца ў Ціхім акіяне. Расследаванне паказала, што, калі сцямнела і надвор'е змянілася, Тэйлар накіраваў самалёты не ў тое месца», — заявіў Сатэрлі.

Ён дадаў, што самалёты патанулі, зрабіўшы пасадку на воднай паверхні, менш чым за хвіліну. У такіх выпадках не заўсёды атрымліваецца знайсці фрагменты паветраных судоў. Гэтым, на яго думку, і тлумачыцца знікненне.

«Большасць пілотаў, якія ўдзельнічалі ў інцыдэнце, былі стажорамі. Гэта азначае, што яны не былі належным чынам навучаны, як выкарыстоўваць усе прыборы самалёта пры палёце ноччу або ў дрэннае надвор'е», — паясніў эксперт.

Ён таксама падкрэсліў, што колькасць зніклых суднаў і самалётаў у Бермудскім трохвугольніку не нашмат большая, чым у любой іншай частцы акіяна.

«Калі 1000 самалётаў праляціць праз Бермудскі трохвугольнік, і мы зможам растлумачыць, што здарылася з 990 з іх, ці павінны мы сказаць, што астатнія 10 былі звышнатуральнымі выпадкамі? Я так не думаю», — падсумаваў Сатэрлі.


Гадзіны даўгалецця

Навукоўцы назвалі працягласць здаровага сну

У людзей, якія захоўваюць яго здаровы рэжым, рызыка сардэчных захворванняў значна ніжэйшая, чым у тых, хто спіць мала. Пра гэта паведаміла выданне Express са спасылкай на даследаванне навукоўцаў з Тулейнскага ўніверсітэта ў Новым Арлеане, ЗША.

Спецыялісты лічаць, што сон ад сямі да васьмі гадзін штодня дапаможа зберагчы чалавека ад сардэчнай недастатковасці.

Падчас эксперыменту даследчыкі назіралі за 408 802 людзьмі ва ўзросце ад 37 да 73 гадоў, у 5221 з іх была дыягнаставана сардэчная недастатковасць. Ва ўсіх удзельнікаў з такім дыягназам адзначаліся праблемы са сном: адны пакутавалі ад бяссонніцы, іншыя часта прачыналіся па начах з-за ўласнага храпу, у трэціх працягласць сну была занадта кароткай.


Аліўкі супраць Альцгеймера

Гэты прадукт засцерагае ад хваробы

Істотнага паляпшэння кагнітыўных функцый можна дамагчыся, штодня ўжываючы аліўкавы алей. Пра гэта заявілі навукоўцы з Універсітэта Арыстоцеля ў Салоніках і Грэчаскай асацыяцыі хваробы Альцгеймера і звязаных з ёй расстройстваў, іх матэрыял апублікаваў Journal of Alzheіmer's Dіsease.

Даследчыкі на працягу года сачылі за трыма групамі людзей, параўноўвалі рацыён іх харчавання. Першая група харчавалася, прытрымліваючыся здаровай міжземнаморскай дыеты. Другая пастаянна ўжывала аліўкавы алей ад першага адціскання (50 мл у дзень). Трэцяя група атрымлівала аліўкавы алей з умераным утрыманнем поліфенолаў (50 мл у дзень).

У выніку даследавання было ўстаноўлена, што ў людзей з дзвюх апошніх груп, у якіх у рацыён быў уключаны аліўкавы алей, назіралася паляпшэнне маркераў Альцгеймера. Ва ўдзельнікаў даследавання з першай групы паказчыкі засталіся на ранейшым узроўні або пагоршыліся.

Пасля правядзення даследавання навукоўцы зрабілі выснову пра тое, што аліўкавы алей з высокім утрыманнем поліфенолаў здольны стаць тэрапеўтычным сродкам для пажылых людзей з лёгкімі кагнітыўнымі парушэннямі, якія з'яўляюцца папярэдняй стадыяй хваробы Альцгеймера.


Магіла ваяра-гіганта

Археолагі раскапалі старажытнае скіфскае пахаванне

Дзесяцігоддзе таму на гэтым месцы ўжо знаходзілі цікавыя пахаванні і ахвярнікі, у якіх выявілі прадметы побыту, антычны посуд, упрыгажэнні і нават бронзавае люстэрка скіфскіх прыгажунь. Цяпер жа археалагічная экспедыцыя Нацыянальнага запаведніка «Хорціца» выявіла на тэрыторыі вострава ўнікальную магілу скіфскага ваяра, узрост якой складае каля 2500 гадоў.

Як адзначаецца на сайце запаведніка, пахаванне было зроблена ў земляной катакомбе глыбінёй каля трох метраў. «Нашы продкі прыклалі вялікія намаганні, каб абараніць магілу ад рабаўнікоў, таму што ўваход у катакомбу быў закладзены вялікай колькасцю цяжкіх гранітных валуноў», — гаворыцца ў паведамленні.

Пахаваны воін па старажытных мерках быў гігантам — яго рост дасягае каля 1,8 метра. У пахаванні археолагі знайшлі жалезны нож з касцяной рукаяткай, рэшткі калчана з бронзавымі стрэламі і ахвярную ежу. «Цікавым з'яўляецца тое, што над гэтым пахаваннем у старажытнасці нашымі продкамі быў зроблены кромлех — круг з гранітных камянёў — сімвал сонца, які вядомы ў культурах многіх старажытных народаў», — адзначылі ў запаведніку.

На думку навукоўцаў, падобныя знаходкі на Хорціцы сведчаць аб тым, што востраў быў важным для скіфаў месцам, дзе размяшчалася гарадзішча, міма якога праходзілі пераправы, і месца гандлю з грэчаскімі купцамі.


Экспедыцыі наведвання

Вучоны РАН ацаніў бяспечнасць палётаў на Месяц

Яны будуць бяспечныя для людзей пры працягласці каля двух тыдняў. Пра гэта распавёў дырэктар Інстытута касмічных даследаванняў Расійскай акадэміі навук (РАН) Анатоль Петруковіч.

Паводле яго слоў, для бяспекі чалавека патрабуецца адсутнасць буйной успышкі на Сонцы. «І ў найбліжэйшай месяцавай праграме гаворка ідзе, як правіла, пра экспедыцыі наведвання: прыляцеў, эксперыменты правёў, абсталяванне адрамантаваў і назад», — цытуе яго «РІА Навіны».

Як нагадаў Петруковіч, як толькі чалавек пакідае межы аховы магнітнага поля Зямлі, расце ступень шкоды, атрыманай ад сонечных касмічных прамянёў падчас успышак і галактычнага касмічнага выпраменьвання.

«Сонечную ўспышку можна дзесьці перачакаць, у больш абароненым адсеку. Паток галактычных прамянёў слабейшы, але ад яго не схаваешся, яны «прашываюць» наскрозь, а пры наяўнасці больш тоўстых сценак яшчэ і дадаткова генерыруюць больш небяспечнае другаснае выпраменьванне», — сказаў эксперт.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».