Вы тут

Спартсмен Мацвей Волкаў: Я люблю, калі кіпяць страсці


Спартсмены — людзі моцныя не толькі целам, але і духам. Спорт вучыць думаць на тры крокі наперад, аналізаваць сітуацыю і прымаць правільныя рашэнні. У атлетаў ёсць чаму павучыцца. У рубрыцы «Моцныя думкі» мы прапануем даведацца, аб чым думаюць спартсмены.

Мацвей Волкаў — спартсмен-сенсацыя, і не толькі таму, што ён сын вядомага савецкага скакуна з шастом Канстанціна Волкава. У 16 гадоў Мацвей ужо паспеў пабіць сусветны юнацкі рэкорд, узляцеўшы на 5,50 метра. Спыняцца на гэтым ён не збіраецца, у яго ёсць справа спартыўнага гонару. Хлопец кінуў выклік рэкардсмену свету Арманду Дзюпланцісу, які ў 2020 годзе перапісаў 26-гадовы рэкорд Сяргея Бубкі (6,14 метра), скокнуўшы 6,18. З 2020 года Мацвей Волкаў выступае за Беларусь. Для беларускай лёгкай атлетыкі яго пераход — падзея гістарычная. Не даведацца аб «моцных думках» спартыўнага вундэркінда было б недаравальна.


«Лячу і думаю: упадзе ці не»

Рэкорды і мэты. Адной з сваіх мэт я ўжо дасягнуў: пабіў сусветны рэкорд, скокнуўшы 5,50 метра. Маёй мэтай было ўстанавіць сусветны рэкорд сярод юнакоў да 18 гадоў — 5,58 метра. Я яе дасягнуў, скокнуўшы на 5,60.

Ліміт. Мне здаецца, скачкі з шастом — адзіная дысцыпліна лёгкай атлетыкі, дзе няма мяжы. Напрыклад, у спрынце наўрад ці камусьці ўдасца пабіць рэкорд Усэйна Болта, таму што гэта ўнікальны чалавек, другога спартсмена з такімі жа данымі ў свеце проста няма. Ніхто не зможа пераўзысці яго вынікі. А ў скачках з шастом не столькі важныя ўнікальныя асаблівасці арганізма, колькі валоданне тэхнікай і адчуванне ўласнага цела.

Падзенні. Мабыць, скакуны з шастом, як ніхто іншы, ведаюць, што значыць узлятаць і падаць. Ляцець з пяціметровай вышыні зусім не страшна, я нават не заўважаю гэтага палёту. Праўда, бывае не па сабе, калі падчас скачка я чапляю перакладзіну. У такія моманты лячу і думаю: упадзе яна на мяне ці не.

«Іркуцкі Бубка». Часам у прэсе мяне называюць «Іркуцкім Бубкам», нічога супраць гэтага не маю. Мабыць, нядрэнна, калі тваё імя ставяць побач з імем такога легендарнага спартсмена. А вось калі мяне параўноўваюць з Дзюпланцісам, то пачынаю злавацца. Ён жа такі спартсмен, як я, толькі крыху старэйшы, ён не зрабіў нічога выдатнага. І, дарэчы, я ўжо пераскочыў вынік, які ён паказваў у маім узросце.

Закляты сапернік. Мне цікава спаборнічаць, калі ёсць барацьба, шоу. Зараз для мяне галоўная мэта — перамагчы Дзюпланціса. Як толькі гэта адбудзецца, я змагу сказаць, што я дасягнуў сваёй мэты, і, як бы нясціпла гэта ні гучала, стану найлепшым скакуном. У мяне нават быў пост у «Інстаграме», дзе я паабяцаў, што за тры гады даганю Дзюпланціса. Засталося ўжо два гады. Зараз ён скача 6,18 метра, будзе яшчэ вышэй, так што мне прыйдзецца папрацаваць, каб не толькі яго дагнаць, але і перагнаць. Але я не баюся, ведаю, што змагу. Я часта чапляю яго ў сацыяльных сетках, канешне, ён гэта заўважае. Нядаўна напісаў яму, што ў 2021 годзе ўсе медалі будуць мае. Разумею, што пакуль гэта немагчыма, але захацелася яго зачапіць. А Арманд — малайчына, пасмяяўся, нармальна адрэагаваў. Калі б нешта падобнае наконт мяне напісалі, я раззлаваўся б. Мне здаецца, такія бяскрыўдныя правакацыі ў сацыяльных сетках падаграваюць інтарэс да нашага віду спорту. Дарэчы, хэштэг #дайтемнетригода стаў папулярны ў інтэрнеце, асабліва ў суполках для лёгкаатлетаў.

Знакавыя спаборніцтвы. Вырашальным стаў турнір, дзе я скокнуў 3,90 метра. Праўда, я не памятаю, якія менавіта гэта былі спаборніцтвы, але ўжо і няважна. Да таго я скакаў 3,30, і літаральна за год вынік вырас на 60 сантыметраў. Мне было 13 гадоў, сусветны рэкорд у гэтай узроставай катэгорыі 3,97 (дарэчы, рэкорд Дзюпланціса). Тады да трэніровак я ставіўся не надта адказна. Але пасля гэтага выступлення зразумеў, што калі буду працаваць сур'ёзна, буду скакаць яшчэ вышэй. Ніколі не забуду першы смак перамогі.

Алімпійскія гульні. Зараз у мяне яшчэ ёсць час адабрацца на Алімпійскія гульні ў Токіа. Для гэтага патрэбна скокнуць 5,80, і, шчыра кажучы, я на гэта здольны. Калі ўсё будзе добра, паеду на Алімпіяду ўжо гэтым летам. Калі нешта пойдзе не так, то мая першая Алімпіяда будзе ў 2024-м у Парыжы.

«Параўноўваць мяне з татам — нелагічна»

Выбар. На першы погляд можа здацца, што ў мяне не было выбару, якім спортам займацца: дзед, бацька скакалі з шастом, лагічна, што трэба працягваць дынастыю. Але на самай справе мяне ніхто не прымушаў. Я сам захацеў паспрабаваць і папрасіў тату мяне навучыць. Так і ўцягнуўся. Напэўна, я мог бы займацца і чымсьці іншым, але дасягнуць поспеху ў мяне атрымаецца толькі ў скачках з шастом. У мяне для гэтага ёсць усё неабходнае — генетыка, высакакласны трэнер і імкненне.

Параўнанне з бацькам. Я не баюся, што мяне могуць параўноўваць з татам. У 24 гады, стаўшы ўжо дарослым і вопытным спартсменам, ён скакаў усяго на 35 сантыметраў вышэй за мяне цяперашняга. Мне пакуль толькі 16, і за восем гадоў я спакойна набяру гэтыя 35 сантыметраў. У мяне яшчэ растуць сіла, хуткасць і, адпаведна, вынік. Увогуле, у нас з татам абсалютна па-рознаму складваецца кар'ера, цяпер іншы час, таму параўноўваць нас мне здаецца нелагічным.

Тата-трэнер. Мой асабісты трэнер — мой тата. І мне гэта вельмі падабаецца. Па-першае, ніхто так не будзе падтрымліваць і перажываць, як самы родны чалавек. Па-другое, мы разам 24 гадзіны ў суткі, сем дзён на тыдзень. Я заўсёды магу з ім абмеркаваць свае памылкі, недахопы, магу параіцца, калі нешта турбуе. Хоць дома рабочыя моманты абмяркоўваем рэдка. Гэта вялікі козыр перад маімі сапернікамі. Як паказвае практыка, у нашым спорце поспехаў дасягаюць дуэты бацькі і сына. Напрыклад, Арманда Дзюпланціса таксама трэніруе яго бацька.

Мама-псіхолаг. Мая мама — псіхолаг па прафесіі і яна многае робіць для маёй псіхалагічнай падрыхтоўкі, што таксама вельмі важна для спартсмена. Дзякуючы маме і яе выхаванню я ўмею правільна настройвацца перад выступленнем. На трэніроўках я часам дазваляю сабе расслабіцца, заленавацца, штосьці не рабіць. Канешне, гэта ўплывае на якасць маіх трэніровачных скачкоў. Але на спаборніцтвах, перад выхадам у сектар я збіраю ўсе сілы ў кулак, канцэнтруюся, наколькі гэта магчыма, і раблю ўсё на 110 %.

«Выступаць пад нейтральным сцягам для мяне непрымальна»

Змена грамадзянства. Праз праблемы ва Усерасійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі, шматлікія допінгавыя скандалы будаваць спартыўную кар'еру ў Расіі вельмі складана. Выступаць пад нейтральным сцягам, як усе расійскія спартсмены, для нас было непрымальна. Мы вырашылі, што не можам рызыкаваць маёй кар'ерай, патрэбна змяніць спартыўнае грамадзянства. Так з 2020 года я выступаю за Беларусь і абсалютна аб гэтым не шкадую. У мяне цудоўныя адносіны з Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі. Былы старшыня Вадзім Дзевятоўскі цёпла нас прыняў, а з новым старшынёй Іванам Ціханам я пакуль не паспеў пазнаёміцца. Мне імпануе адкрытасць беларускай федэрацыі. Я магу напісаць генеральнаму сакратару Вераніцы Грэсь і папрасіць, каб на маім выступленні была пэўная музыка, і мая просьба будзе выканана. У Расіі такога няма, кіраўнік федэрацыі — дзяржаўны служачы, і звяртацца да яго па такіх пытаннях нельга.

Пераезд у Беларусь. Мы пераехалі ў Беларусь усёй сям'ёй назаўсёды і аб вяртанні ў Іркуцк нават не думаем. Бацькі знайшлі работу ў Мінску, мяне ўладкавалі ў школу. Я да пераезду не так шмат ведаў пра Беларусь. Ведаў рэпера Макса Каржа і тое, што тут любяць бульбу. Мінск мне спадабаўся, прыгожы горад, асабліва ў цэнтры. І дранікі мне прыйшліся даспадобы. А больш за ўсё мне падабаецца ў Беларусі надвор'е, яно тут больш мяккае, чым у нас.

Новая школа. Я вучуся ў вучылішчы алімпійскага рэзерву і мне зручна сумяшчаць вучобу і спорт. У Расіі я вучыўся ў звычайным ліцэі і быў троечнікам, а цяпер маю адзнакі сем-восем, што, мне здаецца, нядрэнна. Спачатку было цяжка перайсці з пяцібальнай сістэмы на дзесяцібальную.

Будучая прафесія. Лічыцца, што спартсмен павінен паступаць ва ўніверсітэт фізкультуры. А я не хачу. Мне падабаюцца хімія і біялогія, таму, хутчэй за ўсё, буду паступаць у БДУ ці БНТУ на спецыяльнасць, звязаную з біялогіяй.

Дзіцячыя мары. У дзяцінстве я вельмі хацеў стаць нейрахірургам, бо па мамінай лініі ўсе сваякі — урачы. Але я разумею, што нейрахірургія — вельмі складаная і адказная дзейнасць, бо на кон пастаўлена жыццё чалавека. І патрэбна пастаянна вучыцца. Аб якой спартыўнай кар'еры ў такім выпадку можа ісці гаворка? І я зрабіў выбар на карысць спорту.

«Гледачы не любяць шэрых мышак»

Жаданне быць навідавоку. У мяне такі характар, што мне падабаецца вылучацца. Я люблю, калі кіпяць страсці. Гэта падаграе інтарэс публікі. Гледачы не любяць «шэрых мышак», якія трэніруюцца і скачуць, гэта сумна і нецікава. Я хачу, каб людзі, якія глядзяць маё выступленне, адчувалі азарт, пазітыў. Без гэтага спорт пераўтвараецца ў руціну.

Азарт ва ўсім. Я не іграю ў азартныя гульні, гэта абсалютна не маё. Але ў спрэчцы я азартны, я заўсёды настойваю на сваім, нават калі не маю рацыі. Калі я ў чымсьці ўпэўнены, то пераканаць мяне немагчыма. Памятаю, дома быў гадзіннік, дзе секундная стрэлка была замацавана на празрыстым крузе. Я са слязамі на вачах даказваў маме, што няма ніякага круга і гэта простая празрыстая стрэлка. Тую спрэчку я прайграў і больш ніколі з мамай не спрачаўся.

Рэп. Нядаўна я сам пачаў пісаць і чытаць рэп. Мне з дзяцінства падабаецца гэта музыка. Я сам пішу тэкст, гэта вельмі цікавы працэс. Часам словы самі ўсплываюць у галаве, рыфмуюцца і паступова атрымліваецца цэлы тэкст. Галоўнае — адчуваць матыў і біт, каб атрымаўся класны трэк. Музыку я пакуль сам не ствараю, мне ў гэтым дапамагаюць прафесіяналы на студыі гуказапісу. Пакуль шмат часу рэпу не ўдзяляю, бо трэба быць сканцэнтраваным на спорце.

Лянота. Нягледзячы на тое, што я вельмі мэтанакіраваны і ўпарты, я крыху гультай. Як я ўжо казаў, магу расслабіцца на трэніроўцы, не заўсёды раблю дамашняе заданне ў школе. Але я не бачу ў гэтым вялікай праблемы — часам патрэбна дазволіць сабе паленавацца, арганізму патрэбны перадышкі. Галоўнае, не перастарацца.

Прыклады. Не ўпэўнены, што ёсць людзі, якіх я магу назваць кумірамі. Мяне натхняе Усэйн Болт — чалавек, які дасягнуў вялікіх вынікаў. Я гляджу на яго і стараюся дасягнуць таго ж, што і ён. Хацелася б з ім пазнаёміцца.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ДЗЕВА. На гэтым тыдні вас чакаюць прыемныя сустрэчы і зносіны з цікавымі людзьмі.

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?