Вы тут

Марына Любарская: Кнігі з КНР вучаць культуры, паводзінам, адданасці і даверу


Ці далёкі ад нас Кітай? Ці далёкія мы ад Кітая? Чым цікавы народ Кітая? Хто з'яўляецца летапісцам яго гісторыі? Чые імёны робяць гэту вялікую краіну больш блізкай, больш зразумелай? Назапасіўшы з дапамогай кніг кітайскіх аўтараў разважлівасць, глыбіню, індывідуальнасць, імкнучыся да чалавекалюбства, чытач зможа адчуць кітайскі каларыт поруч з сабой. Для гэтага ў яго ёсць «Шанец». Такую назву носіць кніжнае выдавецтва, якое ўжо зарэкамендавала сябе ў розных краінах. Працуе яго філіял і ў Мінску. «Звязда» задала шэраг пытанняў Марыне ЛЮБАРСКАЙ, дырэктару мінскага падраздзялення Міжнароднай выдавецкай групы «Шанец» (ТАА «Выдавецтва «Усходняя культура»), — і ўвогуле пра гэты знакавы праект, і аб тым, якія кнігі пра Кітай, кітайскую гісторыю і культуру ўбачаць свет у Беларусі ў найбліжэйшы час.


— Магчымасці нашых чытачоў разнастайныя. Група прадстаўлена шасцю асобнымі выдавецтвамі «Шанец» — кампаніямі, якія выдаюць кітайскую літаратуру, — расказвае Марына Любарская. — На тэрыторыі СНД працуюць прадстаўніцтвы ў Казахстане, Кыргызстане, Расіі, Беларусі, а таксама ёсць падраздзяленні ў Японіі і ў Кітаі. Гісторыя стварэння выдавецкай групы падкрэслівае любоў яе стваральніка да сваёй краіны і яго энтузіязм: самастойна ён рызыкнуў арганізаваць бізнес за межамі сваёй Радзімы. Заснавальнікам кампаніі спадаром Му Пінам рухае ідэя пазнаёміць з кітайскай літаратурай чытачоў за межамі Кітая. Першае выдавецтва было заснавана ў 2010 годзе ў Пекіне. Пасля наступіў час стварэння падраздзяленняў у Кыргызстане, Казахстане, Расіі, Беларусі і Японіі. У перспектыве чакаецца адкрыццё выдавецтваў групы «Шанец» ва Украіне і іншых краінах Еўропы. Як падкрэслівае спадар Му Пін, асноўная задача кампаніі — прасоўванне і папулярызацыя культурнай спадчыны Паднябеснай. Ужо больш за год існуе мінская структура, заснаваная ў кастрычніку 2019 года. Стварэнне і фарміраванне «Выдавецтва «Усходняя культура» і кнігарні «Шанец» супала з першай хваляй каранавіруса. І гэта, безумоўна, крыху стрымлівае многія ініцыятывы.

Супрацоўнікі «адшукваліся» ў першай палове года, калі дамінавалі невядомасць і прадчуванне небяспекі. Аднак неабходнасць наладжваць выдавецкі працэс, перакладаць, рэдагаваць, рыхтаваць кнігі да друку разам з тым адцягвала ўвагу ад пандэміі.

Кантакты з заснавальнікам — грамадзянінам КНР Му Пінам — з-за каранавіруса атрымаліся мінімальныя. Яго прыезд у Мінск па пытаннях арганізацыі нашага выдавецтва так і застаўся адзіным. Мой кароткі і таксама адзіны візіт у Маскву (там знаходзіцца галоўны офіс выдавецкай групы «Шанец») дапамог вызначыцца са стылем, характарам літаратуры і арганізацыйнымі пытаннямі. У сакавіку 2020 года заснавальнік паехаў у Токіа адкрываць новы філіял. У Японіі Му Пін з-за каранцінных абмежаванняў працуе і сёння — перамяшчацца з краіны ў краіну цяпер складана. «Электроннае ўзаемадзеянне» стала звычайнай магчымасцю для вызначэння планаў мінскага выдавецтва. Аднак складанасці толькі дадалі энергіі. З усёй адказнасцю падкрэслю, што наш унікальны калектыў сфарміраваны з высокіх прафесіяналаў сваёй справы — ён адзіны такі ў Беларусі. Разам сабраліся добрыя знаўцы, здольныя ацаніць кітайскую мову і літаратуру, эрудзіраваныя спецыялісты з выдатнай падрыхтоўкай.

— Вы, відаць, усе гаворыце на кітайскай мове?

— Не (усміхаецца). Пераклады ў нас ажыццяўляюць трое выдатных штатных кітаістаў: Марыя Булгак, Святлана Дзенісёнак і Кацярына Гардзей. З намі працуюць вопытны, лёгкі ў адносінах галоўны рэдактар Алена Таборава і два дасведчаныя рэдактары — Аляксей Багушэвіч і Сяргей Клюцкі. Мілая і працалюбівая карэктар Кацярына Казакова выдатна валодае беларускай і рускай мовамі. Дарэчы, гэта важкае дасягненне перакладчыкаў і рэдактараў: яны працуюць над кнігамі на дзвюх мовах. Кнігі паступаюць да нас з Пекіна, і мы не размяжоўваем, на якую мову патрэбна перакласці кітайскага аўтара. Сфарміравалася два звяны: «кітайска-беларускае» і «кітайска-рускае».

— Вы перакладаеце на беларускую мову непасрэдна, без «рускай» версіі?

— Так. Мы ўважліва вывучаем асаблівасці беларускай мовы. Раімся з экспертамі (прафесарскім складам Нацыянальнай акадэміі навук і вядучых ВНУ Беларусі). Па цікавых і складаных выпадках перакладчыцкай дзейнасці бачым, што наспела неабходнасць унесці дапаўненні ў існуючыя моўныя нормы, у прыватнасці у Закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», каб рабіць больш дакладныя пераклады, пазбягаючы розначытанняў.

Вернемся да складу супрацоўнікаў. Над дызайнам і вёрсткай кніг працуе сапраўдны творчы мысляр Надзея Лусцянкова. У штаце ёсць маркетолаг Вольга Шчурава — уважлівая, адказная. Яна арганізоўвае работу крамы, дзе гандлярамі працуюць абаяльныя і кантактныя Анастасія Кандакова і Маргарыта Мілінюк. Пытаннямі прэзентацыі кніг займаецца крэатыўная Анастасія Віткоўская. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў кампаніі — 31 год. Акрамя таго, мы пастаянна прыцягваем пазаштатных спецыялістаў. Наша выдавецтва «Шанец» дапоўнілася трэцім пазаштатным звяном — кітайска-ўкраінскім: мы займаемся перакладамі і рэдактурай, што пашырае аўдыторыю чытачоў. Я ўжо казала вышэй, што ў перспектыве — адкрыццё ўкраінскага філіяла «Шанца».

— Наколькі цікаўныя чытачы да плёну вашай працы?

— Кітайская культура для беларускага чытача — гэта абсалютна іншы свет: глыбокі і маладаследаваны. Асацыятыўна Кітай для нас — гэта Канфуцый, Лао-Цзы (часцей за ўсё, на вялікі жаль, як «імёны на слыху»), індустрыяльны «Вялікі камень», прыватныя кантакты праз AlіExpress. Са з'яўленнем нашых перакладчыкаў і дзякуючы выдадзеным на беларускай мове кнігам Кітай становіцца прыадчыненай скарбніцай, бо гісторыя і культура гэтай краіны без перабольшання самабытныя. Уласна кажучы, гэта і падкрэслівае нашу задачу — папулярызацыю кітайскай літаратуры.

— А якую канкрэтна літаратуру вы ўсё ж такі выдаяце? Ці ёсць пэўныя прыхільнасці да той ці іншай тэмы?

— Літаратура розная: ад дзіцячых кніг да філасофскіх разважанняў, ад гістарычных вышукаў да мініяцюрных эсэ пра жывапіс Кітая (які, дарэчы, у апошні час карыстаецца ўзрослай папулярнасцю — дзякуючы сваёй неардынарнай, нязвыклай стылістыцы). У Беларусі выклікаюць цікавасць не толькі пералічаныя вышэй тэмы, але і вучэбная літаратура. Мы не выдаём яе самі, а прывозім ад калег з Масквы. Паколькі супрацоўніцтва з Кітаем набірае абароты, у многіх ВНУ ёсць адпаведныя спецыяльнасці. Мы дапамагаем студэнтам вялікім наборам падручнікаў і дапаможных выданняў: пропісі, слоўнікі, дапаможнікі. Выдаём тое, што цяпер выклікае інтарэс: навукова-папулярныя кнігі — «Духоўныя асновы кітайскай культуры» Лоу Юйле, «15 лекцый па гісторыі Кітая» Джана Цсіджы. На днях выходзяць яшчэ дзве кнігі: «Кітайская эстэтыка XX стагоддзя» і «Гісторыі з вуснаў Сі Цзіньпіна». У рэалізацыі нашай літаратуры ёсць пэўныя складанасці. На жаль, з-за каранавіруса адменены многія мерапрыемствы, якія раней дапамагала арганізоўваць пасольства КНР: прэзентацыі, выстаўкі, лекцыі... Але ў нас і зараз акумулюецца вопыт, мы фарміруем чытацкую аўдыторыю. Наша кнігарня ў Мінску на Рэвалюцыйнай, 11 чуйна «ловіць» зацікаўленні чытачоў. Таму мяркуем: усё, што ні робіцца, — да лепшага. Упэўнена, што калі мы якраз асвоімся на беларускім рынку, адчыняцца і шырокафарматныя кніжныя мерапрыемствы. Дарэчы, 18—21 лютага 2021 года ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» (Мінск, праспект Пераможцаў, 14) будзе праходзіць XXVІІІ Мінская міжнародная выстаўка-кірмаш. Мы з'яўляемся яе ўдзельнікамі, разгортваем свой стэнд, аб'яднаны са стэндам Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Спадзяюся, што шмат хто з гасцей, наведвальнікаў выстаўкі завітае да нас. Таксама сёння мы прапануем кнігі і ў сваёй краме, і ў крамах «Белкнігі», і ў розных інтэрнэт-крамах. Заходзьце, набывайце, у нас сапраўды ёсць што пачытаць!

— І ўсё ж у чым асаблівасць работы вашай каманды?

— Калі гаварыць наогул пра праект, то ўсе выдавецтвы «Шанца» працуюць па адзінай сістэме. Вывучаецца рынак, улічваюцца інтарэсы нацыянальных аўдыторый. Да асаблівасцяў адносяцца багацце тэм, кірункаў, моў, шматграннасць попыту, партнёрства і ўзаемадзеяння: пры неабходнасці нам могуць дапамагчы і масквічы, і пекінцы, і казахі, і кыргызы. Вось з японцамі мы пакуль што яшчэ не пазнаёміліся, але, спадзяюся, што з часам гэта адбудзецца. Даволі цікава назіраць, як успрымаюць кітайскага аўтара перакладчыкі аднаго і таго ж тэксту, напрыклад, на беларускую і ўкраінскую мовы. Адценні думак, ідэй аўтараў «шліфуюцца» некалькімі спецыялістамі. Такім чынам з'яўляюцца «цікавінкі» тонкага ўспрымання, а мы з задавальненнем перадаём гэтыя тонкасці нашым чытачам!

Самае цікавае ў нашай рабоце — гэта штодзённы сінтэз кітайскай і еўрапейскай выдавецкіх культур. Паколькі мы выдаём кнігі на беларускай, рускай, украінскай мовах, важна, каб яны захоўвалі бачны вобраз тысячагадовай гісторыі Кітая, неслі ў сабе культурную спадчыну краіны не толькі ў тэксце, але і ў падборы ілюстрацый, дызайне, шрыфтах. Патрэбна знайсці тонкі баланс паміж выразнай інфарматыўнасцю і ўражальнай нагляднасцю макета ўвогуле.

Прыемна, што кнігі, якія мы выдалі на беларускай мове, паўтаруся, перакладзены непасрэдна з кітайскай, мінаючы рускую мову. Перакладчыкі «Усходняй культуры» дэманструюць не толькі выдатнае валоданне кітайскай мовай, але і глыбокія веды ў філасофіі, гісторыі, культуры, фальклоры, побыце Кітая і многім іншым. Задача наступнага звяна — рэдактараў выдавецтва — не проста выверыць правільнасць і дакладнасць тэксту, але і данесці да чытачоў закладзены кітайскім аўтарам сэнс, перадаць яго настрой і стаўленне да выкладзенага ў кнізе, а галоўнае — не страціць «кітайскі дух» аповеда.

Мы спрабуем наладзіць работу так, каб да кніг і падручнікаў, да асаблівасцяў кітайскай гісторыі ў беларускіх чытачоў сфарміравалася шчырая і натуральная зацікаўленасць. Імкнёмся зрабіць гібкім і зручным працэс рэалізацыі літаратуры. Спадзяёмся, што зможам убачыцца з чытачом на многіх імпрэзах, прэзентацыях, выстаўках у 2021 годзе. Гэта дазволіць адчуць глыбіню і перспектывы супрацоўніцтва народаў нашых краін — Беларусі і Кітая!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...