Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Стаць настаўнікам проста, а вось быць ім...

Прафесія педагога заўсёды лічылася адной з самых паважаных.

А зрэшты, чаму гэта лічылася? Такой — на мой погляд — яна застаецца і сёння.

Аб гэтым я ведаю не па чутках: сам амаль 20 гадоў працую настаўнікам пачатковых класаў, маю вышэйшую адукацыю і катэгорыю, пастаянна кантактую з дзецьмі, асобныя з якіх у дарослым жыцці таксама хацелі б стаць педагогамі.

Вось тут ёсць адзін цікавы момант: стаць (тым жа настаўнікам) і быць ім — гэта, мякка кажучы, зусім не адно і тое ж. Ну сапраўды: юнак альбо дзяўчына скончылі школу, набралі пэўную колькасць балаў на ЦТ у педагагічны ўніверсітэт ці каледж, адвучыліся там і як быццам усё — могуць ісці ў школу, выкладаць пэўныя прадметы. Аднак многія з маіх знаёмых, атрымаўшы дыпломы, альбо не захацелі, альбо не змаглі працаваць па спецыяльнасці.

Не буду зараз пісаць, чаму: у кожнага свае прычыны і довады...

На мой погляд, у тых, хто выбірае для сябе прафесію настаўніка, павінны быць, па-першае, шчырыя любоў і павага да дзяцей з усімі іх вартасцямі і заганамі (няшчырасць, як той казаў, тут не пракоціць, бо дзеці вельмі тонка ўсё адчуваюць), па-другое — жаданне і ўменне перадаваць свае веды...

Нерытарычнае пытанне: што атрымліваць узамен?

Для мяне і найперш — гэта велізарны аб'ём станоўчых эмоцый, бо, аддаючы дзецям сваю любоў, у адказ атрымліваеш іхнюю. Да таго ж зносіны з падрастаючым пакаленнем — гэта крыніца маладосці і аптымізму, гэта пастаянны пошук і магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці... Гэта, урэшце, не столькі праца, колькі лад жыцця.

Прафесію настаўніка (ды яшчэ пачатковых класаў) асобныя лічаць выключна жаночай. Амаль 20 гадоў я стараюся разбурыць гэты стэрэатып, даказаць, што мужчына ў школе — гэта нармальна, а ў малодшых класах, дык, магчыма, і досыць добра...

Тут жа паўстае заканамернае пытанне пра заробак, працягласць адпачынку...

Для мяне гэта не самыя галоўныя крытэрыі (галоўнае, па-мойму, любіць сваю справу, інакш яна ніколі не будзе прыносіць задавальнення), але ж...

Адпачынак у настаўніка — 55—60 каляндарных дзён (гэта — у залежнасці ад кантракта). З заробкамі трохі складаней, бо яны залежаць ад нагрузкі (колькасці гадзін у тыдзень), ад катэгорыі, прэміі, матэрыяльнай дапамогі, стажу работы... Так што настаўнік ніколі не зможа дакладна адказаць на пытанне, якая ў яго зарплата. Я звычайна кажу, што яна прыстойная, вядома ж, пры старанні і наяўнасці высокіх паказчыкаў. Мне, напрыклад, даводзілася браць удзел у раённым конкурсе «Настаўнік года», праводзіць адкрытыя ўрокі і мерапрыемствы для маладых калег...

Помню, адна з маіх вучаніц усе школьныя гады марыла стаць настаўніцай беларускай мовы. Аднак, атрымаўшы атэстат, разгубілася і ледзь не спасавала. Ва ўсякім разе пры сустрэчы сказала мне, што гэтая праца ўсё ж вельмі адказная, што яна не з лёгкіх, дык можа і сапраўды, спытала, выбраць нешта прасцейшае?

Я тады адказаў, што такія прафесіі, напэўна ж, ёсць, што іх, магчыма, нават многа: няцяжка выбраць і атрымаць. Аднак людзям творчым ці нават амбіцыйным у іх нецікава і вельмі цесна. Гэты шлях не для іх.

Як даведаўся праз нейкі час, я тады размаўляў са... сваёй будучай каляжанкай, цудоўным педагогам, якога вельмі любяць дзеці.

Анатоль Аскірка, г. Быхаў.


Мы малявалі дарогу праз лес...

Даўно гэта было, але ж помніцца.

У нас урок малявання. У клас заходзіць настаўніца, кладзе на стол вялікі ружовы яблык і кажа, што яго трэба... маляваць.

Толькі што скончылася вайна. У чэргах па хлеб людзі стаялі з чатырох гадзін раніцы. У школе не было ніякіх сталовых-буфетаў.

Але быў яблык! Сапраўдны... Ну ці ж не цуд!.. Дык навошта яго маляваць? Лепей з'есці! Хай па маленькім скрылічку, але хутчэй!

Ва ўсе вочы я глядзела на той яблык і глытала слінкі — маляваць не магла. Я атрымала двойку і разлюбіла настаўніцу. Назусім.

Гэта было ў чацвёртым класе, а ў пятым да нас прыйшоў новы настаўнік малявання Іван Мацвеевіч. Ён быў даўгавязы, нешматслоўны і для пачатку папрасіў, каб мы намалявалі... што-небудзь, што ўмеем.

Мы, высунуўшы языкі, увесь урок стараліся, Іван Мацвеевіч назіраў, нешта некаму тлумачыў. А на наступным уроку падышоў да дошкі і сказаў: «Так, сябры мае, сёння я пакажу вам, як маляваць карціну. Яна будзе называцца «Дарога ў лес».

Пасля гэтага Іван Мацвеевіч падышоў да дошкі і на ёй стаў крэйдай ставіць кропкі, потым злучаць іх.

Мы рабілі тое ж самае, толькі алоўкамі на сваіх лістах паперы і бачылі, як з'яўляецца цуд: дарога, якая ідзе ў лес. (Лапкі дрэў, што стаялі паабапал, мы дамалёўвалі потым: настаўнік тлумачыў, як гэта трэба рабіць.)

У канцы ўрока Іван Мацвеевіч папрасіў нас падняць малюнкі і паказаць яму. Затым сабраў работы і большасці вучняў паставіў «выдатна».

А яшчэ ён сказаў: «Сябры мае, толькі што вы намалявалі дарогу, кожны — сваю. Чаму праз лес? Таму што ён — гэта перашкоды, якія непазбежна будуць. Але ж помніце: смелыя і моцныя з лесу выходзяць заўсёды. Трэба толькі ісці, як бы цяжка вам ні было».

Гэтыя словы я помню ўсё жыццё. Крылатае «Дорогу осилит идущий» прыйшло нашмат пазней...

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.


Зямлячка Гандзя

...Гэту невысокую, па-мужчынску шыракаватую ў плячах жанчыну я ніколі не бачыў у нечым святочным. Магчыма, таму што свят — ці проста выхадных — у яе не было: Гандзя адна працавала на цялятніку: паіла, карміла, падсцілала малых бычкоў ды цялушачак, касіла для іх маладзенькую траўку, збірала зёлкі, лячыла...

Там жа, у кутку цялятніка, яна трымала сваю карову, а сама жыла ў былым панскім бараку, які чамусьці называлі чвараком. Кватэру ёй далі пазней, калі і іншым спецыялістам саўгаса, у новым 12-кватэрным доме. Але на абед туды Гандзя не хадзіла, шкадавала часу: абыходзілася хлебам з малаком...

Мы жылі паблізу і, купіўшы новы халадзільнік, помню, думалі, куды б гэта дзець стары? Прапанавалі Гандзі — задарма. І адразу ж удвух з суседам прынеслі яго ў кватэру, уключылі.

— Божачкі, а чым жа аддзячыць? — забедавала жанчына і тут жа «здагадалася». — О-о! У мяне ж карова ёсць. Лішкі малака я не здаю — выліваю цяляткам. Дык цяпер буду прыносіць вам. Свежанькае, тлусценькае...

З той пары і пачалося: на табурэце каля дзвярэй праз дзень стаў з'яўляцца трохлітровік малака. Поўны слоік я забіраў, пакідаў пусты.

Такім чынам два гады мы пілі і елі свежае малако, збіралі смятану, рабілі тварог. Грошы з нас Гандзя не брала — хіба нешта з адзення...

Потым мы перабраліся ў горад і бачыцца з ёй перасталі. Аднак у памяці яна і да сёння — зямлячка Гандзя, цудоўны просты чалавек.

І. Пяшко, г. Шчучын


Затое ў нас з'явіўся яшчэ адзін «трактар»

...Калі вы збіраецеся завесці катка, то намер ваш добры, гуманны і, магчыма, нават выгадны, бо ў сельскай мясцовасці ці ўласным доме ў горадзе для гадаванца знойдзецца справа — паляваць на мышэй. Але ж гэта потым...

Першае, што вам прыйдзецца зрабіць, — паказаць малому месца, дзе павінен стаяць латок з напаўняльнікам, і загадзя змірыцца з тым, што гадаванец будзе памыляцца. Яго памылкі будуць проста лезці ў вочы і побач з латком (што добра яшчэ), і паводдаль: напрыклад, на вашым любімым крэсле ці ложку.

Наступная задача — вызначыць месца для сну і адпачынку... Хоць зноў жа не факт, што сярод ночы, засумаваўшы, наваселец не будзе прыходзіць да вас са сваімі пяшчотамі-пацалункамі.

Узнікне і праблема з мыццём, бо ў поўсці вашага катка можа аказацца шмат маленькіх чорненькіх «насельнікаў», якіх прыйдзецца «вымываць» спецыяльным шампунем. Вашаму гадаванцу гэта, вядома ж, не спадабаецца. Ён будзе нема раўці і драпаць вас усімі сваімі кіпцюрамі...

Паразіты могуць жыць і ў страўніку вашага катка...

Вы справіліся — адолелі гэтыя цяжкасці? Ваш малы расце, набіраецца моцы і ўжо спрабуе ўчапіцца ў калашыну і па ёй залезці на спіну?

Тады ведайце, што не менш спрытна ён можа сігануць на шафу, у шафу ці пад яе, «навесці парадак» на ўсіх адкрытых паліцах і нават у... хлебніцы, якую вы забыліся закрыць. А яшчэ — матнуцца на карніз, «пагуляць-пагушкацца» на гардзінах. Яны, канапа ды ножкі стала, каб вастрыць кіпцюры — вось тыя месцы, дзе каток адыграецца напоўніцу...

Куды не залезе? У нашага — з недасяжных (ва ўсякім разе, пакуль) засталіся толькі столь і люстра. Усё астатняе, здаецца, не перашкода.

І таму зачыняючы дзверы, будзьце ўважлівыя, каб не прышчаміць гадаванца, які не паспеў праскочыць за вамі, бойцеся пакінуць яго ў кладоўцы ці недзе яшчэ, каб потым не шукаць.

...Гэта, вядома ж, далёка не ўсе складанасці ўтрымання жывёліны. Будуць іншыя — ветэрынарныя, псіхалагічныя, эстэтычныя. Вы гатовы іх вытрымаць? Падумайце, узважце.

Мы з жонкай гэта зрабілі, праз многае прайшлі, і цяпер у нас з'явіўся яшчэ адзін «трактар». Слухаем, як соладка ды ўдзячна гэты басяк муркоча, і ўжо, здаецца, не помнім, пра цяжкасці яго выхавання.

Аляксандр Матошка, Расонскі раён


Следам за дзедам

Сёння дзеці снедаюць не адны, а разам з дзядулем. Есці, відавочна, яшчэ не хочуць: круцяць насамі, як той казаў, выбіраюць нешта смачнейшае.

— Так... А чаму гэта вараныя яйкі па талерцы качаюцца? — строга пытае дзед.

— Бо яны круглыя, — разумна зазначае самы малы.

— А давайце мы іх паставім — носікамі ўверх...

— Як гэта? Яны ж пакоцяцца, — не разумеюць дзеці.

— А вось так, — кажа дзед, бярэ яйка, тупым канцом ставіць на сваю талерку і злёгку націскае.

Хлопцам даспадобы гэты фокус. Яго тут жа пачынаюць паўтараць.

— А зараз солькай пасыпалі — і ў рот, — камандуе дзядуля.

Весела з ім снедаць.

Вольга Федзяшына, г. Слуцк


Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».