Вы тут

Зніч на калядным стале


Зніч на калядным стале

Часам, каб выдаць важную кнігу, ад яе спачатку трэба адмовіцца. Адмовіцца, каб дэбютнай стала іншая — непатрабавальная да афармлення, самадастатковая, здольная пастаяць за сябе адным сваім зместам. І цвёрда ведаць, што тая, першая, усё роўна з’явіцца на свет — у свой час. Калі прыйдзе разуменне, што кніга нарэшце такая, як трэба. У пераплёце. З каляровымі ілюстрацыямі. У якасным паліграфічным выкананні. Калі стане відавочна, што якраз такою яна і павінна была нарадзіцца... Яна — гэта кніга Зараславы Камінскай «Калядны стол».

Камінская, З. Калядны стол. Некулінарная кніга : апавяданні / Зараслава Камінская. — Мінск : Галіяфы, 2019. — 76 с.

Патрабуецца пэўная мужнасць, каб напісаць кнігу пра сваю сям’ю. Асабліва калі гэта ўсяго толькі другая кніга аўтара-пачаткоўца. Асабліва калі першая кніга атрымала прэмію «Дэбют». Але ж выкласці на паперы ўласныя пачуцці і эмоцыі — найлепшы шлях, каб дацягнуцца да чытача, які знаходзіцца далёка-далёка, і праз гэтую адлегласць заключыць яго ва ўтульныя абдымкі.
Распавесці ў невялічкіх апавяданнях, як гэта каштоўна — мець сям’ю, з якою можна збіраць парэчкі, варыць боршч, пячы пірог ці велікодны куліч.
Падказаць, што святы для таго і існуюць, каб сваякі селі за стол разам і ўспомнілі ўсё, што было, і ўсіх, хто сышоў.
Нагадаць, што час няспынны, бязлітасны і што ў манеткі-лёсу, на адным боку якой адціснутыя сям’я, шчасце, жыццё, абавязкова маецца рэверс, дзе пануюць адзінота, журба, смерць. І пакуль манетка круціцца на рабры, не абраўшы ніякі бок, самы час прыпыніцца, азірнуцца і спытаць сябе: «Ці сапраўды я такі ўжо няшчасны чалавек? Можа, зусім побач нешта істотнае? Можа, яно маскіруецца пад якую надакучлівую банальнасць?..»
Ляціць аповед на мяккіх птушыных крылах над чалавечымі жыццямі. Ляціць, ляціць — ды раптам правальваецца ў паветраную яму: крылы падсечаны страшнай думкай. Падае, але выпраўляецца і ляціць сабе далей.
Іх шмат, думак. Як і тых, хто назаўсёды застаўся ззаду. А рухацца трэба.
Даўжэй за ўсё падала цыбуліна з аднайменнага апавядання. Ад першага да апошняга слова — падзенне ў бездань. Бездань чорную, як бацькоўскае паліто, і самотную, як тая цыбуліна, у кішэні прывезеная дачцэ за трыста кіламетраў. Але і без паліто павінны ўздымацца крылы, інакш не данесці падарунак уласнаму дзіцяці. У будучыні.
Яшчэ на прэзентацыі я зразумела, што кнігу чытаць варта — абавязкова. Ведаеце, калі зразумела? Калі гучала апавяданне «Санкі».
Я слухаю, слухаю... і ўсведамляю, што вусны непрыкметна, самі па сабе расцягваюцца ў дурнаватай усмешцы, якую ну няма куды падзець — так і прарываецца! Я і цяпер думаю, што гэтае апавяданне больш магічна слухаць, чым чытаць. І не дзіва: у ім задзейнічаны ўсе органы пачуццяў...
Здаецца невыпадковым, што пасля прэміі «Дэбют» за кнігу «Русалкі клічуць» аўтарку знайшлі і прэмія Цёткі, і III месца прэміі Гедройца — за «Калядны стол». У гэтым зборніку дастаткова атмасферных апавяданняў, каб дапамагчы выцягнуць са свядомасці даўнія ўспаміны і навучыць захоўваць новыя. Калі цёмнай халоднай раніцай вам няма дзе назапасіць цеплыні на доўгі-доўгі дзень, проста вазьміце ў рукі гэтую кнігу — і ў грудзях запаліцца трапяткі агеньчык, які суцішыць думкі, сагрэе, верне на вусны ўсмешку.
Цеплыні і святла на гэтых старонках хопіць кожнаму.

P.  S. У каментарыях да апублікаванай на TUT.BY рэцэнзіі Ганны Кісліцынай разгарэлася міні-дыскусія аб тым, навошта вясковай бабулі чысціць бульбу так, «каб ачысткі былі тоненькія, як папера». Прыхільнікі гэтага метаду скарысталі такі аргумент, як паважлівае стаўленне да ежы і едакоў, праціўнікі ж давялі, што лушпінне ў любым выпадку пойдзе на корм хатнім жывёлам, а з улікам пасрэднай якасці бульбы застаецца толькі зразаць пабольш. Будзем спадзявацца, хоць хто-небудзь са спрачальнікаў адправіўся шукаць адказ у кніжцы. Усё прасцей, нашмат прасцей: жанчыне трэ было накарміць двух сыноў адной бульбінай...

P. P. S. Калі падчас чытання кагосьці зацікавіць пабудова твора «Апавяданні над парай», можаце пашукаць кнігу «Сказки для горчичников» (Веркор). Дзеці-беларусы і дзеці-французы хварэюць абсалютна ад-ноль-ка-ва! Мабыць, малыя ўсіх нацыянальнасцей любяць, калі непрыемныя працэдуры суправаджаюцца казкамі. Было б здорава пачытаць яшчэ чый-небудзь варыянт...

Дар’я ЗНАЧОНАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».