Вы тут

Яна Нікіфарава. Стэнаграмы ўнутраных размоў


Напэўна, усе, хто пачынае пісаць вершы ў сямнаццаць гадоў, свядома ці падсвядома выкарыстоўваюць тэксты як прастору для самадаследавання, шлях да самаразумення і ўсталявання самагармоніі. Але каб прызнацца ў гэтым сабе і тым больш адкрыта заявіць чытачам, трэба мець значны ўзровень смеласці, самаўпэўненасці і шчырасці.


Янка Каліноўскі, па сведчаннях відавочцаў, адзін з любімых паэтаў-ліцэістаў БДУ, які запамінаецца змрочнай і максімалісцкай эстэтыкай і незлічонымі згадкамі гурта Joy Division. Кніга, выдадзеная аўтарам у 2020 годзе («Галіяфы»), «зрывае маскі», паказваючы калі не сапраўдны твар (пандэмія — выконвайце масачны рэжым), то прынамсі сапраўднае імя творцы. Яна Нікіфарава адкрыта рэфлексуе, пачынаючы ўжо з вокладкі, назва на якой — «Пяць стадый прыняцця Яны Н.». На першай старонцы пазначана прысвячэнне — Янку Каліноўскаму. Таму непазбежна ўзнікае падазрэнне: у кнізе пісьменніца развітваецца са сваім гульнявым іміджам і ступае на шлях таго, каб «быць, а не здавацца». Насамрэч пазбаўленне ад юнацкага псеўданіма можа быць вельмі важным этапам, чымсьці кшталту ініцыяцыі для маладога творцы. Ідэя зрабіць з гэтага працэсу кнігу вельмі захапляльная.

Адмаўленне. Згубленасць. Тут чытача сустракае стары-добры Янка Каліноўскі з тым, што аўтарка крыху пазней з нейкай іроніяй абазначыць як «эстэтыку дэкадансу». Цыгарэты і таннае піва, універсам «Цэнтральны», дэпрэсіўная музыка, асалода ад уласнай згубленасці ў жыцці... Аўтарка ўкладае ўсю моц юнацкага максімалізму і  ў тыповыя формулы накшталт «бясконцага лета» і «абдымкаў з цыгарэткавым пахам», і ў элегантнае жангліраванне святым і побытавым: «Універсам “Цэнтральны” запрашае на Тайную Вячэру».

Рубленыя, урывачныя радкі і рыфмы, якія ўзнікаюць абсалютна нечакана, быццам выпадкова, адпавядаюць эстэтыцы.

Злосць. Разбітасць. Оптыкай для апісання гэтай стадыі аўтарка выбірае самазнішчэнне. Тут яна размаўляе пра яго вельмі канкрэтна і разнастайна: ніколі не спаць, узяць на сябе ўвесь боль, ісці па разбітым шкле, зрывацца на крык — вершы вельмі дынамічныя, фіксуюць моманты моцных і вялікіх выбухаў энергіі. Але іх зноў хочацца назваць максімалісцкімі. Тут першы і далёка не апошні раз чытач зноў натыкаецца на ўлюбёны аўтаркай Joy Division і ўпершыню бачыць слова «каханне». Гэты верш — «Самазнішчэнне як вечаровае хобі» — насамрэч вельмі важны і шматзначны ў кантэксце кнігі. Без яго можна было б прачытаць радкі «...пакінь куток для майго кахання — твае самазнішчэнне і катаванне забіваюць м я н е» як сапраўды прысвячэнне каханаму чалавеку. Але ўлічваючы «пераходныя» матывы кнігі, здаецца, што гэта размова са сваім альтэр эга, спроба выйсці з межаў «эстэтыкі дэкадансу», знайсці паразуменне з сабой. Тут жа, у частцы «Злосць», нечакана ўзнікае верш пра беларускую мову.

«Мова! Як сонца маё беларускае…»

а ў рэшце рэшт

колькасць ясных дзён у Беларусі

складае дваццаць пяць або трыццаць на год.

У вершах тут неаднойчы паўтораны матывы слепаты, сну, болю і катаванняў  — быццам розныя спосабы пераадолець злосць. І тут жа становіцца зразумела, што кніга не будзе цалкам прысвечана самарэфлексіям.

Гандаль. Абмен. Сама будова тэкстаў адпавядае назве. Нешта ўвесь час замяняецца на супрацьлеглае — боль, каб схаваць усе астатнія пачуцці: слабасць і пяшчота замест моцы і жорсткасці, каханне замест гонару, «я цярпець не магу паэзію/я бясконца люблю паэзію». Частка пачынаецца тэкстам пра тое, што «боль — найвышэйшая ступень дасканаласці», і імкненнем ачысціць боль ад усіх астатніх непатрэбных пачуццяў. Апошні верш — паэзія літаральна запаўняе сабой кожнае адчуванне ў жыцці. Хочацца ўспрыняць гэтую кампазіцыйна ўтвораную дыхатамію як шлях ад аднаго спосабу перажывання да іншага. Самазнішчэнне, якім была напоўнена частка «Злосць», тут пераходзіць у менш траўматычныя практыкі. Магчыма, у гераіні атрымалася дамовіцца?

Дэпрэсія. Адзінота. Сувязі паміж часткамі ўсталёўваюцца адразу. Папярэдняя заканчвалася паэзіяй, якая запаўняе прастору, гэтая пачынаецца поглядам на сябе звонку і асэнсаваннем страты ўласнага голасу.

мне кажуць не закідваць вершы,

а я сяджу, сумна ўсміхаюся і думаю:

а я іх даўно закінула;

за кніжкі Брэдбэры, По і Лаўкрафта,

 за кружэлкі Джой Дзівіжн і ГрОба,

я пасялілася ў змрочных постпанкаўскіх вобразах;

вочы замазала гатычнай падводкаю,

шыю задушыла скураным ашыйнікам,

вусны замоўклі пад цёмнай памадаю,

за мяне даўно кажуць Кёртыс, Мёрфі, Сміт ды Морысі,

я забыла, як гучыць мой голас.           

Расставанне ў кнігах, музыцы, у тым, што ты выкарыстоўваеш, каб хавацца і  бегчы ад рэчаіснасці, перафарбоўвае ў  свае колеры і адбірае першапачатковы. Гераіня глядзіць на навакольны свет і не бачыць нічога знаёмага, блізкага, адзінота вяртае да музыкі і кніг. Дэпрэсія  — сапраўды замкнёнае кола, і не ў кожнага ёсць магчымасць зафіксаваць яе развіццё ў вершах.

Прыняцце. Сонца. Навокал становіцца святлей, і цяпер можна разгледзець і горад, і людзей, і шнары на сваіх руках. Адзін з вершаў гучыць як паўіранічная замова на паспяховасць новага шансу, дадзенага жыццю.

І сляза па шчацэ не пакоціцца,

і ўсмешка на твары

з’явіцца,

І пад рукавом шнары

не прытояцца,      

і колькасць іх на запясці

не зменіцца,

і да жанру «шчасце»

паэты звернуцца,

паблажліва ўсміхнуўшыся

«эстэтыцы дэкадансу»;

Пасля яго вершы насамрэч адкрываюцца шчасцю, каханню, цікавасці, вострае адчуванне адасобленасці згладжваецца. І, здавалася б, працэс завершаны. Але перадапошні верш, пачаты ледзь не з пастаральнай карціны, заканчваецца пажарам, а апошнім тэкстам у зборніку стаіць «i’m Jim Morrison and i’m dead». Такое кампазіцыйнае рашэнне ўскладняе ўражанні ад зборніка. Як гэта счытаць: працэс прыняцця сарваўся? Або апошні тэкст — канчатковае развітанне з Янкам Каліноўскім?

Увесь зборнік праз выбар кампазіцыі непазбежна чытаецца як адна працяглая гісторыя, разбітая на ступені. Але канчатковы вынік працэсу, што разгортваўся ў «Пяці стадыях прыняцця Яны  Н.», мы дакладна ўбачым толькі па наступных працах аўтаркі. Нягледзячы на імя на вокладцы, у гэтай кнізе было яшчэ вельмі шмат Янкі Каліноўскага і да канца не зразумела: ці знікне ён, ці трансфармуецца ў нешта, ці стануць вершы Яны Нікіфаравай непадобнымі да тэкстаў Янкі Каліноўскага? Тым больш прычын чакаць наступнай кнігі.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.