Вы тут

Быць да краю шчырым


Многія гледачы, наведваючы тую ці іншую выстаўку, чакаюць убачыць нешта супрацьлеглае традыцыйнаму мастацтву, нефармальнае і  нават звышнатуральнае, напрыклад, для сучаснага жывапісу. У гэтым жаданні здзівіцца і чым-небудзь захапіцца аматары мастацтва забываюць, што ці не самае складанае для творцы  — сказаць штосьці новае ў рэалістычным жанры, не паўтарыцца і ў той жа час не схлусіць самому сабе. Шмат у чым гэта тычыцца пейзажа, жанру выяўленчага мастацтва, да якога ў  той ці іншы перыяд звяртаўся ледзь не кожны мастак і які зараз лічыцца многімі ўстарэлым, цьмяным і несамавітым. Пагадзіцца ці паспрачацца з гэтым запрашае выстаўка «Сучасны беларускі пейзаж», што працуе зараз у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў


Міхаіл Крот «Зіма на ваколіцы», 2019 г

Праект прадстаўляе работы сямі мастакоў, змешчаныя ў дзвюх залах, — Віталя Гуназы, Антона Вырвы, Міхаіла Крата, Уладзіслава Пятручыка, Васіля Пешкуна, Рамана Коршунава і Васіля Чатнеўцава. Кожны аўтар па-свойму адметны дзякуючы непаўторнаму почырку і характэрнаму стылю. Гледзячы на іх работы, нельга не пагадзіцца, што пейзаж як кірунак застаецца даволі актуальны, здольны хваляваць сучаснікаў, гледачоў, мастацтвазнаўцаў і  ў той самы час заставацца запатрабаваным, бо ўсё ж гэта не проста аб’ектыўнае адлюстраванне нейкай мясцовасці, а магчымасць убачыць пэўную прастору вачыма аўтара, зразумець, якія эмоцыі ён адчуў. Між тым арганізатары падкрэсліваюць: мастакі, творы якіх сабраны ў  экспазіцыю, малююць на пленэрах, іх бачанне свету асаблівае і праўдзівае.

Нягледзячы на тое, што беларуская жывапісная школа адрозніваецца далікатным падыходам да працы з фарбамі і танальнымі пераходамі, прыглушаным святлом, маладыя аўтары, безумоўна, эксперыментуюць з сакавітасцю і каларытам. У гэтым сэнсе вылучаюцца работы ўраджэнца Гомеля Васіля Пешкуна, створаныя летась (прыкмета працавітасці мастака). Насычанасць, кантраст колеравых супастаўленняў, канцэнтрацыя на дэталях, гульня з фарбамі — тое, што характарызуе яго творы, прадстаўленыя на выстаўцы. А гэта гарадскі і вясковы пейзаж. Работы жывыя і экспрэсіўныя, і відаць, што мастак нават у шэрай будзённасці імкнецца знайсці святочную яркасць, вытанчаную прыгажосць. Многія адзначаюць: палотны жывапісца вылучаюцца жыццесцвярджальным поглядам на свет. Гэта адчуваецца і ў такіх творах, як, напрыклад, «Вячэрнія пасядзелкі» ці «На абед». На першай адлюстраваны маляўнічы куток — даволі вузкі ўнутраны двор, які, здаецца, не так часта сустрэнеш у Беларусі: невялічкія вокны, ужо даволі рэдкія антэны з мноствам правадоў і спутнікавая талерка, вузенькая арка, бялізна на вяроўцы, што ідзе з акна, рознага памеру коміны, утульны паддашак і стары балкон… І двое на лаўцы, незаўважныя ў вечаровым цені. На другой выяве — сярэдзіна восеньскага дня: неасфальтаваная дарога ў вёсцы, каля адной са звычаных вясковах хат стаіць бабуля, побач грабуцца куры. Але ў цэнтры твора — грузавік. Сама назва карціны нагадвае: карміцель вялікай або не вельмі вялікай сям’і прыехаў дамоў на абед. Магчыма, у гарачую пару ён бы не паспеў заехаць дахаты і хутчэй за ўсё яго абед прайшоў бы недзе ў полі, але восенню час дазваляе крыху адпачыць з роднымі. Вылучаецца сярод іншых зімовы пейзаж пад назвай «Стары двор», больш светлы і, трэба сказаць, з-за гэтага ў ім аўтар больш пазнавальны.

Збольшага на выстаўцы прадстаўлены прыродны ці вясковы пейзаж, а гарадскі сустракаецца нашмат радзей. Як тлумачыць куратар выстаўкі Міхаіл Мірошнікаў, прырода — увасабленне прыгажосці. Гэта чысты і незабруджаны цывілізацыяй тып пейзажа. Пацвярджаюць гэтую думку не ў апошнюю чаргу работы Уладзіслава Пятручыка з  Мінска, які прадставіў на выстаўцы даволі непадобныя адзін да аднаго творы. Карціны з экспазіцыі выглядаюць як планы звычайнага асяроддзя са шматлікімі лясамі ды азёрамі, дзе наводдаль — храм ці беларуская хата, прыкмета існавання чалавека. Творы напоўнены святлом і адметнымі колерамі, на якія багатая беларуская прырода.

 Самы малады ўдзельнік выстаўкі — 29-гадовы Васіль Чатнеўцаў. Ён яшчэ мала даследаваў Беларусь, піша ў Мінску ці на радзіме, у Касцюковічах. У адрозненне ад папярэдніх аўтараў, яго творы вылучаюцца спакойнымі фарбамі, мяккімі пераходамі і  роўным няяркім святлом. На палотнах, як правіла,  — вясна і лета, для якіх характэрныя не толькі сонечныя дні, але і шэрае надвор’е. «Нават у шэрай гаме, якая цяпер на вуліцы, таксама штосьці ёсць, нейкая прыемная танальнасць»,  — прыкмеціў Васіль Чатнеўцаў. Так, напрыклад, змрок адлюстраваны ў такіх работах, як «Жыта» (2020) і «Адпачынак» (2019). На апошняй  — рэдкі для мастака рух, але і ён нібы пацвярджэнне ўнутранага спакою творцы. А вяршэнства чыстай прыроды і амаль поўная адсутнасць людзей падкрэсліваюць: творца знаходзіць натхненне далёка ад даброт цывілізацыі.

Да кірунку імпрэсіянізму ўмоўна можна аднесці работы яшчэ аднаго ўраджэнца Магілёўшчыны (горад Крычаў) Рамана Коршунава. Працуючы ў станковым жывапісе, пераважна ў жанры пейзажа і  нацюрморта, мастак заўважае, што найлепшыя яго творы прысвечаны роднаму краю. Прырода для майстра стала галоўным спадарожнікам творчасці. Ён бачыць прыгожае ў простых матывах і  рэчах, і менавіта ў гэтым асаблівасць яго работ. У экспазіцыі прадстаўлены яркія і ў той жа час ціхамірныя ў сваёй непарушнасці краявіды: «Лютаўская шэрань» (2020), «Восеньскі дзень» (2020), «Сярэбраны вечар» (2017), «Мой двор» (2019) і іншыя. Акцэнт зроблены на каларыце, тонкіх нюансах.

Антон Вырва «Пейзаж з лодкай», 2016 г.

Родам з Крычава яшчэ адзін пейзажыст — Антон Вырва, які натхняецца чыстай прыродай і часта працуе на малой радзіме. Адны з найцікавейшых работ гэтага аўтара — «Вясновая вада. Сож» (2018) і «Подых зімы» (2020), змешчаныя на выстаўцы побач. Творы вельмі адрозніваюцца па кампазіцыі, колерах, святле, але ёсць адна агульная прыкмета — дакладная перадача настрою, які нязменна суправаджае надыход вясны ці зімы (гэтыя паравіны года Быць да краю шчырым Многія гледачы, наведваючы тую ці іншую выстаўку, чакаюць убачыць нешта супрацьлеглае традыцыйнаму мастацтву, нефармальнае і  нават звышнатуральнае, напрыклад, для сучаснага жывапісу. У гэтым жаданні здзівіцца і чым-небудзь захапіцца аматары мастацтва забываюць, што ці не самае складанае для творцы  — сказаць штосьці новае ў рэалістычным жанры, не паўтарыцца і ў той жа час не схлусіць самому сабе. Шмат у чым гэта тычыцца пейзажа, жанру выяўленчага мастацтва, да якога ў  той ці іншы перыяд звяртаўся ледзь не кожны мастак і які зараз лічыцца многімі ўстарэлым, цьмяным і несамавітым. Пагадзіцца ці паспрачацца з гэтым запрашае выстаўка «Сучасны беларускі пейзаж», што працуе зараз у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. мастак любіць асабліва). Увогуле ж у Антона Вырвы атрымалася стварыць своеасаблівую падборку родных мясцін. Як беларускі мастак ён імкнецца паказаць сваю краіну прыгожай. «Быццам і пішаш адно і тое ж, але заўсёды знаходзіш нешта новае, — заўважае Антон Вырва. — Пейзаж вельмі шматгранны: ад простых краявідаў да філасофскіх выказванняў... Каб займацца гэтым відам мастацтва і штосьці ў ім адкрыць, трэба прысвяціць гэтаму ўсё жыццё. Увогуле ж мастак павінен удзельнічаць у выстаўках, каб разумець сябе ў кантэксце гэтага часу. Трэба ведаць, ці вытрымлівае той жа пейзаж канкурэнцыю з авангардам». Аўтар прыкмячае: самае складанае — быць да краю шчырым… І між тым прызнаецца: у мастацтве заўсёды ёсць недасягальныя ідэалы. Для яго імі сталі Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Ісаак Левітан ды ўвогуле многія іншыя прадстаўнікі рэалістычнай школы.

Галоўнае ж адрозненне маладых мастакоў ад беларускіх пейзажыстаў-класікаў куратар выстаўкі бачыць у тым, што яны валодаюць асаблівай энергіяй, якой нават масцітым творцам у той ці іншы перыяд не хапала, іх погляд станавіўся стомлены. Так, асаблівае святло ідзе ад палоцен, якія стварыў Міхаіл Крот, ураджэнец Гомельшчыны. Колеравае рашэнне спрыяе таму, што такія работы, як, напрыклад, «Зіма на ваколіцы» (2019), «Зімовая рака» (2019) ці «Лета» (2020), нягледзячы на поўную рэалістычнасць, ствараюць адчуванне казкі, вяртаюць у дзяцінства.

Дарэчы, у экспазіцыі адсутнічаюць карціны жанчын-пейзажыстак. На думку Міхаіла Мірошнікава, сярод тых, хто мог бы дапоўніць выстаўку, — Кацярына Сумарава, Юлія Мацура... «Такіх мала,  — адзначыў куратар. — Ды і пішуць яны зусім па-іншаму. Чамусьці пейзажам займаюцца мужчыны. Лічыцца, што жанчыны больш эмацыянальныя. Яны лепш перадаюць пачуццёвы фон. А вось мужчыны ў нас рамантыкі...» Яскравы доказ таму — творчасць Віталя Гуназы — адзінага з удзельнікаў праекта, які нарадзіўся не ў Беларусі (родам з Пскоўскай вобласці, але даўно жыве тут). Апошняя па часе работа — «Набліжаецца вечар» — датуецца 2021 годам. На ёй адлюстравана ўжо традыцыйная беларуская зіма з мізэрнай колькасцю снегу (апошнія тыдні не ў лік), стагі сена, вясковая хата і прыбудовы, пустазеллле… Аўтар працуе і з архітэктурным пейзажам: яго работы «Дом на рагу» (2019) і  «Ранішняя вуліца» (2018) ды і ўсе астатнія на выстаўцы дэманструюць погляд рамантыка на рэчаіснасць.

Віталь Гуназа «Ранішняя вуліца», 2018 г.

Як адзначыў Міхаіл Мірошнікаў, праект «Сучасны беларускі пейзаж» не носіць камерцыйнага характару, ён ствараўся з чыста мастацтвазнаўчымі мэтамі. Творцы прадстаўляюць розныя рэгіёны, у першую чаргу Магілёўскую і Гомельскую вобласці. Яны нарадзіліся і пачыналі сваю мастацкую адукацыю ў сярэдніх навучальных установах Мінска, Магілёва і  Гомеля, працягваючы традыцыі, у асноўным рускага акадэмізму, стварылі свой стыль, які дапамагае беларускаму лірычнаму краявіду заставацца візіткай айчыннага мастацтва. Наведаць экспазіцыю можна да 28 лютага.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».