Вы тут

Як навучыцца сварыцца «па правілах»?


«У эмацыянальным плане кожны з нас падобны... на мультыварку. У кожнага ёсць клапан для выпускання лішняй пары: у адных гэта адбываецца аператыўна і хутка, у іншых — строга ў пэўны час, па раскладзе. Трэція вырашаюць не адцягваць увагу на падобную лухту і пазбаўляюцца гэтага клапана. Менавіта такія людзі — самыя непрадказальныя: ніколі не ведаеш, калі і як магутна яны «шарахнуць»…


Гэта радкі з кнігі бізнес-трэнераў Уладзіміра і Аляксандры Казловых «Канфлікт: удзельнічаць ці ствараць». Кніга напісана для бізнесменаў і кіраўнікоў вялікіх працоўных калектываў. Але на самай справе веды па кіраванні канфліктамі неабходныя ў паўсядзённым жыцці кожнаму. Таму што ні на рабоце, ні ў сям'і, ні ў навучальным калектыве немагчыма абысціся без сварак. Канфлікты непазбежныя, яны — арганічная частка любых адносін паміж людзьмі, частка паўсядзённага жыцця. Больш за тое, яны — рухавік прагрэсу, калі сварыцца правільна: цывілізавана, без разбуральных зрываў і неканструктыўнай «халоднай вайнушкі». Карацей, чытайце інструкцыю па кіраванні сваркай — і канфліктуйце на здароўе. Калі сварыцца правільна, гэта зробіць больш моцнымі любыя адносіны — і працоўныя, і любоўныя.

Не падаўляйце канфлікт

— Бесканфліктныя адносіны — нездаровыя адносіны, — кажа сямейны псіхолаг Кацярына Алёхіна. — У любых адносінах канфлікт — нармальная, здаровая з'ява.

Псіхолагі адзначаюць, што ў нашай свядомасці канфлікт звычайна звязваецца з болем, негатывам і цяжкімі перажываннямі. На самай справе гэта сігнал аб тым, што не ўсё добра. Усяго толькі сігнал аб неабходнасці прывесці да нейкага агульнага назоўніка рознанакіраваныя, супярэчлівыя патрэбы і інтарэсы. І «шукаць вінаватага» тут — неканструктыўна. Значна правільней шукаць рашэнне, ці кампраміс. Таму — прэч страх (а мы заўсёды зведваем яго, калі ўзнікае незадаволенасць любімымі або значнымі для нас людзьмі). Пазбяганне канфлікту ўтойвае небяспеку. Рана ці позна непазбежны выбух, а выбух — гэта заўсёды разбурэнне. Сямейныя псіхолагі кажуць, што колькасць пар, якія расстаюцца з прычыны імкнення падаўляць і замоўчваць канфлікты, прыкладна такая ж, як і тых, што разводзяцца з-за бясконцых скандалаў.

Так што трымаць незадаволенасць у сабе не варта. Больш прадуктыўная кіраваная сварка — як магчымасць расставіць кропкі над «і» без абраз і эмацыянальнага перанапружання.

Чаму сварыцца карысна? Вось разумныя аргументы:

  • Канфлікт — гэта дыягностыка: мы канстатуем, што праблема ёсць, і называем яе сваім імем.
  • Кіраваная сварка — гэта эвалюцыйны крок у адносінах. Рашэнне знаходзіцца — адносіны развіваюцца.
  • Разумны, цывілізаваны канфлікт выконвае функцыю скідвання напружання.
  • Правільная сварка стымулюе — матывуе на лепшае разуменне самога сябе, самаразвіццё і самадысцыпліну.

Прыклад з жыцця

Ала працуе ў міжнароднай кампаніі, пастаянна пашырае свае працоўныя кампетэнцыі — вучыцца на курсах і самастойна. А яшчэ ў яе ёсць дзесяцігадовая дачка, якая не любіць чытаць. Затое любіць, калі ёй чытае мама. І часта ў выхадныя дні просіць маму пачытаць — прычым выразна і некалькі глаў запар. Мама адчувае раздражненне ў адносінах да дачкі — ёй сумна чытаць дзіцячыя кнігі, да таго ж мыццё і гатаванне ежы для ўсёй сям'і на некалькі дзён (як звычайна робяць у выхадныя мамы, што многа працуюць) ніхто не адмяняў. На змену раздражненню прыходзіць пачуццё віны. «Напэўна, я проста дрэнная маці, — думае Ала. — Мне павінна быць цікава чытаць кнігі сваёй дачцэ. Але якія бязглуздыя кнігі выбіраюць сучасныя дзеці! Я ў яе ўзросце ўжо чытала сама, прычым добрую, разумную мастацкую літаратуру або энцыклапедыю!» Калі б мама не душыла сваё раздражненне і нуду, яна б перавяла канфлікт у канструктыўную плоскасць. І зразумела б, што чытаць дзіцячыя кнігі ёй сумна, затое цікава, напрыклад, навучаць дачку азам праграмавання або падарожнічаць з ёй па віртуальных музеях, або разам гатаваць незвычайныя стравы. А яшчэ — што ёй не хапае часу на сябе. І што ёй неабходна знайсці ў выхадныя гадзіну ці дзве, каб пабыць сам-насам з сабой, аднавіцца і перастаць раздражняцца на сваіх блізкіх.

Калі прыходзіць час сварыцца

Такім чынам, чакаць, пакуль адбудзецца моцны «выбух», мы не будзем. А значыць, канфлікт пройдзе не так хваравіта: заўсёды прасцей разабрацца з невялікімі праблемамі, чым разграбаць негатыў, што збіраўся гадамі. Перш за ўсё — пазбаўляемся ад эмацыянальнага складніка. Кіраваная сварка немагчымая, калі раздражненне зашкальвае, рукі дрыжаць, з вачэй цякуць слёзы і выдаваць гукі вы можаце толькі на такіх дэцыбелах, нібы апанент знаходзіцца за сценкай. Калі ваш стан такі — пачакайце гадзіну. А лепш назначце абмеркаванне праблемы на наступны дзень. Такім чынам вы пазбегнеце спантаннасці (з пытаннямі: «А ты хто такі?», абразлівымі абагульненнямі: «Ты заўсёды...», «Ты вечна...» і «Вось усё ў цябе так...») — бо ў адказ на гэта апанент непазбежна сыйдзе ў глухую абарону па прынцыпе: «А я што? Я нічога! Як што, дык адразу Касы!» У вас будзе час прадумаць аргументы, разумныя патрабаванні і дапушчальныя для вас кампрамісы. І размова адразу пяройдзе з эмацыянальнай у дзелавую, канструктыўную плоскасць.

Прыклад з жыцця

Алена і Андрэй вырашылі дзяліць работу па доме пароўну яшчэ тады, калі прымалі рашэнне пажаніцца. Прайшлі гады. Лена ходзіць на работу, Андрэй сядзіць «на аддаленцы». Таму яму ставіцца ў абавязак, у прыватнасці, адпраўляць пасцельную бялізну і вопратку з кошыка, дзе ўсё гэта збіраецца, у пральную машыну па меры неабходнасці, сушыць вымытае і пасля — прасаваць. Муж рэгулярна забывае пра гэта. Лена трывае — яна ж не хоча быць сварлівай жонкай. Але калі ў доме не застаецца ніводнага чыстага ручніка, а ў дзяцей — выпрасаваных маек, яна «выбухае». Прычым звяртае ўвагу на гэта Алена чамусьці ў самы непадыходзячы момант — калі спяшаецца, стамілася, засмучаная. У выніку здараецца сямейны скандал... Калі б Алена своечасова не толькі заўважала праблему, а і не замоўчвала яе, яна знайшла б простае рашэнне гэтай жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, своечасова нагадала б мужу аб неабходнасці закінуць у пральную машыну бялізну або папрасаваць памытую. А можа быць, муж і жонка памянялі б дагавор — напрыклад, мыла бялізну б яна, а ён гатаваў бы вячэру.

Не ворагі, а партнёры

Памятаем аб тым, что падчас сваркі варта забыцца на вечнае пытанне «Хто вінаваты?» раз і назаўсёды. Лепш задаць іншае вечнае пытанне з той жа оперы — «Што рабіць?» У любым канфлікце ў роўнай меры вінаватыя абодва канфліктуючыя бакі. Так што абстрагуемся ад уласнай крыўды, імкнемся ўбачыць аб'ектыўную сітуацыю і шукаем рэальную прычыну супярэчнасці.

Псіхолагі разглядаюць канфлікт як варонку, перавернуты трохкутнік. Унізе — рэальная прычына, маленькая кропка, потым пласты становяцца ўсё шырэйшыя і шырэйшыя. Дык вось, нам трэба дакапацца да прычыны і назваць яе.

Больш высокі ўзровень канфлікту мае на ўвазе наяўнасць канфліктаў на кожным ніжэйшым узроўні, сцвярджаюць спецыялісты. І аналізаваць канфлікт трэба, рухаючыся ўглыб да ўзроўню, на якім ён з'явіўся. Таму што немагчыма вырашыць канфлікт на ўзроўнях, якія ляжаць вышэй яго вытокаў, яго каранёў. Уявім, першапачаткова ўзнікае канфлікт паміж мужам і жонкай. Потым у яго ўцягваюцца дзеці, цешча і свякроў, цесць і свёкар, браты-сёстры і сябры з абодвух бакоў. Адбываецца эскалацыя канфлікту, і абодва бакі ўжо не памятаюць, з чаго ён пачаўся і ў чым яго рэальная прычына. І спрабуюць разабрацца з «пладамі» застарэлай сваркі, замест таго, каб разбірацца з яе каранямі.

Кіраваная сварка — гэта (пласт за пластом) ачышчэнне канфлікту ад шалупіння негатыўных эмоцый, нязначных нюансаў і бытавых прэтэнзій, пакуль ён не застанецца «гол як сакол». Толькі тады магчымы наступны крок.

— А наступны крок — прыняць сітуацыю такой, якая яна ёсць. І пачынаць сумесную з апанентам працу па яе паляпшэнні, — кажа Кацярына Алёхіна. — У гэтай працы канфліктуючыя бакі — партнёры, а не непрымірымыя ворагі. Не варта ўспрымаць канфлікт як дуэль: калі канструктыўнае рашэнне не знойдзецца, пераможцаў не будзе. Абодва бакі акажуцца ў пройгрышы.

Слухаем прапановы

Уладжванне канфлікту — гэта заўсёды пошук кампрамісу. Каб знайсці кансэнсус, выказваемся самі і даём выказацца апаненту. Маецца на ўвазе не абвінаваўчае выступленне і не спроба апраўдацца — бо вы ж не ў судзе. Гаворка ідзе аб варыянтах вырашэння сітуацыі, якія прапануе кожны з бакоў. Далей — абмяркоўваем прапанаваныя варыянты і выбіраем найбольш канструктыўны і прымальны для абодвух.

— Пры абмеркаванні канфлікту самае важнае для абодвух бакоў — трымаць сябе ў руках, бо вельмі лёгка скаціцца на неканструктыўны ўзровень «Сам дурань». Калі вы адчуваеце, што не ў сілах справіцца з эмоцыямі, спыніце абмеркаванне і вярніцеся да яго пазней. Лепш перапыніць дыскусію на этапе, калі яна застаецца дыскусіяй, а не ператвараецца ў скандал. Выбухі эмоцый і ляпанне дзвярыма працуюць толькі ў жаночых раманах. У жыцці гэта шлях у нікуды, — канстатуе спецыяліст.

Прыклад з жыцця

Лілія Сяргееўна амаль трыццаць гадоў свайго жыцця аддала роднаму прадпрыемству, займае адказны пост, яе цэніць кіраўніцтва. Але ў кампанію прыйшоў таленавіты супрацоўнік. І дырэктар папрасіў Лілію Сяргееўну дапамагчы маладому калегу, пазнаёміць з тонкасцямі і нюансамі сваёй работы. Але паміж ёй і стажорам тут жа ўзнікла непрыязнасць, якая перарасла ў канфлікт. Лілія Сяргееўна абвінавачвала маладога чалавека ў непавазе да старэйшых, адсутнасці адказнасці і сур'ёзнага стаўлення да работы, некампетэнтнасці. Ёй не падабалася ўсё: тое, як ён вырашае прафесійныя пытанні, размаўляе, апранаецца. Той, у сваю чаргу, быў упэўнены, што яго «настаўніца» даўно не развіваецца ў прафесіі і закасцянела ў сваіх састарэлых поглядах на вытворчыя пытанні. Канфлікт дасягнуў адкрытай канфрантацыі. Лілія Сяргееўна адмовілася вучыць калегу — «аж да звальнення!», а ён, у сваю чаргу, паклаў на стол дырэктару заяву аб сыходзе «па ўласным жаданні». Калі б абодва бакі прааналізавалі свае эмоцыі і паспрабавалі зразумець адно аднаго, канфлікт быў бы ўрэгуляваны. Лілія Сяргееўна зразумела б: яна баіцца, што малады спецыяліст з часам зойме яе месца. А стажор, калі б не быў так зацыклены на непрыязнасці да «старой каргі», растлумачыў бы Ліліі Сяргееўне, што яго «гадуюць» для аднаго з філіялаў кампаніі ў іншым горадзе. І сінтэз вопыту і маладых ведаў дапамог бы абаім у пад'ёме па кар'ернай лесвіцы.

Напрыканцы — просты алгарытм разумнай сваркі, для тых, хто любіць схемы і формулы.

  • Прыйсці да згоды з апанентам з нагоды таго, што вырашэнне канфлікту выгадна абодвум бакам — бо жыць (ці працаваць) усё роўна прыйдзецца разам.
  • Выкласці сутнасць канфлікту. Прызнаць свае памылкі і прамашкі, якія сталі прычынай або пагоршылі канфлікт.
  • Выслухаць апанента — яго бачанне сітуацыі.
  • Перайсці да абмеркавання варыянтаў вырашэння канфліктнай сітуацыі. Прапанаваць свае кампрамісныя варыянты і прывесці аргументы на іх карысць.
  • Выслухаць прапановы апанента па дасягненні кансэнсусу.
  • Абмеркаваць саступкі, на якія згодны пайсці кожны з бакоў.
  • Прыняць рашэнне, якое згладзіць канфлікт і ў перспектыве звядзе яго ў нішто.

— Вельмі важна падчас кіраванай сваркі паводзіць сябе карэктна, паказваючы калегу, што вы паважаеце яго і яго думку, або партнёру, што ён па-ранейшаму любімы вамі, а рознагалоссі — толькі часовая з'ява, — кажа псіхолаг. — Тады канфлікт толькі ўмацуе адносіны, а яго вынікам стануць прымірэнне і згода.

Аляксандра Анцэлевіч

Загаловак у газеце: Што такое «кіраваная сварка», або Часам лепш гаварыць, чым маўчаць

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент