Добры прыклад


У тую раніцу яна, як заўсёды, абірала і наразала гародніну на суп. Ён, як і ўчора, дапамагаў унуку, які толькі што прачнуўся, выцягваць трактары з імправізаваных гаражоў. Звычайная раніца. Праўда, не зусім. Яна ўсё ж адрознівалася ад папярэдніх — 40 гадоў таму яны сталі мужам і жонкай.


Такія розныя. Яна — гараджанка. Ён — вясковы хлопец. Яна паходзіць з роду, чые імёны гучалі ў літаратуры, навуцы. У ім жа цячэ кроў звычайных працаўнікоў, якія сваім потам заслужылі права на кавалак зямлі. Яна — адукаваная, настаўніца малодшых класаў. У яго ж ёсць толькі атэстат аб заканчэнні дзесяцігодкі, усё жыццё адпрацаваў у калгасе. Яны вельмі розныя, але аднолькава добрыя, сціплыя і сумленныя людзі. Яны — мае маці і бацька, якія днямі адзначылі 40-годдзе шлюбу, рубінавае вяселле.

Лёс іх асабліва не песціў. Пахавалі першае дзіця, нават не паспеўшы даць яму імя. У самым пачатку дзялілі хату з бацькамі мужа, якія ўвесь час рабілі маладой гаспадыні заўвагі і нават «навязалі» ёй, гараджанцы, парася. Затым ім далі пакой у інтэрнаце. Маладая настаўніца хадзіла ў школу, а паўтарагадовага Валерачку, майго старэйшага брата, гадавалі чужыя людзі, бо сваякі, а найперш родныя бабулі ды дзядулі, мелі іншы клопат. Я нарадзілася ўжо ў «школьным» доме, дзе настаўнікам пашчасціла атрымаць службовыя добраўпарадкаваныя кватэры. Праз два гады мы пераехалі ў вялікую трохпакаёўку, у якой мае бацькі жывуць дагэтуль.

Колькі сябе памятаю, тата шмат часу праводзіў на працы, а ў кожную вольную часіну лётаў у суседнюю вёску — дапамога была патрэбна чамусьці толькі яго бацькам. Жонка з двума дзецьмі павінна была спраўляцца сама. Мама неаднойчы расказвала, як удваіх з малалетнім сынам капалі бульбу. А яшчэ трэба было прапалоць, а восенню ацерабіць калгасныя буракі, надзел якіх штогод атрымлівала кожная сям'я з нашай вёскі. Потым хваробы пасыпаліся адна за другой. Прабадная язва — бацьку ледзь выратавалі. Пасля зламаў на рабоце нагу — і мама, не дабыўшы да канца свой дэкрэтны адпачынак (са мной ужо была раскоша — цэлыя тры гады!), мусіла ісці на работу, бо жыць жа неяк трэба. На шчасце, бацька паправіўся. Праўда, падводзіла здароўе і пасля. Моцна хварэла і мама. У дзясятым класе, калі яна не вылазіла з бальніц, я падоўгу заставалася за гаспадыню.

Помню, як бацькі перажывалі, калі мой брат кінуў вучобу ва ўніверсітэце. Як замест чарговай сумкі з правізіяй збіралі іншую: праводзілі сына ў армію. А колькі сівых валасоў дадалося, калі не ладзілася сынава жыццё і пасля войска. Незагойнай ранай стаў іхні разлад з жонкай, а найбольш — помста нявясткі (быццам бацькі ў чымсьці вінаватыя!), якая назаўсёды абарвала іх стасункі з адзінай унучкай. Адным словам, усяго хапіла! Але нягледзячы на ўсе цяжкасьці (а якое жыццё без іх!), выпрабаванні, здолелі захаваць сям'ю, за што я ім вельмі ўдзячная. Якое шчасце прыязджаць дадому, калі цябе чакаюць двое — мама і тата! Якое задавальненне назіраць, як яны ўдваіх возяцца з маім сынам, сваім любімым унукам — у прыклад многім маладым сем'ям, якія, ледзь што пайшло не па плане, бягуць разводзіцца. Адны вінавацяць у сваім нешчаслівым шлюбе іншых, другія спісваюць свой разлад на характар. Многія пасля і застаюцца адны, так не знайшоўшы сваю другую палову. Некаторыя забываюцца на агульных дзяцей, успомніўшы пра іх ужо ў старасці, калі самім патрэбна дапамога. Ёсць і такія, што нават пасля разводу кахаюць адно аднаго, але, лічаць, што зваротнага шляху няма.

Але ёсць прыклады і вельмі шчаслівага шлюбу, хоць кніжкі пішы. Я пра адзін такі ў свой час распавядала: спачатку ў раённай газеце, потым у сачыненні пры паступленні ў Інстытут журналістыкі. Пашанцавала: героі былі зусім побач. Мае бабуля і дзядуля па бацькавай лініі, якія пражылі разам 57 гадоў! Іхняму шлюбу многія зайздросцілі. Хоць, як расказвала бабуля Тарэса, будучы муж ёй адразу не спадабаўся: звычайны селянін, яшчэ і старэйшы на восем гадоў (падумаеш, вялікая розніца!). Але гэты, як яна думала, прасцячок аказаўся вельмі добрым і сумленным чалавекам. Толькі задумайцеся: за амаль шэсць дзясяткаў гадоў слова ёй дрэннага не сказаў! А які быў працавіты! І ў калгасе яго паважалі, і дома трымаў вялікую гаспадарку, а які каля хаты быў парадак. Калі мая бабуля пачала скардзіцца на суставы (колькі яе помню, з кіёчкам хадзіла), амаль усю «бабскую» справу ўзяў на сябе: і кароў даіў, і грады палоў, нават ягады збіраў. Нарабіўшыся, стомлены, яшчэ мог і ад жонкі нядобрае слова пачуць. Сам жа толькі і мог: «Тарэсачка, не злуйся». Дзядуля Іван! Першы ў вёсцы набыў тэлевізар, у Вільню на базар ездзіў на ўласным «Запарожцы» (такі быў толькі ў дырэктара калгаса). У кагосьці з аднавяскоўцаў здаралася бяда, беглі да дзеда: ведалі, што дапаможа. Трое дзяцей, шасцёра ўнукаў, сямёра праўнукаў. Вось як трэба жыць!

Думаеце, праблем не было? Якіх хочаце! Нам і не снілася. Але ж на характар ніхто не скідваў, а, калі былі непрыемнасці, разам іх перажывалі, знаходзілі выйсце з любой сітуацыі. Нам, іх нашчадкам, у кожнага з якіх ужо свае сем'і, ёсць з каго браць прыклад.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».