Вы тут

Гаджэт — сябар ці вораг бацькоў?


Сёння многія бацькі заклапочаны раннім развіццём дзіцяці, каб ледзьве не з самых пялюшак яно хадзіла ў шматлікія студыі, гурткі, секцыі. Спрабуюць яго заняць «справай», каб ні хвіліны вольнага часу на «пустыя» гульні. А тут яшчэ з'явіліся гаджэты, якія трывала ўкараніліся ў нашым жыцці. Сучасныя тэхналогіі мы выкарыстоўваем у побыце, на рабоце, у вучобе і ў выхаванні дзяцей. Апошняе, у сваю чаргу, не так добра, як здаецца. Наколькі мэтазгодна давяраць развіццё сваіх дзяцей гаджэтам, мы вырашылі даведацца ў педагога-псіхолага сталічнага ясляў-сада № 527 Аляксандры Юр'еўны Лыскавец.


Суразмоўніца дакладна можа сказаць, што дашкольны ўзрост — адзін з самых важных перыядаў у развіцці дзіцяці. Менавіта ў гэты час малое адкрывае для сябе сацыяльную арыентацыю — узаемаадносіны паміж людзьмі, правілы паводзінаў у грамадстве, розныя віды дзейнасці і грамадскія функцыі людзей. Самы лепшы спосаб растлумачыць і навучыць дзіця, як сябе паводзіць, — праз гульню.

Для малога гэта магчымасць знаёміцца з дарослым светам на дзіцячай мове, спасцігаць правілы жыцця, вучыцца ўзаемадзеянню і ўзаемадапамозе. Менавіта ў сюжэтна-ролевай гульні дзіця рэалізуе практычна ўсе свае магчымасці. У малым узросце праз сродкі гульні дзіця актыўна прайграе ролі: мамы і таты, урача і пацыента, прадаўца і пакупніка, і мноства іншых роляў. Дзякуючы ўсяму гэтаму маленькі чалавек пачынае разумець, як будаваць дыялог, як узгадняць свае дзеянні з іншымі, вучыцца дамаўляцца.

Правільна арганізаваная сюжэтна-ролевая гульня дапамагае дзіцяці асвоіць нормы паводзінаў, якія яму спатрэбяцца ў дарослым жыцці.

У некаторых гульнях дзеці могуць гуляць паміж сабой, але не варта забываць пра нагляд дарослага, які абавязкова павінен быць. Маленькія дзеці толькі пачынаюць спазнаваць свет, а дарослы чалавек ужо мноства разоў прайграваў усе гэтыя ролі. Мы, вядома, можам пакінуць дзіця сам-насам з гульнёй, каб яно само разбіралася, але пры сумеснай гульні дарослы можа паказаць правільную мадэль паводзінаў. Бо асноўная роля дарослага ў гульні — растлумачыць ідэю, размеркаваць ролі, пры неабходнасці стварыць праблемную сітуацыю і дапамагчы знайсці выйсце з яе.

На жаль, не ўсе бацькі гуляюць з дзецьмі, ёсць дарослыя, якія не разумеюць усёй важнасці такіх гульняў для развіцця малога. Многія знаходзяць адгаворкі, што ў іх няма часу або яны не ўмеюць гуляць, спасылаючыся на тое, што гэта не дарослы занятак.

Некаторыя бацькі імкнуцца адцягнуць увагу дзяцей камп'ютарнымі гульнямі. Дарослыя не прымаюць у іх удзелу, а дзіця тым часам занятае і не перашкаджае займацца сваімі справамі. Для дзіцяці ж гуляць у такія гульні значна лягчэй, бо няма неабходнасці ўзгадняць свае дзеянні з іншымі, падпарадкоўвацца, выконваць правілы паводзінаў. Таму камп'ютарныя гульні так падабаюцца дзецям. Большасць з іх матывуюць малое на дасягненне мэты — напрыклад, сабраць шмат ураджаю, перамагчы больш праціўнікаў, прайсці недзе хутчэй за ўсіх, але сацыяльнай накіраванасці ў такіх гульнях няма. Калі ў дзіцяці нешта не атрымліваецца ў камп'ютарнай гульні, то яно можа вельмі рэзка адрэагаваць на гэта, і, не знайшоўшы выхаду з сітуацыі, проста ўзяць і выйсці з гульні. Такім чынам, дзіця не атрымлівае патрэбнага вопыту, а ў далейшым жыцці яму будзе больш складана прыстасавацца да рэчаіснасці, чым дзіцяці, якое гуляла з бацькамі ў гульні.

І ўсё ж, камп'ютарныя гульні — добра ці дрэнна? Аляксандра Юр'еўна ўпэўненая ў тым, што для іх павінна быць месца, але не 24/7, і пад перыядычным кантролем бацькоў, бо далёка не кожная гульня падыходзіць для дзіцячай псіхікі. Можна, напрыклад, падпісацца на навучальны партал для дзяцей, і яны будуць чэрпаць карысную інфармацыю з інтэрнэту. Некаторыя дзеці нават не гуляюць у камп'ютарныя гульні, а любяць паглядзець цікавыя відэа.

Не забывайце праводзіць з дзецьмі больш часу, слухаць іх, размаўляць і, вядома ж, гуляць. Сюжэтна-ролевая гульня карысная не толькі для вашых нашчадкаў, але і для вас, бо гэта выдатная магчымасць хоць ненадоўга вярнуцца ў дзяцінства!

Ірына Сінькевіч, студэнтка V курса факультэта журналістыкі БДУ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».