Вы тут

Як школьнікаў вучаць супрацьстаяць булінгу


Стварыць у школах бесканфліктны асяродак — такая мэта праекта па папярэджанні булінгу, псіхалагічнага і фізічнага гвалту «Сяброўскае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі». Укараняць яго пачалі яшчэ летась на базе 26 школ краіны, трэць з якіх — у Мінску.


«Устаньце тыя, хто...»

Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у партнёрстве з Інстытутам псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта спадзяюцца, што мадэль, якая паспяхова зарэкамендавала сябе ў Харватыі, Сербіі, Чарнагорыі і Балгарыі, дапаможа стварыць умовы для таго, каб школы сталі цалкам псіхалагічна бяспечным месцам.

Адна з пляцовак, дзе паспяхова прымяняецца тэхналогія бяспечнага асяроддзя ў школе, у тым ліку і праз рэалізуемы праект, — сярэдняя школа № 197 у Мінску. Карэспандэнт «Звязды» папрысутнічала на адкрытым уроку ў гэтай установе.

У васьмікласнікаў гэта былі другія заняткі па тэме булінгу, якія называліся «Устанаўленне правілаў». Пачаліся яны з абмеркавання таго, што адбывалася на папярэднім уроку. Гаворка ішла пра сітуацыі, якія вучні не хацелі б бачыць у сваім жыцці.

Пасля школьнікі гулялі ў гульню «Устаньце тыя...»: у каго ёсць сябры; каго хоць бы раз не прымалі ў гульню; у каго ёсць любімы занятак; каго абражалі; хто хоць бы аднойчы дапамагаў аднакласніку ў цяжкай сітуацыі; у каго хоць бы аднойчы бралі рэчы без дазволу. Сабраўшыся ў кола, дзеці ўставалі ў адказ на кожную прапанову... усе, так што відавочна: уздымаемая ў праекце тэма знаёмая і блізкая нашым школьнікам.

Афіцыйна гэту харвацкую мадэль прадставілі летам 2020-га. Пэўныя яе элементы пратэсціравалі ў пяці мінскіх школах, а з верасня распачалі масштабную работу ў 26 школах краіны, абапіраючыся на вучняў пятых—дзявятых класаў, расказаў Дзмітрый ШЫЛІН, старшы каардынатар па пытаннях аховы дзяцінства Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі:

— Для нашай краіны праблема падлеткавых стасункаў — даволі актуальная. Па выніках даследавання, якое праводзіла арганізацыя ЮНІСЕФ у 2018-м, 11,6 % вучняў 5—7 класаў і 11,3 % вучняў 8—11 класаў лічаць атмасферу ў школе несяброўскай. Прычына — цкаванне з боку аднагодкаў і вучняў старэйшых класаў, а таксама агрэсіўны настрой настаўнікаў ці школьнай адміністрацыі.

Склад вучняў 8 «Б» за апошнія гады амаль не мяняўся. Магчыма, у гэтым і крыецца сакрэт, чаму дзеці тут добра разумеюць адно аднаго. Часам мне здавалася, што яны проста падхоплівалі і працягвалі ўслых думку суседа.

Заняткі па праграме супраць булінгу пачаліся ў класе яшчэ ў мінулай чвэрці — з прагляду тэматычнага фільма. Гледзячы на чужыя праблемы, разважалі, як вырашаць свае, падзялілася Ганна МАЖЭЙКА, класны кіраўнік 8 «Б» і настаўніца рускай мовы і літаратуры:

— Цяпер мы шчыльна падышлі да вырашэння гэтага пытання і заняліся ім усур'ёз. Нашы дзеці мысляць досыць крытычна і ўмеюць паглядзець на праблему ў нечаканым ракурсе. Яны ўмеюць гаварыць, не саромеюцца і не закрываюцца. Гэта адзін з найлепшых класаў у маёй практыцы. Мы з самага пачатку, з пятага класа, вучыліся «прагаворваць» негатыў, калі хтосьці кагосьці крыўдзіў.

«Кароль» вырашае

— Што вы адчуваеце, калі хтосьці падвяргаецца булінгу? — задаў пытаннне валанцёр Мікалай, старшакласнік гэтай жа школы, які ўдзельнічае ў праекце. Заняткаў у межах мадэлі, дарэчы, усяго трое. І па іх выніках клас павінен сфармуляваць правілы паводзінаў для сябе, якія, у ідэале, трэба вытрымліваць і па-за яго межамі, каб зрабіць атмасферу ў школе больш добразычлівай.

У адказ пачуў: «Разгубленасць, неразуменне, за што такое робіцца», «жаданне пагаварыць з ахвярай, заступіцца за яе, спытаць у крыўдзіцеля, навошта ён гэта робіць».

— Як вы рэагуеце, калі бачыце, што адбываецца булінг? — наступнае пытанне.

«Стараюся дапамагчы разабрацца ў сітуацыі, даведваюся, навошта крыўдзіцель так робіць», «вырашаю спрэчку без фізічнага насілля», «спрабую спыніць гвалт і дапамагчы ахвяры прыйсці ў сябе, супакоіцца, асабліва калі гэта адбываецца на вачах вялікай колькасці людзей», «гавару з крыўдзіцелем, які, магчыма, нават не разумее, што ён робіць дрэнна, што гэта ўжо выйшла за межы жарту», — адказвалі школьнікі.

Самыя распаўсюджаныя сітуацыі вучні прайгралі праз гульню, у якой «кароль» (вучань у кароне) спрабаваў вырашыць праблему, з якой да яго звярталіся «падданыя».

— Аднакласнік узяў мой падручнік па геаграфіі і размаляваў яго, што мне рабіць? — была агучана першая праблема.

— Пагавары з гэтым аднакласнікам і высветлі, як здарылася, што падручнік размалявалі. Папрасі яго абмяняцца з табой сапсаванай кнігай або набыць табе новую. Калі ён адмаўляецца, звярніся па дапамогу да настаўніка ці чалавека, які мае ўплыў на «малявальшчыка», — пастанавіў «кароль».

— Аднакласнік зламаў мой ровар, што рабіць?

— Высветлі, як ён гэта зрабіў. Пагавары з яго бацькамі, каб знайсці рашэнне і прычыну праблемы.

Нашмат лягчэй дзейнічаць, калі атрымліваеш падказку ці згоду ад старэйшага чалавека, які ўжо быў у такой сітуацыі ці мае больш жыццёвага вопыту, каб падказаць рэальнае выйсце. Такія высновы рабілі школьнікі пасля гульні, калі абстрагаваліся ад «каралеўскіх» рашэнняў і разважалі, як быць і да каго звяртацца па дапамогу ў праблемнай сітуацыі, калі самому дамовіцца не атрымліваецца.

Правілы ў нашым сумленні

Далей класны кіраўнік прапанавала вучням паразважаць, што здарылася б са светам, калі б усе правілы раптам зніклі.

— На дарогах без ПДР быў бы хаос, — кажа Ева.

— Пачалася б поўная анархія, кожны імкнуўся б уласныя праблемы вырашыць сваім шляхам, а не так, як лепш для ўсіх, — лічыць Даша.

— Людзі пачалі б рабіць, што хочуць, што нанясе ўрон іншым. Цяпер жа гэта не дазваляе рабіць не толькі сумленне, але і правілы, — упэўнена Маргарыта.

— Калі мы паважаем чужыя межы, то і нашы межы будуць паважаць, і ў далейшым гэта зробіць жыццё лягчэйшым, — выказалася Ліза.

Правілы ёсць у нашым сумленні. Мы стараемся і вырашыць нашу праблему, і не закрануць пачуцці іншых, каб усім было зручна, падвялі вынікі вучні.

— Каб мы вярталіся ў школу пасля выпускнога з пачуццём радасці, давайце распрацуем правілы для нашага класа, каб усім-усім было добра, — параіла настаўніца.

Пасля абмеркавання ў групах нарадзіліся такія прапановы: узаемная дапамога; аб'ектыўная крытыка; асабістая прастора; жарты, смешныя для ўсіх; павага да пачуццяў іншых і адсутнасць дыскрымінацыі. З гэтых прапаноў у наступным вывядуць шэсць галоўных правілаў, якія стануць асновай для паводзінаў і зносін у класе.

Паразважалі ў 8 «Б» і над наступствамі парушэнняў правілаў, каб не пакараць празмерна таго, хто іх парушыў. На трэціх занятках плануецца стварыць насценгазету, дзе ўсё гэта будзе запісана і стане для класа кіраўніцтвам да дзеяння і жыцця ў калектыве.

Пад свае рэаліі

У рабоце па ўкараненні мадэлі супраць булінгу класным кіраўнікам і валанцёрам дапамагаюць ментары. Гэта, у асноўным, выкладчыкі з БДПУ, галоўная задача якіх — каардынаваць, інфармацыйна падтрымліваць, кансультаваць усіх уцягнятых у праграму. Апрабацыя харвацкай мадэлі таксама адбывалася з дапамогай ментараў, таму што немагчыма без змен пераняць вопыт адной краіны для выкарыстання ў іншай.

— Мы даём ацэнку з пункту гледжання навуковага абгрунтавання пэўных працэсаў. Прысутнічаючы на занятках, можам параіць, як удасканаліць тыя ці іншыя рэчы, якія методыкі выкарыстаць, калі ідзе дыягностыка, — расказала Людміла ЯНЧУК, выкладчык БДПУ.

— З інстытутам псіхалогіі мы супрацоўнічаем пару гадоў. За гэты час адаптавалі дапаможнікі па харвацкай мадэлі пад нашы рэаліі і асаблівасці школьнага працэсу, натрэніравалі 30—40 чалавек ментараў, атрымалі грыф Нацыянальнага інстытута адукацыі на выкарыстанне гэтага адаптаванага дапаможніка ў навучальным працэсе, распрацавалі інфармацыйнае суправаджэнне, каб школьнікі разумелі, што за праект праходзіць у іх школе, — дадаў Дзмітрый Шылін.

— Найбольш вострыя праблемы ў вучняў назіраюцца ў падлеткавым узросце, якраз у пятых—дзявятых класах, на якія і разлічана мадэль. Але ж з часам гэтыя школьнікі будуць навучэнцамі старэйшых класаў, і такім чынам мы атрымаем пераемнасць мадэлі, яе дзеянне захаваецца і ў выпускных класах, — упэўнена Таццяна НІФАНТАВА, выкладчык Інстытута псіхалогіі БДПУ.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».