Вы тут

Кардыёлаг распавяла, як каранавірус «б'е» па сэрцы


Ужо вядома, што COVІD-19 «б'е» па розных органах і сістэмах чалавека. Пнеўманія — самае распаўсюджанае ўскладненне, але далёка не адзінае. Пацярпець могуць і печань, і ныркі, і сэрца. Як каранавірус «б'е» па чалавечым «маторы», мы распыталі загадчыка аддзялення Фрунзенскага раённага кардыялагічнага цэнтра (на базе 31-й гарадской паліклінікі г. Мінска) Наталлю Карпук.


— Наталля Пятроўна, якія ўскладненні выклікае каранавірусная інфекцыя з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы?

— Гэта вострыя міякардыты, парушэнні рытму і праводнасці, або арытміі, а таксама трамбатычныя ўскладненні — інфаркты і інсульты, прычым нават у маладым узросце. Ускладняецца цячэнне хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца. Калі чалавек хварэе, уключаюцца рэзервовыя механізмы арганізма і могуць абвастрацца хранічныя захворванні.

— Сэрца — адна з галоўных пасля лёгкіх «мішэняў» для каранавіруса?

— Вірус паражае лёгачную тканку. А яе запаленне выклікае гіпаксію — недахоп кіслароду, што вядзе да «галадання» розных органаў і сістэм. І самыя адчувальныя да гіпаксіі — цэнтральная нервовая сістэма, сэрца, у прыватнасці, міякард, і ныркі. Усе наступствы датычацца пераважна гэтых органаў і сістэм.

— Цяжкія ўскладненні сардэчна-сасудзістай сістэмы — гэта вынік «цытакінавага шторму» або яны здараюцца і пры больш лёгкім цячэнні?

— Усё залежыць ад аб'ёму паражэння лёгачнай тканкі і асаблівасцяў імунітэту. Чым большае паражэнне лёгкіх, тым больш негатыўных наступстваў каранавіруснай інфекцыі.

— Адным з ускладненняў з'яўляецца міякардыт — запаленне сардэчнай мышцы. Якія пасля яго могуць быць наступствы?

— Вірус трапляе ў сардэчную мышцу і выклікае запаленне. Калі гэта востры працэс і своечасова была аказаная дапамога, то пра глабальныя наступствы размова не ідзе. Калі лячэнне несвоечасовае, вялікая зона паражэння, то наступствы могуць быць аж да развіцця ў такіх пацыентаў хранічнай недастатковасці кровазвароту.

— Як праяўляе сябе міякардыт?

— Ён можа быць і без боляў. З'яўляецца слабасць, праз нейкі час — субфебрыльная тэмпература. Але ў літаратуры апісаны выпадкі, якія сведчаць, што пасля выздараўлення ад каранавіруснай інфекцыі могуць таксама трымацца субфебрыльныя значэнні тэмпературы, таму спецыфічных праяў міякардыт не мае. Самастойна пацыент не вызначыць, ці гэта так праходзіць аднаўленне пасля віруснай інфекцыі, ці пачаў развівацца міякардыт.

— Як тады можна яго выключыць?

— Звярнуцца да ўрача, які прызначыць ЭКГ, і калі неабходна — УГД сэрца ці іншыя абследаванні.

— Увогуле, якім чынам можна западозрыць праблемы з сэрцам пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі?

— Калі з'явіліся непераноснасць фізічнай нагрузкі (звычайная для вас нагрузка выклікае задышку), павышаная стамляльнасць, то ў такім выпадку важна выключыць праблемы з сардэчна-сасудзістай сістэмай.

— Як гэта зрабіць?

— Трэба звярнуцца да ўрача, а не лячыцца паводле інтэрнэту ці па парадах знаёмых. І пачаць з элементарных абследаванняў — зрабіць электракардыяграму. У нас былі выпадкі, калі пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі ў пацыентаў выяўляліся такім чынам арытміі. Далей у залежнасці ад выніку атрыманага абследавання доктар вырашае, якія яшчэ неабходны абледаванні і якое лячэнне прызначаць.

— Арытмія можа ўпершыню ўзнікнуць пасля COVІD-19?

— Так. Па маіх назіраннях, ёсць катэгорыя дастаткова маладых пацыентаў, якія не звярталі ўвагі на свой стан і лічылі сябе абсалютна здаровымі. А пасля перанесенай віруснай інфекцыі яны прыходзяць да нас з павышанымі значэннямі ціску. Магчыма, у іх была схільнасць, верагодна, і раней ціск быў павышаны, але да доктара яны не звярталіся. А можа быць, і каранавірусная інфекцыя стала пускавым механізмам у развіцці захворвання.

— Ці можна пасля арытміі цалкам аднавіцца, або збоі рытму будуць здарацца пасля на працягу жыцця?

— Усё залежыць ад віду арытміі. Як правіла, пацыенты аднаўляюцца. Самы распаўсюджаны від арытміі, які непакоіць пасля каранавіруснай інфекцыі, — сінусавая тахікардзія. Гэта пачашчэнне пульсу, якое сустракаецца, напэўна, у 90 % пацыентаў, што перахварэлі нават у лёгкай форме. Тут патрэбны час, каб прыйсці ў норму. Наш арганізм так устроены, што калі клеткам і тканкам не хапае кіслароду, каб яго атрымаць, запускаецца кампенсаторнае пачашчэнне сэрцабіцця. І калі ў перыяд хваробы сэрцабіцце было частае, то і пасля выздараўлення патрэбны час, каб сэрца вярнулася да нормы. Тут не патрэбны дадатковыя прэпараты, арганізм справіцца сам.

— Што прыводзіць да інфарктаў і інсультаў пасля каранавіруса?

— Трамбозы. За кошт загусання крыві ўтвараюцца тромбы, асабліва ў дробных сасудах.

— Ці можа быць нетыповы інфаркт?

— Так, ён можа быць бязбольным. Літаральна нядаўна ў нас быў пацыент, 37-гадовы мужчына, які на болі не скардзіўся. Яму зрабілі ЭКГ — а там распаўсюджаны інфаркт. На прыём да ўрача ён звярнуўся з нагоды высокіх значэнняў ціску. А месяц таму перахварэў на каранавірусную інфекцыю. Так што аб праблемах з сэрцам могуць сведчыць не толькі слабасць і задышка, але і значэнні ціску, на гэта таксама варта звярнуць увагу.

— Праз які час пасля перанесенай інфекцыі могуць узнікнуць інфаркт ці інсульт?

— Усё вельмі індывідуальна. Летась у нас быў выпадак, калі мужчына з інфарктам у анамнезе лячыўся ад COVІD-19 амбулаторна. Прыйшоў закрываць бальнічны ліст пасля заканчэння тэрміну ізаляцыі і выздараўлення. Паскардзіўся, што, калі ішоў у паліклініку, дрэнна сябе адчуваў, непакоіў боль за грудзінай — і таксама на ЭКГ мы выявілі інфаркт.

Ён можа ўзнікнуць як падчас самой хваробы, так і праз нейкі час пасля яе. Узрост таксама не ўплывае: інфаркты сустракаюцца і ў маладых, і ў пажылых пацыентаў. Але калі своечасова была аказана дапамога, то нават пасля інсульту пацыенты аднаўляюцца.

— Каму трэба праяўляць асаблівую насцярожанасць у дачыненні да свайго стану пасля каранавіруса?

— Тым, хто раней пераносіў інфаркт ці мае іншыя праблемы з сардэчна-сасудзістай сістэмай. У іх і інфекцыя, як правіла, працякае больш цяжка. Што датычыцца маладых пацыентаў і тых, хто лічыць сябе здаровым у плане сардэчна-сасудзістай сістэмы, то асаблівую насцярожанасць павінны праявіць людзі, якія маюць лішнюю вагу, шкодныя звычкі, спадчынную схільнасць, у прыватнасці, калі сярод блізкіх былі выпадкі раптоўнай «сардэчнай» смерці ці праблемы з сардэчна-сасудзістай сістэмай. Такім пацыентам пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі, калі яны адчуваюць, што нешта не так, лепш звярнуцца да ўрача, каб пазбегнуць ускладненняў. Многія падчас і пасля перанесенага COVІD-19 пачынаюць празмерна панікаваць, што лішняе. Важна звярнуцца да ўрача і абследавацца.

— А калі інфекцыя працякала без запалення лёгкіх, ускладненні на сардэчна-сасудзістую сістэму таксама могуць быць?

— Лёгкія формы, як правіла, ускладненняў не выклікаюць. Наступствы мы бачым пры распаўсюджаным паражэнні лёгачнай тканкі.

— Ці можна чакаць усплёск сардэчна-сасудзістых захворванняў пасля эпідэміі каранавіруса?

— У той час, калі не аказвалася планавая дапамога, нашы пацыенты ўсё роўна ведалі, што рабіць, бо яны навучаныя. Без нагляду яны не заставаліся і маглі да нас звяртацца. Магчыма, працэнт выяўлення сардэчна-сасудзістай паталогіі стане большы з-за таго, што людзі пачнуць часцей звяртаць на сябе ўвагу і задумаюцца пра сваё здароўе, перанёсшы гэтую цяжкую інфекцыю.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Прама ў сэрца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».