Вы тут

У Гродзенскім аблвыканкаме падвялі вынікі мінулага года і паставілі задачы на 2021-ы


Мяркуецца, што сёлета не толькі захаваецца леташняя дынаміка, але і ўдасца выйсці на паскоранае развіццё. У гэтым годзе рэгіёну прыйдзецца вырашаць задачы, скіраваныя на рост эканомікі, запуск новага інвестыцыйнага цыкла. Прадугледжана павелічэнне інвестыцый у асноўны капітал да 3,6 млрд рублёў. Першы год пяцігодкі пачынае фарміраваць базу, ад якой залежыць далейшы поспех. Пры гэтым арыенцір робіцца не на колькасць, а на якасць паказчыкаў.


Бюджэт вобласці ў мінулым годзе выкананы з прафіцытам. Паказчыкі нядрэнныя — даходы амаль на 30 мільёнаў рублёў перавысілі расходы. Гэта дало магчымасць разлічыцца па крэдытах, выканаць у поўнай меры сацыяльныя абавязацельствы ў сферы будаўніцтва жылля і аб'ектаў інфраструктуры.

— Мінулы год быў няпросты, але ў рэгіёне ўдалося не дапусціць падзення эканомікі, — заўважыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. — Валавы рэгіянальны прадукт выкананы на ўзроўні 100,1 %. Нядрэнна спрацавала прамысловасць з ростам 1,4 працэнта. Добрыя поспехі паказала сельская гаспадарка, якая ў некаторай ступені кампенсавала зніжэнне ў сферы транспарту і паслуг. Нам трэба зрабіць паглыблены аналіз работы ўсіх сфер эканомікі і знайсці аб'ектыўныя прычыны зніжэння і суб'ектыўныя недапрацоўкі, якія сёлета неабходна выправіць.

А вось станоўчыя тэндэнцыі і падыходы, на думку кіраўніка рэгіёна, варта прааналізаваць, пашырыць і ўкараніць ва ўсіх рэгіёнах. Без гэтага немагчымы рост рэальнага сектара эканомікі. Таксама стаіць задача павысіць збор падаткаў. Дарэчы, на сацыяльную сферу — адукацыю, ахову здароўя, культуру, спорт і сацыяльную палітыку — летась было накіравана 67,7 % даходаў. Пры гэтым падаходны падатак складае толькі 26 %. Астатнія расходы на сацыяльную сферу дзяржава кампенсуе з іншых крыніц.

Асноўны прырост у 2021 годзе плануецца атрымаць за кошт прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і транспартных паслуг. Вытворчая сфера фарміруе больш чым 60 % паказчыкаў. Стаўка ў значнай ступені робіцца на аграрны сектар. Але не толькі. У ліку задач — прыцягненне прамых замежных інвестыцый, мадэрнізацыя вытворчасці, сельскагаспадарчых комплексаў.

На будучы год плануецца рэалізаваць амаль 200 інвестпраектаў, большасць з якіх — вытворчыя. У гэтым кірунку мяркуецца задзейнічаць усе раёны вобласці. З найбольш буйных — будаўніцтва новага азотнага комплексу «Гродна Азот» і дрэваапрацоўчага прадпрыемства ў Свіслачы. Разам з тым важным драйверам роста павінна стаць будаўніцтва жылля. Мяркуецца, што будзе ўведзена 420 тысяч квадратных метраў, з іх 145 тысяч — індывідуальнае жыллё. Сфера будаўніцтва, у тым ліку інвестыцыйны складнік, будзе адлюстроўваць сацыяльную накіраванасць дзяржавы.

— У сацыяльнай сферы захаваецца леташняя структура — сюды будзе накіравана 67,5 % усіх сродкаў, а гэта фінансаванне будаўніцтва дзіцячых садкоў, школ, медыцынскіх устаноў. У Гродне пачнецца праектаванне новай бальніцы, будуць выдзяляцца сродкі на рэканструкцыю іншых бальніц у абласным цэнтры і раёнах вобласці, — адзначыў Уладзімір Каранік.

Губернатар выказаў спадзяванні, што абмежаванні, звязаныя з пандэміяй, будуць паступова змяншацца, што дасць магчымасць забяспечыць рост у такіх галінах, як транспарт, лагістыка, сфера паслуг і турызм.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.