Вы тут

Лукашэнка: Сітуацыя няпростая, але гэта сітуацыя магчымасцяў


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.


Аўдыенцыя адбылася напярэдадні пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, якое запланавана на наступным тыдні ў Сочы, а таксама напрыканцы тэрміну паўнамоцтваў Дзяржсакратара, якія доўжацца больш за 9 гадоў. Падчас сустрэчы Рыгор Рапота атрымаў з рук беларускага лідара ордэн Пашаны.

Аляксандр Лукашэнка адразу адзначыў, што аўдыенцый з Дзяржсакратаром не было даўно, хоць сустрэчы кіраўніка дзяржавы і Дзяржсакратара падчас розных мерапрыемстваў адбываюцца рэгулярна. Апошняя такая — у рамках Усебеларускага народнага сходу, госцем на якім быў Рыгор Рапота.

«Мы маніторым сітуацыю пасля Усебеларускага народнага сходу, вы як спецыяліст разумееце, што мы павінны (і я асабліва) адчуваць, чым дыхае наша грамадства, — заўважыў з гэтай нагоды Прэзідэнт. — Гэта добра, што людзі, якія фарміруюць меркаванне, такія як вы, нармальна ўспрымаюць наш форум».

Сход застанецца ў гісторыі Беларусі, працягнуў Аляксандр Лукашэнка, бо на ім абмяркоўваліся вельмі важныя для краіны, глабальныя праблемы. Усе пытанні, якія былі агучаныя на УНС, а іх нямала, будуць апублікаваныя, дадаў беларускі лідар.

«Я лічу, што і сам у дакладзе, і ўвогуле выступоўцы былі досыць шчырыя, — адзначыў ён. — Таму на ўсе пытанні атрыманыя адказы. Думаю, і наша Расія нас пачула, і Захад, і гэтак далей. Гэта вельмі важна для далейшага развіцця нашага супрацоўніцтва ў рамках Саюза Беларусі і Расіі».

У бліжэйшы двухбаковы саміт (на пачатку 20-х дзён лютага), які, як заўважыў Аляксандр Лукашэкна, ужо анансаваны Крамлём, і пра які было даўно дамоўлена з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, размова пра надзённыя праблемы супрацоўніцтва будзе працягнутая.

«Але адразу хачу сказаць — у нас, як бывае, падхопяць парадак дня: маўляў, Лукашэнка прыедзе там ажно тры мільярды долараў прасіць. Я не еду туды нечага прасіць, — пракаментаваў здагадкі, якія з’явіліся ў медыяпрасторы, кіраўнік дзяржавы. — Вось вы бачылі, мы падпісвалі на сёлета па энерганосьбітах (што для нас адчувальна), агульных рынках, дакументы. Увогуле, ні пра што не прасілі і не спрачаліся. Калі Расія лічыць, што ўзровень нашага эканамічнага супрацоўніцтва павінен быць вось такой вышыні, значыць, ён такі і будзе. Чаго там хадзіць і прасіць? Трошкі лібералы Расіі адсталі ад адчувальных пытанняў, якія мы абмяркоўвалі».

На беларуска-расійскай сустрэчы вышэйшага ўзроўню, якая чакаецца, адбудзецца і абмеркаванне самых вострых пытанняў з намеснікам старшыні Савета Бяспекі Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым, дадаў Прэзідэнт.

Гэта тычыцца, у тым ліку, прыняцця сумесных мер ў святле пагрозы эканамічных санкцый з боку Захада, сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы можам усё пралічыць і цалкам сябе забяспечыць, за выключэннем нейкіх дэталяў, — мяркуе ён. — Цягам трох-пяці гадоў і дэталі тыя зробім у Беларусі і Расіі. У нас такі навуковы патэнцыял! І калі б мы гэта зрабілі, то і Украіна б да нас паціху падцягнулася. Я ўжо не кажу пра Казахстан і іншыя рэспублікі, якія не далёкія ад нас. Таму гэта — галоўнае пытанне: дамовіцца і забяспечыць нашу ўсю Айчыну ўсім неабходным».

Беларусы і расіяне ўсё ўмеюць рабіць, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, трэба толькі менш спадзявацца на рынак, і лепш пралічваць будучыню. Па словах Аляксандр Лукашэнкі, у такіх вядучых эканоміках свету, як Кітай і Японія, развіццё заснавана на планаванні і жалезнай дысцыпліне.

«І мы можам гэта зрабіць, — упэўнены ён. — І не трэба перажываць, што нам заўтра санкцыі ўвядуць. Добра, уводзьце. Але свае тавары будзеце спажываць у сябе. На наш рынак не прыйдзеце. А гэта ўсё-такі 150 мільёнаў чалавек. І гэта толькі нашы, бо праз Беларусь і Расію разыходзіцца вялізная колькасць тавараў».

Менавіта гэтаму будзе прысвечаны парадак дня найбліжэйшага пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Трэба выкарыстоўваць сітуацыю. Сітуацыя няпростая, але гэта сітуацыя магчымасцяў. Хутка развернемся, будзем працаваць лепш, — рэзюмаваў ён. — Вось мы не закрыліся ў свой час, вы ведаеце, эканоміку не закрылі, і за студзень толькі ў прамысловасці дадалі 9 працэнтаў да мінулага года, у які зніжэння не адбылося. Чаму? Не таму, што мы вялікія, а таму, што многія эканомікі свету перасталі працаваць».

Ёсць магчымасці для супрацоўніцтва Беларусі і Расіі і зараз, падкрэсліў Прэзідэнт.

Рыгор Рапота падзякаваў Аляксандру Лукашэнку і ўсім дзяржаўным дзеячам Беларусі за гады работы тут і дадаў, што ўзаемадзеянне двух краін вельмі важна для абодвух народаў і для ўсёй постсавецкай прасторы.

«Дзе б я далей не апынуўся, натуральна, я гэтай тэме буду адданы, тым больш, што ў мяне тут ёсць пэўныя незавершаныя праекты, пэўныя фантазіі, якія часам могуць прыводзіць і да пэўных вынікаў», — паабяцаў Дзяржсакратар.

Рыгор Рапота адзначыў, што яму вельмі камфортна было працаваць у Беларусі.

«Калі нам гэту атмасферу ўдасца захаваць, гэта добры залог для далейшага развіцця», — сказаў ён і выказаў гатоўнасць дапамагаць новым людзям у Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы выкарыстоўваць патэнцыял створаных механізмаў супрацоўніцтва больш поўна.

«Мы ў асноўным казалі пра стан Саюзнай дзяржавы, пра нейкія рэчы, якія зараз хвалююць і беларускі, і расійскі бок, — пракаментаваў пазней журналістам вынікі аўдыенцыі Рыгор Рапота. — І ў сувязі са зменай каравулу хацелася б (і гэта ўзаемнае наша пажаданне) захаваць дынамку там, дзе яна ёсць, і вырашыць праблемы, якіх у нас вышэй за дах. Размова ішла пра эканамічны складнік і пра пытанні ўзаемнага даверу — тое што выбудоўваецца гадамі, але вельмі лёгка разбурыць».

Дзяржсакратар пракаментаваў рэакцыю Пасткаму на палітычныя падзеі мінулага года ў Беларусі.

«Калі ўсё адбылося, то мы ўсе замерлі. Маю на ўвазе тых, хто займаецца расійска-беларускімі пытаннямі. Для мяне было крайне важна, каб яны (двухбаковыя адносіны — «Зв.») не пацярпелі. Разумею, што гэта (паствыбарная сітуацыя ў Беларусі — «Зв.») — унутраныя працэсы, у якія нельга ўмешвацца звонку, адкуль бы гэта ні было. Але вельмі важна, каб не пацярпелі расійска-беларускія адносіны, бо гэта не пытанне адносін толькі кіраўнікоў дзяржаў або ўрадаў, міністэрстваў замежных спраў (хоць гэта ключавыя моманты), — гэта адносіны народаў».

Беларусь і Расія зрабілі вельмі шмат для таго, каб грамадзяне абедзвюх краін адчувалі сябе на тэрыторыі ўсёй саюзнай прасторы як дома. Удалося дабіцца добрых вынікаў у сферах перамяшчэння, медыцынскай дапамогі, пенсійнага забеспячэння і іншых, дзе страты таго, што было дасягнута, людзі адчуюць непасрэдна, лічыць Рыгор Рапота. Гэта тычыцца і буйных эканамічных праектаў.

«Калі разваліўся Савецкі Саюз і ўсе новыя краіны атрымалі незалежнасць, першы ўдар прыйшоўся як раз па гэтай сферы адносін, — дадаў Дзяржсакратар, маючы на ўвазе кааперацыйныя сувязі. — Трэба аддаць належнае беларускаму і расійскаму кіраўніцтву ў той перыяд за тое, што як раз гэта было захаванае ў значнай ступені».

На шчасце, дасягненні Саюзнай дзяржавы ўдалося захаваць, і зараз адчуваецца жаданне з абодвух бакоў іх развіваць, рэзюмаваў Рыгор Рапота.

Датычна пачуццяў, з якімі Дзяржсакратар аглядаецца на 9 гадоў сваёй працы, субяседнік прызнаўся, што эмоцыі яго перапаўняюць, пры гэтым ён ніколі не сумняваўся ў патрэбнасці інтэграцыі.

«Мне бы хацелася як мага больш нейкіх сумесных буйных праектаў, — дадаў ён. — Гэта могуць быць транспартныя праекты, навуковыя».

Ён расказаў, што Пастком і ён асабіста горача падтрымліваюць ідэю аб’яднаць намаганні Беларусі і Расіі ў пытаннях тэхналагічнага засваення Арктыкі. Ідзе размова пра стварэнне адпаведнага цэнтру ў Архангельску.

Яшчэ адна добрая перспектыва для сумеснай работы — сучасныя транспартныя магістралі (чыгунка і аўтамабільныя дарогі, па якіх можна бяспечна перамяшчацца на вялікай хуткасці), якія злучаюць дзве краіны, выходзяць за іх межы і робяць Расію і Беларусь мостам паміж Азіяй і Еўропай.

«Развіццё транзітнага патэнцыялу — гэта аднаўляльны эканамічны рэсурс. Ён павінен быць, мы ім павінны валодаць», — аргументаваў Дзяржсакратар.

На пытанне журналіста «Звязды», калі можна чакаць поўнае адкрыццё межаў Расіі для беларусаў, ён адказаў: «Мне цяжка казаць, бо не ад мяне гэта залежыць, я б ужо ўсё адкрыў, пры захаванні неабходных санітарных нормаў. Думаю, у бліжэйшы час гэта ўсё неяк наладзіцца. Думаю, да лета павінны быць ужо больш свабодныя перамяшчэнні, у тым ліку аўтамабільныя, больш стане і цягнікоў».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.