Вы тут

Навагрудскі замак і Свята-Успенскі сабор у Жыровічах будуць фінансавацца дзяржпраграмай «Культура Беларусі»


У пачатку месяца быў размеркаваны рэспубліканскі бюджэт па дзяржаўнай праграме «Культура Беларусі», разлічаны на бліжэйшыя пяць гадоў.


На аднаўленне і рэстаўрацыю культурнай, гістарычнай і творчай спадчыны будзе накіравана больш за чатыры мільярды беларускіх рублёў. Частка грошай паступіць з рэспубліканскага бюджэту, падмацуюць фінансаванне аб'ектаў мясцовая казна і ўласныя сродкі арганізацый.

На тэрыторыі Гродзенскага рэгіёна дадаткова будуць прафінансаваныя аб’екты культурнай спадчыны, а таксама архівы Беларусі і функцыянальныя будынкі культуры. У прыватнасці, Свята-Успенскі сабор у Жыровічах Слонімскага раёна, дзе праходзяць рэстаўрацыйныя і рэканструкцыйныя работы, а таксама Навагрудскі замак.

Дарэчы, сёлета ў Навагрудку плануецца завяршыць умацаванне схілу Замкавай гары з боку Касцельнай вежы. Акрамя таго, у праекце арганізацыя водаадводу з тэрыторыі дзядзінца, а таксама добраўпарадкаванне газонаў.

Ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама раней адзначалі, што ў Навагрудку працягнецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі па кансервацыі руін Дазорнай, Пасадскай, Уваходнай вежаў, а таксама кансервацыя з рэстаўрацыяй вежы Шчытоўка, дзе могуць з'явіцца памяшканні пад музейную экспазіцыю.

Акрамя вышэйзгаданых аб’ектаў, у чарговы план фінансавання па дзяржпраграме «Культура Беларусі» ўвайшоў таксама Стары замак у Гродне. У прыватнасці, сёлета рэстаўрацыю першай чаргі падтрымае рэспубліканскі бюджэт, а аднаўленчыя работы па другой чарзе будуць выконвацца за грошы мясцовага бюджэту і ўласных сродкаў арганізацый.

Нагадаем, што дзяржпраграма «Культура Беларусі» з’яўляецца толькі дадатковай крыніцай фінансавання праектаў па захаванню гістарычных і культурных аб’ектаў. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Фота: БелТА.

Да слова, падобных аднаўляльных каштоўнасцяў толькі ў Гродзенскай вобласці налічваецца каля сямісот. На працягу некалькіх гадоў за кошт сродкаў, прадугледжаных дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай, вядуцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на знакавых помніках архітэктуры: Лідскім, Любчанскім і Навагрудскім замках, былым замку Сапегаў з фрагментамі абарончых збудаванняў у Гальшанах Ашмянскага раёна, фрагментах замка ў аграгарадку Крэва Смаргонскага раёна, Старым замку ў Гродне, палацавым комплексе ў вёсцы Свяцк Гродзенскага раёна, Свята-Успенскім саборы ў аграгарадку Жыровічы Слонімскага раёна.

У цэлым, агульная колькасць помнікаў архітэктуры (будынкаў і збудаванняў) у Беларусі, у тым ліку якія ўваходзяць у склад комплексных нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, складае больш за чатыры тысячы аб’ектаў. У многіх з іх праведзены капітальны рамонт частак будынка і збудаванняў.

Адноўлены многія музеі, бібліятэкі, галерэі і выставачныя залы. Таксама адрамантаваны паркі культуры і адпачынку, клубныя арганізацыі і палацы.

Аліса СКІБА

Фота з архіву Анатоля КЛЕШЧУКА і БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.