Вы тут

Пераклады вершаў маладой паэтэсы з Узбекістана Малікі Абідавай


Што неабходна для таго, каб пісаць вершы? Шмат перажыць і перадумаць, пераадолець незлічоныя перашкоды?.. У творах маладой паэтэсы з Узбекістана Малікі Абідавай, перакладзеных з рускай мовы на беларускую айчыннымі літаратарамі, адлюстраваўся магутны вопыт перажывання, шчырасць і яснасць светаўспрымання, імкненне прыўзняцца над будзённасцю і зазірнуць у тонкія сферы быцця. Маліку хвалюе ўсё, што яна бачыць навокал, з чым сутыкаецца ў жыцці, пра што чытае. Героі кніг натхняюць паэтэсу на глыбокае пераасэнсаванне і філасофскі роздум. Часам яна прыходзіць да нечаканых высноў, арыгінальных метафар, непрадказальных сюжэтных паваротаў. Паэтэса гутарыць з чытачом, запрашае яго раздзяліць з ёю захапленне шматграннасцю свету і чалавечых пачуццяў.


Маліка АБІДАВА

«На фронце Заходнім няма перамен»

Я верыў, матуля: ідэал — несмяротны

І верыў, што тут, на вайне, я змагу

Адолець чужынцаў, як буду ахвотны,

І лёс я стварыць сам сабе памагу.

 

Матуля, ты ведаеш, як памыліўся

І як не меў рацыі любы твой сын?

З крывёю і потам мой аркушык зліўся,

А я — ад гульні ў самых смелых мужчын.

 

Я бачыў тут смерць, о мая дарагая…

І тут — толькі боль у плоці жывой.

Жыццё — беспрасветнае, цемра — глухая,

Вайна — не трыумф, але кошт мае свой.

 

Без літасці ўсе. Ну хіба гэта людзі?

Страшэнная жорсткасць ва ўсёй грамады.

І вокліч «Рыхтуйся» прад стрэламі будзе —

А як рыхтавацца да ўласнай бяды?!

 

Жыццё чалавека нібы парцэляна,

Адзін толькі стрэл — і цябе больш няма…

Заплюшчыўшы вочы, угледзіш паляну:

За флёрам смяротным там бачыцца цьма.

 

І будзе табе тут надзейнай апорай,

Бязмоўным ахоўнікам, братам тваім

І смерці саюзнікам, часам дакорам

Зямля пад нагамі з смуродам чужым.

 

І бачыў я тых, што ўжо страцілі розум,

І ўзятых да нас у палон шкадаваў…

Я бачыў знявечаных бітваю грознай!

Ніхто ім цяпла ў скрутны час не даваў…

 

І бы смеючыся з дачаснае смерці

І з тых, хто памёр, бы жывая мішэнь,

Матуля, на радыё жарту не верце:

«На фронце Заходнім няма перамен»…

Пераклад Пятра ЖАЎНЯРОВІЧА


Журавы

Калючы сівер з поўначы шырот

У вырай гоніць позніх журавоў.

Чаму не можа быць наадварот,

Каб сэрцы саграваць ад маразоў?..

 

Пакуль глядзеў пад ногі я сабе,

Плылі над галавою журавы.

З зімой сышлося лета ў барацьбе,

Як з бурай лютай — карабель жывы.

 

І груганы кружлялі нада мной,

Яны няўмольна клікалі зіму.

Іх крыкі адгукаліся тугой,

Што зведала і краты, і турму.

 

Ды клін раскроіў шэрую жуду,

І ціхі спеў люляе туманы:

«Мы вернемся вясною, не бядуй.

Ты толькі, дружа, прычакай вясны».

Пераклад Змітрака КУЗМЕНКІ


Люстэркі

Чаго баяцца? Свет нястрымны

Цаляе ў сэрцы нам наўпрост —

То ў бездань жаху нас абрыне,

То ўчыніць свой крывавы хрост.

 

Чаго баяцца? Растлумачце!

Чыйго аблічча мне ўнікаць?

Усё, што сее страх, пазначце —

Відушчымі нам варта стаць.

 

Штодня нас весткі скаланаюць —

Спыняецца чыёсь жыццё,

Бурляць віры, лясы палаюць,

Усё сцякае ў небыццё…

 

У незлічоны раз каторы

Браты скрыжоўваюць мячы.

І свет наш, невылечна хворы,

У прорву стрымгалоў імчыць.

 

Каго баяцца? Напамінам

Нямоўкным душы нам шкрабе:

Угледзецца спярша павінны,

Як у люстэркі,

У сябе.


Прыгублю напой за цябе:

Маеш рацыю толькі ты —

У маўклівай сваёй барацьбе,

Ва ўтрапенні сваім святым.

 

Стыне ў сэрцы халодным туга

І замоўклі маленні даўно…

Паміж намі знікае прагал,

Хоць пакуль цябе не відно.

 

Ты — жыцця маладая ўдава,

Побач сцішыўся роспачны лёс.

Ён цябе шкадаваў, гадаваў,

Ён табе апраўданне прынёс.

 

І з халоднай тваёй далані,

Пад наглядам поўні сляпой,

Не збаюся нічога ані —

Прыгублю свой апошні напой.

Пераклад Янкі ЛАЙКОВА


Хацеў наўпрост пагутарыць з душой,

Каб вочы ў вочы, без аздоб, прыкрас.

Чакаў з’яўлення зоркі маладой,

Але яна ўзяла ды згасла ўраз.

 

Жахлівы прывід плёўся да мяне,

Змарнелы ўшчэнт, слабы, закатаваны.

«Ты — душагуб!» — ён з болем кінуў мне,

У плоць была душа яго схавана.

 

Чакаў, што скажа мне душа мая,

І разам з тым жадаў яе маўчання —

Пакуты, страх, сумненні помніў я

Праз цяжар бессэнсоўны існавання.

 

Дакор нямы глядзеў з вачэй пустых,

Бо жыў я не сваёю галавою.

Быў сорам — як удар пад дых:

За тое, што пражыў жыццё чужое.

 

Так, стоячы перад сваёй душой,

Спустошанай, знявечанай, бязвольнай,

Яе я згадваў зоркай незямной

І разумеў, што час, на жаль, няўмольны.

 

Як міг, як момант даўжынёй — жыццё,

А мы не ў змозе эга зняць акоў...

А потым — смерць, скачок у забыццё,

Для вечнасці — без смутку і слядоў…


Вазьмі ж ты свой боль нясцерпны,

Разбітага сэрца адчай

І ператвары ўсё ў вершы,

Мастацтвам стане няхай…

 

Стаяць за табою цені,

І цені ў табе наскрозь.

Ты ж боль свой пастаў на калені

І рэшткі пустыя кроз

 

З ашчэпкамі смутку і зморы,

Бяссілле, маркоту, тугу

Адпраў за далёкае мора

І не кажы: «Я слабы, не магу…»

 

Схавай пад бінты кроў і раны

І шнары душы сваёй,

Святлом стань у рэчцы туману

І поўняй — парою начной.

 

Стань цудам. Гаючаю сілай.

Свяці, колькі хопіць жыцця.

Дай марам магутныя крылы

Для шчырага пачуцця.

 

Разбітае сэрца і мроі

Ў мастацтва душы пераплаў.

Я знаю: не зніклі героі.

Ты здолееш, ведаю я.


Красуні... Нетаропкі ўзмах іх вей

Хутчэй мішэнь уразіць, чым страла.

Стварыў іх Бог, ды не сказаў: мацней

Той позірк джаліць, чым пчала.

 

Нашто існуе іх душа? Яна

Як ночы змрок альбо як дзень

Святлом анёльскім ззяе. Ды мана

Ўнутры яе, пажады, здрады цень…

 

На іх зямля трымаецца спакон.

Для іх узводзяць п’едэстал…

Яны чаруюць. Адбіраюць сон,

З усмешкаю ўздымаючы бакал.

 

Натоўп заўжды навокал іх,

Даруе воплескі за кожны ўздых.

Пасля натоўп на іх ідзе вайной,

Любы пралік ім ставячы віной.

 

Агонь натоўп запаліць ля іх сцен —

Ілжэсябры ля вогнішча сядзяць,

І змову супраць хтосьці з іх пляце…

Не страшна гэтакім: ніхто ім не суддзя…

Пераклад Яны БУДОВІЧ


У бязмежжа я клікала тых, хто быў блізкі,

У зіхоткую далеч вяла за сабой.

Але блізкасць ператваралася ў пырскі,

І нявартым яе быў

той, хто побач са мной.

 

І вакол заклубіліся здані без твару,

І разгублена я пазірала на іх.

І, як квецень пад ветрам, —

Удар за ударам —

Абляталі пялёсткі спадзяванняў маіх.

 

Я глядзела, не верыла — але паўстала

Ды закрыла мне сонца непраглядная мгла.

І душа птушаняткам падбітым упала,

І здавалася: ссохла крыніца святла.

 

А навошта ілюзіі?

З попелу вежы...

І ці варта кагосьці цягнуць за сабой,

Каб лунаць, быццам птушка,

у нябёсах бязмежных?

Там не цесна й самой.

Пераклад Наталлі КУЧМЕЛЬ

Загаловак у газеце: «Ты толькі, дружа, прычакай вясны...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».