Вы тут

Выйшаў з друку зборнік твораў пераможцаў конкурсу маладых літаратараў «Першацвет»


Міжнародны конкурс на найлепшы твор сярод маладых літаратараў «Першацвет» сёлета адзначыў свой першы юбілей: спаборніцтва адбылося пяты раз. Традыцыйна на працягу года пачынаючыя паэты і празаікі дасылаюць свае спробы пяра ў рэдакцыі рэспубліканскіх літаратурных СМІ альбо сталічнага выдавецтва «Мастацкая літаратура». Рэдактары рыхтуюць найлепшыя з твораў да друку, пры неабходнасці працуюць з маладымі аўтарамі, падказваюць, якія вобразы атрымаліся найбольш удалымі, а над стварэннем якіх яшчэ трэба пашчыраваць, раяць, дзе можна знайсці патрэбную інфармацыю для набыцця неабходных ведаў.


І гэта вельмі важна для пачаткоўца: своечасова атрымаць карысную параду, заўважыць і выправіць магчымыя памылкі і недахопы, каб пасля яны не пераходзілі з твора ў твор. Многія вядомыя, сталыя пісьменнікі калісьці атрымалі пуцёўку ў літаратуру менавіта такім чынам: іх заўважалі дзякуючы ўдзелу ў тым ці іншым конкурсе, запрашалі ў рэдакцыю, дзе ішла літаратурная вучоба: чытанне твораў і адразу ж «рэцэнзаванне» іх старэйшымі сябрамі па пяры.

Вынікі сёлетняга спаборніцтва пабачылі свет пад вокладкай выдання «Першацвет» у Выдавецкім доме «Звязда». Традыцыйна імі сталі дзесяць найлепшых празаікаў і столькі ж паэтаў. «Адны імёны ўжо траплялі на старонкі нашых літаратурных часопісаў „Нёман“, „Полымя“, „Маладосць“ і газеты „Літаратура і мастацтва“ (некаторыя нават не раз, што, безумоўна, сведчыць пра ўзаемную зацікаўленасць юных летуценных аўтараў і сталых, паважных выданняў), другія адкрыліся чытачам літаральна нядаўна — у 2020-м, і гэта даказвае, што шлях да першага поспеху не павінен быць доўгім, калі на гэтым шляху аўтара суправаджае такое шанцаванне, якое ёсць не што іншае, як гатоўнасць і магчымасць зрабіць тое, на што астатнія яшчэ толькі наважваюцца», — зазначае ва ўступным слове ўкладальнік альманаха Святлана Воцінава.

Дарэчы, асаблівасцю сёлетняга, пятага выпуску альманаха сталі пэўныя змены ў афармленні: цяпер чытачы змогуць не толькі пазнаёміцца з творамі фіналістаў, але нават і пачуць і ўбачыць іх аўтараў тут жа, на старонках, праз Q-R-коды, змешчаныя ў выданні. Мы ж традыцыйна паспрабуем зазірнуць у вочы кожнаму з літаратараў праз яго творы.

«Мару аб стварэнні драмы ў вершах», — прызанецца Дар’я Вераб’ёва, чыя падборка вершаў распачынае альманах. І адразу можна засведчыць, што калі творца дакладна ведае, чаго хоча дасягнуць, гэта толькі на карысць. Бо Дар’я не проста марыць — працуе ўжо ў гэтым кірунку: героі многіх яе твораў — старажытнагрэчаскія багі і тыя, хто рызыкнуў з імі спаборнічаць. Дар’я паспрабавала адлюстраваць адну з самых крывавых старонак у міфалогіі: гісторыю пра музычны «двубой» саціра, пастуха Марсія з богам Апалонам. Прычым яна не проста перадае змест расповеду, але падводзіць чытача да таго, што яму хочацца самому пераасэнсаваць гісторыю і зрабіць уласную выснову наконт яе фіналу, яна не дае гатовых адказаў, толькі прапануе пытанні:

І ўсё ж ігрой крануўся сэрцаў

Марсій:

У кожнага з прысутных раптам хваля

Пачуццяў патаемных паднялася —

Яе, бы забаронную, хавалі...

Аднак, які б уздым ні быў вялікі,

Падман чароўны ўдаўся:

перамога

За асляпляльным Апалонам-богам...

Чаму ж пасля ён скуру зняў

з музыкі?

Надзвычай адораны паэт, творы якога занялі належнае месца пад вокладкай альманаха, — Мікіта Варанцоў. З яго вершамі штотыднёвік «ЛіМ» ужо не раз знаёміў сваіх чытачоў. Тое, на што адразу звяртаеш увагу, — арыгінальная вобразнасць і нечаканасць параўнанняў:

На чэрап нябёсаў

Заспанае вока світанку

Нацягвае скуру раніцы.

І вока світанку коціцца

Ў вачніцу поўні.

Ды неба бяжыць.

І ім ніколі не сустрэцца.

Аксана Гаджыу нарадзілася ў Малдове, а Мінск упершыню пабачыла ў 2012 годзе, падчас турыстычнага падарожжа. Горад настолькі спадабаўся дзяўчыне, што пасля заканчэння медыцынскага ўніверсітэта яна пераехала ў Беларусь, дзе працуе ўрачом у бальніцы. Цікавасць да беларускай мовы прывіў ёй каханы чалавек, як прызнаецца Аксана ў публікацыі. Вершы яна піша не дзеля выніку — дзеля працэсу. Не дзіва, што каханне і праявы жарсці — асноўны матыў яе лірыкі:

Ты глядзеў у мае вочы і бачыў

Старажытныя рымскія бітвы:

Як усход над заходам плача

І чаканіць на вейках задачы

Ды малітвы.

«Будуй сябе, як першую хату для сына, — / самастойна, сумленна і з розумам», — заклікае Наста Дадонава. Рыфмы складаюцца ў яе «з незнаёмых слоў, якія рэхам аддаюцца ад болю сэрца». З некалькімі творамі Насты газета «ЛіМ» ужо знаёміла чытачоў. Але ж як прыемна знаходзіць новыя перлінкі там, дзе ўсё нібыта было вядомым:

Калі я ўрэшце рэшт выгрукну сябе

ў вершах,

Малюнках,

Людзях,

Тады, магчыма, і памру,

Без голасу і рук,

Без сэрца.

Дар’я Калакольцава, якая «ў будучыні бачыць сябе маленькай часткай вялікай паэзіі», магчыма, не памыляецца. Падставы меркаваць так дае відавочная смеласць, з якой Дар’я правакуе чытача, прапаноўваючы сюжэты, што маглі б быць пакладзены ў аснову фільма-хорара альбо псіхалагічнага трылера:

Дзесяць гадоў

я трымала цябе

ў гроце памяці,

якая апошнім часам

толькі засмучае мяне.

Ты быў прыкаваны кайданкамі

да батарэі,

і я карміла цябе з лыжкі агульнымі

песнямі, фотаздымкамі...

Запомніўся папярэдняй публікацыяй у часопісе «Маладосць» Арцём Лонскі. «У валасах — нервовыя канчаткі / маіх часта адсутных рыфм». Часам у яго творчасці знаходзяць адлюстраванне разбуральныя матывы, але, думаецца, гэта тыпова для маладых паэтаў. Таму чытачу застаецца толькі ацаніць вынаходніцтвы:

гэтая пакрытая поўсцю скура,

у якой мне так цесна,

аднойчы мне надакучыць.

я парву,

парэжу ўнутры сябе Нешта,

якое яе трымае.

першымі пакрысе

пачнуць пакрывацца пер’ем лапы і вушы.

Добра вядомую Кацярыну Масэ, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтара некалькіх зборнікаў, прадстаўляць асабліва не трэба. Прыемна адзначыць, што ў яе вершах сустракаюцца адметныя рыфмаваныя чаргаванні, паўсюль — наватворы, а сэнс, на першы погляд, падаецца схаваным за незвычайнасць карцінкі. Тым больш цікавасці яго расчытаць...

Павел Міхалькевіч, чый зборнік вершаў нядаўна пабачыў свет і быў прадстаўлены ў штотыднёвіку ў рубрыцы «Крытыка», у сваёй падборцы выяўляе тыя ж тэндэнцыі: прастата ў расповедзе ў спалучэнні са спробамі нешта зашыфраваць, а таксама пэўная эратычнасць:

...Паблісквае, ядвабная,

твая пад поўняй скура

А мозг нібы мастак той

з пагрызенымі пэндзлямі

Шалёна апантаны к’яраскура

«Хто я ў тваёй сістэме каардынат? / Хто ты ў маёй?» — запытваецца Аліна Паўлоўская ў свайго лірычнага героя. Каханне для яе — магчымасць пераасэнсаваць сутнасць існавання.

Вершы паэта з адметным псеўданімам Ч.ыЖ падштурхоўваюць задумацца над тым, што даўно стала часткай твайго светаўспрымання і, здавалася б, усё тут даўно ясна і зразумела:

Урачысты гАм звоніць звОнам нАм,

агалОмшваючы і агалОшваючы

Дзень Горада —

Дзень Смерці Неба.

І калі правы быў Караткевіч і ў кожным сэрцы блакіту зніч, то гэты звон па табе.

Do you remember?

Не менш арыгінальная і проза, прадстаўленая пад вокладкай «Першацвета». Разнапланавая, глыбокая, яна адлюстроўвае схільнасць маладых творцаў да пранікнення ў сусветы і сферы, якія адкрываюцца толькі тым, хто не прывык прымаць гатовыя адказы, хто мусіць сам, любым коштам дайсці да ісціны і зведаць яе.

Сафія Ворса, сябар літаратурнай пісьменніцкай суполкі, з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг, сярод яе твораў ёсць нават спробы драматургіі, што для маладога аўтара — рэдкасць: лічыцца, што напісаць вартую п’есу значна складаней, чым традыцыйныя аповесць, апавяданне, нарыс, таму тут сябе спрабуюць часцей сталыя творцы з немалым пісьменніцкім досведам. У творы, што пабачыў свет пад вокладкай альманаха, выявілася імкненне пісьменніцы да эксперыментаў і пошуку. Расповед пад назвай «Update» пачынаецца... з канца! Спачатку, пасля невялікіх уводзінаў, ідзе «Этап 3», потым «Этап 2» — і гэтак далей, да «Абнаўлення». Герой Сафіі Ворсы — ранімы, датклівы малады чалавек, пры гэтым яшчэ і максімаліст. Ен вырашае праблемы суіснавання ў свеце з самім сабою ў ролі галоўнага апанента, які часам перашкаджае быць шчаслівым. Думаю, з падобным сутыкаюцца многія юнакі і дзяўчаты, якія імкнуцца да дасканаласці, да ажыццяўлення самых смелых мар. У нечым падобную праблему вырашае і гераіня Ангеліны Ганчаровай у апавяданні «Уваскрослая».

У творы Дар’і Значонак «Сказ пра тое, як Гнядаш цмокаў падмануў» паяднаны два стылі: у канву традыцыйнага тэксту ўплецены кавалкі казачна-прытчавага расповеду. Дзве рэальнасці перасякаюцца, накладаюцца адна на другую, і перад чытачом паўстаюць ўзаемаўплывы двух сусветаў.

«Аматар тоўстых і нудных гістарычных кніжак», як прадставіў сябе Андрэй Кулеш, апісвае ўласнае юнацтва («Кардонныя прыгоды»). Важна, што ён здолеў адлюстраваць свой час з яго асаблівасцямі. Героі Дар’і Палынскай («Кніжны клуб») — таксама сучасныя маладыя людзі. Праблемы ўзаемаадносін і паразумення — тое, што ім наканавана вырашаць (і адначасова дамовіцца з уласнымі «мухамі» ў галаве).

«Сапраўдныя героі» Макара Пашкевіча змагаюцца з фашыстамі на акупаванай тэрыторыі. Аўтар прыўносіць у апавяданне фантастычны элемент. Арына Пранікава спрабуе стварыць цуд для самотнага падлетка з апавядання «Зоркі загараюцца ў калядную ноч» (вобраз галоўнага героя тыповы, побач з намі шмат падобных на яго). Іван Равяка выяўляе тонкае веданне псіхалогіі, разважае пра тое, што ёсць шчасце і чаму яго так проста страціць («Пірагі з чарніцамі прадаюцца толькі па аўторках»). Вольга Ропат стварае ўнікальны сусвет, у якім дзейнічае Мастацтва («Горад О.»). Кацярына Тарасава (а чытач неаднаразова меў магчымасць пазнаёміцца з яе вершамі на старонках перыядычных выданняў) гэтым разам выступіла як празаік. На апавяданне «Караблік» яе натхніў твор Максіма Багдановіча «Цуды маленькага Петрыка». «Петрык спадзяваўся, што калі-небудзь ён абавязкова дабярэцца да вялікага мора, дзе яго чакае той самы карабель. Але наколькі блізкім бы ні здаваўся, ён заўсёды заставаўся няўлоўным.» — і тут бачыцца метафара чалавека, які пра нешта марыць і знаходзіць у гэтым асалоду. У кожным з нас, напэўна, жыве ўнутранае дзіця, падобнае на маленькага Петрыка з яго мроямі, і шчаслівы той, хто адчувае святло і цеплыню тых дзіцячых мрояў у сваёй душы.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...