Вы тут

«Толькі народ Рэспублікі Беларусь мае права вызначаць будучыню сваёй краіны»


Віншавальныя тэлеграмы ў адрас удзельнікаў і дэлегатаў шостага Усебеларускага народнага сходу адрасавалі палітычныя дзеячы іншых краін, прадстаўнікі розных аб'яднанняў і іх лідары, паведамілі «МС» у прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.


Фота: БелТА.

У прыватнасці, у прывітанні старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянціны МАЦВІЕНКІ падкрэсліваецца, што Расія як надзейны сябар і саюзнік нязменна аказвала і будзе аказваць брацкаму беларускаму народу шматпланавую дапамогу, у тым ліку ў вырашэнні праблем, звязаных з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі і яе сацыяльна-эканамічнымі наступствамі.

— Перад беларускім грамадствам на фоне сур'ёзных выклікаў стаяць надзвычай важныя задачы дынамічнага і ўстойлівага развіцця краіны, дасягненні грамадзянскага міру і згоды, удасканалення і развіцця канстытуцыйнага ладу, забеспячэння асноватворных правоў і свабод грамадзян. Глыбока перакананая, што народ Рэспублікі Беларусь, як гэта было ва ўсе часы, пераадолее ўсе гэтыя выклікі з апорай на агульнанацыянальныя каштоўнасці, на свой унікальны характар. Гэта адказная праца, якая патрабуе ўдзелу ўсіх слаёў грамадства, палітычных сіл і грамадскіх рухаў, прадстаўнікоў рэгіёнаў і бізнесу.

Народ Рэспублікі Беларусь можа цвёрда разлічваць на падтрымку Расіі ў рэалізацыі стваральнага парадку дня, у фарміраванні якога ключавую ролю будзе адыгрываць агульнанацыянальны форум — Усебеларускі народны сход. Упэўнена, што грамадзяне вашай краіны разам дастойна пераадолеюць гэты няпросты перыяд, прапануюць такія рашэнні, якія дадуць магчымасць забяспечыць стабільнае і мірнае жыццё кожнаму.

Толькі народ Рэспублікі Беларусь мае права вызначаць будучыню сваёй краіны. Жадаю ўдзельнікам VІ Усебеларускага народнага сходу паспяховай работы на карысць народа Рэспублікі Беларусь, — гаворыцца ў прывітанні.

Старшыня ЦК КПРФ, кіраўнік партыйнай фракцыі ў Дзяржаўнай думе Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Генадзь ЗЮГАНАЎ таксама далучыўся да віншаванняў і выказвання цёплых слоў падтрымкі. У прыватнасці, лідар расійскіх камуністаў адзначыў у сваёй тэлеграме, што Усебеларускі народны сход стаў вялікім здабыткам Беларусі і рускага свету, зрабіў важкі ўнёсак у прамысловы рост, памнажэнне навуковага патэнцыялу, уладкаванне вёскі, моцную і дастойную адукацыю. Палітычны дзеяч выказаў удзячнасць за такі прыклад вялікай і стваральнай працы.

— Усім, хто выйшаў з-за меж нашай агульнай радзімы — СССР, вы далі прыклад беражлівых адносін да роднай зямлі, да сваёй гісторыі і свайго лёсу. Вы не дапусцілі алігархічнай вольніцы, крымінальнага разгулу і нацыяналістычных выкрутасаў, — заўважыў ён.

Генадзь Зюганаў прыгадаў у тэлеграме і падзеі жніўня-2020, што адбываліся ў нашай краіне:

— Беларусь перажыла складанае выпрабаванне, і мы згадваем аб ім з гонарам за беларускі народ — вы не толькі зрабілі прынцыповы выбар пры абранні Прэзідэнта, але і адстаялі сваё рашэнне: вы зрабілі гэта з вялікай годнасцю і сапраўдным усведамленнем каштоўнасцяў свабоды і справядлівасці, — падкрэсліў ён.

Не пакінуў па-за ўвагай кіраўнік расійскіх камуністаў і сённяшнія геапалітычныя падзеі: ён адзначыў, што найлепшыя якасці народнай свядомасці — працавітасць і мудрасць, калектывізм і разважлівасць, не напускны, а глыбінны патрыятызм.

— Гэтага ніколі не зразумеюць і не даруюць вам заходнія палітыканы. Устойлівасць Беларусі не дае ім спакою, — перакананы расійскі палітык. Ён звяртае ўвагу: прыхільнікі «новага парадку свету» робяць усё, каб падзяліць нашы народы. Але гэта, на яго пункт гледжання, азначае толькі адно: курс на адзінства Расіі і Беларусі — самы правільны, надзейны і перспектыўны.

— Нашым праціўнікам ніколі не зразумець, што гэты братэрскі саюз — не механічнае складанне тэрыторый, гэта нават не адзінства гаспадарчых сувязяў, гэта з'яднанне цэлага дзеля працягнення тысячагадовай гістарычнай традыцыі. Нашае самае маштабнае і глыбокае злучэнне — гэта вялікая агульная перамога над сусветным злом нацызму, — падкрэсліў лідар фракцыі.

У якасці прыкладу ён прывёў канферэнцыі ў падтрымку беларускага народа, што прайшлі ў маладзёжных аўдыторыях. У прыватнасці, «Расія — Беларусь: адны героі — адзін народ».

— Прыемна чуць з вуснаў маладога пакалення імёны нашых агульных герояў: бацькі Міная, лётчыка Мікалая Гастэлы, кавалерыста Льва Даватара, піянера Марата Казея, смелага партызана, выбітнага грамадскага дзеяча Пятра Машэрава. Гэта трэба ведаць, разумець, адчуваць: пакуль у нас адны героі — мы адзіны народ і непераможны. Як непераможныя былі ўдзельнікі аперацыі «Багратыён», што вызвалілі ад захопнікаў Белую Русь. Мы любім беларусаў і шануем нашы кроўныя сувязі, — падкрэсліў ён.

Працягваючы думку аб памяці Вялікай Перамогі, лідар расійскіх камуністаў не змог не згадаць сімвалы цяперашніх пратэстаў:

— Беларуская дзяржаўнасць — частка нашай агульнай гісторыі, і мы верым, што сімвалы здрадніцкага служэння фашызму ніколі не змогуць развявацца над прыгожай, добрай і годнай краінай.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, ён пажадаў братам-беларусам заўсёды і ва ўсім захоўваць мудрасць і дальнабачнасць.

У канцы трэба сказаць, што лейтматывам усіх атрыманых прывітальных тэлеграм з'яўляецца падтрымка адданасці Рэспублікі Беларусь прынцыпам дружбы народаў і аб'яднання намаганняў у барацьбе з сучаснымі выклікамі і глабальнымі пагрозамі і пажаданне стваральнай дзейнасці на карысць Беларусі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні будзе карыснае ўменне аналізаваць сітуацыю і паводзіны людзей і рабіць правільныя высновы. Паспрабуйце быць гранічна сумленнымі з самімі сабой, зніміце ружовыя акуляры. Цяпер пажадана не эпаціраваць навакольных экстравагантнасцю і рэзкімі развагамі. 

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа...