Вы тут

Абдулах Сідран. Срэбраніца


Абдулах Сідран арадзіўся ў 1944 годзе ў Сараеве. Баснійскі паэт, празаік, драматург, сцэнарыст. Выпускнік факультэта філасофіі Сараеўскага ўніверсітэта. Адзін з самых вядомых у Босніі аўтараў, прадстаўнік пакалення югаслаўскіх «шасцідзясятнікаў». Суаўтар ранніх фільмаў Эміра Кустурыцы «Ці памятаеш ты Долі Бэл» і «Тата ў камандзіроўцы». Лаўрэат шэрагу нацыянальных і міжнародных літаратурных прэмій.

Фота: en.wikipedia.org


Срэбраніца

Морак

— Што ты робіш, сынку?
— Сплю, мама, і сніцца мне, як спяваю,
а ты мяне пытаеш у тым сне: «Што ты робіш, сынку?»

— Аб чым у сне спяваеш, сынку?
— Спяваю, мама, нібы дом маю,
а дома не маю.

Спяваю пра тое, што голас маю і мову маю.
Ані голасу, ані мовы — зусім не маю.

Голасам, якога не маю,
на мове, якой мне так не хапае,
пра дом, якога не маю,
я песню спяваю, мама.

 

Жаночае

Падаюць гранаты
і бомбы падаюць.

Адна трапіла ў наш пакой,
а ты мяне нават не прытуліў.

Вайна — вялікае зло, яно крочыць,
запаўняе хату тваю і душу тваю.

Забірае і дом, і душу.

А мне трэба схавацца,
схавацца, калі плачу,
схавацца, калі ненавіджу,

схавацца ад дзяцей.
Мне патрэбна толькі любоў.
Калі аднойчы мяне прытуліш,
для мяне вайна скончыцца,

скончыцца жах, які ахінае зямлю,
бярэ гарады, адбірае дамы й трушчыць душы.

Трыста дзён ідзе вайна,
узнімі на мяне свой позірк,

трыста дзён, тры сотні ночаў
не мае вайна душы,
заплюшчаны яе вочы,

паўжыцця са мною побач
без кахання марна крочыш
як новы смутны ўспамін.

Але побач усё адно падаюць гранаты,
і мне трэба прытуліцца.

 

Летапіс Мустафы Башэскія

Сёння зранку, пасярод лета,
цяжкі мокры снег выпаў у краі.

Плачуць ахопленыя жахам сады — пішу пра гэта і маўчу,
бо звыкся з цудамі, якія вакол лунаюць.

Бачу праз вокны крамкі турботныя твары нямых людзей, што мінаюць.

Як гэта будзе, Божа, які ўсё ведае ды ўсё знае?

Не ганю цябе, я прыняў самоту як дар, а не як пакаранне.

Як пераадоленне, а не жах, што пужае.

Прыйдуць зранку, вядома ж, нейкія людзі.
Хтосьці мусіць памерці і сёння ноччу. Чыёсьці жыццё знікае.

Мая душа гатовая — як стужка магнітафона,
як папера, што на стале мне вока муляе.

Маўчанне і туга. Каго гэтай ноччу Ты зрынуў у горад?
Па кім мы будзем смуткаваць зранку?
З тытунём ды кавай у наступныя дні каго мы згадаем?

Трэба быць разумным, каб не адлюстраваўся на твары
жах чакання, які трывае.

Мне спатрэбілася шмат часу, пакуль зразумеў:
у гэтым горадзе ўсе хваробы заразныя сталі.

Каханне распаўсюджваецца, як жаўтуха з чумой,
разрастаецца, як гнайнік — і нянавісць падобна шлях сабе прабівае.

Ці не зашмат я прабыў самотнікам? Ад гэтага сэрца болем сціскае.

Божухна, ці ж я рацыю маю?

А аднойчы (у мяне запісана!) чырвоны дождж па-над горадам ішоў сцяной.

Блытаніна і страх, нібы пустазелле, вакол прарасталі.

А ў горадзе было мала здаровых душаў.

Гэта праўда. Адкуль хвароба — я адчуваю.

А адкуль здароўе? Насамрэч, Божа, адкуль здароўе?
Мяне людзі побач пытаюць.

Ці аднолькава ўсіх прымаю? Двух аднолькавых не бывае.

Да мяне ці да Цябе, вялебны, яны запытанне маюць.

Хіба ж магу я глядзець, адсочваць і сузіраць?

Як жа трымцелі б іх сэрцы, калі б маглі прадчуваць.

Калі грашу супраць сябе,
ці правы датычна іншых?

Калі грашу супраць іншых,
ці правы наконт сябе?

Што ёсць праўдай, скажы мне, Божа, благаю!

Просіць цябе сціплы мула Мустафа і іншых просьбаў не мае.

Абы толькі ціха было. Цішыня ёсць апошнім жаданнем.

Калі прыйдзе Час.

 

Паэма пра Срэбраніцу

Лепш бы яе не было
Чым тая што маем

Такая
Якая зараз ёсць
Нашая Срэбраніца

Ані мертвыя, ані жывыя
Тут
Жыць не могуць

Пад алавяным небам
Алавянае паветра
Шчэ ніхто ніколі

Не навучыўся
Гэтым дыхаць

Адсюль бягуць усе
Хто мае ногі
Якія могуць
І маюць куды
Збегчы

Адсюль бягуць нават тыя
Каму няма куды
Апрача чорнай зямлі
Бегчы

Бягуць праваслаўныя
Прышлыя і мясцовыя
Бягуць мусульмане
Мясцовыя і прышлыя

І той
Хто неяк уратаваўся
Сышоў каб пасля вярнуцца
Гэта не працягвалася
Ніводнай зімы
Ніводнага лета
Ніводнай восені
Ніводнай вясны
Але той хто ўратаваўся
Сыходзіў са Срэбраніцы
Адно дай нагоду

Што нашым
Суседзям-каталікам Срэбраніца?

Ім Срэбраніца
Стагоддзямі
Была светлым і цудоўным
Месцам пражытку
Іх добрай і шляхетнай дружыны

Яны даўно сышлі

У сваёй мудрасці
Нібы ведалі
Прыйдзе час
І больш не будзе
Светлай Срэбраніцы

Кажуць нам
Дзесяць гадоў кажуць нам

Што ў Босніі
Скончылася вайна

Вучаць нас
І шлюць нам пра гэта пісьмова загады
Як у нашай краіне
Босніі і Герцагавіне
Вайна скончылася
І каб больш ніхто
Не смеў
Глядзець у мінулае

Яны насамрэч
Сапраўды вераць
Што мы жывыя
Стаім тут
І на гэтым месцы
Так кажам

Нібыта мы насамрэч жывыя
Яны насамрэч думаюць што гэта — здароўе
Яны насамрэч думаюць што гэта — розум
Вось што нам засталося
Ад здароўя і розуму які некалі ў нас быў
Насамрэч не бачаць насамрэч не чуюць
Што мы засталіся мярцвей за ўсіх
Нашых мёртвых і што тут сёння іхнымі галасамі
Галасамі нашых мёртвых з іх глотак
Лямантуем і іхным лямантам — кажам

Не дайце нам
Глядзець у мінулае!
Але мы ў яго не глядзім — гэта яно глядзіць у нас!

Вы кажаце
Глядзіце ў будучыню!

А мы яе
Ніякую і нідзе
І ніяк не бачым
І не бачым каб яна
Хоць адным вокам
Глядзела на нас
Няхай бы яна нас убачыла
Ды паклапацілася пра нас

Мы маем сучаснасць
У якую людскія вочы
Не могуць глядзець

Мы тое ж самае
Паветра з волава
Ў нашай Срэбраніцы
Якой больш няма
Чые вочы
Чые рукі
Чые душы
Апаганеныя нашай крывёй

Толькі яны
Могуць узрадавацца
Вашым загадам
Не глядзець у мінулае

А што ў нас ёсць акрамя яго
А што нам засталося
Акрамя як у яго
Глядзець?

Вы сапраўды можаце
Сказаць маці
Каб яна не глядзела на сына?
Вы сапраўды можаце сястры
Загадаць
Не глядзець на брата?

Забярыце нашыя вочы
Ці не вучыце нас больш не дасылайце нам больш
Такія парады інструкцыі ды загады!

Можа быць і сапраўды як вы кажаце
Вайна скончылася! Але не для нас у нашай Срэбраніцы
Вайна крышку спынілася удзень нам часам таксама здаецца

Але ў нас што ўлетку што ўзімку
Ўжо сямнаццаць гадоў
Дужа доўгія ночы і вельмі кароткія дні

Калі першыя прыцемкі надыходзяць
Закладаем мы браму жалезам
Каб зайшоў і не выйшаў
Той хто нядаўна выйшаў і зайшоў
Бо ўсё нашае вырвалі з нашага жыцця

Гэта ён беражэ мір у нашай Срэбраніцы
Як засынаць маці Срэбраніцы?
Толькі заплюшчыць вочы
Ў тое ж імгненне зноў вайна вакол
Яна бачыць як чэтнікаў нож
Аддзяляе галаву ейнага сына
Ад уласнага цела

Толькі часам з тысячы з бессані на памяць
Ясіна будзь літасцівы мой Бог
А калі сон кранецца яе вачэй
Яна ў сне збірае цела і галаву свайго непахаванага
Сына!

Як можам мы жыць у сучаснасці?
Як нам не глядзець у мінулае?

У нас ёсць адзіная сястра
Не сярод нас але ж — жывая
Зрабіла сабе труну з адзінага дасяжнага тут у Сараеве

Жылля вокнаў не расчыняе
Глядзець у іх не смее

А калі б на вуліцу выйшла!
Чацвярых дзяцей страціла!
Калі б там сустрэла нейкага хлопца ці дзеўку

Якія б ёй нагадалі
Кагосьці з яе дзяцей — серца разарвалася б

На чатыры сотні кавалкаў!

Гэта і ёсць Мір?
Вось так заканчваецца Вайна?

Калі замаўкае
Жалезная зброя
І да нябёсаў лямантуе
Сэрца маці?

Калі злачынец
Мяняе кашулю
І ў ёй
Пад нашымі хатамі
І нашымі вокнамі
Ў нашай Срэбраніцы
Бароніць наш мір

Вашае мінулае прайшло
А нашае мінулае
Ніяк
Не пройдзе!

Не пройдзе
І не можа прайсці
Пакуль алавянае неба
Срэбраную Срэбраніцу
Нашу закрывае

Пакуль пад яе
Небам з волава
Алавянае паветра
І алавяную ад паветра ежу
Ўдыхаем і глытаем

Вашае прайшло
Нашае не
Нашае мінулае не прайшло

Не вяртайце нас
Не вяртайце нас
У такую
Алавяную
Срэбраніцу

Лепш
Хаця б адным вокам
Паглядзіце дзе ў вас
У душах
У кнігах
Згубілася зерне
Праўды і Справядлівасці

Калі ў сваім сэрцы
Хаця б адно
Зярнятка Справядлівасці і Праўды

Знойдзеце

Ад дабра і срэбра
Срэбную і добрую
Прыгажуню
Срэбраніцу
Срэбраніцы павернеце

Драбнічку Справядлівасці
і Зярнятка Праўды
Адшукайце!

Срэбраніцу
Срэбраніцы павяртайце!

А мы
З Божаю дапамогай
І жывыя і мертвыя
Адразу ў яе вернемся

Хай
З Божаю дапамогай
Збяруцца і супакояцца
Ўсе
Ўсіх часоў
Срэбраніцкія душы

 І
Гэтыя нашыя душы
Гаротныя і мёртвыя

З усімі душамі
Ўсіх нашых мёртвых

 

Пераклад з баснійскай Арамаіса МІРАКЯНА.
«За дапамогу і карысныя парады ў працэсе перакладу шчыра ўдзячны Ксеніі Каставусавай. Без яе гэтыя пераклады не былі б створаныя».

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».