Вы тут

Што робіцца для пашырэння беларускай мовы ў сферы адукацыі?


Калі ў пачатку 90-х гадоў карыстальнікаў інтэрнэту было каля 4 мільёнаў, у 2000-м — 8 мільёнаў, то на студзень гэтага года ў павуцінне патрапіла ўжо палова свету — больш за 4,5 мільярда. Натуральна, такая актыўнасць тоіць у сабе шмат пагроз. Паводле даных ЮНЕСКА, прыкладна тром працэнтам моў пагражае знікненне. Беларуская мова мае, як і яшчэ 592 іншыя мовы, статус «хісткае становішча», гэта значыць, што сфера яе выкарыстання звужана.


Але пра «моўную» небяспеку глабалізацыі задумваюцца нават і тыя краіны, якім, здавалася б, нічога не пагражае. Так, у Францыі яшчэ ў 90-я гады прыняты закон, які рэгламентуе сферы ўжывання французскай мовы. У выніку яна стала мовай асветы. Толькі на ёй можна прымаць іспыты, выдаваць дыпломы, абараняць дысертацыі і г. д. Пэўныя захады робяцца і ў Германіі, і ў многіх іншых краінах.

У Беларусі таксама прымаюцца захады для таго, каб забяспечыць роўнасць выкарыстання беларускай і рускай моў у адукацыйным працэсе на ўзроўні дашкольнай, агульнасярэдняй і спецыяльнай адукацыі, расказаў начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь» Вячаслаў Караткевіч. У прыватнасці, сёння мы маем падручнікі па ўсіх прадметах як на рускай, так і на беларускай мове. Пастаянна вядзецца работа па перакладзе шматлікіх нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць адукацыйны працэс. Кожны карыстальнік можа мець дакумент на той мове, на якой пажадае. Шмат робіцца і для таго, каб было метадычнае забеспячэнне выкладання розных прадметаў на беларускай мове.

З гэтага года пачаў дзейнічаць адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, які прызначаны для дапамогі ў вывучэнні вучэбных прадметаў самастойна. Сёння большая доля кантэнту — на рускай мове, але перад Нацыянальным інстытутам адукацыі пастаўлена задача аб беларускамоўным напаўненні гэтага рэсурсу.

Хутка будзе завершана работа над новым букваром для дзяцей, якія будуць навучацца па-беларуску.

Шукаюцца новыя падыходы, як папулярызаваць беларускія культурныя каштоўнасці ў навучальным працэсе. Інфармацыю можна падаваць па-рознаму. Напрыклад, уся лінейка падручнікаў па беларускай мове ў сваім афармленні на вокладках мае выявы помнікаў дзеячам беларускага друкавання і асветы. Падчас вывучэння беларускай мовы дзеці выконваюць заданні, праз якія падаецца інфармацыя, звязаная з гэтымі помнікамі і асветнікамі.

Нацыянальным інстытутам адукацыі праводзіцца шмат конкурсаў для вучняў з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і нават для пашырэння яе за межамі Беларусі. Так летась быў праведзены конкурс «Беларусь і Кітай. Мост у будучыню», у якім прынялі ўдзел і жыхары Паднябеснай. Конкурс скіраваны на спазнаванне адзін аднаго, у тым ліку і праз мову. Выйшаў падручнік беларускай мовы для замежных грамадзян. У інстытуце пачалася распрацоўка навуковай тэмы, звязанай з вывучэннем беларускай мовы як замежнай.

Супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі ўпэўнены, што абуджэннем цікавасці да беларускай мовы за межамі краіны, яны ў тым ліку ўплываюць на больш паважлівае стаўленне да яе айчыннай моладзі. Важна паказаць, што мы цікавыя свету і што беларуская мова мае права на развіццё.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Хутка будзе новы беларускі буквар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».