Вы тут

Пяты трыльённік. Куды рушыць сусветны рынак крыптавалют?


Неверагоднае нарэшце здарылася — днямі курс біткоіна пратэсціраваў гістарычную адзнаку $50 тысяч. Толькі на працягу лютага галоўная крыптавалюта падаражэла больш чым у 1,5 раза. «Біток» зноў у цэнтры ўсеагульнай увагі. Ён вярнуўся да неймавернага росту і пабіў гэтай зімой усе мінулыя рэкорды, цалкам акрыяўшы ад аглушальнага падзення двухгадовай даўнасці. З пачатку года курс «крыпты» неаднойчы абнавіў гістарычны максімум. На хвалі такога імклівага ўзлёту свет зноў пільна адсочвае рынак крыптавалют і строіць у яго дачыненні звышаптымістычныя прагнозы, заўважыла lenta.ru. Тым не менш, папярэджваюць эксперты, радавацца пакуль заўчасна. Куды ж рушыць сусветны рынак крыптавалют?


Фермы і пулы

2010-я ўвойдуць у гісторыю як дзесяцігоддзе, калі крыптавалюты пачалі змяняць спосабы пакупкі і продажу. Біткоін — унікальны грашовы актыў, паколькі ён вольны ад кантролю з боку цэнтрабанкаў і не мае патрэбы ў аўдыце трэцімі асобамі для пацвярджэння яго кошту. Замест гэтага яго пастаянна адсочваюць і верыфікуюць тысячы камп'ютараў, падключаных да агульнай сеткі — блокчэйна, дзе для дасягнення кансэнсусу выкарыстоўваецца крыптаграфія. Тэхналогія размеркаваных рэестраў, якая ляжыць у аснове блокчэйна, патэнцыйна можа змяніць не толькі свет фінансаў, але і такія рэчы, як валоданне нерухомасцю, ахова здароўя і галасаванне, адзначыў Forbes.ru.

У пачатку дзесяцігоддзя толькі лічаныя спецыялісты ведалі пра біткоін, які быў створаны 3 студзеня 2009-га таямнічым распрацоўшчыкам, вядомым пад імем Сатошы Накамота. У генезіс-блоку блокчэйна ён закадзіраваў напамін пра тое, што бывае, калі банкам празмерна давяраюць. Гэта быў загаловак з брытанскай газеты, дзе гаварылася аб будучай дапамозе брытанскага ўрада фінансавым установам пасля іх краху ў 2008 і 2009 гадах: «The Tіmes» 3 студзеня 2009 года, канцлер казначэйства збіраецца другі раз выратаваць банкі».

У той дзень быў здабыты блок біткоіна пад нумарам 32620, які прынёс майнеру 50 віртуальных манет. Тады долар быў роўны 1300 «біткам». Накамота заклаў у сістэму абмежаванне: усяго атрымаць можна толькі 21 мільён біткоінаў, таму па меры росту папулярнасці крыптавалюты для яе здабычы патрабавалася ўсё больш магутнасцяў. Для іх павелічэння да дамашніх камп'ютараў спачатку падключалі гульнявыя відэакарты, затым з'явіліся майнінгавые фермы — магутныя камп'ютары, сабраныя з некалькіх відэакартаў, мацярынскай платы і блока сілкавання. У сярэдзіне 2010-х разам з відэакартамі з'явіліся «асікі» (ад англ. ASІC, applіcatіon-specіfіc іntegrated cіrcuіt — інтэгральная схема спецыяльнага прызначэння) — яшчэ больш магутнае абсталяванне, створанае спецыяльна для майнінгу. Каб больш эфектыўна вырашаць матэматычныя задачы, майнеры пачалі ствараць пулы — каманды, якія аб'ядноўваюць магутнасці свайго абсталявання, а затым дзеляць здабытае ўзнагароджанне прапарцыянальна прадукцыйнасці.

На шляху да сусветнага панавання крыптавалюта неаднойчы сутыкалася і з перашкодамі. Распаўсюджванне тэхналогіі суправаджалі скандалы: напрыклад, у 2013 годзе ФБР ліквідавала нелегальную анлайн-біржу наркотыкаў і кантрабандных тавараў, на якой усе здзелкі праходзілі ў біткоінах, а ў 2014-м хакеры ўкралі $450 млн з крыптабіржы Mt.Gox. Напрыканцы 2017-га ўзнік глабальны ажыятаж вакол спекуляцый з «крыптай», што спарадзіла тысячы бескарысных токенаў і прычыніла інвестарам страты на мільярды долараў.

Магутнае ралі

У гісторыі біткоіна было некалькі цыклаў нястрымнага росту і наступнага магутнага падзення. У пачатку 2009 года New Lіberty Standard устанавіў курс галоўнай крыптавалюты на ўзроўні каля 0,00076 долара. Аднак ужо ўлетку яе кошт быў амаль у сто разоў вышэйшы, а да сярэдзіны восені за адзін «біток» давалі 50 цэнтаў. Да лістапада 2013-га курс дасягнуў 1,2 тысячы долараў. Такім чынам, манета падаражэла ў 1 570 800 разоў усяго за чатыры гады!

У 2014—2015 гадах рынак крыптавалют захапілі «мядзведзі» (інвестары, якія іграюць на паніжэнне цаны), і курс біткоіна не перавышаў увесь гэты час 300 долараў. Сярод прычын такога магутнага падзення — банкруцтва біржы Mt.Gox, на якой тады гандляваліся 90 працэнтаў усіх «біткоў». Гэта прывяло да сапраўднай панікі на рынку і зніжэння цаны лічбавай валюты. Сітуацыя ўскладнялася тым, што тады біткоінамі цікавіліся ў асноўным «гікі» (людзі, захопленыя высокімі тэхналогіямі).

У снежні 2014 года адбылася знакавая падзея — карпарацыя Mіcrosoft услед за анлайн-рытэйлерам Overstock пачала прымаць плацяжы ў біткоінах за гульні для Xbox, у ліпені 2015-га з'явілася новая крыптавалюта Ethereum («эфір») коштам у $3 за коін (за адзін біткоін тады давалі каля $280), а да сакавіка 2016-га кошт «эфіру» дасягнуў $15.

Восенню 2015-га галоўная «крыпта» ўзяла новы разгон і за пару гадоў шматкроць абнавіла свае максімумы і прыцягнула цікавасць буйных інвестараў. Увесь 2017 год прайшоў пад эгідай магутнага ралі — біткоін прайшоў шлях ад 1274 долараў да $20 тыс. за дзевяць месяцаў. Крыптавалюты сталі надзвычай папулярнай тэмай, СМІ пільна адсочвалі кожны рух «бітка», а простыя абывацелі кінуліся яго купляць. На гэтым фоне новыя лічбавыя валюты раслі як грыбы пасля дажджу. Аб планах стварыць уласныя манеты абвясцілі «УКантакце» і «Facebook».

Але на змену росту ізноў прыйшло падзенне. За 2018 год біткоін планамерна прабіваў адзнакі ў 17, 15, 12, 10, 8, 6 і 4 тысячы долараў. У выніку гадавы мінімум склаў $3242. Такім чынам «біток» страціў больш чым на 80 працэнтаў. Следам за флагманам уніз скіраваліся і іншыя крыптавалюты (альткоіны), а сукупная капіталізацыя рынку страціла амаль 90 працэнтаў — на ўзроўні каля 130 мільярдаў долараў яна апошні раз знаходзілася ў жніўні 2017-га.

Абодва разы біткоін праходзіў класічны цыкл, калі абывацелі, узбуджаныя імклівым ростам крыптавалюты, упадалі ў стан эйфарыі і разганялі рынак да стану бурбалкі. Пасля гэтага бурбалка лопалася пад уздзеяннем знешніх фактараў, і біткоін, а за ім і астатнія, падаў значна ніжэй раўнаважкіх значэнняў. Абвал цаны адпужваў дылетантаў і спекулянтаў, адначасова прыцягваючы ў галіну банкі і буйныя фонды, якія зацікаўлены ў інвеставанні ў крыптавалюту ў сярэднетэрміновай перспектыве.

$500 тысяч за манету

У 2019 годзе «крыпце» ўдалося адыграць толькі нязначную частку падзення, але аб колішнім росце гаворкі ўжо не ішло. Цікавасць грамадскасці да гэтага рынку ўсё больш згасала. Але ў 2020-м усё змянілася. Кошт крыптавалюты пачаў расці ў сакавіку мінулага года на фоне распаўсюджвання каранавіруса. У наступныя месяцы каціроўкі павялічваліся, пры гэтым буйных абвалаў не было.

Пандэмія прывяла да эканамічнага спаду па ўсім свеце. Каб стрымаць распаўсюджванне віруса, дзяржавы ўвялі розныя меры, якія абмяжоўваюць рух людзей. Гэта прывяло да спаду попыту на нафтапрадукты і сыравіну. Каціроўкі нафты абваліліся. Абмежавальныя меры прывялі і да запаволення дзелавой актыўнасці ў розных сектарах, у першую чаргу — у сектары турызму, гасцінічным і рэстаранным бізнесе. У ЗША і ЕС улады вырашылі стымуляваць эканоміку з дапамогай дадатковых выдаткаў. Многія інвестары асцерагаліся, што гэтыя меры прывядуць да аслаблення традыцыйных валют. На фоне гэтых падзей выраслі інвестыцыі ў крыптавалюты, нагадала Бі-бі-сі.

Яшчэ летась у маі мільярдэр, адзін з самых вядомых сусветных трэйдараў Пол Цюдор Джонс паведаміў, што ён перавёў у біткоін амаль 2 працэнты свайго партфеля. Ён растлумачыў сваё рашэнне тым, што ўлады марнуюць больш, чым дзяржава зарабляе, і ў выніку палітыкі стымулявання ў эканоміку запампоўваюцца дадатковыя грошы. Гэта прыводзіць да абясцэньвання традыцыйных валют, таму інвеставаць у іх няма сэнсу, заўважыў інвестар. Пры гэтым Джонс прызнаў, што інвестыцыі ў біткоін даволі рызыкоўныя, таму што гэта вельмі маладая валюта, якой усяго 12 гадоў. Біткоін яшчэ не вытрымаў выпрабавання часам, як золата, таму ён інвеставаў у біткоіны толькі невялікую частку партфеля, патлумачыў Джонс.

Скептыкі таксама нагадваюць, што рынак крыптавалют усё яшчэ нізкаліквідны: значная колькасць біткоінаў сканцэнтравана ў руках невялікай колькасці інвестараў. Паводле звестак кансалтынгавай кампаніі Flіpsіde Crypto, каля 2 працэнтаў ананімных акаўнтаў валодаюць 95 % усіх біткоінаў. У такіх умовах адна буйная здзелка можа прывесці да моцных ваганняў каціровак.

Інвестар Тайлер Уінклвас — адзін з братоў Уінклвас, вядомых прыхільнікаў крыптавалют — спрагназаваў рост кошту біткоіна да 500 тысяч долараў. У сваім артыкуле ён раскрытыкаваў палітыку стымулявання і адзначыў, што лічыць «біток» добрым актывам для інвестараў, якія хочуць застрахаваць свае ўкладанні ад інфляцыі на доўгі тэрмін.

Біткоін актыўна рос на працягу амаль усяго мінулага года і пацягнуў за сабой уверх іншыя крыптавалюты. Па меры таго, як свет захоплівала пандэмія, гэты рост толькі ўзмацняўся, а да канца 2020-га самая вядомая крыптавалюта ўвогуле пабіла ўсе магчымыя рэкорды. Калі ў пачатку кастрычніка біткоін каштаваў каля 11 тысяч долараў, то 1 снежня курс дасягнуў ужо 19,9 тысячы долараў. 3 студзеня ўпершыню ў гісторыі цана перавысіла 34 тысячы долараў за «біток», а 15 лютага курс пратэсціраваў узровень $50 тысяч.

Частка мэйнстрыму

Кампанія Tesla паведаміла, што інвеставала 1,5 мільярда долараў у біткоіны. Акрамя таго, яна заўважыла, што плануе ў найбліжэйшай будучыні пачаць прымаць «крыпту» як плату за свае прадукты. Найстарэйшы амерыканскі банк Bank of New York Mellon абвясціў, што працуе над стварэннем платформы, якая забяспечыць захоўванне адначасова і звычайных, і лічбавых актываў, а таксама кіраванне імі. Mastercard паведаміла, што пачне непасрэдна працаваць з некаторымі крыптавалютамі. Пры гэтым кампанія вырашыла абмежавацца стэйблкоінамі — крыптавалютамі, якія забяспечаны рэальнымі актывамі. «Аб'явы, зробленыя Mastercard і BNY Mellon, сведчаць аб фундаментальным зруху», — заўважыў Bloomberg старшы рыначны аналітык Oanda Эд Моя. Ён назваў тое, што адбываецца, «выдатнымі навінамі з пункту гледжання далейшага мэйнстрымнага прызнання крыптавалют». Пра тое, што «лічбавыя актывы становяцца часткай мэйнстрыму», The Wall Street Journal таксама заявіў топ-менеджар BNY Mellon Раман Рэгельман.

Аналітыкі Bloomberg раней прадказвалі першай крыптавалюце сёлета ваганні ў дыяпазоне 10—50 тысяч долараў, што на піку дапускае капіталізацыю за 1 трлн долараў, пракаментаваў expert.ru даныя пра дынаміку шэф аналітыкаў Вышэйшай школы кіравання фінансамі Міхаіл Коган. Такой капіталізацыяй сёння могуць пахваліцца толькі чатыры кампаніі, якія гандлююць на Уол-стрыт, адзначыў эксперт. Чацвёртай амерыканскай кампаніяй, якая пераадолела трыльённы парог, услед за Apple, Mіcrosoft і Amazon летась стала Alphabet.

У якасці выратавання ад зніжэння пакупніцкай здольнасці фіатных грошай інвестары шукаюць прыстанішча ў золаце, кажа эксперт, і сярод іх набірае ўсё большую папулярнасць ідэя размяшчэння капіталу ў яго лічбавым аналагу, біткоіне. Некаторыя эксперты паступова рухаюцца ад скепсісу ў адносінах да першай крыптавалюты да разумення, што на іх вачах зараджаецца новы клас актываў, у які рынуліся інстытуцыйныя інвестары і публічныя кампаніі, якія пачалі размяшчаць у біткоіне свае рэзервы, адзначыў expert.ru.

Варта памятаць, папярэдзіў Міхаіл Коган, што «крыпта» застаецца рызыкоўным актывам і яе ваганні па-ранейшаму ў разы перавышаюць паказчыкі таго ж золата. Нават ва ўмовах захавання фундаментальных прычын для росту біткоін будзе схільны да істотнай карэкцыі.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент