Вы тут

Канькабежац Ігнат Галавацюк: Я не імкнуся быць прыкладам для іншых


Ідэя аднойчы прачнуцца паспяховым і знакамітым чалавекам, канешне, прывабная, але відавочна нецікавая. Куды больш захапляльна кожны дзень пераадольваць сябе, ведаць кошт кожнай секунды і, як кажуць канькабежцы, хадзіць па лязе. Гучыць як сюжэт трылера, але гэта звычайнае жыццё Ігната Галавацюка. Ён — чэмпіён свету сярод юніёраў, чэмпіён свету сярод студэнтаў, неаднаразовы прызёр этапаў Кубка свету па канькабежным спорце і галоўная надзея на Алімпійскіх гульнях 2022 года. На чэмпіянаце свету, які прайшоў у лютым, ён паказаў высокі вынік — заняў восьмае месца. А дагэтуль былі паспяховыя выступленні на этапах Кубка свету і перамогі на першынствах Беларусі. Ігнат расказаў «Звяздзе», як яму ўдаецца растапіць лёд і сэрцы аматараў канькабежнага спорту.


— Ігнат, раскажы, калі ласка, як праходзіць чарговы сезон?

— Сёлета ў нас атрымаўся вельмі кароткі сезон, які ўжо скончыўся. Некаторыя этапы Кубка свету былі адменены, чэмпіянат свету павінен быў прайсці ў Кітаі, але праходзіў у Нідэрландах, былі адменены і некаторыя зборы. Таму мы працавалі дома, а потым паехалі ў Нідэрланды, дзе для спартсменаў былі створаны bubble-ўмовы, або ўмовы «пузыра». І так мы правялі два этапы Кубка свету і чэмпіянат свету. Зараз крыху адпачну і з красавіка будзем зноў працаваць.

— Што такое bubble-канцэпцыя, як табе выступленне ў такіх умовах?

— Мне спадабалася, менш энергіі трацілася на зборы і пералёты паміж рознымі краінамі. Было зручна адзін раз прыляцець, паўтара месяца там правесці, выступіць на ўсіх стартах і паехаць дадому. Арганізатары малайцы, усё зрабілі якасна і зручна. Дзякуючы гэтай канцэпцыі «пузыра» спартсмены з усяго свету змаглі паспаборнічаць і паказаць вынікі. Самае галоўнае — змаглі выступіць на чэмпіянаце свету.

— У гэтым сезоне ў вас было мала турніраў — два этапы Кубка свету, чэмпіянаты Еўропы і свету. Як такі каляндар паўплываў на падрыхтоўку і выступленні?

— Стартаў, канешне, было мала, але мне хапіла. Не скажу, што я вельмі засмуціўся, што выступленняў менш чым звычайна. У нас была мяккая падрыхтоўка, мы дакладна ведалі, да якіх дат трэба выйсці на пік формы. І кожны ў нашай камандзе да галоўнага старту падышоў добра падрыхтаваны, мы ўсе дастойна выступілі. У Беларусі для падрыхтоўкі былі больш камфортныя ўмовы, чым у Еўропе, там многія каткі закрытыя.

— Якую адзнаку дасі гэтаму незвычайнаму сезону?

— Пастаўлю яму моцную васьмёрку па дзесяцібальнай шкале. Ёсць моманты, якія не атрымаліся. Некаторыя нават пераўзышлі ўсе чаканні. Дзясятку не магу паставіць, гэта адзнака вартая турніраў, дзе ёсць медалі. А так я на кожным старце быў у топ-10, таму сезонам я задаволены.

— Якім стартам задаволены больш за ўсё?

— Цяжка вылучыць адзін турнір, на кожным было штосьці выдатнае. Я задаволены, што наблізіўся да сваіх рэкордаў на высакагор'і, да нацыянальных рэкордаў на раўнінных катках. Увогуле стаў паказваць добрыя секунды. На другім этапе Кубка свету на дыстанцыі 500 метраў мне не хапіла адной сотай секунды да трэцяга месца. Добра выступіў на чэмпіянаце свету — два восьмыя месцы на 500 і 1000 метрах, гэта пакуль найлепшае выступленне ў маёй кар'еры. І я задаволены і ўдзячны, што ў такіх складаных умовах нам удалося добра выступіць.

— Зразумела, што пандэмія паўплывала на падрыхтоўку спартсменаў ва ўсім свеце. Былі такія канькабежцы, якія цябе здзівілі на спаборніцтвах?

— На мой погляд, сёлета ўсе беглі горш, чым звычайна. Зразумела, што пандэмія зрабіла свой узнёсак у гэта. Не магу сказаць, што мяне нехта моцна здзівіў. Сярод лідараў новых твараў не з'явілася. Магу толькі адзначыць спартсмена з Нарвегіі Бьёра Магнусена, ён летась добра бегаў і зараз добра сябе паказаў. А астатнія — усе тыя ж добрыя знаёмыя твары.

— Твой трэнер Сяргей Мінін у адным з інтэрв'ю назваў цябе «ўніверсальным спартсменам, які можа бегчы спрынт, удзельнічаць у мнагабор'і, дапамагаць у каманднай гонцы і мас-старце». Ты адчуваеш сябе такім?

— Я пагаджуся, што я ўніверсальны спартсмен. Але з кожным годам усё больш разумею, што трэба быць сканцэнтраваным на чымсьці адным і там паказваць добрыя вынікі, чым распыляцца на ўсё і быць пасярэдзіне. У канькабежцаў хтосьці лепей бяжыць спрынт, хтосьці — доўгія дыстанцыя, якія мне даюцца цяжэй. Таму зараз я засяроджаны на сваіх дыстанцыях — 500 і 1000 метраў. Універсальныя спартсмены — гэта мнагаборцы, я да іх не адношуся. Таму мне трэба адыходзіць ад сваёй «універсальнасці» і быць сканцэнтраваным на сваіх дыстанцыях.

— Якія тэндэнцыі зараз назіраюцца ў сусветным канькабежным спорце?

— Па топавых спартсменах відаць, што лепш за ўсё канькабежцы бягуць у 27—29 гадоў. Галоўная тэндэнцыя застаецца нязменнай: перамагае той, хто ўпарта працуе. Агульных тэндэнцый у спорце няма, у спартсменаў з кожнай краіны ёсць свае адметнасці.

— Чым вылучаецца канькабежны спорт Беларусі?

— Цяжка сказаць. У нас заўсёды была маладая каманда, калі гэта можна лічыць адметнасцю. А так не магу сказаць, што мы чымсьці вылучаемся, бо ў нас мала
спартсменаў. Асабіста мне хацелася б, каб у краіне было больш канькабежцаў, тады б у нас была канкурэнцыя і спартсмены лепш развіваліся б.

— Ігнат, тваё супрацоўніцтва са зборнай Расіі пад кіраўніцтвам Канстанціна Палтаўца працягваецца?

— Ужо не, гэта быў цікавы і карысны перыяд, але ён скончыўся. Мы правялі выдатны год. Косця зараз трэніруе галандскую каманду, а я працую са сваімі трэнерамі Сяргеем Мініным і Віталем Рогаўцавым. З Косцем мы зараз падтрымліваем сяброўскія адносіны, але не рабочыя.

— Ты расказваў, што вядзеш дзённік, куды запісваеш кожную сваю трэніроўку. Навошта ты гэта робіш?

— Так, пачынаючы з 2014 года я запісваю кожную трэніроўку. Гэта ўжо абавязковая частка майго трэніровачнага працэсу. Такія запісы дапамагаць аналізаваць сябе і сваю працу. Я гляджу, параўноўваю, якія аб'ёмы выконваў раней, да якіх вынікаў гэта прывяло.
Упэўнены, мае дзённікі дапамогуць у маёй будучай трэнерскай рабоце. Па сутнасці, гэта гатовы план спартсмена, які хутка бяжыць і паказвае добрыя вынікі. Яго можна скапіраваць і па ім трэніраваць маладых спартсменаў.

— Падчас сваёй спартыўнай кар'еры ты прайшоў праз «рукі» трох трэнераў. Чаму кожны з настаўнікаў цябе навучыў?

— Ларыса Казакевіч, мой першы трэнер, прывіла мне любоў да канькабежнага спорту. Сяргей Мінін, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай, навучыў адказнасці, пэўнай свядомасці. Канстанцін Палтавец развіў мой прафесіяналізм, Мне заўсёды шанцавала з трэнерамі.

— Улічваючы, што ў цябе ёсць дыплом трэнера, плануеш працаваць па спецыяльнасці?

— Пакуль не думаў аб гэтым. У найбліжэйшыя пару гадоў дакладна не, яшчэ хачу пабегаць. А потым, калі будзе добрая зарплата і належныя ўмовы, чаму б і не?

— А тваё захапленне здымкамі відэа на YouTube атрымае працяг?

— Зрэдку магу штосьці для «Інстаграма» зняць, а так хобі пагасла.
І не таму, што мне надакучыла, а таму што не хапае часу. Ёсць пэўныя сямейныя пытанні, вартыя ўвагі, з'яўляюцца больш важныя справы. А яшчэ я зараз зноў вучуся ва ўніверсітэце, таму не да відэа пакуль.

— Раскажы падрабязней пра свой другі ўніверсітэт?

— Летась я паступіў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, вучуся па спецыяльнасці «юрыдычнае права». Зразумеў, што ў будучым для прасоўвання па кар'ернай лесвіцы дыплома БДУФК можа быць недастаткова. На маю думку, юрыдычныя веды ніколі не будуць лішнія, пасля спорту трэба ж будаваць жыццё. Нават, працуючы трэнерам, трэба ўзаемадзейнічаць з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі, вырашаць юрыдычныя пытанні. Трэнер — гэта больш, чым проста дзве трэніроўкі на дзень. Вучыць юрыспрудэнцыю часам цяжка, але ў цэлым цікава.

— Ігнат, цябе часта ставяць у прыклад маладым спартсменам, журналісты цябе ўспрымаюць як «твар беларускага канькабежнага спорту». Як ты да гэтага ставішся?

— Я ніколі пра гэта не задумваўся і тым больш не ставіў сабе мэту быць прыкладам ці «тварам спорту». Я проста раблю тое, што я люблю, і стараюся рабіць гэта добра. Калі людзі так пра мяне кажуць — значыць, ім лепш бачна.

— Да зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне застаўся год, як у цябе справы з ліцэнзіяй?

— У новым сезоне будзе адбор, таму пакуль рана аб гэтым казаць. Прызнацца шчыра, я не думаю аб тым, каб патрапіць на Алімпіяду, я думаю аб выніках, якія там пакажу. Адабрацца, спадзяюся, будзе лёгка, а вось паказаць добры вынік — задача цяжкая.

— Ігнат, адкрый сакрэт сваёй матывацыі.

— Ніякага сакрэту няма. Мая матывацыя — жаданне самасцвердзіцца і добра праяўляць сябе ў сваёй справе.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».