Вы тут

Як алімпізм аб'ядноўвае чалавецтва


Алімпізм — з'ява больш шырокая, чым спартыўныя спаборніцтвы. Мала што так глабальна ўплывае на свет і чалавецтва ў самых розных сферах. Міжнародны Алімпійскі камітэт прыкладае шмат намаганняў для забеспячэння гендарнай роўнасці, інклюзіўнасці, салідарнасці і недыскрымінацыі.


У лютым выканаўчы камітэт МАК прапанаваў новую стратэгічную дарожную карту развіцця — «Алімпійская павестка 2020+5», якая будзе рэгуляваць работу МАК і алімпійскага руху да 2025 года. Дакумент уключае 15 рэкамендацый і заснаваны на ключавых тэндэнцыях, якія будуць мець вырашальнае значэнне ў посткаранавірусным свеце. У цэнтры ўвагі рост лічбавізацыі, цесная салідарнасць паміж рознымі супольнасцямі, павышэнне даверу да спартыўных устаноў, павышэнне эканамічнай устойлівасці спартыўных арганізацый. Якія ж праблемы чалавецтва алімпізм актыўна вырашае сёння?

Ахова здароўя. Міжнародны алімпійскі камітэт, Міжнародны параалімпійскі камітэт і арганізацыйны камітэт Алімпійскіх гульняў у Токіа прадставілі першую версію правілаў паводзін спартсменаў на галоўных стартах. Важнае новаўвядзенне — мабільная праграма, якую спартсмены будуць абавязаны выкарыстоўваць для справаздач аб стане свайго здароўя. Там жа будзе прадстаўлена ўся неабходная інфармацыя аб эпідэмічнай абстаноўцы на алімпійскіх аб'ектах. Асобую ўвагу арганізатары надаюць паводзінам жыхароў вёскі спартсменаў. Атлеты мусяць максімальна пазбягаць фізічнага кантакту з людзьмі, якія не адносяцца да іх камандаў, і захоўваць дыстанцыю у два метры. Спартсменам будзе забаронена наведваць спаборніцтвы ў якасці гледачоў.

Арганізатары распрацавалі строгія правілы тэсціравання на каранавірус. За 72 гадзіны да паездкі ў Токіа ўсе ўдзельнікі павінны здаць тэст на каранавірус. Падчас Алімпіяды ўдзельнікі Гульняў будуць здаваць тэсты на каранавірус кожныя чатыры дні. Спартсменам неабавязкова рабіць прышчэпку ад каранавіруса. Правілы будуць прымяняцца да ўсіх удзельнікаў, незалежна ад таго, вакцынаваны яны ці не.

У маі 2020 года Сусветная арганізацыя аховы здароўя і Міжнародны алімпійскі камітэт падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў інтарэсах умацавання здароўя праз спорт і фізічную актыўнасць. А ўвосень МАК заснаваў міжнародны сертыфікат супрацоўніка па ахове здароўя ў спорце і запусціў адпаведны навучальны курс.

Гендарная роўнасць. Міжнародны алімпійскі камітэт імкнецца да гендарнай роўнасці, што паўплывала нават на кадравыя змены ў арганізацыйным камітэце Алімпійскіх гульняў у Токіа. Былы кіраўнік аргкамітэта Ёшыра Моры абвінаваціў жанчын у доўгіх размовах і выступленнях падчас нарад. МАК адзначыў, што такія выказванні абсалютна недарэчныя і супярэчаць прынцыпам МАК і рэформам яго Алімпійскай павесткі — 2020. Ёшыры Моры папрасіў прабачэння за свае словы і за 160 дзён да пачатку Гульняў у Токіа сышоў у адстаўку. «Я прынёс вялікія нязручнасці сваімі непрыстойнымі выказваннямі. Я не павінен быць перашкодай для падрыхтоўкі да Алімпіяды», — адзначыў ён. Пасаду кіраўніка аргакамітэта Токіа-2021 заняла Сэйка Хашымота, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у канькабежным спорце.

За 25 гадоў працы МАК зрабіў шэраг прынцыповых крокаў у забеспячэнні гендарнай роўнасці. Алімпійскія гульні ў Токіа будуць найбольш збалансаваныя па гендарнай
прыкмеце: 49 % удзельнікаў жанчыны. Плануецца, што на цырымоніі адкрыцця Гульняў сцяг кожнай краіны будзе несці адзін мужчына і адна жанчына. Кіраўніком місіі Алімпійскай каманды МАК па справах бежанцаў «Токіа-2020» прызначана Тэгла Лорупэ, трохразовая алімпійская чэмпіёнка ў марафонскім бегу. Першы віцэ-прэзідэнт МАК на Алімпійскіх гульнях — 2020 Аніта Дэфранц — першапраходзец у справе пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын.

Міжнародны алімпійскі камітэт таксама прадставіў звесткі аб колькасці жанчын у арганізацыі. Зараз жанчыны складаюць 53 % адміністрацыі МАК.

Выхаванне моладзі. Арганізацыйны камітэт Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы разам з МАК і міністэрствам адукацыі Францыі запусцілі ў французскіх школах праграму алімпійскай і парааліймпійскай адукацыі. Яе прызначэнне — прывіць дзецям і падлеткам алімпійскія каштоўнасці і зацікавіць іх спортам і здаровым спосабам жыцця. Яе сутнасць — абавязковыя 30 хвілін фізічнай актыўнасці кожны дзень. З лістапада 2020 года вучні 800 французскіх школ пачынаюць свой дзень з 30 хвілін бегу, скачкоў, танцаў і кіданняў. Праграма будзе дапоўнена выпускам набору інструментаў і практыкаванняў для настаўнікаў. Падтрымліваюць школьнікаў вядомыя французскія спартсмены: сярэбраныя прызёры Алімпійскіх гульняў Кевін Маер і Кларыса Агбегнену і параалімпійская чэмпіёнка Мары-Амелі Ле Фюр.

Прэзідэнт МАК Томас Бах неаднаразова заклікаў урады краін уключыць спорт у свае планы па барацьбе супраць каранавіруса. А для аб'яднання аматараў спорту МАК запусціў анлайн-акцыі #StayStrong, #StayActіve, #StayHealthy.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Разам супраць хвароб і за спорт

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.