Вы тут

Цэлы том новага Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы прысвечаны адной літары


Як навукоўцы дапамагаюць мове жыць і развівацца

Сучасная беларуская літаратурная мова, самабытная і адна з высокаразвітых славянскіх моў, з'яўляецца неад'емным скарбам народа, які выяўляе прыналежнасць чалавека да той ці іншай нацыі, — сцвярджаюць навукоўцы. Галоўная задача, якая сёння стаіць перад імі — зрабіць так, каб наступныя пакаленні маглі карыстацца моўнымі здабыткамі, былі захавальнікамі культурнага кода нашай нацыі.


100-годдзе рабоце над нормамі

Пытаннямі станаўлення, развіцця і нармалізацыі літаратурнай мовы займаецца Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Толькі тут ва ўсе часы рыхтаваліся фундаментальныя акадэмічныя працы, якія затым на многія гады станавіліся нарматыўнымі даведнікамі для ўсіх карыстальнікаў літаратурнай мовы на тэрыторыі Беларусі. Не сталі выключэннем і апошнія два дзесяцігоддзі. У гэты час з улікам моўнай практыкі і тых тэндэнцый, якія праявіліся ў сістэме беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі, былі падрыхтаваны манаграфіі, даведнікі, дапаможнікі, якія цяпер забяспечваюць аднастайнасць у выкарыстанні пісьмовай і вуснай мовы. Найперш гэта выданне трохтомнага комплексу граматычных слоўнікаў: «Граматычны слоўнік дзеяслова», «Граматычны слоўнік назоўніка», «Граматычны слоўнік прыметніка, займенніка, лічэбніка і прыслоўя». У гэтым комплексе прадстаўлены поўныя словазмяняльныя і акцэнтуацыйныя парадыгмы больш як ста тысяч слоў сучаснай літаратурнай мовы. Аб'ём гэтага выдання — каля 400 улікова-выдавецкіх аркушаў.

Дарэчы, гэтыя слоўнікі, як і іншыя працы вучоных, разыходзяцца ў кнігарнях як гарачыя піражкі. Усё таму, што яны вельмі зручныя і арыгінальныя ў падачы, могуць быць карысныя для карыстальнікаў з розным узроўнем валодання мовай. Аналагаў такіх работ у славянскім свеце вельмі мала. Наклад арфаэпічнага слоўніка, напрыклад, быў раскуплены менш чым за месяц.

Валянціна Русак, загадчыца аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, заўважае, што актуальныя стандарты моўнага нармавання таксама зафіксаваны і ў «Слоўніку беларускай мовы», і ў апошнім аднатомным выданні «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы», а таксама ў першым поўным лінгвістычным даведніку па літаратурным вымаўленні («Арфаэпічным слоўніку», які падрыхтаваны ў беларускім мовазнаўстве ўпершыню). Яны з'яўляюцца фундаментальнымі даведнікамі, таму што маюць нарматыўную накіраванасць, адлюстроўваюць стан літаратурнай нормы ХХІ стагоддзя, прыводзяць варыянтныя формы словазмянення, словаўтварэння і вымаўлення.

Стагадовы шлях кадыфікацыі беларускай мовы аргументавана прадстаўлены ў манаграфіі «Дынаміка нормы сучаснай беларускай мовы» . Выхад у свет у 1918 годзе першай кнігі Браніслава Тарашкевіча «Беларуская граматыка» прынята лічыць пачаткам унармавання сучаснай беларускай літаратурнай мовы. На сёння акадэмічнае мовазнаўства рэальна забяспечвае функцыянаванне мовы, захаванне і адзінства арфаграфічных і арфаэпічных норм.

У нашай сацыялінгвістычнай сітуацыі дзяржаўнага двухмоўя неабходна забяспечваць якаснае паралельнае валоданне абедзвюма мовамі, і навукоўцы працуюць у гэтым кірунку. «Русско-белорусский словарь» і «Беларуска-рускі слоўнік» — гэта трохтомныя выданні, якія дапамагаюць дыферэнцыравана і правільна ўжываць залацінкі лексічных багаццяў дзвюх роўнасных моў.

Сумесна са славістамі іншых краін ужо больш за 60 гадоў выконваецца ўнікальны праект «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас». Ужо змянілася тры пакаленні беларускіх мовазнаўцаў і рыхтуецца чацвёртае, якое будзе працаваць над словам на ўсёй прасторы славянскага свету. Гэты атлас паказвае ступень роднасці ўсіх славянскіх моў і тыя нацыянальныя здабыткі, якія з'явіліся ў пасляславянскі перыяд.

Трэба адзначыць і падрыхтоўку новай акадэмічнай граматыкі, паколькі важна мець не толькі дапаможнікі і слоўнікі, але і канкрэтны практычны матэрыял, тэарэтычныя апісанні, правілы і матэрыялы. Над падрыхтоўкай двух тамоў граматыкі вучоныя акадэміі працавалі разам з вядучымі выкладчыкамі і спецыялістамі з ВНУ: Белдзяржуніверсітэта, педагагічнага і тэхналагічнага ўніверсітэтаў.

Падрыхтаваны першы том доўгачаканага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы». Уявіце, наколькі шмат моўных сродкаў мы маем, калі цэлы том тлумачальнага слоўніка прысвечаны толькі словам на літару «А».

Выкананы пераклад шасці законаў Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Робяцца спробы папулярызацыі нашай мовы сярод іншых народаў свету, сумесна з Інстытутам Канфуцыя падрыхтаваны «Беларуска-кітайскі перакладны слоўнік».

Справа гонару

Па-ранейшаму актуальная работа з пісьмовымі набыткамі. На жаль, да гэтага часу адсутнічае поўнае лексікаграфічнае даследаванне моўнага багацця спадчыны Якуба Коласа, якое будзе мець несумненна вялікае значэнне для развіцця не толькі беларускай, але і ўсёй славянскай лексікаграфіі. Плануецца выдаць пяць тамоў слоўніка мовы Якуба Коласа. Як заўважыла Валянціна Паўлаўна, гэта справа гонару для Інстытута мовазнаўства, тым больш што ён носіць імя класіка. Сістэматызаваны лексікаграфічны матэрыял праілюструе не толькі майстэрства пісьменніка, але і багацце нацыянальнай мовы. Здабыткі класікаў будуць карысныя для наступных пакаленняў пісьменнікаў, дзякуючы якім людзі вучацца пісаць і адчуваць мову. І гэта яшчэ адзін са шляхоў вяртання, альбо шанц для надання другога «дыхання» нацыянальным здабыткам, якія паспелі занатаваць творцы пачатку ХХ стагоддзя.

Канкурэнцыя нараджае новыя падыходы

Як прызнаўся дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка, каб напісаць добрую манаграфію, якая потым паслужыць развіццю навукі, адукацыйнай сістэмы, патрабуецца шмат намаганняў і часу — пяць, а можа, і 10 гадоў. Тое ж і з літаратурнымі творамі. Каб напісаць раман, асэнсаваць грамадска-сацыяльную з'яву, нават пры належным таленце, пісьменніку неабходна глыбокае веданне жыццёвых рэалій. Натуральна, аўтары стараюцца пашырыць свае адкрыцці, творчыя і навуковыя, сярод народаў свету. Таму назіраецца добрая тэндэнцыя, калі створаныя ў Беларусі кнігі перакладаюцца на мовы іншых народаў. У той жа час пісьменнікі, якія пішуць па-руску, імкнуцца пашырыць сваю аўдыторыю за кошт тых, хто чытае па-беларуску. Гэта дазваляе ва ўмовах глабалісцкага ціску выстаяць і развівацца. Адпаведна прымушае навукоўцаў і творцаў працаваць над якасцю сваіх работ, бо толькі канкурэнтны, адметны, мастацка-эстэтычны прадукт можа выйсці за нацыянальныя межы і атрымаць падтрымку ў іншых краінах.

З боку дзяржавы створаны належныя ўмовы, каб мастацкае слова і плённа развівалася. Іван Саверчанка падзяліўся: ён адчувае, што расце запыт на тое, каб работа над словам пашыралася, намеціліся трэнды шанавання і пашырэння беларускай мовы.

Шмат намаганняў трэба і для таго, каб усё, што ствараецца ў галіне беларускай літаратуры, станавілася набыткамі моладзі і грамадства ў цэлым. Для гэтага прымаюцца пэўныя захады, напрыклад, праводзяцца нацыянальныя літаратурныя конкурсы, наладжана сістэма работы з бібліятэкамі. З іншага боку, усплываюць і праблемы. Так, скарачаецца колькасць бібліятэк. Таму сёння трэба шукаць новыя формы і метады работы, думаць пра мадэрнізацыю тых жа бібліятэк (напрыклад, яны маглі б стаць шматфункцыянальнымі інфармацыйнымі цэнтрамі). Работу па пашырэнні ведаў пра моўныя і літаратурныя здабыткі ніколі нельга спыняць. Менавіта яна — найлепшая «прышчэпка» для таго, каб наступныя пакаленні не ператварыліся ў выключна спажыўцоў, а дбалі пра культурнае развіццё грамадства.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв’ю: bas-net.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.