Вы тут

Пра што пішуць маладыя літаратары Саюзнай дзяржавы і як яны шукаюць шлях да публікі


У межах ХХVІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу прайшоў круглы стол «Кніга і слова. Погляд у будучыню». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Удзельнікі, сярод якіх пісьменнікі, літаратуразнаўцы дзвюх краін, абмеркавалі творчасць сучасных маладых аўтараў, а таксама падзяліліся ўласным бачаннем перспектыў для рэалізацыі творчага патэнцыялу тых, хто жадае рэалізаваць сябе ў літаратуры. Адна з такіх магчымасцяў — гэта літаратурны конкурс «Мост дружбы», які ладзіць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.


На выстаўцы нямала маладых наведвальнікаў. Літаратары-пачаткоўцы могуць разлічваць на чытачоў-равеснікаў. Фота БелТА.

— «Мост дружбы» мы вядзём з 2012 года. І гэты праект дазволіў адкрыць каля 400 новых імён новых аўтараў, якія атрымалі магчымасць апублікавацца ў конкурсным альманаху. Летась на конкурс паступіла каля 80 аўтарскіх твораў, і 40 з іх у розных жанрах — апавяданні, навелы, нарысы, эсэ — пасля папярэдняга адбору былі прадстаўлены на разгляд экспертнага журы. І трэба сказаць, што моладзь па-рознаму ўяўляе будучыню. Па-першае, хоць я і не магу ацэньваць напісанае з пункту гледжання літаратурнай крытыкі, а толькі як чытач, але хачу адзначыць наступнае: калі мы гаворым «маладыя пісьменнікі», то часам нібы закладваем у гэта паблажлівую інтанацыю, а на самай справе перад намі ўжо сталыя творцы ў сваім творчым росквіце, — адзначыў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. — Бо па стылістыцы і па тым, якія думкі там закладзены, гэта ўжо творы пісьменнікаў, якія адбыліся. Іх цікава чытаць, і над іх словамі хочацца думаць. Па-другое, калі гаварыць пра футуралогію і, можа, нават пра стварэнне фантастычнага асяроддзя для выказвання сваіх ідэй, то мяне цікавіць, напрыклад, не тое, як ляціць зоркалёт і хто ім кіруе, а людзі ў гэтай сітуацыі, іх паводзіны, пачуцці. І ўменне паказаць гэта, на мой погляд, вялікая заслуга літаратараў. Лічу, што нашы ўдзельнікі праекта «Мост дружбы» добра спраўляюцца з такой задачай.

Творчае спаборніцтва «Мост дружбы» дае магчымасць маладым талентам Расіі і Беларусі апублікавацца і заявіць пра сябе і сваё майстэрства валодання мастацкім словам. Як заўважыла член экспертнага савета конкурсу маладых літаратараў Дар'я Маскоўская, у работах удзельнікаў можна вылучыць жанравую перавагу з аднаго боку бытавой прозы, з іншага — фантазіі, фэнтэзі, футуралогіі.

Падчас круглага стала неаднаразова гучала думка пра важнасць падтрымкі маладых літаратараў і пра тое, як спрыяюць гэтаму разнастайныя творчыя спаборніцтвы з магчымасцю апублікаваць напісанае. Пра тое, які ўплыў аказвае гэта на саміх аўтараў, разважала і беларускі аўтар Маргарыта Латышкевіч.

— Асабліва хочацца сёння сказаць пра значэнне конкурсаў рознага кшталту, якія, як і згаданы «Мост дружбы», становяцца прыступкай у будучае, у прафесію. Творчае спаборніцтва дае матывацыю для пісьменніцтва і самасцвярджэння. Не менш важная для пісьменніка, асабліва для юнага, і магчымасць публікавацца, — сказала Маргарыта Латышкевіч. — У сувязі з гэтым мне хочацца згадаць пра літаратурныя часопісы. У Беларусі іх не так шмат, але, напрыклад, той жа часопіс «Маладосць» стаў і застаецца добрым стартам для многіх маладых пісьменнікаў. Таму будучыня — яна не недзе там далёка, а тут, побач. І мы працуем на яе, калі ў сілах стварыць платформу для тых, хто будзе працягваць пісьменніцкую, журналісцкую, выдавецкую справу.

У сваю чаргу пісьменніца, рэжысёр, драматург Алена Беланожка, якая дзевяць гадоў таму была ўдзельніцай першага конкурсу «Мост дружбы», звярнулася да прысутных калег і гасцей з прапановай задумацца над важнымі і актуальнымі ў розныя часы тэмамі, дзе важна пісьменніка, яго аўдыторыю і творчасць разглядаць комплексна з улікам тэндэнцыі літаратуры і выдавецкай справы:

— Ці думаем мы пра тое, які наш будучы чытач, нават калі ён зараз толькі падрастае? Ці ўспрымае аўдыторыя сёння вялікія тэксты, ці чытаць у такіх аб'ёмах яна зусім не прывыкла? Можа, варта пераходзіць да нейкіх больш простых формаў. Мы пішам сёння, арыентуючыся на ўсё гэта, таму што глядзім у будучыню і імкнёмся зразумець, ці будзем мы цікавыя зараз і праз гады. Важна таксама ўлічваць і тое, як зменіцца кніга з часам, і якога чытача мы хочам выхаваць. Хвалюе і тое, ці павінны мы ісці за аўдыторыяй і ствараць для чытачоў нешта больш зразумелае, каб яны чыталі, а не сыходзілі ў інтэрнэт. І ў мяне пакуль няма адказаў на гэтыя пытанні, але, думаю, калі пісьменнікі разам паразважаюць над імі, то мы зможам выбудаваць нейкую стратэгію і разуменне, да чаго мы прыйдзем у будучыні.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: «Мост дружбы» да чытача

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.