Вы тут

Капітан-лейтэнант і сіноптык Дзмітрый Рабаў пра службу на авіяносцы і надыход вясны


Мой суразмоўнік — самы вядомы сіноптык у нашай краіне. Яго імя настолькі цесна звязана з метэаралогіяй, што часам здаецца, што ён можа магічным чынам уздзейнічаць на надвор’е. За плячыма Дзмітрыя 15 гадоў працы ў Белгідраметцэнтры і тры гады ў эфіры АНТ. За гэты час ён стаў сапраўднай медыйнай персонай. Але мала хто ведае, з чаго пачынаў Дзмітрый сваю прафесійную дзейнасць, якая, нягледзячы ні на што, стала неад’емнай часткай яго жыцця. 


Напярэдадні 23 лютага Дзмітрый Рабаў падзяліўся з чытачамі «Звязды» успамінамі пра ваенна-марскую службу і, канечне, зрабіў прагноз на вясну.

З будучай прафесіяй Дзмітрый вызначыўся выпадкова. У дзяцінстве марыў стаць ветэрынарам, батанікам ці ўрачом. «Пасля восьмага класа я нават падаў дакументы ў медыцынскае вучылішча, — распавядае Дзмітрый, — але ў апошні момант перадумаў і вярнуўся ў школу, аб чым зусім не шкадую. Пасля школы мне давялося папрацаваць на канвееры завода „Гарызонт“. Ну, а потым надышоў час ісці ў армію».

Дзмітрый вырашыў падаваць дакументы ў Вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе ў Санкт-Пецярбургу, якое было ўтворана яшчэ пры Пятры I. «Справа ў тым, што мой тата — ваенна-марскі афіцэр. У дзяцінстве маё жыццё было цесна звязана з Далёкім Усходам, дзе на ваенна-марской базе служыў мой тата. Канечне, мне хацелася працягнуць дынастыю». 

Калі пасля ўступных экзаменаў пачалося размеркаванне па факультэтах, Дзмітрый планаваў вучыцца штурманскай справе ці ісці на факультэт узбраення. Аднак свабодных месцаў там не аказалася. Вось тады юнак і трапіў у клас метэаролагаў гідралагічнага факультэта, дзе ўпершыню пазнаёміўся з прафесіяй сіноптыка. «У той час я зусім не ведаў, што значыць гэтая дзейнасць. Мая галоўная мэта была стаць мараком, як мой тата. Але ўжо з першага курса мне настолькі спадабалася метэаралогія, што прыйшлося падцягнуць не вельмі любімыя мною фізіку і матэматыку». 

Вучоба ў вучылішчы была цікавай і пазнавальнай. Чорнае, Балтыйскае мора, Атлантычны акіян... Кожнае лета курсанты адпраўляліся ў плаванне на ваенна-марскую практыку, дзе ў баявых умовах вывучалі не толькі сутнасць прафесіі марскога сіноптыка, але і спасцігалі ўсе тонкасці жыцця сапраўдных маракоў: стаялі на вахце ў штурманскай рубцы, у машынным аддзяленні, дубліравалі асноўны склад маракоў на ўсіх адказных пазіцыях. 

Пасля заканчэння Вышэйшага ваенна-марскога вучылішча ў 1997 годзе Дзмітрый, адзіны з выпуску, па размеркаванні трапіў на авіяносец «Адмірал Кузняцоў». Спачатку служыў інжынерам-сіноптыкам, пазней стаў начальнікам метэаслужбы. Кожную раніцу Дзмітрый дакладваў камандзіру карабля аб метэасітуацыі, і ўжо на аснове гэтай інфармацыі прымаліся тыя ці іншыя рашэнні. «Работа сіноптыка на караблі вельмі адказная. Ад дакладнасці прагнозу надвор’я ў складаных умовах Запаляр’я залежыць жыццё экіпажа, стан карабля і іншай ваеннай тэхнікі. Ёсць у гэтай службы і іншы бок — чалавечыя ўзаемаадносіны. Скажу шчыра, на Паўночным флоце я прайшоў, як кажуць, агонь, ваду і медныя трубы. У замкнутай прасторы адразу бачна, хто і чаго варты. Хто прыйдзе на дапамогу ў складанай сітуацыі, а на каго нельга разлічваць. Служба мяне сапраўды загартавала і навучыла не панікаваць, прымаць патрэбныя і правільныя ў дадзены момант рашэнні». 

Асаблівую ролю ў працэсе асабістага і прафесійнага станаўлення Дзмітрыя сыграла і пасада начальніка метэаслужбы. Яму давялося ўзначаліць метэагрупу, у склад якой уваходзілі 2 афіцэры, 2 мічманы і 15 матросаў. «Прыходзілася не толькі вучыць юнакоў спецыяльнасці, але і простым жыццёвым рэчам: асабістай гігіене, паказваць, як праць і прасаваць бялізну, прышываць гузікі. Шмат сіл і цярпення было ўкладзена. А напрыканцы іх службы я адчуў гонар за тое, якімі моцнымі і падрыхтаванымі да жыцця мужчынамі яны сталі. Ад многіх потым нават лісты з падзякай прыходзілі, што было вельмі прыемна». 

Па заканчэнні кантракту ў 2002 годзе Дзмітрый у званні капітан-лейтэнанта вярнуўся ў родны Мінск, каб пачаць прафесійнае жыццё, як кажуць, з чыстага ліста. 

Ці шкадуе ён аб тым, што сышоў з флоту? 

«На тое былі пэўныя абставіны. Адна з іх складаны паўночны клімат, з якім я так і не звыкся. Мне бліжэйшы наш беларускі». 

Дзмітрый прызнаецца, што час ад часу мора яму сніцца. Кольскі заліў, Баранцава мора, Мурманск, Севераморск — мясціны, якія і зараз займаюць асаблівае месца ў яго сэрцы. 

Да каляндарнай вясны застаўся ўсяго тыдзень, і мы папрасілі Дзмітрыя Рабава зрабіць прагноз наконт яе своечасовага прыходу. 

«Ранняй вясны ў гэтым годзе не варта чакаць. У бліжэйшы час надвор’е будзе няўстойлівым: то снег, то дождж. Сапраўдную вясну чакаем у красавіку. Як вы разумееце, гэта толькі прагноз. Самае галоўнае, каб у душы было заўсёды цёпла і сонечна, без розніцы, якое надвор’е за акном». 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?